Читать книгу Апавяданні розных гадоў (зборнік) - Адам Глобус - Страница 2
1970
Апавяданне пра мужнасць
Помста
ОглавлениеШэрая раніца. Туман. Ісці ў школу не хацелася. Калі і каму хочацца ісці ў школу? Такіх не ведаю.
Я ішоў уздоўж драцяной агароджы дзіцячага садка і думаў, што адсяджу першыя ўрокі і ўцяку.
Маё меца ў класе за другой партай, што ў сярэднім з трох шэрагаў. Побач сядзіць Света. Яна добра вучыцца, як і я – без траякоў. У пятым класе хлопчык яшчэ павінен сядзець з дзяўчынкай, завядзёнка.
У шостым можна хлопцу сядзець з хлопцам, а ў пятым даводзіцца сядзець з абсыпанай рабаціннем Светай.
У шостым я буду сядзець з Валікам. Мы дамовіліся. На перапынку я прапаную Валіку разам уцячы са школы. Хацеў яшчэ перад урокамі прапанаваць уцёкі, але ён спазніўся. Аўтобус, які вёз школьнікаў з вёскі ў горад, затрымаўся, і вяскоўцы паспазняліся.
Першым урокам стаяла гісторыя. Выкладаў яе завуч старэйшых класаў. Урокі завуча лепей не прагульваць. Зразумела. Другім урокам была арыфметыка з чарговай кантрольнай. Кантрольную варта напісаць. Спевы, мову і батаніку я вырашыў прагуляць.
На перапынку я сказаў Валіку:
– Пасля арыфметыкі ўцячом. Проста ўцячом, нават у медпункт заходзіць не будзем. Аднаму яшчэ можна выпрасіць даведку, адразу дваім яны даведку не дадуць.
– Куды пойдзем? – пацікавіўся Валік.
– Можна ў кіно, можна ў горадзе пагуляць. . .
– Гуляць халодна, туман. Падобна на тое, што дождж пойдзе. Лепей адразу ў кіно.
– З партфелямі ў кіно не пусцяць. . .
Такая рэальнасць: усе кінатэатры атрымалі загад не прапусцаць у залу школьнікаў з партфелямі. Калі ты з партфелем кіруешся ў кіно, значыць – прагульшчык.
– Партфелі схаваем.
– Дзе ты думаеш хаваць партфелі? – у пытанні Валіка чуецца трывога.
– Пад мостам. . .
Пасля кантрольнай мы выбеглі са школы ў туман. Уцякаць са школы трэба хутка, каб адбегчыся як далей і не сустрэць на дарозе каго з настаўнікаў. Калі будзеш таптацца каля школы, дык абавязкова наляціш на якога географа ці фізкультурніка. Сустрэнеш школьнага ваўкалака і пачуеш:
– Прагульваем?
Давядзецца нешта выдумляць і хлусіць. Ілгаць не люблю. Таму мы хутка бяжым ад школы да вінзавода. Пад завадскім плотам адпачываем, пераводзім дых і далей павольна ідзём да моста.
Мост вялікі, пад ім ляжыць ажно шэсць чыгуначных дарог. Каля самога моста стаіць белы дамок чыгуначнікаў. За дамком пачынаецца высозны турэмны плот. Пад мостам, у бетоннай нішы мы пакідаем партфелі. Засоўваем іх як найглыбей, каб выпадковы мінак не заўважыў.
У кінатэатры «Беларусь» дзве залі. Там заўсёды можна набыць квіткі. Недаверлівая кантралёрка рве нашы квіткі і пытаецца:
– Вы, часам, школу не прагульваеце?
– Не! Мы на другую змену ходзім. У нас нават гальштукаў няма, – упэўнена кажу хітрай кантралёрцы.
Гальштукі мы знялі яшчэ каля вінзавода і пахавалі ў патрфелі.
Кінасвет радуе. Ён шырокі, шматколерны, гераічны і не падобны да нашага вечнага халоднага, золкага і затуманенага жыцця.
З кінатэатра вяртаемся на мост. Па дарозе абмяркоўваем дасканалае майстэрства галоўнага кінагероя кідаць вялікі нож.
– Трэба нам паехаць у лес і навучыцца кідаць нож! – кажу.
– Можна ў сутарэннях вучыцца. Паставім пару шырокіх дошак і будзем кідаць у іх нож. Ехаць нікуды не трэба.
У сутарэннях нож ніхто не адбярэ. У лесе могуць адабраць, – разважае Валік.
Ён з вёскі, ён бліжэй да лесу, яму можна верыць.
У нішы партфеляў няма. Мы абшукваем усе нішы пад мостам. Партфелі прапалі. Бяда. Мы маўчым. Сядзім на цэментавых плітах пад мостам, па якім з грукатам коцяцца грузавікі, і ледзь стрымліваем слёзы. Чакаем, самі не ведаем чаго.
З дамка чыгуначнікаў выходзіць рабочы з малаточкам на доўгай амаль метровай дзяржальні. Ён пастукаў малаточкам па рэйцы, так каб мы пачулі, і пачаў заклікальна махаць вольнай рукой, каб падышлі. Мы спусціліся да чыгуначнага палатна і падбеглі да рабочага. Ён быў моцна п’яны:
– Згубілі партфелі, галадранцы? Прадынамілі школу і пагублялі партфелі? Прыносце кожны па пяць рублёў, і я вярну партфелі. Не прынясеце грошы праз дзве гадзіны, і свае партфелі больш не пабачыце! Пабеглі! Я сказаў – пабеглі, засранцы, – рабочы-чыгуначнік зарагатаў гучна і мярзотна, так у кіно рагочуць паліцаі ды крымінальнікі.
– У мяне няма пяцёркі! – заскуголіў Валік.
– Знойдзеш! У бацькі, калі што, папросіш ці ўкрадзеш. Бяжы, у цябе дзве гадзіны.
Туман крыху развеяўся, але краявіды як былі шэрымі, такімі і засталіся.
Калі мы ўзняліся на мост, пайшоў дробны дождж. Мы прыспешвалі хаду, мы нават месцамі ішлі ледзь не подбегам, але дадому я прыйшоў ушчэнт мокры. Дома нікога не было. Я пераапрануўся ў сухое. Папіў насалоджанай гарбаты. Дастаў са схованкі грошы і пералічыў. Атрымалася тры рублі з капейкамі. На выкуп партфеля не хапала амаль два рублі. Іх я ўзяў у бацькавай шафе. Можна нават сказаць, што я скраў у свайго бацькі два рублі.
Тыя два рублі я пазней вярну. Буду збіраць і здаваць бутэлькі. Бутэлька з-пад піва – дванаццаць капеек, бутэлька з-пад малака – пятнаццаць. Дарагіх бутэлек з-пад малака на вуліцы не знойдзеш, давялося збіраць танныя – піўныя ды вінныя.
Добра, што дождж скончыўся, і добра, што Валік з’ездзіў у сваю Бараноўшчыну і пазычыў у дзеда пяцёрку. Мы вярнуліся пад дамок чыгуначнікаў у шарую гадзіну.
Чыгуначнікаў у дамку было ажно чацвёра. Яны сядзелі за маленечкім сталом, засланым парудзелай газетай. Пасярод стала стаяла гарэлка, вакол яе ляжала накроенае сала, цямнеў накроены хлеб і стаялі шклянкі. Рабочыя курылі. У дамку было ажно цемнава ад дыму.
Даўгатвары рыжы рабочы з мяшкамі пад каламутнымі вачыма забраў нашы грошы. Дастаў з-пад стала партфелі і прасіпеў пракураным голасам:
– Яшчэ раз убачу вас пад мостам ці каля чыгункі – адлуплю. Прэч пайшлі, вырадкі!
Мы выскачылі з дамка, як абвараныя кіпенем. П’яны, дурны, агрэсіўны рабочы мог і сапраўды пабіць, а мог і забіць.
– Як думаеш, чаму ён хацеў нас пабіць? – спытаўся Валік, калі мы ішлі вузенькай сцежкай уздоўж турэмнага плота.
– Пазабаўляцца хацеў. Пабіць чалавека, каб паказаць сваю сілу, паказаць сваю ўладу. Мазгі ён прапіў. Казёл рыжы. Трэба яго, казла, пакараць! Давай набяром камянёў, вернемся і з моста будзем кідаць камянямі ў дамок, пакуль не паб’ем шыбы.
– Здагадаюцца, што гэта мы зрабілі. Можа, яны лазілі ў партфелі, можа, прачыталі на сшытках нашы прозвішчы, можа нават запомнілі іх. . . Рызыкоўна вяртацца.
– Сёння рызыкоўна, а праз месяц, калі яны забуцца пра нашы партфелі, мы вернемся і камянямі павыбіваем ім вокны.
– Трэба думаць, – сказаў Валік, і я зразумеў, што біць вокны чыгуначнікам ён не пойдзе.
Каб як хутчэй вярнуць скрадзеныя рублі, я пару дзён басцяўся па раёне ў пошуках пустых бутэлек. Больш за ўсё я іх пазнаходзіў на старых, пазасыпаных жоўтым кляновым лісцем могілках.
Раённыя п’яніцы любілі выпіваць у зацішку, паміж магіл і крыжоў. На тых могілках я знайшоў і гладкі светлы падобны да курынага яйка камень. Ён ляжаў на ўзбочыне пясчанай сцежкі, паразмыванай кастрычніцкімі дажджамі.
Той камень быў першы ў маім узбраенні.
За ім быў другі і трэці. На могілках я назбіраў камянёў з дзесяць. Усе яны былі гладкімі і падобнымі да яйка. Кідаць такія камяні – адно задавальненне. Хацелася як хутчэй пайсці на мост і адтуль абрынуць сваю назапашаную злосць на пракураны дамок чыгуначнікаў. На мост я хадзіў, але без камянёў. Я старанна распрацоўваў маршруты ўцёкаў. З моста я мушу бегчы да кінатэатра «Нёман», ад яго завулкамі ляцець на старыя могілкі, а праз іх ісці дамоў.
Перад акцыяй я вырашыў яшчэ раз пагаварыць з Валікам. Падышоў да яго на вялікім перапынку ў школьным буфеце. Валік еў залацістую ватрушку і запіваў бурштынавым кампотам.
– Пойдзеш біць шыбы ў дамку чыгуначнікаў?
– Не! Дзед сказаў, што я магу і не вяртаць пяцёрку. Які сэнс цяпер біць вокны. Дарэчы, можна папасца, і тады дзясяткай не адкупімся. . .
– Не хочаш – як хочаш, – я крыху памаўчаў, пачакаў, пакуль ён дап’е кампот, і сказаў: – Я таксама адзін не пайду помсціць. Аднаму сумна. . .
– Правільна! Не хадзі. Пайшлі яны нафіг. Хаваць партфелі ў сарайчыку з бульбай значна лепей. Сарайчык зачыняецца. Партфелі ніхто не тыбрыць.
Можа, заўтра ўцячом з апошніх урокаў і сходзім у «Беларусь»?
– Заўтра паглядзім.
У наступны дзень я сышоў з урокаў. Узяў даведку ў медпункце, што захварэўпрастудзіўся, і сышоў. Пайшоў я на возера, каб патрэнiравацца ў кіданні камянёў.
Я спрабаваў закінуць камень з берага на невялічкі востраў, зарослы таполямі. Востраў быў далекавата ад берага, і закінуць камень мне не ўдавалася, але кідаў я досыць далёка. На возеры я набраўся ўпэненасці, што дакіну камень з моста да дамка чыгуначнікаў і пацэлю ў шыбу. Трапнасці я вучыўся, кідаючы камень у асінавую трэску, якую пусціў па вадзе.
Дачакаўшыся цемры, я ўзышоў на мост, дастаў з кішэні камень, размахнуўся і кінуў у залаты квадрат акенца. Першы камень трапіў у сцяну. Другі камень упаў на бляшаны дах і нарабіў грукату. У дамку чыгуначнікаў адчыніліся дзверы і з іх павылазілі рабочыя. Яны гучна лаяліся і паказвалі рукамі на мост. Трэці камень пацэліў у шыбу. Тая разляцелася. Рабочыя сціхлі. Я перабег мост і пабег па адхоне ў накірунку «Нёмана». Па адхоне я бег наўскасяк, але ўсё адно адзін раз паслізнуўся на мокрай траве і крыху праехаўся на дупе. Абмінуўшы кінатэатар, я пабег цёмнымі завулкамі да зусім цёмных могілак. Там схаваўся за капліцай, сеў на мокрае апалае лісце і стаіўся. За капліцаю я сядзеў доўга, пакуль не аддыхаўся і не супакоіўся.
Дадому я вярнуўся ў добрым настроі.
– Чаго такі вясёлы? – спытаў тата.
– Я лепш за ўсіх у нашым класе кідаю гранату.