Читать книгу Танцавальны марафон - Виктор Правдин - Страница 3

2

Оглавление

Начальнiку Докшыцкага РАУС

Вiцебскай вобласцi

маёру мiлiцыi Кiсценю Б. А.

РАПАРТ

Паведамляю, што шостага чэрвеня 199… года да мяне звярнуўся з вуснай заявай жыхар мястэчка Бягомль Сiўцоў Казiмiр Пятровiч. Ён паведамiў, што на дзевяноста восьмым кiламетры шашы Мiнск – Вiцебск у лесе, прыблiзна ў ста метрах ад дарогi, стаiць машына МАЗ з прычэпам «фура». У грамадзянiна Сiўцова склалася ўражанне, што гэтая машына кiнутая, але ў кузаве хтосьцi ёсць, бо чуецца нейкае драпанне i стогны.

У той жа дзень я сумесна з заяўнiкам выбыў на дзевяноста восьмы кiламетр вышэй пазначанай шашы для высвятлення абставiн на месцы. У лясным масiве i сапраўды стаяў МАЗ, дзяржаўны нумар 11–09 МП, машына-фура з металiчным кузавам. Словы Сiўцова пацвердзiлiся: у зачыненым кузаве быў чалавек, як потым высветлiлася, Шапавалаў Iван Мiкалаевiч – шафёр гэтай машыны. Ён патлумачыў, што вяртаецца з рэйсу i двое сутак таму спынiўся на начоўку. У кабiне было горача, i Шапавалаў вырашыў заначаваць у кузаве. Замкi на фуры зачынялiся i адчынялiся толькi з аднаго боку – з вулiцы, i выпадкова зашчоўкнулiся. Шафёр стаў змушаным палонным сваёй машыны. Гэтае затачэнне, са слоў Шапавалава, доўжылася двое сутак. Расказ Шапавалава выклiкае сумненнi – у праўдзiвасць цяжка паверыць. Па-першае, таму што шафёр быў абсалютна голы, нават без сподняга, па-другое, пусты прычэп аказаўся непадрыхтаваным да начоўкi. Асабiстыя рэчы Шапавалава, роўна як i нацельная бязiзна, матрац, дзве прасцiны, па-душка, коўдра, ляжалi ў кабiне. Дакументы, грошы былi на месцы, таму версiя магчымага крадзяжу цi рабавання адхiлена i не разглядалася. Фiзiчных пашкоджанняў на целе вадзiцеля не выяўлена. Ад Шапавалава паступiла заява, у якой ён просiць нiякага разбiрацельства не праводзiць, бо вiнаватым у недарэчным здарэннi лiчыць сябе.

Улiчваючы вышэй пазначанае, лiчу неабходным:

1. Разбiрацельства па факце заяў Сiўцова i Шапавалава спынiць.

2. У мэтах недапушчэння ў далейшым падобных выпадкаў паведамiць кiраўнiцтву аўтакалоны нумар пяць горада Мiнска аб здарэннi i папярэдзiць, што далёкiя рэйсы павiнны забяспечвацца двума вадзiцелямi.

Старэйшы ўчастковы iнспектар

Докшыцкага РАУС

маёр мiлiцыi Папруга Г. Б.

Танцавальны марафон

Подняться наверх