Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 28

Ільвінае вока[1]
Шкаляры
26

Оглавление

Ён толькі хацеў разагнаць неймаверную блытаніну, што панавала ў галаве, як няўрокам у пакой уляцелі ўзбуджаныя Аляксандр, Барыс, Раджыў і мігам яе прыбралі.

– Як самаадчуванне? – замест прывітання кінуў Аляксандр.

– Што з табою адбылося? – не даў адказаць Раджыў.

– Распавядзі, – нецярпліва папапрасіў Барыс, і яны прыселі ля ложка, з цікавасцю пазіраючы на Кастуся.

Ён разгублена зыркнуў на іх, не цямячы, што ім трэба, хвіліну счакаў, асэнсоўваючы сітуацыю, і толькі потым загаварыў. Павольна, удумліва, узважваючы кожнае слова і быццам камянтуючы свае ўчынкі. Аднекуль усплылі адчуванні, якіх, як яму падалося, не зведваў. Нешта буйнае і неспазнанае прылівала ў свядомасць, патрабуючы імгненнага выказвання.

Падзея паўставала ў тых вобразах і адценнях, якія вынікалі з ягонага аповеду, і ў агульных рысах была падобная на тое, што зазналі іншыя. Але ўсплёскі інтанацыі, жэстыкуляцыя, пераліўкі настрою, адмысловая гаворка Кастуся рабілі яе своеасаблівай, адметнай і панаднай.

Слухаючы яго, хлопцы дзівавалі і пераглядваліся.

– Тады ў вушах зазвінела, я скалануўся і стаў трымцець. Пачаў бачыць сябе адразу з усіх бакоў і ў розных праекцыях. Я быў адначасова часткаю і чымся суцэльным. Атачэнне ператваралася і памнажалася вокамгненна, набываючы неверагодна аб'ёмісты выгляд і паліфанію. Міма насіліся кулі, ашаламляльна дзяліліся, абрасталі маляўнічымі формамі і дзівосна гучалі, з ахвотаю сутыкаліся – і ўсяму гэтаму радаваліся. Мне ж чамусьці было балюча, і ўва ўсіх маіх адлюстраваньнях прысутнічала пакута.

– Адлюстраванні былі аднолькавыя? – насцярожана спытаў Барыс.

– Мне здавалася, што так, – задуменна адказаў Кастусь, – але кожнае займалася чымсьці сваім.

– А чаму ты лічыш, што і яны мучыліся, – зірнуў яму прама ў вочы Аляксандр.

– Я неяк ведаў аб гэтым і не сумняваўся, – адхіснуўся ад яго Кастусь.

– Мусіць, гэта былі і не адлюстраванні, – скептычна заўважыў Раджыў, – а галюцынацыі.

– Хіба галюцынацыі бываюць у непрытомным стане? – астудзіў яго Кастусь.

Юнакі разгублена пазіралі адзін на другога, нібы трапілі ў тупік.

– А затым, – Кастусь ізноў прыцягнуў да сябе ўвагу, – нейкая сіла бытта ашчаперыла мяне і панесла. Галы сталі падаляцца і знікаць. Святленне ператварылася ў празрыстую вадкасць. Я ўбачыў мноства рыбінаў і якуюсьці драбязу – усе яны гарэзавалі і ўзбуджалі вакол сябе ваду. Дзіўна, але я прыкмеціў там некаторых нашых хлопцаў, якіх гэтак жа, як і мяне, несла прамётная.

– Каго менавіта? – выгукнуў Аляксандр.

Барыс павёў плячыма і крутнуўся. Раджыў скоса зыркнуў на яго.

– Не паспеў разглядзець, – Кастусь не ўдакладніў, і госьці дружна ўздыхнулі. – Потым я вылецеў з возера, прамчаў цераз усе перашкоды і апынуўся тут, у ложку. Мне здалося, што ў паветры мільганулі вочы Альгерда.

– Неверагодна! – уразіўся Аляксандр.

– Фантастыка! – падтрымаў яго Барыс.

– Такога не бывае, – падвёў рысу Раджыў.

– Вы мне не верыце? – узрушыўся Кастусь. – Лічыце, што я ўсё выштукаў?

Сябрукі, блукаючы вачыма і думкамі, маўчалі.

Кастусь амаль закрычаў:

– А як у вас гэта было?

– Памятаеце, мінулым разам нешта падобнае распавядаў Марк, – нясмела нагадаў Раджыў, зірнуўшы на дзверы. – Тады яго палічылі штукаром ды чмуцілам і… вярнулі да людзей.

Дзмухнула разам спагадаю і паныласцю, але Кастусь прагнаў гэтае засмучэнне сваім гарачым дыхам:

– Я шчыра распавёў пра свае адчуванні і не парушыў галоўнага прынцыпу нашае школы – праўды. Калі гэта не адпавядае нейкім іншым патрабаванням – шкада, бо мне тут падабаецца. Адправяць назад – дужа перажываць не буду. Я сюды не прасіўся. Ліцвінія заўсёды мяне прыме.

Нецекам прагучаў мілагучны звон, пакой на імгненне дзівачна раздвоіўся і, калі набыў ранейшы выгляд, запярэсціўся неверагоднымі паветранымі малюнкамі, якія спачатку нагадвалі галаграфічныя здымкі, апасля зрабіліся рухавымі аж пакуль не ператварыліся ў прыгожае кіно. Агаломшаныя юнакі сумятліва зіркалі навокал, імкнучыся зразумець з'яву, якая іх літаральна паглынула. Яны бачылі вакол сябе высачэзныя дрэвы, падножжа якіх засцілаў мяккі мурог, чулі цудоўныя спевы птушак і нават прыкмецілі, як паблізу цмыгнула лісіца. Іхнія пачуцці захапляў зялёны поплаў, па якому гуляў ветрык і ўсялякія клапатлівыя вусякі. Ад замілавання аж затрымцелі сэрцы, калі назіралі блакітныя прасцягі азёраў і ляцелі над цудоўным сонечным краем.

– Гэта мая радзіма, – сумна прамовіў Кастусь, і шчымлівыя вобразы адразу прапалі.

– Прыгожая, – усхвалявана адзначыў Аляксандр.

– Нашыя не горшыя, – нібыта нагадаў Раджыў і скіраваў зірк за акно. – Радзіма заўсёды прыгожая і лепшая за ўсё іншае. – Няма чаго журыцца, – астудзіў усіх Барыс. – Досыць вяртацца назад. Трэба ісці толькі наперад: там столькі цікавага і нязведанага.

– Няма чаго журыцца, – астудзіў усіх Барыс. – Досыць вяртацца назад. Трэба ісці толькі наперад: там столькі цікавага і нязведанага.

Каханне (зборнік)

Подняться наверх