Читать книгу Танцавальны марафон - Виктор Правдин - Страница 4

3

Оглавление

Горад Мiнск, парк Чалюскiнцаў, танцавальная зала, клуб «Каму за трыццаць»… Музыка тут паўсюль, яна жыве ў гэтым прыземiстым будынку, у вершалiнах стромкiх сосен, бяроз i лапушыстых каштанаў, у чортавым коле i атракцыёне «Халi-галі». Дыхае «Лавандай» танцавальная зала, танчыць паветра, набрынялае пахам чалавечых целаў i серабрыстым пылам. Скрылёк белай тынкоўкi адарваўся ад столi i няспешна плануе, кружыцца ў нейкiм сваiм адмысловым танцы. Лёгкая лесвiца на другi паверх выструнiлася насустрач, расставiла рукi-поручнi: вось-вось яны падхопяць кагосьцi з прысутных i закарагодзяць у iмклiвым вальсе. Танцуюць усе i ўсё. Нават вартавыя, чорныя маўклiвыя краты, якiя ахоўваюць гардэроб, прыцэньваючыся, пазiраюць наўкол, у iх уласная песня, свой «метал»…

Не стамiла прысутных двухгадзiнная дыскатэка, чаканнем свецяцца вочы мужчын i прыгажунь-жанчын, пазiрае на гадзiннiк рухавая вядучая… Да канца вечарыны застаецца пятнаццаць хвiлiн, i нарэшце гучыць узнёслае, доўгачаканае: «А цяпер – танцавальны ма-ра-фон…» Пад гучны выбух «Ура!» гасне святло, i праз хвiлiну-другую рознакаля-ровыя пражэктары, iмклiвымi промнямi рассякаючы паветра, свярдзёлкамi ўпiваюцца ў вялiкi шар пад столлю залы, i ён няўлоўна пачынае круцiцца, набiраць хуткасць. Сотнi, тысячы рознакаляровых адбiткаў ад маленькiх квадрацiкаў-люстэркаў, якiмi аблеплены шар, iмгненна замiтусiлiся ўсiмi колерамi вясёлкi, пабеглi па сценах, столi, людзях… І зала змянiлася, быццам пабольшала, сцены i столь не могуць стрымаць узнёслых пачуццяў, прагi кахання. Лунае танга, «Лаванда», вальс, полька i нарэшце – нясцерпная, пякучая «Цыганачка»… Па-сапраўднаму ажывае стары парк. Дрэвы, будынiны, птушкi, людзi – усё быццам злiваецца ў адно, i цяпер толькi музыка валадарыць iмi.

I раптам гэты танцавальны экстаз расколвае iстэрычны жаночы крык… Пасярэдзiне залы замiтусiлiся людзi, там ужо не танцуюць, хтосьцi штурхае натоўп – стварае большы круг. Хвiлiна-другая, i вопытная вядучая, прадчуваючы нядобрае, выключае музыку, спыняе марафон.

Пасярэдзiне танцавальнай пляцоўкi на падлозе, раскiнуўшы рукi, ляжыць чалавек. Цыбатыя ногi ў блiскучых лакiраваных чаравiках з вострымi насамi сагнутыя ў каленях, i здаецца, мужчына выбраўся ў круг, каб пайсцi ўпрысядку, ды так i застыў. Вочы ўжо нежывыя, на вуснах – сумнавата-горкая ўсмешка. Мабыць, апошняе, што чалавек бачыў, – гэта люстэркавы шар пад столлю, якi працягвае шалёна круцiцца. Люстэркавыя зайчыкi скачуць у вачах нябожчыка, мiтусяцца на твары, мiльгаюць у яшчэ не астылых кроплях поту.

Танцавальны марафон

Подняться наверх