Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 22

Ільвінае вока[1]
Шкаляры
20

Оглавление

Шкаляры зноўку абудзілі двор нясціхным гоманам.

Вокны заяскравіліся ўцешнымі позіркамі. У адным з іх Кастусь пазнаў Альгерда.

– Я не зглузьдзіў? – Аляксандр агаломшана ўцеміўся на сябрукоў і, стрэўшы такія ж іхнія вочы, прыскокнуў ды спрытна кульнуўся.

– Ёсць ад чаго, – няўрымсліва вярцеўся Джордж.

– Чараўніцтва! – не хаваў зумення Барыс.

– Сапраўдны сон, – з усмехам, двухсэнсоўна вымавіў Мікаэль, і ўсе дружна зарагаталі.

– У мяне аканчальна прапала жаданне вярнуцца дадому, – няўзнак выдаў сваю тайну Замба.

– А яно ў цябе было? – здзівіўся Генрых, збянтэжыўшы не толькі аднаго яго.

– Так, невялічкае, – Замба шчыра прадэманстраваў пальцамі свой адказ і нанова ўзняў смех.

– Гэты стан прыцягвае і не адпускае, – дзяліўся ўражаннямі Кастусь. – Столькі новага і незвычайнага!

– Мяне захапіў палёт, але ўвесь час перашкаджалі кузуркі, пранцы б іх елі, – выказаў сваю незадаволенасць Жак.

– Такая назола і брыдота! – гідліва заўважыў Мікаэль.

– Яны агрэсіўныя і дужа сур'ёзныя, – па-знатоцку адзначыў Андрэй. – Не ведаюць жартаў і гульні. А такіх я не люблю.

– Мне таксама не спадабалася, – падтрымаў яго Лао. – Нават здалося, што там небяспечна.

– Спачатку штосьці насцярожвала, а затым я абвык, – не без гонару сказаў Кастусь.

– Я баяўся, што яны мяне з'ядуць, – прызнаўся Мікаэль і адчуў, што заслужыў яшчэ большую да сябе прыхільнасць.

– З імі трэба па-добраму, без пагрозаў, – параіў Замба.

– Хто пра гэта думаў?! – раздражняльна секануў Аляксандр.

– Так, мы ўварваліся, як ураган, страсянутыя, неспрактыкаваныя, непрывабныя і адразу выклікалі падазрэнне, – патлумачыў Генрых. – Хто такіх прывеціць?

– Чаму я павінен лічыцца з нейкімі дзеравякамі? – абурыўся Андрэй. – Што хачу, тое і раблю.

– А ў мяне была жалязяка, – нібы пахваліўся Раджыў.

– У мяне яблык, – зыркнуў па баках Барыс.

Многія таксама паведамілі, з якімі рэчамі эксперыментавалі, і стала зразумела, што аднолькавых было мала.

– Нічога. Мы ўсё паспрабуем. Гэта толькі пачатак, – важна падагуліў Джордж. – Што наперадзе – аж дых перахапляе! – Нават цяжка ўявіць, дзе мы можам апынуцца, – летуценіў Жак.

– У дупе, – знянацку прагучала збоку, і ўсе здзіўлена павярнуліся.

Да гурмы падыйшлі трое на чале з Ахмадам. Толькі цяпер усе заўважылі, што тыя адсутнічалі.

Сустрэчы ніхто не ўзрадаваўся.

Выгляд ў троіцы быў неважнецкі: бруднае адзецце, злыя, пакутныя твары.

– Што здарылася? – хацеў спытаць кожны, але першым выгукнуў Аляксандр.

– Бачу, вы ўжо тукам пацяклі ад жару, ціўкаеце пра будучыню, – не зважаючы на яго, здзекліва прамовіў Ахмад. – Мабыць, адчуваеце сябе героямі?

Маўчанне толькі падкрэсьлівала агульную збянтэжанасьць і падахвочвала канашоў.

– Адзін раз пырхнулі і думаеце, што свет абляцелі? – працягваў Ахмад, і ўсе трое з'едліва ўсміхнуліся. – Размах шырокі, ды палёт недалёкі. Няўжо ніхто не ўпаў, не разьбіў лоб, не атрымаў па карку куляй, не заблудзіўся і не заблытаўся ў сетцы, не страціў прытомнасць і не захраснуў? І ніхто нікога не забіў?

Ён пранізліва ўглядваўся ў кожнага – і некаторыя не вытрымлівалі, прысаромлена зіркалі долу.

– Чаго ты ўскіпеў і варызгаеш глупствы? – абурыўся Джордж. – Кожны з нас адкрыта распавёў, як вандраваў у прадметах. Ува ўсіх нарэшце атрымалася, хоць уражанні і розныя. Але ніхто нікога не абвінавачваў і не крыўдзіў. Супакойцеся. Як ў вас сталася? Былі праблемы?

– Хапала, – неахвотна, але спакайней адказаў Ахмад. – Калі б не настаўнік, дык я б застаўся там назаўсёды.

Гурт адным уздыхам гучна ахнуў. Ніхто нават і блізка не думаў, што такое можа здарыцца. Усе былі перакананыя ў адсутнасці, неіснаванні такога жаху і хоць якіх-небудзь варункаў для яго.

– Мы трапілі ў чужое асяроддзе. Нас там не чакаюць і не любяць, – строга і павучальна заявіў Ахмад. – Адразу пасля ўваходу мяне атакавалі, хоць я яшчэ нічога не паспеў зрабіць. Пачаў абараняцца, як мог, а яны, гады, толькі ўзмацнялі наступ. Колькі гэта працягвалася – не ведаю. Але ў нейкі момант мне стала дрэнна – і я ачуўся ў сваім пакоі на падлозе. Балела галава. Побач быў настаўнік. Ён уважліва паглядзеў на мяне – боль адступіў, і я зразумеў, што адбылося.

– Увогуле, хто памятае, як выглядаў там і пасля? – узбуджана спытаў Андрэй, спуджваючы агульную няёмкасць. – Я дык не.

Ніхто не адказаў сцвярджальна. Кожны з цікавасцю, нібы ўпершыню, спярша аглядзеў сябе, а затым іншых.

– А як вяртаўся назад? – не сунімаўся Андрэй.

Адгукнуліся толькі некалькі чалавек.

– Я падумаў пра вяртанне – і яно тут жа адбылося, – патлумачыў свой варыянт Аляксандр, разлічваючы пачуць іншыя.

– Мяне быццам штосьці выпіхнула, – у задуменні вымавіў Генрых.

– А я не хацеў вяртацца, – спавесціў Раджыў. – Было вялікае жаданне расцягнуць цудоўны палёт. Па шчырасці, я ўшалопіў, дзе быў, толькі калі нанава апынуўся ў пакоі.

Каханне (зборнік)

Подняться наверх