Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 23
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
21
Оглавление– Малайчыны! – хваліў вучняў настаўнік палестры Геракл. – Адна любата з вамі займацца. Усіх бы вас на Зямлю – такая здатная кагорта байцоў-герояў атрымалася б – цуд дый толькі. Мы б з вамі свет перавярнулі.
Маладыя атлеты, амяжаныя ад гімнастычных практыкаванняў, сядзелі на падлозе хто як і ўнікліва слухалі Геракла. Ягоныя словы лашчылі слых і адначасова выклікалі здзіўленне: насуперак традыцыйным правілам вучэльні ён распальваў настальгію па радзіме і рабіў гэта нават рамантычна.
– Але не расслабляйцеся, – раптам астудзіў іхняе ўзбуджэнне настаўнік. – Я не збіраюся вас баламуціць і даваць волю маркотным марам. Ён спыніўся і праз імгненне нечакана гарэзліва спытаў:
– Якое багацце мае толькі творца?
Юнакі разгубіліся і маўчалі.
– Веды, – вымавіў Геракл з натхненнем. – Глыбокае знаццё сваёй справы і ўсяго, што было, ёсць і будзе. Ніякая будзённая праява ды свецкая мітусяніна не адбяруць іх і ня ўзрушаць мудрасці ды спакою творцы. А вы адразу паразмякалі, як толькі я словам вярнуў вас да іншай рэаліі. Ніколі не вагайцеся і беражыце сваю мэту ад усякіх пасягненняў.
Хлопцы крыху сумеліся, вінавата заварушыліся, апусцілі вочы долу.
– А як зрабіць сябе непахісным, нязломным?
Гурт маўкліва і ніякавата глядзеў на настаўніка.
– Трэба перажываць, – з асаблівай выразнасцю сказаў Геракл. – Глыбока, пранікліва, натхнёна. Кожную з’яву, працэс, істоту, рэч неабходна прапусціць цераз сваё сэрца, прасякнуць імі, стварыць унутры такі набор вобразаў і адчуванняў, які б ў мініварыянце адлюстроўваў Сусвет і даваў правільныя веды. Не саромейцеся сваіх хваляванняў і пачуццяў, жывіце імі напоўніцу.
Вучні зноўку павесялелі і ўзбадзёрыліся.
– Чаму я вас вучу атлетыцы, моцы і прыгажосці цела? Маўляў, навошта гэта, калі мы – майстры пераўтварэнняў духам. Памятайце: калі вы не адчуеце, як вашая фізічная сіла змяняе ды акрыляе вас і пераходзіць у дух, вам ніколі не дасягнуць вышыняў праісначання. Безумоўна: дух усемагутны, але ён павінен ведаць пра рэальныя ўзоры тых вобразаў, што стварае. Чалавечае цела – Космас у мініяцюры. Развіваць і ўдасканальваць яго – значыць, спазнаваць Сусвет. Гэта толькі сярод людзей усялякія практыкаванні з целам, у тым ліку і спартовыя, існуюць самі па сабе і цешаць адно ганарлівасць чалавека, а далей ніяк не йдуць. Нашая школа разглядае жыццё ў шчыльнай лучнасці і ўва ўзаемадзеянні асобных яго часткаў, вучыць суцэльнасці Космасу.
У зале зноўку загуляў настрой актыўнасці, і атлеты з ахвотаю прадоўжылі практыкаванні.
– І ўсё-такі шкада, што мы з вамі не на Зямлі, – з захапленнем мовіў Геракл, назіраючы сваіх выхаванцаў.