Читать книгу Апавяданні розных гадоў (зборнік) - Адам Глобус - Страница 4
1978
Апавяданне пра дзіва
Лёгкае азарэнне
ОглавлениеКупіць квіткі на канцэрт «Песняроў» было проста немагчыма. У мінскім Палацы спорту праходзіла запар дзесяць канцэртаў, і на ўсіх аншлаг. Купіць квіткі было і сапраўды цяжка, але іх можна было дастаць.
Быў такі час, калі ўсё больш-менш каштоўнае ў нас размяркоўвалі і распаўсюджвалі праз нейкія прафсаюзныя арганізацыі і праз іх так званых дзеячаў. Атрымаць права на звычайнае наведванне канцэрта ансамбля «Песняры» лічылася ўзнагародай. Ты не проста плаціў і нават пераплочваў за квіток, ты быў яшчэ і ўзнагароджаны. Нехта з нас меў права на ўзнагароду і не хацеў слухаць «Песняроў», а нехта прагнуў іх пабачыць і паслухаць, але не меў права быць узнагароджаным. Такая сітуацыя і спараджала падпольны перапродаж і патаемную перадачу квіткоў.
Каб схадзіць на канцэрт, мне трэба было наведацца ў паліклініку, дзе працавала сяброўка маёй маці – Галіна Львоўна Кісялёва. Яна працавала ўчастковым урачом у раёне бульвара Шаўчэнкі. У тым раёне, каля возера, і стаяла маленечкая – на два паверхі – цагляная паліклініка.
Хто і як перадаў квіткі Галіне Львоўне? Я не пацікавіўся. Было нават непрыстойна задаваць падобныя пытанні. Добры чалавек даў квіткі доктарцы, а добрая доктарка давала квіткі сыну сваёй добрай сяброўкі.
Так пра гэта казалася і думалася.
Уласна, я сказаў маці, што пачаў сустракацца з аднакурсніцай Аленай, і добра было б нам разам схадзіць у які тэатр ці на які канцэрт.
Маці падзялілася навіной з сяброўкамі. Адна з іх – Галіна Львоўна Кісялёва – і прапанавала звышкаштоўныя квіткі. Такім чынам я патрапіў у пастку.
Цяпер я проста мусіў купіць даражэзныя квіткі, а з тымі квіткамі ў кішэні я павінен быў запрасіць Алену на канцэрт «Песняроў».
Не буду казаць, што я не любіў «Песняроў». Любіў. У мяне былі іх дзве першыя – самыя лепшыя – кружэлкі. Я іх моцна «запілаваў» слухаючы.
У паліклініку я прыйшоў з трывогай на сэрцы і цяжкім кашальком. Прыйшоў пад кабінет Галіны Львоўны і стаў у чаргу. Хвілін з дваццаць я стаяў. Потым крэсла вызвалілася, і я сеў, і сядзеў, ажно пакуль Галіна Львоўна не вызірнула з кабінета:
– Валодзя, чаму ты сядзіш? Чаму ты адразу не зазірнуў у кабінет? Я цябе даўно чакаю!
Прыйшоў. Чакаў. Трывожыўся. Сядзеў і яшчэ атрымаў вымову, бо не так чакаў і не палез без чаргі. Стрываў я несправядлівасць, бо Галіна Львоўна – аўтарытэт. У маёй сям’і да дактароў заўсёды ставіліся з вялікай павагай.
– Заходзь. Сядай…
Галіна Львоўна зачыніла кабінет на ключ.
– Ты грошы прынёс? Ты ж разумеш, што гэта не мне дзесяць рублёў за два квіткі. Гэта добрым людзям, якія дасталі гэтыя квіткі для цябе і тваёй дзяўчыны… Як яе зваць?
– Алена…
– А якое ў яе прозвішча? Майхровіч? Яна часам не з нашых дзяўчатак?
Зазвычай Галіна Львоўна не пыталася і старалася не згадваць сваё і чужое яўрэства. Можа, інтымная абстаноўка з патаемнай перадачай квіткоў пад зачыненымі на ключ дзвярыма падштурхнула яе папытацца пра яўрэйства Алены. Мусіць, так…
– Не. Алена не з яўрэйскай сям’і.
Бацькі яе Марковічы, а не Майхровічы. Яны перабраліся з вёсак у Полацк.
Яна прыехала з Полацка ў мінскі інтэрнат для адораных дзяцей, але ў паспарце і ў сапраўднасці яна паходзіць з беларусаў.
– Выбачай. Ніна так мне пра яе расказвала, што я падумала – Алена з яўрэйскай сям’і Майхровічаў. Калі хто спытаецца пра квіткі? Вядома, ніхто пра квіткі ніколі не спытаецца! Але раптам нехта чужы спытаецца…
Адкуль у цябе, Валодзечка, квіткі на «Песняроў»? Скажаш, што купіў іх у касе непасрэдна ў «Палацы спорту». Адстаяў кіламетровую чаргу і набыў, як усе набывалі. Маме перадавай прывітанне.
З лёгкім кашальком і прывітаннем для мамы я выйшаў з прапахлай таннымі лекамі паліклінікі. Калі выходжу з паліклінікі, заўсёды радуюся. Проста радуюся першаму глытку свежага паветра.
Радасць мая была кароткай.
Немаведама чаму мне падалося, што Алена адмовіцца ісці на канцэрт. Я ёй прапаную, а яна возьме і скажа, што на такія канцэрты не ходзіць. Адна справа – запрасіць дзяўчыну ў кіно, а іншая – на сапраўдны канцэрт. Мне лягчэй было ўгаварыць Алену распрануцца і папазіраваць аголенай. Што я і зрабіў двойчы. Мне лягчэй было яе аголеную ўгаварыць заняцца сэксам у інстытуцкай майстэрні, што я аднойчы і зрабіў. Той хуткі і нейкі зусім спрынтарскі сэкс Алене, між іншым, не спадабаўся. Ён і мне падаўся прэсным, бо ў Аленінай хуткай узбуджанасці і згодзе была яшчэ і нейкая бабская практычнасць. Пасля таго, як я спыніўся, яна абыякавым голасам папытала: «І ўсё? Я разлічвала, што будзе крыху даўжэй…» – «Наступным разам зробім даўжэй!» – паспешліва паабяцаў я. Цяпер замест працяглай сэкс-гульні я прыйду і прапаную Алене схадзіць на канцэрт. Хіба гэта натуральна? Можа, і натуральна для іншых, але не для майго хіповага і вальнадумнага стыля ў жыцці. З іншага боку, гэта была пэўная баязлівасць. Што-што, а баязлівасць я заўсёды мог у сабе пераадолець.