Читать книгу Крыві не павідна быць відна (зборнік) - Наталка Бабіна, Н. В. Бабина - Страница 3

Калі прарэзваюцца рожкі

Оглавление

Ледзьве стрываўшы, каб не застагнаць, я адарвала галаву ад падушкі, села на ложку і сама сабе жахнулася: жаданьне зараз жа скончыць гэтае паскуднае жыцьцё дамінавала над усімі астатнімі. Пакуль я курчылася над ракавінай, пакуль, трымаючыся за галаву, грэбалася ў скрыні зь лекамі, пакуль мяне, як хацела, трэсла ліхаманка, жаданьне ператварылася ў цьвёрды намер. Са скамечанай насоўкай у адной руцэ і жменяй таблетак у другой, гаротная, дашчэнту прастуджаная, я напрасткі шыбавала да той мяжы, дзе няма ні памежнікаў, ні парушальнікаў і, па чутках, толькі адзін мытнік. Тым часам выразны радыёголас зь вялікім задавальненнем паведаміў, што «ноччу да мінус дзесяці». І кірунак маіх думак рэзка зьмяніўся. Я не магла пакінуць без апекі свае артышокі. Сорт «Дон Анунцыё Сісаль» – гэта такі абсалют, што перад ім адступае нават горыч апошніх хвілін. Але ён зусім не пераносіць раптоўнага пахаладання. Мяжа, што была ўжо блізка, зноў адплыла да далягляду. Я выправілася ратаваць абсалют.

На прыпынку супраць Камароўкі было надзіва мала народу: некалькі чырванатварых цётак, зграйка летуценніц са скрыпкамі ў футаралах, тып у плашчы з паднятым каўняром (прыцягнуў, багема, гіпсавага каня зь сябе ростам і ўсталяваў на лавачцы) ды зух – мэтар з кепкай на высокіх абцасах. Я, жэрдка ў паліто амаль аднаго з сабой веку, у бурках «бывай, маладосць» і шэрай хустцы, прыкрываючы твар ад ветру высакапробным скепсісам трыццацігадовай незамужняй жанчыны, стала воддаль.

Каб зразумець, што бацькі гораду па завядзёнцы пусьцілі патрэбны мне аўтобус па іншым маршруце, я мусіла ў костку зьмерзнуць. Толькі пасля гэтага я ўспомніла, што, сапраўды, бачыла абвестку ў газэце. Нячысты, і ніхто другі, пад’юдзіў мяне перайсьці на суседні прыпынак дарогай праз двары. Кінуўшы разьвітальны позірк уздоўж вуліцы, я шмыганула ў арку і… аслупянела. Божухны, гэта ж ня Менск! Вільня, Прага, Пітэр Брэйгель-старэйшы! З-пад ног уніз – стромкі горны адхон і дамкі, дамкі, дамкі… Падмурак аднаго лепіцца да даху другога, каменныя агароджы, стогадовыя дрэвы, сумёты ды на паўнеба палае халодным агнём чысты захад. Я працерла вочы. Які захад, не гаворачы пра пэйзаж? Я ж выйшла з дому ў дзевяць гадзін раніцы, і зь неба сеялася імжа… Ды і скуль бы такая панарама ў раўнінным і ўраўнаважаным горадзе?

Уніз вілася сьцежка, ці то, лепш сказаць, раскатаная дзецьмі коўзанка. Рыпнуў сьнег, і побач са мною апынуўся той самы зух на абцасах, што таміўся на прыпынку.

– Ну што, – кажа, – паненка (я вылупіла вочы), – праедземся зь ветрыкам?

Вусы ў нітачку, нос – а-ля шляхта засьцянкова, а ўжо абцасы, абцасы!

– Праедземся, – адказваю, адшукаўшы, нарэшце, голас, – чаму не? Стартуй першы, лавіць бэндзеш, кавалер!

Кавалер бліснуў зубамі, шматзначна падміргнуў (о халера, праводзіць да вакзала, самае меншае!), страпянуўся, схамянуўся, пашыбаваў да коўзанкі і раптам – трах! бах! – спатыкнуўся, грымнуўся ды замест таго, каб плаўненька скаціцца па коўзанцы, бліскавіцай зьляцеў па амаль адвесным адхоне, ліха скочыў з падгону і прызямліўся роўненька на вострую жалезную агароджу. Галава па адзін бок, ногі па другі. І стогне. Няголасна, але пранікнёна. Нешта накшталт «вой-вой-вой» з пэрыядычнасьцю сыгнала дакладнага часу.

Села я, прабачце, на паліто і асьцярожна, каб, крый Божа, не зваліцца сьледам за зухам, пасунулася ўніз. Коўзанка, раз-другі лягла ў віраж і выкінула мяне на пустынную вуліцу. Ускочыўшы на ногі, я кінулася на стогны і прырасла да сьнегу.

Насустрач мне шпацыравалі пяцёра. Морды – не для апісання. Што ж, думаю, торбы сваёй я ім усё адно не аддам. Прыціснула яе да, зноў жа выбачайце, грудзей і, утаропіўшыся ў зямлю, панеслася наперад. Натуральна, уперлася рыхтык у самую морду. Я ўправа – яшчэ адна, такая самая. Я ўлева – а там другая, шмат горшая. Стаю. А яны задумлівым паўколам адцясняюць мяне да высокага, пад два мэтры, муру. Адцяснілі. Разглядаюць.

– А ну, – лагодна кажа адзін, – прадэманструйце, Галуба, што ў вас у торбачцы? – і ў сваю чаргу рухам добрай волі дэманструе мне нож.

– Сьцеражы-ы-ся!!! – раўнуў зь нябёс трубны голас. – Кідаю!

Бандыты сыпанулі ў розныя бакі. Я ледзьве пасьпела адскочыць, як гіпсавы конь грымнуўся аб зямлю і разьляцеўся на дробныя кавалкі. За шэдэўрам скульптурнага мастацтва з плоту саскочыў яго ўладальнік – багема з паднятым каўняром.

Пакуль я выбіралася з сумёту, куды трапіла, ратуючыся ад скакуна, бандыты ўжо абкружылі прыбылага. Але той не сумеўся, каго – праз галаву, каго – аб калена, і вось перад ім толькі двое. Што праўда, з нажамі. І ціснуць яго да плоту, як за хвіліну мяне. Ну, мяркую сабе, надышла пара ўсё ж такі прадэманстраваць, што ў торбе. Не марнуючы часу, падляцела ды прыгаломшыла абодвух малатком. Зьбіраючыся на дачу да артышока, я, бачыце, прыхапіла тое-сёе з інструмэнтаў, каб адчыніць, калі што, навалоглыя дзьверы.

Бамбізы з нажамі маляўніча працягнуліся ля маіх бурак. Чорная кроў лілася ў Свіслач. Хтосьці крануў мяне за плячо, я адрухова павярнулася і, зьбітая з ног страшэнным хукам, праляцела добрых тры мэтры ды спаўзла па сьценцы: гэта мяне прывітаў адзін з тых, каго багема з самага пачатку паклаў у снег. Праз хвілю бандыт ізноў апынуўся ў сьнезе й заціх. Багема памог мне ўзьняцца. Вочы мае засьціў крывавы дым, у вушах гуло нешта сярэдняе паміж прыбоем і бэнзапілкай.

– Там! – я з цяжкасьцю разьляпіла вусны. – Зух на плоце, «хуткую дапамогу» выклікаць трэба!

Я паматала галавой і трохі ачуняла. І што ж пабачыла, калі ружовы туман збольшага рассеяўся? Зух, які, як я думала, аддаваў канцы на вострых жалезных прутах агароджы, цэлы і здаровы, расьцьвітаючы чароўнай усьмешкай, дэфілюе цераз вуліцу, разьвітальна робіць ручкай і зьнікае за рогам!

Налётчыкі ў сьнезе заварушыліся.

– Ведаеце што, – далікатна звярнуўся да мяне багема. – Калі вы зможаце, то нам лепш адсюль уцячы.

Адзін з бандытаў узьняўся на кукішкі.

Як мы беглі! Сьвісцеў-гуў у вушах вецер, адляталі назад камяніцы і ліхтары, палаў захад… Раптам вуліца рэзка павярнула, і раззлаваны трамвай, пад колы якога мы ледзь ня трапілі, вылаяўся званком. Я ашалела азірнулася. «Хлеб, малако», «Белая вежа», людзі, аўтобусы і ніякіх прыкметаў Брэйгеля-старэйшага.

– Скончылася! – узрадавалася я. – Уфф!

– Прапаную па кілішку каньяку, – хуценька адазваўся мой выратавальнік. – «На ростанях». Заслужылі. І, дарэчы, дазвольце назваць сябе, – пратарахцеў чарговы трамвай, і імя я не пачула. – Паводле роду занятку – скульптар.

Швэйцар «На ростанях», пабачыўшы нас, адхіснуўся ад дзьвярэй, а шатніца, прымаючы паліто, зьбялела з твару. Люстэрка засведчыла, што гэта цалкам мая заслуга. Скульптар выглядаў зусім нядрэнна, невялікія драпкі нават рабілі яго няправільныя, але прывабныя рысы больш выразнымі. А вось што да мяне… Перапэцканыя нейкім мазутам штаны разарваліся ў бойцы, патлы зьбіліся ў каўтун, калодай распухла рассечаная губа, а пад левым вокам пераліваўся вясёлкай вялізны сіняк. У дамскім пакоі я прывяла сябе ў блізкі да чалавечага выгляд: ліквідавала дзірку, захінула стары швэдар больш маляўнічай хусткай, зрабіла прымочкі для губы і сіняка. І цьвёрда вырашыла ўцячы.

Але скульптар чакаў у вэстыбюлі і бяз доўгіх размоваў павёў мяне ў залю, дзе пры нашым зьяўленьні запанавала глыбокая цішыня. Нейкі юнак, тонкая душа, ускрыкнуў і паспрабаваў схавацца за парт’еру. Забіўшыся ў куток, за самы дальні столік, я назірала, як багема размаўляе ля стойкі з бармэнам, і са скрухай думала, што калі зараз ён прынясе гэтак званы жульен у садысцкіх глячках памерам з напарстак – узвыю. Такога выпрабаваным сялянская душа мая ўжо ня вынесе. Але не, гляджу – валачэ паднос, на якім зыходзяць смачнай парай дзьве прыстойныя талеркі, а паміж імі красуе пляшка «Белавескай». У мяне нават на душы цяплей стала. А пасьля кілішка духмянай гарэлкі стала цёпла і целу. І вельмі захацелася расплакацца. І есьці захацелася. Ад першага я зь цяжкасьцю, праўда, але ўстрымалася, затое дала сабе волі ў другім: калі жывеш адна, гатуеш вельмі рэдка. Умінаю і бульбу, і мяса за абедзьве пысы, падымаю вочы і сустракаю такі позірк… Я ажно папярхнулася.

– Вы, – кажу, – так на мяне не глядзіце, я да ўвагі не прывыкла, ад зьбянтэжанасьці магу нешта ня тое ляпнуць і сапсаваць вечар.

– Ну што вы, – супакоіў ён, не адводзячы вачэй, – хіба вы здольная нешта сапсаваць?

Тут я заўважыла, што «На ростанях» – даволі ўтульнае месьцейка: музыка ўперамешку з пасмамі тытунёвага дыму, ліхтарыкі на сценах…

– У вас такія вочы… – ён узяў мяне за руку.

– Вочы вачыма, – нязломна адказваю, але ўсё астатняе флірту не спрыяе: праца ў тры зьмены і поўная адсутнасьць ілюзій аб вечным каханьні.

– А хто тут гаворыць пра флірт? – зьдзівіўся ён. – Давайце гаварыць аб жыцьці, – ён дастаў цыгарэту і спытаў: – Вы ня супраць?

– Ня супраць тытуню, але супраць размовы.

– Чаму? – зноў зьдзівіўся ён.

– А навошта тая размова? Што агульнага паміж вамі, вольным майстрам-авангардыстам, і мной, маёй працай у цэху, надбаўкай за шкоднасць і клопатамі аб пляне выпуску жалезак? Гэта намаганнямі такіх, як я, трымаецца ва ўмовах разрыву эканамічных сувязяў абарона на франтах народнай гаспадаркі – і, як і раней, струменіцца атрута ў рэкі і ў неба… – і раптам, нечакана для самой, у мяне вырвалася: – Але калі б хто ведаў, як мне хочацца дэзэртыраваць з гэтага фронту, наладзіўшы прыканцы ладную такую дыверсію…

– Людзі – нявольнікі часу, – сказаў ён мякка.

– І яго каты адначасова, – змрочна дадала я.

– Пра гэта можна будзе меркаваць толькі потым.

Замільгалі ліхтарыкі – бар зачыняўся на самым цікавым месцы гутаркі.

Ён паглядзеў на мяне запытальна. Я смыкнула плячыма.

– Што ж, можна і да мяне, толькі, папярэджваю, гэта зусім не палац. І ў кухні бялізна разьвешана, сохне.

* * *

Я павярнула галаву. Ён, не прачынаючыся, мацней прыціснуў мяне да сябе. «Ну, не чалавек, – падумала я і зь пячоштай пагладзіла растрапаную шавялюру, адчуваючы пад пальцамі маленькія, схаваныя валасамі рожкі. – Ну, асьпід, ну, чорт рагаты… Родны і мілы! Лепшы за ўсіх! І за што мне, Божа, такое шчасце?!» – і я асьцярожна памацала рожкі на сваёй галаве.

…У нядзелю мой родны завод узьляцеў у паветра. Ні адной ахвяры, а монстар у руінах. Зрабіць гэта было няцяжка, хоць і запатрабавала досыць доўгай падрыхтоўкі. Складанасьцяў не ўзнікала і ні з адным з наступных аб’ектаў, нават з ваеннымі базамі. Рабочая сіла, што вызвалілася, занялася, нарэшце, карыснай працай, і вельмі хутка гэтая зямля зноў зазьзяла. Што ж, я вельмі рада, але ў мяне зноўку праблемы. Бачыце, ёсьць вельмі шмат кніжак пра тое, як выхоўваць дзяцей, але ніхто ня піша, як выхоўваць маленькіх істотаў з рожкамі, і гэтыя двайняты, далібог, вось-вось насядаюць нам з татам на галовы.

1996

Крыві не павідна быць відна (зборнік)

Подняться наверх