Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 27

Ільвінае вока[1]
Шкаляры
25

Оглавление

Маці паклікала адразу ад парога:

– Костусь, бяжы сюды! Зірні, якую я табе кашулю вымяняла ў швачкі.

Хлопчык мігам схапіў хусце і стаў прымяраць.

– Якраз. Ну, і добра. Цэлы кошык буракоў аддала.

– Да чаго людзей сквапнасць даводзіць! – здзіўлялася яна, распранаючыся.

Усе падрыхтаваліся пачуць нешта пракуднае. Маці, як заўсёды, не спяшалася, села на лаўку, уздыхнула і толькі потым распавяла:

– Каб мець да святаў хоць якія ўборы, усе пананеслі Арыне рознага харчу, стаяць, выбіраюць, дамаўляюцца, як раптам залятае Дзямяніха: вочы гараць, у руках сумачка.

– І ўсё? – спытаў бацька.

– Больш анічагусенькі: які сорам! І пачынае тыцкаць пальцам, што ёй трэба, прошта яна адная ў хаце. Жанкі закрычалі. Яна агрызнулася і свайго не кідае. Тады яе сталі адцягваць убок. І вось тут гэтая шалудзька расшпільвае сумачку, вымае адтуль нейкія каляровыя паперкі і працягвае іх Арыне. Тая, дагэтуль абыякавая, адразу змяняецца ў твары, бярэ іх і, відаць, нездарма вучылася, лісліва прапаноўвае: «Бяры што пажадаеш, даражэнькая». Кабеты здранцвелі.

– А што гэта было? – усхваляваўся Кастусь.

Маці перавяла дых, каб з большай сілай агаломшыць усіх навіной, але свёкар яе апярэдзіў:

– Грошы.

– І скуль ты, татуня, знаўца такі, даўно хачу спытаць? – ятроўка не хавала свайго раздражнення. – Жывем у адной хаце, па адных сцежках ходзім… Што не кранеш – а ты ўжо і наперад усё ведаеш, патлумачыш, быццам час засядлаў. Як у цябе гэта атрымліваецца? Нам, цёмным, ніяк незразумела. Няйначай прарок альбо вядзьмак! Ты яго пабольш слухай, сыне! – з'едліва секанула яна і шыбка выйшла ў сенцы. За ёю рушыў услед і бацька.

Такую маці Кастусь бачыў упершыню – і гэта ўзварушыла яго яшчэ больш. Ён падступіў да дзядулі:

– Распавядзі, што такое – грошы?

– Як відаць, – скрушна прамовіў той і паглядзеў на дзверы, – зараза, якая кожнага чапляе. Я іх успрымаю па-свойму. Слухай. Грошы вынайшаў розум, які прагнуў ежы, але не жадаў гарбаціцца. Такім у нас заўжды быў Дзямян. Заўзяты дзяньгуб і прайдоха, ён усё ж такі добра кеміў і меў талань на маляванне. Менавіта дзякуючы гэтаму дзяцюк не выпрастаў ногі: гойсаў па ўсёй акрузе з пэндзлямі ды слугаваў дабрадзеям – тым і зарабляў. Аднойчы нешта цікнула ў ягонай галаве – і ён прапанаваў некаторым гаспадарам ўжываць для спрашчэння тавараабмену адмысловыя папяровыя заменнікі, якія сам і зрабіў. Дзеля пацехі тыя згадзіліся, але, калі ў выніку пробы ідэя паказала сваю карысць, прынялі яе насур'ёз – і справа пайшла.

– Ну, і малайчына! – захапляўся ўнук.

– Канечне, – пацвердзіў стары і папярэдзіў: – Але не заўсёды з лёгкага пачатку вынікае такі ж і канец. Кожны ў свой час абавязкова гэта адчуе на сабе.

– А як, дзедзечка?

– Ты й сам можаш адказаць на гэтае пытанне, калі добра засвоіш, што грошы – вялікі падман, які людзі прынялі пакорна, без супраціву, зжыліся з ім, але – сама галоўнае – такім яго не лічаць. Прыйдзе час – і кажны атрымае па адносінах да грошай. Так, я бачу, Дзямян з-за свайго апрычнага становішча і празмернай хцівасці аглуміцца і звар'яцее. Усе будуць называць іншую прычыну хваробы. Сам я таксама не бязгрэшны, прыму сваё як надабе. Памятай: той, хто хоць аднойчы патрымаў у руках грошы, ужо зазнаў спакусу.

Каханне (зборнік)

Подняться наверх