Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 39
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
37
Оглавление– Мне ўсё можна! – крычаў Косьцік, калі дзядуля ў чарговы раз паўшчуваў яго за дурыкі на прыродзе.
– Гэта чаму ж?
– Нам сказалі ў школе, што чалавек – галоўны, вышэй за ўсіх.
– Глупства, – усміхнуўся дзедзень і ўнікліва паглядзеў на хлопчыка, ад чаго той сумеўся і заціх.
Яны сядзелі пад яблыняй у садку, хаваючыся ад гарачага ліпеньскага надвор'я. Дзед нахіліўся над лопухам і ахнуў:
– Што тут робіцца! Дзівіся, Косцік.
Малец зірнуў уніз і таксама ўразіўся.
– Ой, колькі тут казюркаў! А што яны робяць?
– Хаваюцца.
– Ад каго? Ад нас?
– Не, ад навальніцы.
– Жартуеш, дзеду, – з недаверам зірнуў унук і, быццам спаймаўшы таго на хітрасці, тыкнуў пальцам у зямлю. – Тады чаму чарвякі павылазілі? Дый ластаўкі не баяцца. Вунь як земна лётаюць.
– Чакаюць дажджу.
– Усё ты маніш. Такая спякота, і на небе ні аблачынкі.
Гарэза ўскочыў на ногі і, заўважыўшы, як гуляюць на вуліцы дзеці, пабег да іх. Дзед таксама падняўся і патупаў да сядзібы.
Хутка насунуліся цёмныя хмары, ляснуў пярун і секануў спорны дождж. Унук, падобны на мокрае кураня, стралой уляцеў у хату.
– Адкуль ты ведаў пра дождж, дзядуля?
– Кузуркі падказалі.
– А ім скуль вядома?
– Трэба ў іх спытаць.
– Не сьмейся: яны ж не ўмеюць гаварыць.
– Гэтыя, здавалася б, бязглуздыя стварэнні могуць шмат чаго, што нам не пад сілу, хоць яны і не галоўныя, як мы з табою, – хітравата падміргнуў Косціку стары.