Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 42

Ільвінае вока[1]
Шкаляры
40

Оглавление

На гэты раз заняткі праходзілі незвычайна.

Настаўнік Ікар прапанаваў кожнаму абраць мясціну на ўлоньні прыроды і знаходзіцца там у поўнай адзіноце. Ідэя вучням спадабалася, і яны радуючыся, з вялікім імпэтам распачалі выбар, тоячы свае запаветныя надзеі, галоўная з якіх была – свабода: нарэшце іство разняволіцца і будзе самім сабою.

Цікава, што настаўнік поспех практыкаванняў злучаў таксама з гэтым, але сваёй задумы не выдаваў.

У прызначаны час ён паслаў у эфір агульны сігнал, і юнакі, аддаленыя адзін ад аднаго на сотні метраў, аднолькава адчулі ўнутраную вібрацыю. Гэта іх збянтэжыла, бо кожны разлічваў на нейкі індывідуальны падыход і штосьці нечаканае.

– Сёння вы будзеце лятаць, – абвясціў Ікар, і яны яшчэ больш разгубіліся: неабавязкова было апрычнічаць дзеля такой абыклай справы.

Настаўнік адгадаў іхні стан беспараднасці і растлумачыў:

– Пранікаць у сутнасную прыроду рэчываў мы не будзем – гэтаму вы навучыліся. Нам неабходна асвоіць птушыны палёт. Чалавек заўсёды зайдросціў птушкам і марыў узняцца ў паветра, як яны!? Але нічога вартага для гэтага не рабіў, перакананы, што няздольны. Цягам мільёнаў гадоў ён стварыў у сабе даволі трывалую абарону ад неба і назаўжды згарнуў крылы. І толькі адзінкі апантана спрабавалі распасцерці іх і паляцець. Але цяжар кожны раз вяртаў смельчакоў на зямлю. Ікар замоўк, і вучні адчулі ягонае хваляванне, якое перадалося і ім.

– Яна моцна трымае нас і не адпускае. І ўсё-такі сродак адарвацца ад яе ёсць.

Голасам ён узбадзёрыўся і натхнёна працягнуў:

– Амаль кожны адчуваў яго ў сне, але ніколі не задумваўся над гэтым. Сон пашырае нашую свядомасць, выслабаняе дух і робіць нас іншымі. Ці льга такі стан выклікаць наяве? Безумоўна, нават больш таго. Але гэта няпроста, інакш усе ўжо даўно б лёталі.

Настаўнік зноўку спыніўся, згрупаваў юнацкія парывы ў адну вялікую хвалю зацікаўленасці, дадаў да яе сваёй упэўненасці ды рашучасці і накіраваў назад, да кожнага.

– Дух можа ўсё. У рэальнасці ён дзейнічае пераважна цераз думкі, пачуцці, таму мы гэтак свабодна мыслюем, летуценім, адчуваем. Але да нашае фізікі дабіраецца ледзь-ледзь, чаго не хапае для поўнага разнявольвання. Калі мы адважымся і вырашым аддаць яму ўсё сваё цела, учынкі, тады станем лунаць бесперашкодна ад аднае думкі. Як гэта зрабіць? – пытаецеся вы. Ікар узмацніў пасыланыя хвалі сваёй энергіяй і адчуў, як пакрысе, адмыслова расчыняецца дар кожнага.

– Цікаўлюся і я: з чаго пачынаецца ваш палёт пад час сну?

– З жадання, намеру.

– А чаму ў рэальнасці, колькі не думай і не намагайся, гэтага не адбываецца?

– Як вы ведаеце, увесь Сусвет – ілюзія. У нашай дойснасці яна матэрыяльная, а ў сне – астральна-ментальная, вобразная, – распачаў тлумачэнне настаўнік. – Цэнтр прыцягнення першай – Зямля, другой – Космас. Касмічнае ўздзеянне мацнейшае за зямное, але людзьмі валодае адваротная залежнасць, таму яны цалкам падпарадкаваліся планеце. Калі хто сябе адасобіць і ўявіць самастойнаю, незалежнаю крупінкай Сусвету, можа ўзнесціся.

– Як гэтага дамагчыся?

– Шляхам паступовага адчынення каналаў псіхічнае энергіі.

– Зноў-такі: якім чынам?

– Напачатку дазвання адключыцца ад усяго зямнога, абстрагавацца, дайсці да бяспомнасці, але не забыцця, адчуць свой дух – нарэшце ў вас гэта атрымаецца – і злучыцца са сваёю манадаю. Такі рух ліквідуе ўсе вашыя глыбінныя заслоны і выпусціць псіхічную моц на волю. У выніку вашыя цела, пачуцці і розум ідэальна злучацца разам, існасць стане суцэльнай, настроіцца на ўсекасмічны рытм – і вам будзе пад сілу ведаць альбо ўяўляць кожную частачку свайго арганізму.

Натхнёнасць Ікара немінуча ўздзейнічала на шкаляроў, і яны бажалі хутчэй дасягнуць гэтага стану, але ўсё-ткі кемілі, што крочыць да яго трэба доўга і пакутліва. Многія ўзгадвалі смелыя палёты старэйшых таварышаў – і дужэлі ў памкненнях.

– Я разумею складанасць задачы і напачатак не патрабую ад вас чагось звышнатуральнага, – з цеплынёю падтрымліваў настаўнік. – Адразу можа нічога і не адбыцца. Калі на першы раз вы дасягнеце стану адхіленасці, і вас кране Касмічная Радасць, значыць, шлях абралі правільны. Дазваляю рабіць усё магчымае, абы толькі гэта вам дапамагала. Але не губляйце сябе.

Адчуванне бязмежжа захапіла, акрыліла, і шкаляры пахапна ўзяліся за справу.

Каханне (зборнік)

Подняться наверх