Читать книгу Крыві не павідна быць відна (зборнік) - Наталка Бабіна, Н. В. Бабина - Страница 4

Чакай, чакай…

Оглавление

А можа, гэта ўсё з-за празрыстага паветра першай восені, у халоднай роснай цішыні… Восені, што ходзіць прадмесцямі, прыхарошвае юлёвыя галоўкі размаю, лічыць качанят… Восені, што чакае.

Настройцеся на гісторыю каханьня. Банальнага, апальнага, кранальнага, трыюмфальнага. Сьпіс кожны вольны працягнуць на свой густ. Жанчыны налева: скандальнага, пастаральнага, амаральнага… Мужчыны направа: аральна-генітальнага, ідэальнага, штоквартальнага. Азначэнні можна беспакарана ператасоўваць – сума глядзіць на маніпуляцыі са складнікамі звысоку.

– І калі, Глеб Рыгоравіч, на наступную плянёрку зноў зьявісься зь перасорціцай, зважай – рукі абарвем.

– Ды й ня толькі рукі…

Снапы сонечных промняў празь светлыя фіранкі, грукат крэслаў, занатоўнікі, жарты, сінія халаты, праблемы: вялікія, малыя, высмактаныя з пальца, разьдзьмутыя ў элефанта, ад іх пухне галава, калі толькі дазволіць ім гэную галаву забіць.

Вярнуўшыся ў свой кабінэт, Глеб запаліў цыгарэту. Сёння нават нарада ў дырэктара – падрабязныя справаздачы, намыльванне каркаў, чарговая порцыя допінгу – не змагла прывесці яго ў звычны працоўны настрой салдата Яго Вялікасці Завода, дробнага шрубчыка ў сьценах раскошнага палаца Як Усе, нястомнага барацьбіта за вялікую ідэю Павелічэння Выхаду Прыдатных Мікрасхемаў. Сёньня ён не адчуваў сябе ні салдатам, ні шрубчыкам, ні барацьбітом. І добра разумеў чаму. Запаліў яшчэ адну цыгарэту, павярнуўся да шкляной сьцяны, што выходзіла на кветнікі прадмесця. Восень… Цёмныя ружы, пульхныя шапкі крыжанак ды цыній, заплаканыя корчыкі хрызантэмаў… Гэта восень.

Пэўная ў сваім праве, яна зноў прыйдзе праз год – з чыстым халодным паветрам, позьнімі аксамітавымі ружамі, заплаканымі дробнымі хрызантэмамі, пажухлымі бульбянікамі, качанятамі, што так падрасьлі за лета. Яна зноў прыйдзе, і Глеб, пэўна, зноў пабачыць праз год яе посьмех ў кветніках прадмесьця. А можа, і не пабачыць, скурчаны пад купай папер, заклапочаны новымі тэхналёгіямі, збоямі ў рабоце абсталявання, газетамі, гарэлкай, пакупкай новай кашулі, гарнітура, лядоўні, чырвонай цэглы для катэджа, а-ва-ўсіх-тваіхсяброў-ужо-ёсьць ды намордніка для матулінага мопса. Стаміўшыся чакаць унукаў, маці абавязкова набудзе сабе калматую вычвару на крывых лапах… Рэдка, вельмі рэдка выпадалі хвіліны, калі, як цяпер, Глеба агортвала пачуцьцё нейкай неакрэсьленай агіды да ўсяго на сьвеце, а так добра наладжанае, прастуючае ўгару жыцьцё здавалася смешным ды горкім. Ён замкнуў дзверы, вярнуўся да стала і апусьціў галаву на рукі. Перад вачыма імгненна ўзьнік яе твар…

…Да начных дзяжурстваў ніхто ня ставіўся сур’ёзна. Жартавалі, што цяпер, пасьля таго, як галоўным сацыялістам перадалі абавязкі вартаўнікоў, лагічна было б абцяжарыць іх і працай прыбіральшчыц. Тым ня менш, ад дзяжурстваў было не адвярцецца, і вось настала чарга Глебу ісьці апусцелымі калідорамі ды шарпаць клямкі – усе запар. Гарэлі жоўтым лямпачкі сігналізацыі ды пахла тонка і непрыемна – лінолеўмам ды выцертым пылам. Сьвятло ў лябараторыі Глеб заўважыў здалёк – яркі простакутнік шкляных дзьвярэй. У долю імгнення зразумеў – гэта яна. І ўзяўся за клямку.

Яна падняла вочы, агонь зялёны шугануў зь іх загадкавай глыбіні, і Глеб спачатку нават ня мог зразумець па яе твары, што няўлоўна зьмяніўся, узрадавалася яна ці спалохалася.

– Што так доўга? – спытаў ён, падыходзячы.

– Вера Васілеўна прасіла скончыць разьлікі да заўтра, – зьзяньне яе вачэй з кожнай хвілінай рабілася ўсё ярчэйшым і цяплейшым, і, сядаючы на краёчак суседняга стала, Глеб ужо бачыў: узрадавалася.

Амаль нічога Глеб ня ведаў пра гэтую дзяўчыну. Ня ведаў нават, як яе завуць. Ды ёй неяк і не пасавала ні адно зь вядомых яму імёнаў. На заводзе ўсе называлі яе Мадмуазэль; яна і сапраўды моцна паходзіла на тую францужанку, якую таксама ўсе так называлі паўстагоддзя таму. У сьвеце вытворчай дысцыпліны і стэрыльнасці яна выглядала нязвычна. Зграбная пастава, адкрыты твар, чыстыя фарбы скуры, бліскучыя вочы, ядвабныя блюзкі, тонкі пах сьледам па калідоры… Пра яе плявузгалі жанчыны, пра яе гаварылі мужчыны, а сама яна, стрыманая і маўклівая, была з ўсімі роўная ды халаднаватая. Ільдзінка ўваччу раставала адно тады, калі яна глядзела на Глеба. Але Глеб ваяваў зь перасорціцай ды дэфэктамі вакуўмнага напыленьня і, правёўшы Мадмуазэль доўгім позіркам ды пацёршы лоб, – пра што гэта трэба ўспомніць? – зноў заглыбляўся ў паперы. А яна ў які раз думала, што, відаць, талай вадзе ня суджана змыць сумёты таго, што падаецца яму важным, а значыць, ёй, бездакорнай мадмуазэль інжынэру, зноў і зноў глядзець у змрок, спрабуючы забыцца на тое, што здаецца важным ёй…

– А няважнае ў вас тут, аднак, асьвятленьне, – заўважыў Глеб.

– Але, – падхапіла яна, – і, галоўнае, бжучаць гэтыя лямпы так мярзотна, ад гэтага чамусьці прыгадваюцца прусакі, як яны паўзуць са шчылін. Бр-р, – яна перасмыкнула плячыма.

– Падсвядомасць, страшная рэч, – рассмяяўся Глеб, з задавальненнем адзначыўшы, як празьзяў у адказ яе твар. – Пэўна, успамінаецца Рэмарк, тое месца, дзе… Памятаеце?

– Памятаю, але. Я наагул заўважала, асацыяцыі рэдка бываюць рэальнымі. Ну, можа, толькі ад пахаў. А сітуацыі, словы часьцей асацыююцца зь літаратурнымі калізіямі…

– Гэта ад таго, можа, што ў кнігах заўжды адбываюцца значныя падзеі. Ці, лепш сказаць, шматзначныя. А значнасьць ці шматзначнасьць рэальнага жыцьця так ці інакш застанецца для нас сумнеўнай.

Яна энэргічна заківала, і Глеб бачыў, што яна разумее ня толькі тое, што ён сказаў, але й тое, што хацеў сказаць, і што яна прыймае і падтрымвае гэта. Футарал прытворства – адзеньне на кожны дзень – зь ёй быў недарэчны. Глеб адчуваў дзіўную сувязь, што мацнела між імі: у іх размове словы сталіся толькі неабавязковым атачэннем чагосьці нашмат больш істотнага. Яны размаўлялі, нібыта яблыкі зрывалі з галін, не даючы ім упасці ды разьбіцца аб цьвёрдую зямлю. Гэта было цудоўна і страшна. Але Глебу раптам зрабілася страшна: ён пабачыў, як хвіліны напаўняюцца сэнсам, набрыньваюць ім, бы крывёй. Яму міжволі захацелася адмахнуцца, пайсці адсюль, забыцца пра ўсё: пра неакрэсьленае прыцягненне, пра доўгія позіркі ўсьлед, пра сёньняшнюю размову, пра тое, што казалася бяз словаў, паміж словамі, над словамі.

Дзяўчына з усьмешкай штосьці тлумачыла, але ён чуў толькі трымценне сваёй крыві, што сачылася з драбнюсенькіх пораў. Крыві, якой набрыняў час. Ён ня мог адвесці вачэй ад яе рук: яны, што птушкі на галінах, трошкі падрыгвалі на лісьце ватмана.

– Ведаеш што, пойдзем да мяне, – глуха, нечакана для сябе самога сказаў ён.

Дзяўчына ўскінула павекі, але, як падалося Глебу, ніколькі не зьдівілася і адразу ўстала.

У калідоры ён ўзяў яе за руку. Яна трошкі павярнула далонь і таксама сціснула яго руку тонкімі доўгімі пальцамі. Ці пяшчота пакідае на вуснах саланаваты прысмак? А жаданьне?

Смуга ночы, цяпло мяккай скуры, словы, такія шчырыя, што падаюцца пацеркамі, што пасыпаліся з разарванай ніткі… Калі яна, паклаўшы галаву яму на плячо, спала, ён гладзіў яе валасы, глядзеў у шэрасць вакна і думаў: «Вось як, значыць, бываюць шчаслівымі…»

У прыймовым пакоі затраскацеў тэлефон: дырэктар меў мілую звычку на першым золку даведацца ў дзяжурнага, ці добра спаўпачываў флагман айчыннай мікраэлектронікі. Прачнуўшыся, яна мякка пацягнулася, працерла вочы далонькамі і з усмешкай падштурхнула Глеба: ну што ж ты, ідзі… Хуценька супакоіўшы Татачку, ён вярнуўся. У пакоі нікога не было. Адрухова Глеб ірвануўся да дзьвярэй, але спыніўся і, вярнуўшыся да канапы, сеў. Зрэшты, толькі адна ноч. Гэта слабая процівага, калі на другой шалі – трыццаць гадоў жыцьця.

Аддаючы вахцёрцы пропуск, яна ўжо ведала, што больш ня вернецца сюды, не дакранецца больш да плястыкавай карткі, што мела прэтэнзію стаць сутнасцю і знакам жанчыны. Падняўшыся да сябе ў пакой, яна нават засьмяялася ад радасці. Не! Больш гэтага ня будзе. Сьцёрла макіяж, лак з пазногцяў, гладка прычасалася – і амаль што не пазнала сябе ў люстэрку. «Мадмуазэль, – падумала, пасьміхнуўшыся. – Ну, досыць, мадмуазэль Пелагея. Дамоў».

Любіць маці – гэта проста, калі маці проста любіць цябе, і яе зялёныя вочы блішчаць, але пытанняў ты ня чуеш. Кінуўшы ў кут вялізную торбу, што бачыла Варшаву ды Стамбул, Поля пераапранулася ды пайшла ў поле, дзе ракатала пяцітонка і куды маці наказала бегчы як хутчэй. Усе дзесяць кабет-суседак, дзесяць гаспадыняў, завіхаліся тут. Каб прыняць жыцьцё і перастаць думаць пра яго, дастаткова пачуць, як падаюць у кодаб грузавіка – тук-тук-тук, бах, тум-тук – гэтыя вялізныя буракі… Пальцы, гадзіну таму дагледжаныя ды далікатныя, пакрыліся тонкай земляной скарынкай, пад пазногці забіліся чорныя пясчынкі. Малады шафёр, што кружляў, звужваючы кругі, вакол машыны, нарэшце рашыўся і, прымасціўшыся ля Полі, узяўся дапамагаць жанчынам. Гэта трохі сапсавала ёй настрой, бо сімпатычны юнак, што макам пачырванеў ад шматлікіх жартаў, нагадаў пра яго, а Полі не хацелася ўспамінаць. Не хацелася думаць, не хацелася губляць пачуцьцё поўнага жыцьця.

Калі грузавік пратрэсься па полі і вывярнуў на грунтоўку, Поля падсьцяліла куфайку і лягла на зямлю воддаль ад суседак, што ў чаканьні наступнай машыны паселі кружком ля бураковай купы. Восеньскія промні і вецер былі такімі пяшчотнымі – не, не як яго рукі, а як… так, няхай, як яго рукі. Няхай. Яна ня будзе з-за гэтага смуткаваць. Няхай. Яна не пашкадуе пра тое, што было, – дзякуючы таму, што было, яна тут, і ёй добра, і туга пайшла ад яе. І яна не шкадуе, што ўсё прайшло – таму што ня хоча больш фальшу. У яго свой шлях, у яе – свой, і няхай усё будзе так, як будзе.

З заплюшчанымі вачыма яна пацягнулася, паклала далоні пад галаву, і струмені паветра адарвалі яе ад зямлі і плаўна панеслі ўгору. Засталіся ўнізе верхавіны дубоў на ўскрайку поля, яна бачыла сьветлую палоску грунтоўкі, шашу, на якую вырульваў грузавік, насустрач яму ішоў цёмны легкавічок, і сонечны прамень адбліскваў ад дакаванага капоту. Поля лунала ўсё вышэй: збоку зьявіліся дахі дамоў вёсачкі, нязвычна выглядаў зьверху лес, паблісквала рака… Сюды даносіліся толькі пахі печанай бульбы – дзеці распалілі вогнішча на суседнім полі – ды сырой халоднай зямлі. Магутныя паветраныя патокі выяўлялі шлях, па якім спускаюцца на зямлю душы, што хочуць наведаць былы дом свой.

– А гэта хто ж прыехаў? Нешта не пазнаю…

Пелагея расплюшчыла вочы, прысела. Бразнуўшы дзьверкай цёмнага бээмвэ, да яе ішоў Глеб – у куфайцы, сьмешнай круглай шапачцы і кірзавых чобатах…

– Я падумаў, можа, спатрэблюся: прынясьці-аднясьці, пагрузіць-разгрузіць… Карацей, ці мала на што на палявых работах спатрэбіцца грубая мужчынская сіла? – сказаў ён, пасміхаючыся вачыма.

Яна паднялася і пайшла яму насустрач.

Два крылатыя хлопцы, што назіралі за імі зь лістоты найбліжэйшага дуба, пераглянуліся.

– Бадай што, цяпер мы можам сабе дазволіць перакуліць па чарцы, – сказаў адзін.

– Бадай, – пагадзіўся другі. – Аднак чакай, чакай, – ён яшчэ раз рассунуў лісьце і ўважліва паглядзеў на поле. – Лепш усё ж такі вярнуцца як мага хутчэй. За гэнымі людзьмі трэба пільнаваць і пільнаваць.

І яны зьняліся з галіны.

1996

Крыві не павідна быць відна (зборнік)

Подняться наверх