Читать книгу Бяздарныя апавяданні - Яўген Аснарэўскі - Страница 5
Хук Рыны
ОглавлениеРына перавязала рукі бінтамі і надзела трэніровачныя пальчаткі. Трэба папрацаваць з грушай! Балюча ці не, але Рына ніколі не прапускала трэніроўку. Яна памятала толькі некалькі дзён, калі яе рукі не білі ў нешта. Некалькі дзён за трыццаць год. Яе далоні ніколі не будуць такімі, як да спорту, але бінты, а таксама іншыя меры засцярогі, дапамагалі прытупіць боль.
Маці і бабуля былі супраць заняткаў.
«Ты дзяўчына», – казалі яны. – «Табе лепш купіць сукенку і чытаць кнігі ў парку».
Трыццаць год яна даказвала ім, але найперш сабе: яна ўмее не толькі чытаць кнігі, але і біцца. Трыццаць год.
Рына заўсёды добра біла левы бакавы ўдар са скачка. І падчас хатняй размінкі, яна паўтарыла сваю каронку. Левы хук – так гэта называлася ў боксе.
Скончыўшы трэніроўку, Рына зняла павязкі і выцерла твар ручніком.
Пачынаўся важны дзень. Сёння Алеся будзе змагацца за званне абласной чэмпіёнкі.
Рына працавала з Алесяй тры гады, і апошні месяц яны мэтанакіравана рыхтаваліся да бою з Маргарытай. Суперніца, па мянушцы Малатарня Марго, біла выдатны правы аперкот, неверагодна жорсткі і дакладны.
Рына апранулася і выйшла ў калідор. Яна села на зэдлік (хто ведае, магчыма, гэтая забабона дапаможа), адчыніла ўваходныя дзверы і выйшла. Пачакала секунду… рэзка павярнула ключ з бірулькай у выглядзе галавы Майка Тайсана: пацешны сувенір ад Міхася Мечыслававіча заўсёды паляпшаў Рыне настрой. Вясёлы спуск, у жахліва ціхім пад'ездзе. Летаргічны сон у вялізным шэрабетонавым гмаху. Пяцьдзесят крокаў і пацёртая чырвоная машына. Новыя красоўкі трывожна шархацелі на роўна выкладзеным асфальце. Выезд на праспект. Коркі. Гудкі і музыка. Гарадская арэна. Апраналка.
– Добры дзень, Алеся.
***
Пот і кроў. Перш чым яна пайшла ў першы бой, яе маленькая мэта была схавана глыбока, там, дзе жылі надзеі, чорна-белыя, яшчэ бясформенныя мары. Рына не ведала, адкуль у яе такая моц і чаму ёй так хочацца перамагаць. Магчыма, гэта спадчыннасць.
Бацька трымаў дома баксёрскія пальчаткі. Яны віселі на старой, савецкіай шафе з дрэннага ДСП, а дакладней, на доўгім цвіку, убітым у бакавіну некалі моднай мэблі. Пальчаткі вялікія. Пахкія. Пах нагадваў крэм для абутку. Эластычныя, але падатлівыя. Чырвоная, пацёртая скура. Пальцы слізгалі па ёй, ствараючы сыпкі, чароўны шоргат.
Тата – вайсковец. Лейтэнант, які выступаў у вайсковым клубе. Ён быў майстрам спорту па боксе і атрымаў пальчаткі ў падарунак ад кубінца, які наведаў СССР.
Бацька ніколі не казаў, што жадае бачыць дачку на рынгу. Ён не мог нават уявіць такога. Маленькія чорна-белыя мары былі надзейна схаваны ад яго.
Рына здымала з цвіка пальчаткі і нацягвала іх на свае малюсенькія далонькі. Далікатныя дзіцячыя рукі хутка хаваліся ў маршчыністыя раструбы. Глыбока. Амаль па локці. Ніхто не адважваўся адабраць у яе гэта незвычайнае пачуццё захаплення.
Рыне шэсць. Але яна ўжо была як тата. Ён усміхаўся і пачынаў жартам трэніраваць дачку. Дзяўчынка стукала кулакамі па вялікіх далонях бацькі, а яны, здавалася, маглі цалкам паглынуць пальчаткі.
Дачка і бацька падчас трэніроўкі патрапілі ў аб'ектыў матулiнай камеры. Вераніка Паўлаўна – маці Рыны, працавала ў гарадскім фотаатэлье. Таму ледзь не кожны крок чальцоў сям'і быў зафіксаваны на плёнцы.
Прайшло шмат часу, але Рына амаль кожны дзень глядзела на старое фота. Такім маладым і прыгожым бацька з'ехаў у Аўганістан…
***
Рыне было шаснаццаць, калі ў яе горадзе арганізавалі першую секцыю жаночага боксу. Прагуляўшы заняткі ў школе, дзяўчынка доўга блукала па цёмных калідорах аблупленай, гарчычна-жоўтай пабудовы – трэніровачнай базы.
Рына знайшла і адштурхнула тоўстыя дзверы, пераадольваючы супраціў спружыны.
Дзяўчыну сустрэла маленькая зала, з высокай столлю, пазаклейванымі грушамі і пацёртымі гантэлямі.
– Каго шукаеш?
Рына павярнулася на гук мужчынскага голасу. Перад ёй стаяў маленькі лысы чалавек. Мяркуючы па выглядзе, яму было каля пяцідзесяці.
– Я хачу запісацца на бокс, – голас Рыны гучаў крыху няўпэўнена, і яна амаль ненавідзела сябе за гэтую маленькую слабасць.
Але лысы незнаёмец нечакана цёплым тонам паведаміў:
– Добра, што ты зайшла. Секцыя камплектуецца. Як ты пра нас даведалася?
– У школе сказалі.
– Ясна. Мяне клічуць Міхась Мечыслававіч. Прозвішча Шоцік. Я тут трэнер. А ты хто?
– Рына. Прозвішча Радкевіч.
– Ты што, дачка Рыгоркі Радкевіча?
– Так, гэта мой тата.
Міхась Мечыслававіч доўга маўчаў. Потым ён глыбока ўздыхнуў і пляснуў у ладкі.
– Мы з тваім бацькам былі ў зборнай. Спачатку, памятаю, пабіліся ў распранальні. А потым на ўсіх сустрэчах – сябры. З мужыкамі бывае такое: спачатку сабачымся, а потым як сваякі. Хоць, мы ўсё роўна моцна спарынгавалі. Я бачыў яго перад паездкай у Афган…
Міхась Мечыслававіч не дагаварыў, рэзка павярнуўся і пайшоў у падсобку за пальчаткамі.
***
Прайшло тры гады. У пахмурны летні дзень Рына спарынгавала з Таняй. Дзяўчынкі пазнаёміліся ў секцыі і пасябравалі. Але на рынгу, як сказаў ім Міхась Мечыслававіч, сяброўству няма месца.
Рына працавала другім нумарам. Таня хутка набліжалася да суперніцы, каб загнаць яе ў кут. Гэта была амаль сапраўдная бойка, але дзяўчыны хавалі слабыя месцы ў амуніцыі.
Рына адыходзіла ў бок і спрабавала дастаць Таню моцным ударам справа, але прапусціла контратаку. Кулак Тані ўляцеў у вобласць печані. Цела напоўнілася жарам і асаблівым, ні з чым не параўнальным, болем. Рына з усіх сіл старалася схаваць свой стан. Але Таня адчула поспех. У яе сапраўдны інстынкт байца. Яна кінулася наперад. Зноў прабіла ў корпус. Рына выдала прыглушаны стогн і апусцілася на калена.