Читать книгу Бяздарныя апавяданні - Яўген Аснарэўскі - Страница 4

Стыль Махоркіна

Оглавление

Аднойчы маленькі Росця Махоркін зламаў абедзве нагі. Дваровыя падшыванцы забраліся ў дзіцячы садок і зладзiлі спаборніцтва па скачках. Росця прайграў. Дзевяцігадовы Махоркін прызямліўся не ў пясочніцу, а на яе цвёрды борт. Несапраўдныя сябры ўцяклі, пакінуўшы стогнучага Росцю ў пяску. Неўзабаве Махоркіна знайшоў вартаўнік і пачаў крычаць на скручанага эмбрыёнам паскакунчыка. Потым стары Палыч пачухаў лысіну, злёгку тыкнуў інтэрвента наском зношанага бота, прашамкаў: «Вось малпа» і выклікаў хуткую.

Махоркін апынуўся ў бальніцы. З яго ног тырчалі розныя металічныя штукі, неабходныя для правільнага зрастання костак. Махоркін уяўляў, што ён бэта-мадэль Тэрмінатара Т-800. Бацькі прынеслі сыну самыя дарагія фламастары і тоўсты альбом крэйдаванага кардона. Маляванне дапамагло цярпець боль і страх, пазбавіцца ад начных кашмараў і перажыць сумныя «ложкавыя» будні.

Выйшаўшы з лякарні, Росця не забыўся пра карысць творчасці. Махоркін часта сыходзіў ад праблем у адмысловы свет алоўкаў 4B, гумак, сухой пастэлі, водных фарбаў і сафлоравага алею. Росця адлюстроўваў на палатне вiд з акна, пакой брата, тату і маму, а калі падрос вырашыў напісаць красуню Люсю з паралельнага класа.


Штурхаючы кедамі безабаронныя каменьчыкі, Росця дагнаў Люсю каля школы і прапанаваў дзяўчыне стаць яго першай натуршчыцай. Махоркін быў прыгожы: высокі шыракаплечы шатэн з вялізнымі далонямі. Таму Люся пагадзілася. Росця планаваў пісаць партрэт на сямейнай дачы Махоркіных. Мастак саромеўся маляваць дзяўчыну пры бацьках, і тата з мамай вырашылі, што сын-адзінаццацікласнік ужо дастаткова дарослы для дачнага жывапісу.

Дачная гісторыя была цудоўная. Люся асядлала хісткае крэсла, стрыножанае прама пад разгалістай яблыняй. Дрэва пасадзіў яшчэ Леанід Яўгенавіч, дзед юнага жывапісца. Яблыкі – старажытныя знакі спакусы, сарамліва хаваліся ў траве, атачаючы босыя ногі румянай дзяўчыны. Салаўі трэлілі на галінах чарэшні. Пушыліся на васільковым небасхіле хуткія, як дзяцінства, аблокі. Вартавы сабака Аркадзь ласкава глядзеў у бок маладых людзей сваімі чалавечымі вачыма. Пахла сенам. Біла ў нос гноем. Несла каханнем.

Скончыўшы партрэт, Махоркін выцер рэшткі алею з палатна і паклікаў Люсю.

Натуршчыца са здзіўленнем агледзела твор. Вялізная яблыня вырастала з невялікай, але па-майстэрску напісанай жаночай фігуркі. Твар дзяўчыны на партрэце чамусьці закрывалі шэсць чырвоных трыкутнікаў.

– Ух, – выдыхнула Люся і адтапырыла губу.

– Табе такое падабаецца? – дабрадушна спытаў Махоркін.

«Не, як гэта можа падабацца…» – падумала Люся… і адчайна заківала.

Адгуляўшы школьны выпускны, Махоркін задумаўся пра дыплом мастака. Росця паступіў у мастацкае вучылішча, дзе аддаўся жывапісу цалкам. Ізумрудныя хвоі Белавежскай пушчы, бурштынавы бамбук Ямайкі, цырконавыя скалы Карэліі, снежная пена Ніягарскага вадаспаду і сапфіравыя воды возера Балатон не маглі задаволіць Махоркіна. Талент патрабаваў ад свайго носьбіта пошуку самых дзіўных колераў, існаваўшых у свеце. І Махоркін шукаў! Мастак гадзінамі працаваў з палітрай. Здавалася, Росця выпампоўваў фантастычныя адценні з паветра, як штукар. Анёльскі аквамарын, колер садовага тапіарыя, папірусны зімовы, мандарынавы сонечнага бліку і яшчэ сотні колераў ствараліся вар'яцкім уяўленнем каларыста. Ван Гог, Шагал… Махоркін. Яны маглі б стаць неаспрэчнай тройцай лепшых майстроў колеру, калі б Махоркін быў прызнаны лепшым. Нажаль! Росця ніколі не лічыўся талентам, нават на сваім курсе ў мастацкiм.

Там адразу здарылася праблема. Першакурсніка неўзлюбіў Цімафей Вітаўтавіч Адаменас – выкладчык пленэру і асноў графікі.

Махоркін раздражняў настаўніка літаральна ўсім, нават сваім дзіўным мальбертам, падобным на шчыт крыжака.

– Дзе аб'ём, Расціслаў? – галасіў Адаменас, разглядаючы малюнак антычнага бюста, выкананы Махоркіным. – Дзе, мілачка, характар, га?

«Фарэль і качарга» – рыфмаваў у галаве Махоркін і сціскаў вусны ад абурэння.

Выкладчык часта «гакаў» Махоркіна, і ў канцы трэцяга курса, змучаны заніжанымі ацэнкамі Росця, збіў Цімафея Вітаўтавіча эцюдам да палатна Тыцыяна «Уцёкі ў Егіпет».

Выбыхнуў скандал. Прысаромлены Махоркін выбачыўся перад Цімафеем Вітаўтавічам, кінуў вучылішча і ажаніўся з Люсяй. Усе гэтыя дзеянні не спынілі развіццё творцы.

Люся, аднак, патрабавала папаўняць сямейны бюджэт. Бездыпломны жывапісец знайшоў працу ў гарадской гаспадарцы. Улічыўшы навыкі Махоркіна, камунальнікі выдалі некалькі вёдраў фарбы, абсалютна новыя пэндзлі і савецкі шпатэль.

***

Тры тыдні запар Махоркін зафарбоўваў надпіс, якi дзёрзка раскідваў літары па фасадзе дома №7 на вуліцы Васняцова. Хтосьці пісаў чырвоным балончыкам на бэжавай сцяне, а камунальнікі знішчалі пасланне. Але зафарбаваны надпіс адраджаўся зноў, нібы акрылавы фенікс. Няўлоўны графіціст не стрымліваў сябе і рэгулярна паведамляў жыхарам дома аб вечным жыцці аднаго з таленавітых рок-музыкаў мінулага.

Махоркін працаваў, не шкадуючы чырвонага, карычневага і шэрага. Ён намешваў самыя мудрагелістыя адценні. Кожная літара надпісу хавалася за асобнай каляровай плямай. Росця стаяў, шырока расставіўшы ногі, і глядзеў на свой твор праз накіраваны да неба пэндзаль. Мастак чуў музыку сфер. Творчы працэс плавіў яго душу.

У гэты момант я праходзіў міма, пазнаў Махоркіна і вырашыў прывітацца.

– Ах! Генка! Колькі год не бачылiся! – узрадаваўся камунальнік.

Мы разгаварыліся. Махоркін узгадаў нашы сумесныя школьныя гады і распавёў пра жаніцьбу на маёй аднакласніцы Люсе.

– Гэта ты малайчага! Віншую! – сказаў я.

– А ведаеш, ты заходзь да нас у суботу. Вечарам. Пасядзім, паўспамінаем, – прапанаваў Росця.

– Генка! Зусім не змяніўся, чарцяня, – сказала ў суботу Люся. – Мой любімы аднакласнік! Чай з тортам будзем піць!

На невялікай кухні здымнай хрушчоўкі Махоркіны доўга скардзіліся мне на малую зарплату Росці і сціплыя прыбыткі Люсінага перспектыўнага бізнэсу, які зараджаўся ў сферы манікюрных паслуг.

– А галоўнае, крыўдна, – пыхкаў Махоркін, размахваючы кубкам з гарбатай. – Я так марыў вывучыцца… Каб не той Адаменас… Хацеў я копіяй Матэйкі яго накрыць. Тры на тры метры палатно. Ён бы не выпаўз… Хаця, калі шчыра, шкадую, што тады не стрымаўся. Кепскаватая справа – карцінамі біцца. Ну і вось… Фарбую сцены, Генка. Ну, верыш? Сцены!

– Каб не я, ён запіў бы. Трымае яго жонка, – паведаміла Люся.

– Дакладна, трусiк, – пацвердзіў Махоркін. – Трымае!

– Я твая пацерка?

– Ты мая пацерка, трусiк.

– Мастаку патрэбна муза!

– Ты мая муза, трусiк.

Пакуль я слухаў шчабятанне Махоркіных мяне накрыла думка: я ведаю, як дапамагчы Росце.

– У мяне ёсць цікавы варыянт, – паведаміў я галубкам. – Ваш школьны прыяцель – журналіст. Аўтар папулярнага медыя. Журналіст крэатыўны (навалач), і можа зрабіць непрызнаны талент прызнаным.

Праз два тыдні на сайце нашага выдання з'явіўся артыкул пад загалоўкам «Малевіч з ЖКГ». Запрошаны мною эксперт выдатна апісваў каляровыя квадраты Махоркіна, якія ўпрыгожвалі сцены гарадскіх шматпавярховак. Насамрэч, экспертам быў я сам. У артыкуле гаварылася пра надзвычайнае пачуццё колеру, паэзію формы, дынаміку аб'ёмаў і мэтакантэкстуальнасць штрыхоў. Я ўпісаў у артыкул фразачкі са справаздачы нейкага выбiтнага крытыка, захопленага сталічнай выставай абстрактнага мастацтва. Стыль Махоркіна я назваў «камунальны абстракцыянізм».

Маленькі падман не бянтэжыў мяне. Я лічыў, што высакародная хлусня існуе. Назіраючы сцэну з серыяла «Месца сустрэчы змяніць нельга», тую, дзе Жыглоў спрачаўся з Шарапавым наконт абдурвання Кiрпiча, я заўсёды станавіўся на бок Высоцкага-Жыглова. Муравец быў гатовы ашукаць дзеля высакароднай мэты. І я быў Жыгловым. Я хацеў дапамагчы школьнаму таварышу, несправядліва пакрыўджанаму выкладчыкам. Вось такая Яснавяльможная высакароднасць! І яшчэ, мне хацелася паставіць эксперымент… Стварыць цудоўнае мастацтва на пустым месцы.

Артыкул меў поспех і зацікавіў іншыя выданні. Махоркін пачаў раздаваць інтэрв'ю, апавядаючы пра сваю творчасць. А праз пару месяцаў, да новага Малевіча пацягнуліся заказчыкі. Партрэт у стылі Махоркіна стаў жаданым прадметам у дамах нуварышаў і нават больш вытанчанай публікі.

Росця працягваў хадзіць на працу дзеля іміджу камунальнага жывапісца, хоць сумы ганарараў, атрыманых ад заказчыкаў стракатых палотнаў, моцна пераўзыходзілі зарплату працавіка гарадской гаспадаркі.

Пасля трыўмфу камунальнага жывапісу да нас у рэдакцыю наведаўся сам Астафей Рамашка – багаты чалавек, які валодаў некалькімі гасцініцамі ў цэнтры горада. Бізнэсмэн замовіў у Махоркіна партрэт, але кансультант па абстрактным мастацтве назваў кошт працы майго прыяцеля «непрыстойна завышаным». Рамашка цікавіўся экспертам, з нашага артыкула пра Махоркіна. Давялося схлусіць. Я напрыдумваў казак аб ананімнасці рэдакцыйнага эксперта, недаступнага для любых спробаў даць хабар.

– Вы ж зразумейце, – басіў гательер. – Я палотны люблю. Радасна ад таго, што ў нашым горадзе такі нечаканы маэстра адчыніўся. Але ж павінны быць экспертныя ацэнкі непрадузятыя. Грошай месью Махоркін просіць вагон, а можа і цягнiк!

– Разумею, – гундосіў я ў адказ. – Але Расціслаў Махоркін – геній. Заязджайце праз гадоў сто ў Луўр. Упэўнены, Расціслаў ужо будзе там!

Рамашка быў незадаволены маімі адказамі і пайшоў прэч з танцам гнеўных броваў на квадратным твары.

Пасля сыходу бізнэсмэна мяне знайшоў Андрэй Ягоравіч – наш галрэд. Ён моўчкі пагразіў мне пальцам, сербануў кавы з кубка ўпрыгожанага партрэтам Сальвадора Далі і ўцёк у свой кабінет.

Праз тыдзень Рамашка вярнуўся. Ён доўга ціскаў і трос маю потную далонь, лісліва пучыў селядцовыя вочкі, рыпеў чаравіком.

– Вы, пане, прабачце мяне. Каюся! Прафан! Ды яшчэ і недаверак! Мне тут эксперт, які супрацоўнічае з Christie’s, пацвердзіў каштоўнасць майго партрэта з пэндзля маэстра Махоркіна.

– Праўда? – маё кароткае пытанне налівалася і ззяла недаверам.

– Эксперт сказаў – цудоўная інвестыцыя. Я купіў партрэт вельмі танна. Ён падаражэе ўтрая! Мі-ні-мум!

Пасля сыходу бізнэсмэна мяне знайшоў Андрэй Ягоравіч. Ён моўчкі паказаў мне вялікі палец, сербануў кавы з кубка ўпрыгожанага партрэтам Сальвадора Далі і ўцёк у свой кабінет.

Я моцна задумаўся аб мастацкай экспертызе. Атрымлівалася, што любы барсук, ну вось як я, можа аб'явіць творчасць жывапісца-паўзнайкі вялікім мастацтвам і з дыягназам пагодзіцца сапраўдны эксперт. А можа, гэты рамашкаўскі спец усё ж дылетант ці махляр? Хто там разбяре. Яшчэ я думаў аб крывадушнасці. Хлусня дзеля добрай справы – цяжкая матэрыя. Пасля казуса Рамашкi я, напэўна, перастаў быць перакананым жыглоўцам.

Ашчасьліўлены пакладамі грошай, Махоркін не забыўся на паслугу і паклікаў мяне да сябе, у новую здымную кватэру, якая займала цэлы паверх старадаўняга асабняка. Тут быў стыльны лофтавы інтэр'ер. Калекцыя пласцінак «Песняроў» упрыгожвала шэрабетонныя сцены. Бежавыя лямпачкі тапырыліся на столі. З рабрыстай калоны, усталяванай у цэнтры залы, вырастаў захутаны неонам, цыклапічны акварыум.

Школьны таварыш жадаў парадаваць мяне, таму арганізаваў раскошную вячэру з шампанскім, ананасамі, мільёнам талерак і падвойнай піцай.

– Як ты думаеш, што гэта такое, сапраўднае мастацтва? – маё пытанне, напэўна, зацікавіла рыбку даніо, і яна падплыла бліжэй да сценкі свайго шклянога дома.

– Гэта арыгінальнае мастацкае выказванне, зробленае ў правільным месцы, у правільны час. Калі выконваць умовы, то мастацтвам можа быць усё, што заўгодна. Нават чорны квадрат. Галоўнае тут не тэхнічнае майстэрства. Важны тут пэўны паварот у галаве стваральніка. Вы можаце навучыцца пісаць так, як Вермеер, калі ў вас хоць трохі працуюць рукі, ёсць вочы і цярпенне. Навучыць вас рабіць арыгінальнае мастацкае выказванне – значна складаней.

– А дзе ўзяць мерку арыгінальнасці і каляндар правільнага часу? – спытаў я ў рыбкі. Але адказаў зноў Махоркін.

– У спецыяльна навучаных людзей. У профі, – Росця пяшчотна пакратаў акварыум.

– Такіх, напрыклад, як дзівак Адаменас? – спытаў я.

– Хах, ён профі, вядома, – яхідны погляд Махоркіна скаціўся на імшысты дыван пад нашымі нагамі.

– Які ты разумны, калі хочаш, – праспявала Люся.

– Думаю, ты маеш рацыю наконт мастацтва. Знаўца! Дарэчы, аб знаўцах і профі. Нам тут у рэдакцыю прыйшоў тэкст, – я паклаў перад Росцей свой тэлефон. – Зачаруйся прыгожым.

Тэкст пачынаўся так: «Я бязмерна ганаруся тым, што быў настаўнікам такога яркага талента!».

– Аўтар: Ц. В. Адаменас, – прачытаў Махоркін і з цяжкасцю праглынуў кавалачак мармуровай ялавічыны.

– А ён сапраўды мастак! – пахваліла Люся.

– Ну вось, тут я магу сказаць толькі адно, – Росця марыянеткавым рухам кінуў кулак у спінку крэсла. – Сапраўдны знаўца мастацтва калі што і ўмее, дык гэта перарадзіць сваё меркаванне! Выгадаваць з гусеніцы матылька. І гэта супер хутка.

Наш смех напоўніў апартаменты Махоркіных. Мы зладжана, як спартоўкі-сінхраністкі, ухапіліся за іскрыстыя куфлікі. Каляровыя квадраты гарлалі пра сваю мастацкую каштоўнасць. У іншай частцы нашага мегаполіса, ганарлівы настаўнік яркага талента раптам адчуў жар у вушах і гучна чхнуў. У элітным прыгарадзе любаваўся сваім чырвонатрохкутным партрэтам вядомы гательер. Дзіўныя зоркі, усе гэтыя гіганты і субкарлікі, абляпілі недасяжны нават для людзей мастацтва, вібруючы небасхіл. Творчая гармонія згусцілася і, на імгненне, стала ідэальнай.

Бяздарныя апавяданні

Подняться наверх