Читать книгу Рух - Алесь Пашкевіч - Страница 6
ІV
ОглавлениеГаючыя гразі сілезскага курорта не атушылі жаночыя сакрэты Елізаветы Берг. Аднак праз два месяцы яна абвесціла мужу аб сваёй цяжарнасці, і той – як апантаны карнат – да ночы насіў Лізуню на руках, бесперастанку шаптаў «курка мая пушыстая», пакуль жонка не зазлавала на свайго «бясхвостага пеўніка»…
Трэба прызнацца, Віктар Аляксандравіч, хоць і прайшоў немалую вайсковую кар’еру з грубымі казармамі напачатку, ад нараджэння адчуваў у сабе мяккую лірычную душу. Яшчэ з кадэцкага корпуса трызніў ён аб нечым незвычайна-ўзнёслым, што паўставала ў вобразе чароўнай дамы сэрца. І яна не прымусіла сябе доўга чакаць: з’явілася перад ім у сонечны нядзельны адвячорак у асобе дзяўчыны з мілым тварыкам, далікатна накручанымі кудзеркамі жытнёвых валасоў, з бадзёрымі вуснамі, сукенкай на крыналіне, грацыёзна абцягнутай на таліі, з дэкальтэ ў форме сэрца… Обер-афіцэр Берг смяротна, да серэнадаў закахаўся ў сваю будучую жонку, пісаў-прысвячаў ёй вершы, абсыпаў пацалункамі і падарункамі, балазе састарэлая матухна пакінула на тое пэўныя сродкі… І вось ён абдораны сам – будучым нашчадкам!
– Ліза, ты не ўяўляеш, як ты мяне абрадавала! Наўзамен за мае паэмы ты падорыш мне раман! – не сунімаўся саракагадовы палкоўнік. – Калі народзіцца сын, давай мы яго так і назавём – Раман… Аднак жаданаму збыцца не было наканавана: перад вясной у Елізаветы здарыўся выкідыш, і іх сямейнае жыццё перафарбавалася ў атрутныя колеры. Жонка сумавала ад адзіноты, бо не мела ні сябровак, ні нават знаёмых. Муж зрання сыходзіў на службу і вяртаўся толькі на абед, галодны і стомлены, а замест гарачага супу ды біфштэксаў ці сямейных катлетаў атрымліваў чарговую порцыю нараканняў на хцівую кухарку ды яго, чэрствага і негаспадарлівага… Надламалі спакой і канцылярскія інтрыгі-шашні: за ўсе гады бездакорнай службы ён, галоўны справавод і начальнік статыстычнага аддзела Канцылярыі Генеральнага штаба, які распрацаваў беспрэцэдэнтнае «Палажэнне» асобнай дзеючай арміі, у спісе іншых афіцэраў быў адзін узнагароджаны ордэнам святога Уладзіміра IV ступені, усяго толькі IV, хоць іншыя, нават ніжэй рангам, былі ўганараваныя ступенню ІІІ. Як тут не расчаравацца ды не аддацца роспачы?
Але бясконцыя сваркі з жонкай атручвалі жыццё яшчэ больш, і афіцэр ад безвыходнасці збягаў на службу, а на наступныя раніцы ўжо выспяваў да размоў аб разводзе ці хаця б раз’ездзе. Ліза абуджана згаджалася, але праз хвіліну продуму пачынала плакацца пра свае нікчэмныя фінансавыя ўмовы. І ён ахвяраваў немалую суму золатам і выправіў яе за мяжу – падлячыцца ды аднавіцца. У жонкі зноў былі Швейцарыя ды Францыя, і вярнулася яна амаль ранейшай Лізай: спакойнай, задаволенай, ласкавай, памаладзелай. Праўда, без грошай, але з валізамі набыткаў-абновак, якія яшчэ з месяц пасыльныя дастаўлялі на іх кватэру з мытнапамежнага літоўскага Вержбалова.
Вільгельм ІІ
А затым пасярод лета 1890 года Віктар Берг нечакана атрымаў загад прыкамандзіравацца на вайсковыя зборы пад Нарвай. Каб аздобіць жонцы самотныя дні, ён абаніраваў у піцерскім французскім тэатры месца і настойліва папрасіў адпісваць на ягоныя лісты. А яшчэ мусіў набыць паходны рыштунак і сядло (каня з веставым даў начальнік кавалерыйскай школы).
На другі дзень пасля прыбыцця ў лагер давялося рыссю пераадолець каля сарака вёрстаў пыльнымі жнівеньскімі дарогамі – пасля чаго ледзь не патрапіў у лазарэт. Затое назаўтра падчас сняданку палкоўнік Берг бачыў зблізу адразу двух імператараў: аграмаднага ў сваёй мядзведзістай паставе Аляксандра ІІІ – у зялёным вайсковым сурдуце і фуражцы (якая здавалася замалой для ягонай гарбузаватай галавы) і Вільгельма ІІ, невысокага маладога чалавека са смешна ўзнятымі ўверх вусікамі, які нядаўна стаў нямецкім кайзерам ды каралём Прусіі і, выглядала, яшчэ не звыкся са сваім становішчам. Імператары пасля сняданку селі ў адкрыты экіпаж, але Вільгельм ІІ мусіў устаць і спехам зняць паліто, пададзенае яму лёкаем… Аляксандр ІІІ падкрэслена гучна называў калегу на «ты» і задаволена ўсміхаўся. Следам за каранаванымі інспектарамі ў лёгкія карэты ўціснуліся ваенныя міністры і міністры замежных спраў. Высокапастаўленыя асобы рушылі да Нарвы, за імі – кавалькада малодшых чыноў з розных расійскіх і нямецкіх ведамстваў. Усе статныя, са ззяннем вяльможнай пыхі на прыпухлых пасля бяссонніцы тварах. У адным з іх… так! Берг пазнаў свайго знаёмага па леташняй замежнай вандроўцы Генрыха Люцыуса. Іх позіркі сустрэліся, і немец-вершнік першым узняў руку, павярнуў каня і пад’ехаў бліжэй. У ім заўважалася нейкая змена. Вочы пад густымі брывамі падаліся нейкімі нежывымі, шклянымі нават… Можа, таксама ад бессані?.. Твар схуднелы, без ранейшай жывой мімікі. Аднак Генрых прывітаўся ўсё ж з радаснай усмешкай: – Пазнаяце? А я ўжо, Віктар Аляксандравіч, ведаў, што вы тут… Надоечы сустрэў у тэатры вашую жоначку. Падалося, яна моцна сумуе адна ў Пецярбурзе… – Бог з вамі, гер Люцыус, як не пазнаць! Дасюль удзячны за ваш наймілы escorte… – Берг ніякавата аблізнуў вусны: – Як не забыў і пра вашае ласкавае абяцанне з фрау Кларай павячэраць у нас.
Аляксандр ІІІ
– Дзякуй, але… самі разумееце, служба. Яго імператарская вялікасць кайзер адбудзе дамоў праз тры дні, а там яшчэ з тыдзень невылазнай працы ў пасольстве… – Дык, безумоўна, пазней! Я ж таксама пакуль залёг тут на манёўрах.
– То сустрэнемся! – Люцыус ускочыў на каня.
– Загадзя напішыце, калі… І вось нарэшце – за плячыма пыльныя паходныя абеды ды вячэры спехам. Жонка з нечаканай радасцю пачала рыхтавацца да сустрэчы з нямецкімі сябрамі яшчэ з раніцы, сама кантралявала кухарку, колькі разоў нагадвала, каб тая ні на што не скупілася.
– Яны такія мілыя! Праўда, каханы?
Віктар Аляксандравіч ажно папярхнуўся ад нечаканасці: ён ужо і забыў, калі тое «каханы» чуў ад жонкі. Шчокі яго ўраз запунсавелі, а ў адказ толькі і змог хітнуць галавой.
І вячэра атрымалася на славу! Былі пададзеныя халодныя закускі з ікрой, свіныя медальёны ў шалфеі, заяц з размарынам, курыная пячонка з белым віном і яблыкамі, паштэт з ласося ў падліве… – Вы вырашылі нас абкарміць! – удзячна жартавалі госці, але частаваліся ахвотна. Да́мы пілі чырвонае французскае віно, а мужчыны пасля гарэлкі перайшлі на каньяк.
Віктар Аляксандравіч адчуваў сябе найшчаслівейшым жыхаром Пецярбурга. Ён палаў дасціпнасцю, дэкламаваў па-нямецку Шылера і Гайнэ, па-расійску Дзяржавіна і нават сваё. Ды, як водзіцца за падобнымі сталамі, п’янеў – і ад нямала выпітага, і ад жончыных ласкавых усмешак. Апошняе, што ён больш-менш яскрава ўсведамляў, – гэта як угаворваў Люцыусаў застацца ў іх начаваць…
Ранішняе абуджэнне, якое прыспешвала пахмельная смага, было цяжкім. Праз апухлыя павекі калола святло лямпаў («Забылі ноччу патушыць?»), у галаве стралялі старадаўнія пішчалі. Паспрабаваў прыўзняцца – ложак хіснуўся пад ім, як лодка. І тут сэрца спынілася і, здалося, вось-вось выскачыць праз скроні: побач з ім, напаўнакрытая бялюткай коўдрай, ляжала… спала… распранутая жонка дарадцы пасольства кайзера Вільгельма Клара Люцыус!.. Яе чорная карункавая бялізна была раскіданая на ложку і каля яго… Заледзянелы палкоўнік машынальна нагнуўся, каб падняць карсет-станік, – і бакавым зрокам спакмеціў, што ў спальні каля жончынага століка хтосьці сядзеў… – Я думаў, палкоўнік, што ты ўжо і не прачнешся… І цябе давядзецца прыстрэліць соннага!
Віктар Аляксандравіч пазнаваў і не хацеў пазнаваць голас Генрыха Люцыуса. Шчокі яго ўспыхнулі адчайным полымем, вочы акругліліся; як агаломшаная рыбіна, ён паспрабаваў хапануць паветра, каб штось вымавіць, але тут зноў затахкала сэрца, – і ён толькі змог сполашна затрэсці галавой.
Уздыхнула і стомна пацягнулася фраў Клара, затым сонна ўсміхнулася, заміргала, убачыўшы над сабой чужога мужчыну, нервова крыкнула, – нібыта апяклася аб яго, – і, укручваючыся ў коўдру, саскочыла на падлогу. Заўважыўшы мужа, задрыжэла і з істэрычным крыкам «O mein Got! Heinrich, das ist ünmöglich![1]» выбегла са спальні… А Генрых Люцыус нават галавой не павёў: – Дык куды ў цябе, свіння, выстраліць?! – Ён марудна і са смакам узвёў курок рэвальвера і нацэліўся. – У галаву, каб раскалоўся твой паганы чэрап і жонка ўбачыла мазгі на падушцы? Ці ў сэрца, каб выцекла паболей тваёй юрлівай крыві?!
Віктар Аляксандравіч гатоў быў вось-вось страціць прытомнасць… – А можа, напачатку ў калена, каб ты яшчэ паскавытаў перад смерцю і абмачыўся ад болю?
Люцыус узняўся і марудна працокаў да ложка. Ягоны колішні сябар з вытарачанымі вачыма прыліп да сценкі, выставіў наперад дрыготкія рукі і зашаптаў: – Не, не… Не забівайце…
Люцыус уздыхнуў і прысеў побач, паклаў руку з рэвальверам на скамечаную прасціню і… таксама нечакана зашаптаў: – Калі хочаш, будзеш жыць. Толькі наўзамен адпрацуеш. Мяне зацікавіць любая інфармацыя з тваёй Канцылярыі, Генштаба ці наогул міністэрства. І ты мне яе будзеш перадаваць, ясна?! – Слова «ясна» было выкрыкнута, яно ляснула куляй па вушах атарапелага палкоўніка. – У адваротным выпадку ты за шчасце ўспрымеш самазабойства… Твае фотаздымкі ў абдымках з разведчыцай-іншаземкай мы разашлём з адпаведным тэкстам па многіх кабінетах Пецярбурга, – Люцыус пастукаў рэвальверным дулам па кішэні, з якой вынырваў раменьчык фотаапарата.
– І тады ты нават сваімі вершамі не адмыешся. Як кажуць, besser ein Auge verlieren als den guten Ruf.[2] Па-вашаму неяк больш дакладна: беражы сукенку знову, а гонар змоладу. Ясна?!
Віктар Аляксандравіч уздрыгнуў і ціха заківаў… Так хутка завербаваць чалавека яшчэ ніколі не ўдавалася мацёраму разведчыку расійскай секцыі аддзела ІІІ-В нямецкага Генштаба Генрыху Люцыусу. Ён нават з нейкай шкадобай зірнуў на свайго няшчаснага візаві (ці, падумаў, як вымаўляюць у любімым ім Парыжы: vis-à-vis) і паспрабаваў супакоіць: – А так нічога не здарыцца, ды і нічога страшнага ты не будзеш рабіць.
– Ага… – нечаканана абудзіўся Віктар Аляксандравіч. – За здраду з жанчынай – здрадзіць айчыне?!
Люцыус хмыкнуў, у здзіўленні матнуў галавой, – так што кучаравы чуб адкінуўся назад, – і працягваў на «вы»: – Толькі давайце без патэтыкі… Мы ж – саюзнікі. Самі ж, гер палкоўнік, бачылі, як нашыя імператары з’явіліся перад войскам – як браты. Словам, не рвіце душу. Будзьце здаровымі! – Люцыус устаў і пайшоў да дзвярэй, каля якіх павярнуўся і дадаў: – Вось што яшчэ… Мілая ваша жоначка Елізавета Мікадзімаўна нават згоду падпісала аб супрацоўніцтве са службай выведкі… у мінулы свой візіт у Францыю. І, па ўсім, пакуль не пашкадавала. І на сустрэчах у тэатры што-кольвек з вашых запісаў нам перадала. Так што вы, калі ласка, таксама пастарайцеся. Нагадаю яшчэ раз: абмен інфармацыяй паміж саюзнікамі – гэта не здрада: ні прысязе, ні айчыне…
Тапельцу заўсёды хочацца верыць у саломіну. І Віктар Аляксандравіч Берг не быў выключэннем. Адно ён аніяк не мог знаць, што ў тыя дні «братэрскія» сувязі паміж Нямеччынай і Расіяй пачалі халадзець, і перамовы ў Нарве паміж імператарамі не палецілі іх: заключаны некалі «Саюз трох», дамова аб сяброўстве і супрацоўніцтве паміж Расіяй, Нямеччынай і Аўстра-Венгрыяй, не быў падоўжаны. Імператары з міністэрскімі світамі раз’ехаліся чыгункай у розныя бакі – ні з чым…
1
Божа мой! Генрых, гэта немагчыма! (Ням.)
2
Лепш страціць вока, чым добрую рэпутацыю (ням.).