Читать книгу Бяздарныя апавяданні - Яўген Аснарэўскі - Страница 3

Рэдкае iмя

Оглавление

Ян – адносна рэдкае імя ў нас. Кароткае і яснае, без памяншальнай формы. Некаторыя называюць Янчык, не памяншаючы, а падаўжаючы. Але часцей клічуць Янам. Добрае імя. Я атрымаў яго ў гонар прадзеда. І ўсё ж у дзяцінстве, прызнаюся шчыра, я камплексаваў. Грэцкае Аляксандр, ці рымскае Сяргей, ці спрадвечна славянскае, вялікакняскае – Святаслаў: мне тады здавалася, што гэтыя імёны лепшыя за маё.

Бацькі дарылі мне мала ўвагі. Тата быў начальнікам на буйным заводзе, а маці працавала ў гарадской бібліятэцы.

Я стараўся не адцягваць бацькоў ад працы.

Мне часта даводзілася бываць у бабулінай хаце. Там, у вёсцы, я гуляў пад ліпамі, а яны цудоўна пахлі ў пачатку ліпеня. Я плаваў у возеры і кідаўся ў суседскіх хлапчукоў яблыкамі з нашага сада. Апалая антонаўка загнівала на вільготнай зямлі і ператваралася ў небяспечны снарад – гнілушку. Рэзкі ўзмах рукі і сусед Колька атрымліваў па сваіх жоўтых шорціках самай вялікай і агіднай гнілушкай. Ён адрывіста і гучна ўскрыкваў. Не адчуваў боль. Але не мог адцерці брудную пляму. Гэта азначала, што маці Колі – цётка Маша, – будзе бузіць і прымусіць сына прыбіраць хлеў. Ад думак пра Кольчына пакаранне мне чамусьці рабілася вельмі весела.


Я біўся лепш за суседа. Таму самае небяспечнае, што мог зрабіць Коля – кінуць у мяне гнілушку. Пшык, а не праблема! Сапернік насіў акуляры, якія злёгку спаўзалі з кавалачка пластыру на пераноссі. Таму трапнасць з'яўлялася для Колькі недасяжнай марай.

Нашы бітвы не перашкаджалі сяброўству. Раніцай, калі над спакойным возерам Рыбніца слалася бялявая смуга, мы з Колем стаялі каля напаўзгнілага бярвеністага прычальчыка і ўпарта жмурыліся на дрыготкія паплаўкі. Ніхто з нас не быў умелым рыбаком. Мы нават не вельмі любiлі рыбачыць, аддаючы перавагу актыўным гульням, а не доўгаму дзяжурству ля воднай роўнядзі. У іншым месцы нішто не прымусіла б нас узяцца за вуды. Але наша вясковае возера – найлепшае на свеце. Нам так здавалася.

Сухаватую зямлю вакол вялікай і глыбокай Рыбніцы пакрываў густы ельнік. Празрыстая вада сляпіла нас мільёнамі сонечных блікаў, вабіла прахалодай. А пасля дажджу, над зарослымi высачэзнай травой берагамi, вісеў настолькі салодкі пах, што нам нясцерпна хацелася піць з возера. Таму мы паддаваліся спакусе, апускаючы пад крыштальную, злёгку хвалістую паверхню, свае груба выдзеўбаныя, драўляныя кубачкі. Зачэрпвалі ваду. Потым пілі не адрываючыся. А летні вецер церабіў нашы вечна нечасаныя, густыя валасы.

Падслепаваты Колька, вось жа дзіва, валодаў вельмі каштоўнымі ўменнямі. Ён як сапраўдны кухар упэўнена гатаваў злоўленых намі карасёў. Лук, соль, бульбачка, часам сушаны перац – вось і ўсё, што выкарыстоўваў сусед. Няхітрыя інгрэдыенты дапамагалі Колю ператвараць наш улоў у смакату з іншага свету. Слінкі цяклі ад аднаго позірку на Кольчыны стравы.

Часам мы ласаваліся юшкай, але часцей прыкопвалі рыбу ў вуглях, якія заставаліся ад невялікіх, траскучых вогнішчаў, і пяклі свае трафеі.

Аднойчы нам удалося злавіць вялізнага шчупака. Мы не пашкадавалі часу на збор гліны і галля. Абмазаная глінай рыба і не да канца прапячонная, вязкая бульбачка, з соллю, здаваліся тады самымі смачнымі стравамі ў маім жыцці.

Аднаго разу мы гатавалі дзённы ўлоў і грэліся ля вогнішча, якое ратавала нас ад надыходзячай начной прахалоды. Дымок яловых галінак шчыпаў вочы, пакуль я ўпарта глядзеў удалячынь. За цёмным сподкам возера ўздымаўся бераг Рыбніцы: загадкавы, цяжкі і крышачку страшны.

***

Калі мне ішоў восьмы год, мама прынесла з бібліятэкі альбом, які смачна пах друкарскімі фарбамі. Тамака былі карціны знакамітых мастакоў. Мне заўсёды падабалася маляваць і таму прынесены альбом стаў любiмай настольнай кнігай. Маляваць, граць і рыбачыць з Колем, а таксама іншымі дзецюкамі, а яшчэ разглядаць карціны з альбома – вось і ўсё, што мне хацелася рабіць летам, пакуль я адпачываў ад знявiднай матэматыкі.

Я асабліва любіў адну карціну жывапісца Ван Гога. Зваўся гэты любы твор: «Зорная ноч над Ронай». Я паняцця не меў, дзе знаходзіцца тая Рона і заўсёды думаў, што Ван Гог носіць нейкае дзіўнае імя. Гэтыя думкі не перашкаджалі мне гадзінамі разглядаць выяву «Зорнай ночы». Я ўжо разумеў, што мастак выкарыстоўваў для працы над карцінай грубыя фактурныя мазкі. У авангардзе атакавалі змрочныя колеры, кантраст зорак і марскога фону. А потым на гледача навальваўся парад смелых жывапісных ліній. Яны рабілі карціну дзіўна вібрацыйнай і загадкавай. Ад прагляду мяне напаўняла салодкая трывога… Я не мог апісаць свае пачуцці да карціны, але ведаў, што моцна ўсхваляваны і хачу быць як ён… Ван Гог.

***

– Хачу намаляваць той бераг, – ціха сказаў я, гледзячы на Колю.

Сусед якраз здзіраў спаленае шмаццё лупіны, рыхтуючыся ўкусіць бок запечанай бульбачкi.

– Знайшоўся мастак, – прабурчаў наш знаўца кулінарыі, выпацкаўшы рот чорнай сажай. – Ты хоць спрабаваў маляваць, га?

Я не казаў прыяцелю, што малюю даўно. Працую ў графіцы, алоўкам і нават сухой пастэллю, замацоўваючы яе на аснове. А яшчэ я спрабую жывапіс алеем і думаю аб гравюры. Так я трэніруюся дзеля паступлення ў мастацкае. Але навошта пра гэта гаварыць суседу, з якім мы перакідваемся яблыкамі, рыбачым і пячом карасёў у мясцовай, злёгку жаўтлявай, гліне? Ён жа, мо, падумае, што ў мяне імя дзіўнае, і таму я ўвесь няправільны. Хіба дзецюкі наогул малююць? Хоць, і Ван Гог калісьці быў дзецюком. Можа, ён кідаў гнілякі ў якога-небудзь свайго суседа, скажам, Нікалаўса? Не ведаю дакладна, як Кольку звалі б у Галандыі.

І ўсё ж, мне было сорамна прызнацца суседу. Таму я набраў у лёгкія пабольш паветра і прымусіў сябе працадзіць.

– Я малюю ўжо не першы год. І атрымліваецца нядрэнна!

– Сур'ёзна? – шумна не паверыў Колька, але радасна дадаў: – А ведаеш, ты малайчына! Беражок Рыбніцы… Там нібы чорныя зубы вялікай рыбіны хочуць зоркі схапіць.

– А ты, Колька, як той паэт! Такія метафары ўмееш выварочваць!

– Ды куды ўжо мне гэтыя твае «метафіры», – Коля засмяяўся і пачухаў патыліцу. – Мы простыя, а ты гарадскі! Татачка твой, вунь, вялікі паношыч у горадзе. І матуля такая, ну… адукаваная! Таму, Ян, ты давай – спрабуй! Будзеш мастак, дык, можа, і для нашай вёскі куток на карціне знойдзеш. Мясцiны тут такія прыгожыя! Вось нават імя ў цябе прыдатнае. Колька Петрашэвіч – хіба імя для мастака? А Ян Багданаў – гучыць.

Коля дастаў скрадзеную ва ўласнага бацькі цыгарэтку і прыкурыў ад вогнішча.

Я спрабаваў адчуць у словах суседа кпіны з майго імя. Нават сціснуў кулакі і падрыхтаваўся крычаць: «Такое імя прадзед мой насіў».

Але Коля спакойна зацягваўся цыгарэтай і рытмічна штурхаў нагой невялікі каменьчык. Не было смяшкоў і колкіх позіркаў – нічога. Таму я адвярнуўся і зноў пільна паглядзеў удалячынь, на бераг Рыбніцы.

«Чорныя зубы вялікай рыбіны…» – гэтыя словы Колі надоўга засталіся ў маёй памяці.

– Так, дзе яшчэ пісаць карціны, – згадзіўся я і падкінуў у вогнішча яловых галінак.

***

Праз тры гады я скончыў школу і паступіў у мастацкую вучэльню. На іспыце я намаляваў партрэт прадзеда Яна. Ніводнай фатаграфіі ў нашай сям'і не захавалася. Мне давялося прыдумаць яго знешнасць. Я ведаў, што прадзядуля лічыўся знакамітым на ўвесь горад лекарам. Таму на маім партрэце ён быў у белым халаце і, чамусьці, трымаў у руцэ мікраскоп.

Я скончыў вучэльню з чырвоным дыплёмам і панёс дакумэнты ў сталічную акадэмію. Атрымліваць вышэйшую адукацыю мне было лёгка: настаўнікі не маглі стрымаць захапленняў наконт маіх здольнасцяў. Рэктар прарочыў мне вялікую будучыню. Акадэмію я скончыў з дыпломам выдатнiка.

А далей былі выставы, пахвалы значных майстроў, жывапісныя творы ў знакамітых музеях. Крытыкі прыляпілі мне мянушку: «Беларускі Ван Гог». Дурная мянушка! Але мне ўсё роўна было прыемна.

Творчы поспех – вялікае шчасце. Але не хапала іншага. Мне так і не ўдалося стварыць сям'ю. Праца заўсёды займала большую частку майго часу. Я кахаў розных дзяўчат. Сярод іх былі і натуршчыцы. Але шлюб не з'явіўся ў маім жыцці. Чамусьці я больш марыў аб дзецях, чым аб каханай.

Праз дваццаць гадоў я вярнуўся ў вёску з цвёрдым намерам ажыццявіць адну з першых сваіх мастацкіх задумак. Я хацеў перанесці на палатно від возера Рыбніца. Бабуля даўно памерла, але я спадзяваўся сустрэць свайго даўняга сябра – Кольку.

Я – наіўны дурань – верыў, што Коля ўсё яшчэ жыве ў вёсцы і ходзіць на рыбалку да нашага возера. Прыяцель як жывы стаяў перад вачыма. Белабрысы малец у смешных акулярах.

Я прайшоў праз зарослы пустазеллем сад і адчыніў вялікім ключом дзверы старой бабулінай хаты. Пасядзеў, хістаючыся, на калчаногiм зэдліку, і выйшаў праз іншыя дзверы. За ўсё яшчэ моцным плотам мяне сустрэлі разьбяныя аканіцы суседскага дома, пакрытыя патрэсканай жоўтай фарбай.

Ізноў пагаварыць са сваім таварышам па рыбалцы я не змог. Я бачыў толькі ягонае фота пяцігадовай даўніны. Дрэнны фотапартрэт дэманстраваў вялiкага мужыка са светлымі валасамі. На яго пераноссі сядзелі масіўныя акуляры. Колька павялічыўся ў чатыры разы. Але застаўся падслепаватым.

У доме Петрашэвічаў жыла самотная шаснаццацігадовая дзяўчынка – дачка Колькі. Яе клікалі Яна. Пра мяне пісала прэса, а Яна цікавілася жывапісам і нават наведвала адну з маіх сталічных выставак. Таму мы хутка пасябравалі.

Маці Яны памерла, калі дзяўчынка была яшчэ немаўляткам. Бацька нечакана знік за тры гады да майго прыезду. Ніхто не ведаў, куды падзеўся Колька. Казалі, што ён пайшоў у бок Мохавых балот. Яго доўга шукалі. Безвынікова. Але Яна спадзявалася, што аднойчы тата вернецца дадому і не хацела пераязджаць да сваякоў, у сталіцу. Дрэнны фотапартрэт Колі стаяў на тумбачцы, побач з ложкам яго дачкі, і Яна, калі прачыналася, глядзела ў твар зніклага бацькі.

Сонечнай, ветранай раніцай, мы разам з Янай пайшлі да Рыбніцы.

– Добрае святло, праўда? – спытаў я спадарожніцу, надзейна ўсталёўваючы мальберт.

– Так, хоць мне тут больш увечары падабаецца. Рыбніца тады такая, як чорныя зубы нейкай рыбiны… І яна хоча зорачкі ў небе пахапаць, – адказала Яна і паправіла акуляры.

Я доўга маўчаў, адчуваючы камяк у горле. Рукі ў мяне злёгку дрыжалі. Гэта перашкаджала акуратна працаваць пэндзлем.

Прадзед Ян і я, Колька і Яна, якая не магла адказаць на маё пытанне, калі я спытаў чаму бацькі назвалі яе менавіта так: усе мы былі часцінкамі нейкай загадкавай мазаікі. Бясконцасць жыцця. Сувязь пакаленняў. Адлюстраванне незлічоных продкаў у нас саміх. А мы, такія асаблівыя, і адначасова такія падобныя на сваіх і чужых! Вандроўнікі, якія брыдуць па свеце ў пошуках шчасця, хоць шчасце можа аказацца простым возерам, пад бялявым туманам. Простым возерам ля самага нашага дома… Галоўныя пытанні раптам атрымалі адказы і мае пошукі завяршыліся.

– Хацеў табе сказаць, што Яна – вельмі рэдкае і прыгожае імя. Ты напішаш начное возера сама. Я застануся тут і навучу цябе!

Мой усхваляваны голас даляцеў да дзяўчынкі, якая глядзела ўдалячынь. Хутка міргаючы, Яна ўсміхнулася, і ўзмахнула сваімі залацістымі валасамі.

Бяздарныя апавяданні

Подняться наверх