Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 40
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
38
ОглавлениеКосця прачнуўся ад нейкай валтузні ў хаце. Хвіліну-другую ляжаў, прыслухоўваўся і раптам пачуў:
– Ме-э!
Ён кумільгом зляцеў з печы і знерухомеў. Долех ляжала загорнутае ў хабаўздзё мокрае цяля. Маці рушніком выцірала ягоную пыску. Пахла цёплым сырадоем.
– Толькі што карова ацялілася, – з радасцю паведаміла яна. – Папрызірай пакуль за ім, а я ў хлеў на хвілінку.
Цялятка дрыжала і аблізвалася. Косця ўсьміхнуўся і з пяшчотаю пагладзіў яго па галоўцы.
Нечакана яно ўстрапянулася і заварушылася, аслабаняючыся ад рыззя. Паціху апрастала ножкі, закоўзала імі па масніцах і памкнулася падняцца. Толькі паслізнулася і ўпала. Але не страціла жадання і тут жа паспрабавала зноўку ўстаць. На гэты раз атрымалася. Пахістваючыся, цяляці пастаяла якую хвілінку і няўклюдна зрабіла першы крок. Затым – другі, трэці. Упэўненасць расла ўвачавідкі – і ўжо хутка яно смела дрыбала.
Знянацку ў люльцы, што стаяла ля печы, завіскатала, патрабуючы ўвагі і прыгляду, немаўля. Косцік павярнуўся, даў яму смактаць пустышку і пачаў калыхаць. Браціку было каля годзіка. Ён яшчэ нічога не цяміў, не хадзіў і ўсяго дамагаўся крыкам. Соска яго сцішыла ненадоўга. Праз колькі імгненьняў ён выплюнуў яе і завішчаў яшчэ гучней.
Кастусь нездаволена ўздыхнуў і пабег клікаць маці.
А цялё ўжо гулялася, падкідвала азадак і брыкала ножкамі.