Читать книгу Танцавальны марафон - Виктор Правдин - Страница 5
4
ОглавлениеПадпалкоўнiк мiлiцыi Мiкулiч з падкрэсленай цiкавасцю слухаў лейтэнанта Хмару, наваспечанага следчага, якi, хвалюючыся, але даволi ўпэўнена, сам сябе прадстаўляў будучаму начальству. Мiкулiч, уважлiва прачытаўшы прадпiсанне, у якiм значылася, што Хмара скончыў Акадэмiю мiлiцыi i для далейшага праходжання службы накiроўваецца ў следчы камiтэт Першамайскага РАУС горада Мiнска, прыдзiрлiва агледзеў лейтэнанта. Доўгi, цыбаты, трошкi сутулы, Хмара выглядаў разгубленым: што нi кажы, а ён трапiў да самога Мiкулiча, пра якога ў акадэмii ходзяць легенды, як пра лепшага i незвычайнага следчага рэспублiкi.
Нечакана позiрк падпалкоўнiка зачапiўся за белыя шкарпэткi, якiя настырна лезлi ў вочы з-пад караткаватых лейтэнантавых штаноў.
«Калi на прадстаўленне прыйшоў апрануты не па форме – будзе парушаць дысцыплiну!» – з сумам падумаў Мiкулiч i хуценька сеў за стол, схаваў свае ногi, каб лейтэнант не ўбачыў, што i ў яго шкарпэткi далёка не статутнага колеру.
– Бачу, што страявiк з Вас, Iгнат Уладзiмiравiч, неважнецкi, – не стрымаўся, зрабiў заўвагу Мiкулiч i шматзначна кiўнуў на чаравiкi, – форму адзення парушаеце.
Лейтэнантаў твар пыхнуў чырванню, ён выструнiўся i ў чаканнi iншых прыдзiрак апусцiў вочы.
– Але наша з Вамi задача – злачынствы разблытваць ды бандытаў у турму саджаць, – нечакана змянiў гнеў на мiласць Мiкулiч, – а таму дазвольце пацiкавiцца адзнакамi па асноўных дысцыплiнах.
– Я скончыў Акадэмiю мiлiцыi з чырвоным дыпломам, – падкрэслена дзёрзка адказаў Хмара i з выклiкам паглядзеў на падпалкоўнiка. – Па страявой падрыхтоўцы таксама «выдатна»…
Мiкулiч задаволена крактануў. Ён не любiў тых, хто моўчкi праглынаў начальнiцкiя кпiны i беспадстаўныя заўвагi. Мiкулiч i сам па слова ў чужую кiшэню не лез i менавiта праз свой доўгi язык больш за ўсё i цярпеў. У асабiстай справе падпалкоўнiка было аднолькава запiсаў i аб пакараннях, i аб узнагародах. Узнагароджвалi пераважна за раскрыццё цяжкiх злачынстваў, а пакараннi iшлi з адной фармулiроўкай: «За парушэнне субардынацыi i дысцыплiны». Мiкулiч да апантанасцi любiў справу, якой займаўся, iншага жыцця для сябе i не ўяўляў. Высокi прафесiяналiзм неаднойчы ратаваў ад гневу рознага кшталту начальнiкаў, не было яшчэ выпадку, каб падпалкоўнiк здаў у архiў нераскрытае злачынства.
Мiкулiч выглядаў маладзей за свае сорак пяць гадоў. Невысокi, таўставаты i неверагодна рухавы, з хiтрынкай у вачах, ён быў падобны да нейкага шчырага дабрачка-жартаўнiка. Толькi за гэтай вонкавай прастатой, якая часцяком уводзiла ў зман i закаранелых злачынцаў, хавалiся магутны дапытлiвы розум i неверагодная працаздольнасць. Кiруючы следчым камiтэтам, Мiкулiч асабiста мог i не займацца следчай практыкай, i ўсё ж самыя цяжкiя i заблытаныя справы падпалкоўнiк узвальваў на свае плечы.
– Па страявой, значыцца, выдатна… А па агнявой? – заiскрылiся вочы падпалкоўнiка.
– Выбiваю дваццаць сем з трыццацi, – адрапартаваў Хмара i здзiўлена паглядзеў на невядома чаго павесялелага Мiкулiча.
– Маладзец, – пахвалiў падпалкоўнiк, – а я – толькi пятнаццаць, на дохлы траяк…
Мiкулiч нечакана ўзгадаў апошнюю здачу залiкаў, страявы агляд i чарговую вымову… Ён скептычна ставiўся да тых, хто не быў прафесiяналам, асаблiва да вайсковых палкоўнiкаў ды генералаў, якiя апошнiм часам прызначалiся кiраваць мiлiцыяй. Для iх чалавек ў пагонах – спярша страявiк, а потым ўжо – i сышчык, i следчы, i ўчастковы… Адзiн з такiх высокiх, нават вельмi высокiх начальнiкаў-генералаў на поўным сур’ёзе цэлую гадзiну даводзiў, што раскрыццё злачынстваў на дзевяноста працэнтаў залежыць ад страявой падрыхтоўкi. У нейкi момант Мiкулiч нават ушчыкнуў сябе за руку: цi не снiцца яму гэта? Не, не снiлася. Больш таго, гэты генерал-чырвонапагоннiк быў перакананы ў асабiстай праваце. Праставаты выгляд Мiкулiча зрабiў яму дрэнную паслугу, бо ў нейкi момант генералу здалося, што падпалкоўнiк пасмiхаецца. Генерал, як уджалены, падскочыў да Мiкулiча.
– Якiя Вы, таварыш падпалкоўнiк, ведаеце вiды строю? – пырскаючы слiнай, крыкнуў генерал.
– Iх шмат, – выструнiўся Мiкулiч.
– Дакладней, – прадчуваючы, што заганяе падпалкоўнiка ў кут, наступаў узрушаны генерал.
– А дакладна: першабытнаабшчынны, рабаўладальнiцкi, феадальны, капiталiстычны i рыначнага сацыялiзму…
Гэты выбрык ледзь не каштаваў Мiкулiчу пасады, але ў якi раз выратавала праца. Якраз напярэдаднi падпалкоўнiк разблытаў цяжкае злачынства, i начальства замест узнагароды абмежавалася вымовай.
Знаёмства Мiкулiча i Хмары зацягвалася. Лейтэнанту давялося расказаць не толькi пра гады вучобы ў Акадэмii мiлiцыi, успомнiць выкладчыкаў, якiя калiсьцi вучылi i падпалкоўнiка, але i ўзгадаць бацькоў i нават брата. Настырная дапытлiвасць Мiкулiча была зразумелай: што нi кажы, а менавiта ён меўся стаць настаўнiкам маладога следчага. Хмару ж празмерная цiкаўнасць раздражняла: «Ну што табе да маiх бацькоў, да брата? – думаў лейтэнант. – У аддзеле кадраў маюцца звесткi пра iх, там i шукай адказы…»
I ўсё ж, напрыканцы размовы Мiкулiч змог упэўнiць Хмару, што ён шчыры ў памкненнi стаць маладому следчаму не проста настаўнiкам, а памочнiкам, сябрам. Пераканалi лейтэнанта не словы, а тое, што падпалкоўнiк на ўсе тэлефонныя званкi адказваў падкрэслена афiцыйна i рэзкавата: «Званiце пазней, у мяне важнае пасяджэнне».
А потым Мiкулiч павёў лейтэнанта па кабiнетах i афiцыйна прадстаўляў кожнаму следчаму i сышчыку. Пры гэтым падпалкоўнiк, быццам мiж iншым, нахвальваў Хмару: «Нам абы каго не прышлюць… Iгнат Уладзiмiравiч скончыў Акадэмiю мiлiцыi з чырвоным дыпломам…»
Ключы ад асабiстага кабiнета Хмара атрымаў разам з шэрай папкай, на якой чарнелi тлуста выведзеныя лiчбы «385».
– Справа амаль скончаная, – хiтравата зiрнуў на лейтэнанта Мiкулiч i шматзначна дадаў: – Трэба ж з нечага пачынаць…