Читать книгу Вялікае княства Літоўскае і беларускі нацыянальны міф - Яўген Аснарэўскі - Страница 3

З гісторыі Княства
Аб некаторых перадумовах стварэння ВКЛ і першых этапах яго існавання

Оглавление

Першапачаткова Вялікае княства Літоўскае будавалася па прынцыпе аб'яднання старажытнарускіх княстваў Панямоння з землямі літоўскіх уладароў. Станаўленне княстваў Русі адносна нядрэнна прасочваецца па пэўных крыніцах, дзякуючы захаванасці (хай і ў выглядзе копій) старажытнарускіх летапісаў.

Дзяржаўтваральныя працэсы ў літоўскіх землях, з-за адсутнасці ўласна літоўскіх летапісаў перыяду X—XIII стагоддзяў, пакрытыя цемрай і фактычна апісваюцца на падставе ўрыўкавых, скупых згадак, якія дапаўняюцца дадзенымі ад спецыялістаў дапаможных гістарычных дысцыплін.

Часцяком літоўскія плямёны X – XII стагоддзяў, у межах беларускай гістарыяграфіі, малююцца вельмі адсталымі ў сваім развіцці ў параўнанні з жыхарамі мясцовых славянскіх гарадоў Кіеўскай Русі. Хоць гісторыкі не могуць, на падставе вядомых крыніц, даказаць, на гэтым адрэзку развіцця старажытных літоўцаў, наяўнасць у іх каменнага дойлідства і пісьменства, тым не менш дадзеныя археалогіі, атрыманыя ў выніку вывучэння аднаго з найцікавейшых археалагічных помнікаў Літвы, Кернаўскага гарадзішча, кажуць аб існаванні там дастаткова буйнога паселішча, жыхары якога карысталіся немалым наборам найбольш патрэбных бытавых рэчаў і нават прадметамі раскошы.

Літоўскія гісторыкі нярэдка спрабуюць абвясціць Кернаў першай сталіцай іх дзяржавы, ці нават сталіцай Міндоўга, хоць якія-небудзь неабвержныя ці хаця б важкія доказы, для гэтага меркавання, адсутнічаюць.

Так ці інакш, варта падкрэсліць, што для таго, каб празмерна прымяншаць узровень развіцця літоўскіх плямёнаў насамрэч няма падстаў.


Упрыгожванні ў музеі Кернава.


Са старажытнарускіх летапісаў вядома, што літоўскія плямёны актыўна прыцягваліся мясцовымі Рурыкавічамі, якія кіравалі на тэрыторыі будучай Беларусі, да ваенных аперацый падчас паходаў славянскіх дружын, у тым ліку і барацьбе старажытнарускіх князёў памiж сабой.

Уцягнутасць літоўцаў у ваенную справу іх больш высокаразвітых суседзяў, як можна меркаваць, мела пазітыўнае значэнне ў плане развіцця баявых навыкаў балцкіх воінаў і прыводзіла да павелічэння ваеннага патэнцыялу літоўскіх уладароў.

З дакладных крыніц вядома, што ў перыяд максімальнай слабасцi і феадальнай раздробненасці старажытнарускай дзяржавы літоўскі нобіль Міндоўг змог засяродзіць у сваіх руках уладу над значнымі літоўскімі тэрыторыямі, відавочна, атрымаўшы даволi сур'ёзныя ваенныя рэсурсы, дастатковыя нават для супрацьстаяння са славянскiмi гарадамі-дзяржавамі.

Менавіта Міндоўг прыступае да актыўнай кансалідацыі балцкіх і славянскіх земляў Панёмання.

Тэрыторыя, дзе здаўна адбываліся балта-славянскія кантакты з'яўлялася цалкам зручным плацдармам для стварэння балта-славянскай дзяржавы, хаця Міндоўг, як слушна адзначае беларускі даследчык Алесь Краўцэвіч, аналагічна іншым сярэднявечным валадарам, павінен быў імкнуцца ў першую чаргу да пашырэння ўласнай магутнасці і замацавання кароны за сваімі нашчадкамі.


Міндоўг. Уяўны партрэт, XIX стагоддзе.


Міндоўг, як вядома з дакладнага дакумента, булы Папы Рымскага Аляксандра IV, датаванай 6 сакавіка 1255 года, захапіў нейкія землі «Рускага каралеўства», якімі, тэарэтычна, маглі быць землі Навагародка. Дадзеныя звесткі, у спалучэнні з паведамленнямі старажытнарускіх летапісаў, пацвярджаюць спробы літоўскай экспансіі на Русь, але дакумент не называе прама, захопленыя землі, пакідаючы прастору для самых розных гіпотэз.

У гэты ж перыяд дакладна вядомы прыклад мiрнага вакняжання літоўскага феадала Даўмонта ў Пскове. Мірны характар, як можна меркаваць, насіла і з'яўленне літоўскага князя Таўцівіла ў Полацку.

Скупыя летапісныя сведчанні не дазваляюць спецыялістам дакладна растлумачыць, як менавіта Міндоўг з'явіўся ў Навагародку і асвяціць пытанне стаўлення мясцовых жыхароў да балцкага князя.

У любым выпадку, у перыяд 40-х і 50-х гадоў XIII стагоддзя пад уладай балцкага ўладара апынуўся Навагародак і іншыя старажытнарускія гарады рэгіёна.

Галоўнымі ворагамі Міндоўга, без усялякага сумнення, былі галіцка-валынскія князі і крыжакі. Супрацьстаяння з другімі Міндоўг спрабаваў пазбегнуць, прыняўшы каталіцкае хрышчэнне, а з найболей, мабыць, сур'ёзным сваім супернікам, валынцамі, князь дамовіўся, аддаўшы землі Панямоння сыну галіцка-валынскага князя Данііла, Раману Данілавічу.

Нават скупыя звесткі летапісаў дазваляюць абмаляваць партрэт Міндоўга, дзёрзкага і актыўнага кіраўніка, не пазбаўленага здольнасці думаць тактычна, а таксама здольнага, на шляху да ўлады, распраўляцца нават з уласнымі сваякамі.

Адзін з дзёрзкіх фінтоў адзінага літоўскага караля і стаў для яго фатальным. Міндоўг забраў жонку ў будучага пскоўскага князя Даўмонта, які счакаў зручны момант і забіў Міндоўга, разам з яго малодшымі дзецьмі.


Манета Пскова. Лічыцца, што на ёй адлюстраваны князь Даўмонт.


Аднак створаная Міндоўгам дзяржава, ці, хутчэй, нейкі яе волкі правобраз, не загінула і змагла праіснаваць да самага канца XVIII стагоддзя.

Вялікае княства Літоўскае і беларускі нацыянальны міф

Подняться наверх