Читать книгу Рух - Алесь Пашкевіч - Страница 7
V
ОглавлениеЗа спінай, за вокнамі, за перастукам вагонных колаў заставаліся тысячы кіламетраў. І непараўнальныя Баку, Тыфліс, і нечаканыя масты над горнымі рэкамі, і неверагодныя каменныя цясніны. І два месяцы працы…
У невялікім мястэчку Сульян, дзе Кура выліваецца ў Каспій, азербайджанскі мільянер Айдар Зэйналабдзін Тугіеў задумаў пабудаваць халадзільны завод. Яго рыбныя промыслы багата раскінуліся на трыста вёрстаў ад паўднёвых іранскіх берагоў да Махачкалы. Воды Дагестана дарылі яму тоны селядца, а Кура, якая спяшалася да азербайджанскага ўзбярэжжа праз Турцыю і Грузію, радавала ў сваёй дэльце ласосем, асятром, бялугай, сяўругай, міногай, судаком. Селядзец адразу засольваўся, а вось астатнюю рыбу кансерваваць было шкада. Так і ўзнікла думка аб халадзільнай устаноўцы. Памаракавалі, падлічылі: пры цяперашніх коштах у Расіі і Еўропе курскія прысмакі рыбы-ікры праз два гады акупяць нават самы вялікі і дарагі халадзільны завод парыжскага канцэрна Хірша. І паслалі туды заказ, выконваць які, зважаючы на высокі кошт работ, выехаў у невядомы край з брыгадай наладчыкаў сам дырэктар Рудольф Дызель, а з імі – тры грузавыя вагоны з матэрыяламі і абсталяваннем, з якіх праз два летнія месяцы бесперапыннай працы і вырасла маразільная аграмадзіна – ці не адзіная такая на тысячы вёрстаў у радыусе!
Чыгуначны вакзал у Баку. Канец ХІХ ст.
Праца была не толькі бесперапыннай, але і нервовай. Тугіеў увесь час намагаўся самачынна кантраляваць і камандаваць. Падмурак, сцены і, здавалася, кожны камень не мінулі ўважлівага позірку заказчыка. Гэта ўжо потым Дызель даведаўся, што мільянер рос у беднай сям’і шаўца і з дзесяці гадоў быў аддадзены бацькам у чаляднікі да бакінскага муляра. З дваццаці гадоў сам кіраваў будоўлямі, і тут – прамінуць сваю?..
Шмат у чым эксперыментальны халадзільны завод, у кампрэсарных устаноўках якога замест вогненебяспечнага метылавага эфіру выкарыстоўвалі аміяк, запрацаваў напрыканцы жніўня, а да паловы верасня яго складскія камеры былі цалкам запоўненыя рыбай, якая па новым чыгуначным адгалінаванні ў вагонах-рэфрыжэратарах паплыла па ўсёй Расіі… Парыжскі канцэрн барона Хірша быў па-царску (па-ханску?) аддзячаны. Яго дырэктар Рудольф Дызель і галоўныя інжынеры за выкананую працу атрымалі падвойны заробак. На трое сутак зацягнулася развітальная вячэра, пасля чаго былі экскурсіі па Баку: стары горад і Апшэрон.
– З рыбай парадак навёў. Цяпер, калі дабраславіць Алах, займуся нафтай, – нібы падумаў, нібы канстатаваў Тугіеў. Аберуч паправіў сваю лёгкую папаху з чорнага каракулю і бадзёра ўздыхнуў; акуратная (таксама чорная, аж ільснілася) бародка, імпэтныя вусы выступалі ледзь не да вушэй, правае брыво прыўзнятае.
Іх кавалькада з пяці конных экіпажаў, якія тут звалі на французскі манер дыліжансамі, вярталася да гатэля па Мікалаеўскай вуліцы, і Тугіеў прыўзняўся, нахмурыўся, а калі перад імі паўстаў новы двухпавярховы будынак, не без гонару паказаў на яго рукой: – Вось… таксама мая задума… Першая ў мусульманскім свеце гімназія для дзяўчынак. Хвала Алаху, сёлета быў першы выпуск. 58 навучэнак, большасць – з бедных сем’яў. Вучоба, адзежа, харчаванне – бясплатныя. – Ён здаволена прысеў і звярнуўся наўпрост да Дызеля: – Мая старэйшая дачка Ханым таксама яе закончыла. І вырашыў я выправіць яе з братам, сынам маім Зафарам, у Еўропу, моваў вашых падвучыцца ды добрых навук. Для мяне ўсё тое – нямая пустыня, а ты, мой дарагі, па ўсім мяркуючы, вучонасць з матчыным малаком усмоктваў… – Мільянер, пакуль сказанае ім перакладалася тлумачом, глыбока прасвідраваў Дызеля каштанавымі зрэнкамі. – Будзь дарадцам дзецям маім у невядомым ім Парыжы.