Читать книгу Рух - Алесь Пашкевіч - Страница 4

Оглавление

У той жа час праз вуліцу ад кавярні «Vіkon», яшчэ бліжэй да Сены і будоўлі Эйфеля (з жаўтком вечаровага сонца над ёй) у асобным пакоі рэстарацыі «Viktoіrе» вячэралі дзве пары, якія таксама мелі дачыненне да Расійскай імперыі. Прамое – малады палкоўнік Віктар Аляксандравіч Берг з прыгажуняй-жонкай Елізаветай і, – дачыненне ўскоснае, – нямецкая сям’я Люцыусаў, Генрых і Клара. У агульнай вандроўцы мужчыны правялі два тыдні, і, паколькі сумесная дарога збліжае найбольш, збоку выглядала: на вячэру сабраліся сябры дзяцінства. І мова іх была дзіўная: адны гаварылі па-расійску, устаўляючы там-сям нямецкія словы, другія – па-нямецку з расійскім акцэнтам.

Віктар Аляксандравіч, мужчына статнай знешнасці гадоў пад сорак, з іскрыстымі зрэнкамі пад далікатным пенснэ, з крыху азызлаватым тварам, знаходзіўся ў незвычайна прыўзнятым настроі. Гэта была яго першая паездка за мяжу. Пасля адносна спакойнай гарнізоннай службы і выкладчыцкай працы ў Ваеннай акадэміі яму ўсміхнулася службовая фартуна: стараннага афіцэра прызначылі начальнікам статыстычнага аддзела Канцылярыі Генштаба Ваеннага міністэрства. Заробак канторскага справавода не надта радаваў, але адначасова Віктару Аляксандравічу дазволена было застацца і на ранейшай пасадзе ад’юнкт-прафесара ў Ваеннай акадэміі – па сумяшчэнні. Неўзабаве ён быў узведзены ў палкоўніцкі чын. Упершыню сямейны даход перарос расход, і па свабодных вечарах, хоць і рэдкіх з прычыны занятасці на службе, Віктару Аляксандравічу часцей заўсміхалася яго маладая жонка. І яны пачалі ўжо нават думаць пра нашчадкаў, а каб вырвацца са сталічных клопатаў ды крыху падправіць здароўе, вырашылі ажыццявіць даўнюю мару: з’ездзіць за мяжу. Ну а куды ехаць з Расіі, калі не ў Парыж?

Адпрошвацца ў адпачынак доўга не давялося. Не спатрэбілася нават прадугледжанага ў такіх выпадках рапарта. Начальнік Канцылярыі генерал-лейтэнант Мікалай Львовіч Лобіч быў упартым халасцяком з арыгінальным быццёвым распарадкам. Ён прачынаўся каля дзясятай раніцы, піў гарбату і гадзіны з дзве працаваў. Затым адчыняў дзверы кабінета, каб выслухаць ад падначаленых даклады. У 3–4 дня ехаў у Сельскагаспадарчы клуб абедаць. Чаму менавіта туды? Неяк прызнаўся, што толькі там цяпер «Руссю пахне». Затым быў на працы да апоўначы, пасля чаго выпраўляўся ў той жа клуб гуляць у карты – да 3–4 раніцы. Праз тую гульню заўсёды быў без грошай, хоць і меў з узнагароднымі ўтрыманне каля трынаццаці тысячаў у год… Падобныя аказіі пераканалі яго ў тым, што вайскоўцам колькі ні дай грошай – усё роўна будзе мала, а таму – няма чаго рабаваць казну! Не снедаў сам і меркаваў, што не варта тым забяспечваць на службе і ніжэйшых чыноў. Ну і, да ўсяго, не ўхваляў шлюбы, паколькі быў перакананы ў шкоднасці іх у службе. А маладым жанацікам напачатку нават спачуваў. Аднойчы пасля даклада палкоўніка Берга ў тоне строгай вымовы начальнік Канцылярыі генерал-маёр Лобіч заявіў, што той можа не з’яўляцца перад яго светлымі вачыма да сярэдзіны восені, пакуль у Ваеннай акадэміі не пачнуцца заняткі. Гэта і быў завуаляваны дазвол – хоць і па-вайсковаму грубы – на адпачынак.

– З цябе ўсё роўна толку – як з казла малака, – падагульніў генерал. – Гаворыш, а ў вачах вунь – жончыны цыцкі скачуць…

Так і выбраліся Бергі ў Парыж. Па дарозе, праўда, запланавалі паваляцца ў лячэбных гразях (найперш Елізавета – каб вырашыць жаночыя сакрэты) ды папіць гаючых водаў (падлячыць мужаў страўнік). Збіраліся старанна: паскуплялі па Пецярбурзе ўсе дарожныя даведнікі і без стомы распытвалі знаёмых, каму пашчасціла пабываць «за кардонам». Выпраўлялі ў вандроўку Бергаў, здавалася, усе канцылярскія службоўцы Генштаба… Па Варшаўскай чыгунцы ў звычайным вагоне другога класа за двое сутак (з перасадкамі, амаль без сну) дабраліся праз Вільню, Горадню, Беласток, Варшаву, Уроцлаў да свайго першага прыпынку ў горным сілезскім Зальцбруне. З задавальненнем ездзілі на конным экіпажы па прыгожых горных мясцінах да старадаўняга замка. Вечарам пілі каву ў санаторнай рэстарацыі. Ну, а перад сном аддаваліся водна-гразевым працэдурам. Пашанцавала і з доктарам, патомным аўстрыякам, які, па расповедах, аб’ездзіў паўсвету, вывучаючы ўплыў клімату на розныя чалавечыя хваробы, а цяпер штовосень практыкаваў у Зальцбруне.

На адным з «водных сеансаў» Віктар Аляксандравіч Берг і пазнаёміўся са шчырым і сяброўскім арыстакратам Генрыхам фон Люцыусам. Ён лячыў ці то гастрыт, ці то язву.

– Прабачце, вы – не з Прусіі? Падаецца, у вас не зусім нямецкае вымаўленне… – звярнуўся да Берга на другім ці трэцім сеансе фон Люцыус. Яны сядзелі на тэрасе ўдвох і любаваліся ціхім адвячоркам, пацягваючы з гліняных піялаў мінеральную ваду. Палкоўнік расправіў каўнер махровага халата і, павярнуўшыся да суразмоўцы, старанна адрапартаваў: – Дазвольце назвацца: падданы яго вялікасці расійскага імператара Віктар Берг. А з кім маю гонар лекавацца?

– Генрых… Генрых фон Люцыус, – знаёмец хітнуў галавой, усміхнуўся і ўзняў піялу. – Накіроўваюся ў Парыж, каб праведаць жонку, у якой заканчваецца тэатральны гастрольны тур, і нагадаць ёй пра шлюбны абавязак. Ну а затым забраць яе ў Пецярбург.

– У Пецярбург?! – ажно прыўзняўся Берг. – Вы паедзеце ў Пецярбург?

– Так. Служу там дарадцам нямецкага пасольства. – Голас Люцыуса напоўніўся стомнымі бясстраснымі нотамі. – Пад ачолам яго эксцэленцыі пасла графа Пурталеса. Можа, чулі пра такога?

– Безумоўна, яго рэзідэнцыя на Вялікай Марской, у асабняку непадалёк ад «Асторыі».

Цяпер ужо ў неўразуменні ўзляцелі густыя бровы Люцыуса: – Вы нават ведаеце, дзе гэта?..

– Ну так… Мы жывём у Пецярбурзе, я на службе там… па ваеннай лініі.

Генрых фон Люцыус яшчэ доўга выказваў сваё здзіўленне нечаканай сустрэчай, пасля чаго прапанаваў сваю кампанію ў падарожжы да Парыжа, балазе ў яго таксама заканчваўся санаторны тэрмін.

– Першы прыпынак зробім, натуральна, у Вене. Затым праз Зальцбург – у Люцэрн. Рэкамендую чыгункай дабрацца да цудоўнейшай гары Пілатус… Перакананы, што чалавеку з такім прозвішчам – Берггара – гэта будзе цікава! Паплаваем па тамтэйшым возеры, а адтуль – у горна-альпійскі Андэрмат! Я пакажу вам знакаміты Чортаў мост, які пасля перавала Сен-Гатард з баямі пераадольваў ваш Сувораў! Затым паўз каскады бурлівай Роны конна дабярэмся да чыгункі і – наперад да казачнага Мантро на Жэнеўскім возеры! І – праз Понтарлье – у Парыж! Згодны? Толькі не кажыце, што не зможаце…

Ну хто ж ад такога адмовіцца?!

І ўсё было найвыдатна. Праўда, апошнія суткі дарогі па Францыі даліся цяжка: вагон адчайна хістала (напэўна, спазняліся), і ноччу не спалася… – Я думаў, што буду нудзіцца ў самоце, а тут лёс падараваў мне радасць сумеснага падарожжа ў вашай прыемнай кампаніі! – фон Люцыус пры развітанні быў нястомна галантны і мілы. Яго дойч здаваўся мяккім і напеўным, амаль родным. – Жадаю вам прыемных дзён у Парыжы. Ну і, спадзяюся, не адмовіце мне яшчэ ў адной сустрэчы. Хачу пазнаёміць вас са сваёй палавінкай. На жаль, у Клары ўжо закончыліся гастролі, на спектакль запрасіць не магу. Але… ведаю някепскі рэстаран – «Viktoіrе», каля Марсавага поля, насупраць Енскага моста. Рахунак прашу дазволіць аплаціць мне. Да сустрэчы а сёмай вечара заўтра… І вось яны – Люцыусы і Бергі – за шыкоўным сталом з па-французску вытанчанай вячэрай. З п’янлівым віном і нядаўнімі ўспамінамі.

– Клара, ты не паверыш! – ажыўлена жэстыкуляваў Генрых. На яго высокі лоб спадаў залацісты чуб, які нашчадак тэўтонцаў мусіў раз-пораз укладваць за вуха. – На зальцбрунскім курорце я паспытаў «татарскі біфштэкс»! Гэта штосьці… Мы доўга хадзілі па ўзгор’і і страшэнна прагаладаліся. Папрасілі ў бліжэйшай сталоўцы чаго-небудзь гарачага, грунтоўнага. А там – толькі лёгкія халодныя закускі… І тады мой сябар Віктар настойвае на мясной порцыі. Нам і прапанавалі той біфштэкс. Ты ж ведаеш, Клара, як я люблю біфштэкс, таму ахвотна пагадзіўся. А нам падалі накрышанае сырое мяса ў анчоўсах з сырой цыбуляй! Аднак з якім імпэтам мы яго знішчылі – ты б бачыла!..

Сябрына смяялася. Генрых узнімаў келіх, смачна выпіваў і няспешна закусваў, моцныя жаўлакі абуджаліся на прадаўгаватых сківіцах.

Віктар – як сапраўдны палкоўнік – прапанаваў тост за прысутных дам. Выпіў, задаволена прысеў і паправіў на манжэтах срэбныя зáпінкі, – здавалася, што яны нязграбна чапляліся за канты рукавоў пінжака (аніяк не мог прывыкнуць да цывільнай вопраткі). У гэты момант пад бляскам пенснэ ў ягоных зрэнках закіпаў шакалад.

– Але вы, гер Генрых, пасля зальцбрунскага «татарскага біфштэкса» напоўніцу адыграліся ў Зальцбургу, – Берг ахвотна працягнуў недалёкія ўспаміны.


Зальцбург


– Памятаеце прапанаванае вамі венгерскае віно?! Такі душэўны рэстаран, як простая забягалаўка, дзе нават на сталах не было сурвэтак? Я замовіў тады нам два па паўлітра, аднак кельнер прапанаваў спачатку толькі па чацвярціне… І гэтага хапіла, каб звязаць нам ногі! Мы яшчэ з гадзіну не маглі адарвацца ад лаваў… – А мне здавалася, Генрых, што ты збіраўся па дарозе да мяне падлячыць страўнік, а не дабіваць сваю печань, – падтрымала размову чароўная Клара, і ўсе бадзёра засмяяліся…

Развітваліся запозна – з настойлівай прапановай Бергаў сустрэцца ў Пецярбургу, ужо на іхняй кватэры.

– Адмова будзе прыроўнена да абвяшчэння вайны! – катэгарычна ўзняў указальны палец Берг, і пад яго чорнымі вейкамі і брывамі ўспыхнулі гарэзныя іскаркі. – А насамрэч выдатна, што нашыя краіны – саюзнікі. Гэта, я вам скажу, не Англія якая… – ён пракаўтнуў недагаворанасць і прапанаваў «аглаблёвы» тост за дружбу сваіх народаў ды імператараў.

Да брытанцаў палкоўнік Берг таксама не меў асаблівай антыпатыі. Англія згадалася падсвядома: ён адно ведаў, што яшчэ з вясны адносіны з ёй праз уплыў на радовішчы Каспійскага мора абвастрыліся, і тое падштурхнула Генштаб да ідэі стварэння асобнага Закаспійскага корпуса, «Палажэнне аб кіраванні і каштарысе» якога перад адпачынкам і распрацоўваў начальнік аддзела Канцылярыі Ваеннага міністэрства палкоўнік Берг.

Рух

Подняться наверх