Читать книгу Рух - Алесь Пашкевіч - Страница 5

IIІ

Оглавление

Каліноўскі ўзышоў на шыбеніцу ў дваццаць пяць гадоў – ягоны цяперашні ўзрост… Згадка аб тым неяк упершыню настолькі моцна ўзварушыла Адамавы пачуцці, што, не зважаючы на позні час, ён доўга не мог заснуць. Ціха зачыніўся ў бацькавым кабінеце, пабольшыў святла, акуратна расклаў на старым дубовым стале папкі з дакументамі, адозвамі, лістамі, газетнымі выразкамі…

Вось сшарэлы, падобны на ўлётку «Сцяг свабоды»: «Упэўненыя ў сваіх сілах, падтрыманыя дзейсным прызнаннем краю, па загадзе цэнтральнай улады Народа мы ўзнялі наш сцяг над атрадам працаўнікоў Беларусі…» Адам прачытаў уголас і ў які ўжо раз падзівіўся мяккай звонкасці мовы сваіх бацькоў. Яго ўжо з гадоў шасці пачалі вучыць ёй, а затым прыйшла і польская, і расійская. Акрамя, натуральна, французскай, мог гаварыць і па-нямецку, але па сцежцы гуманітарыя не пайшоў.

«…Гэта барацьба святая, – чытаў далей Адам, – яна за цэласнасць распаласаваных земляў, за ўласнасць абяздоленых у сваёй айчыне сыноў!.. Дык да зброі! Да зброі, верныя сыны сваёй зямлі! На ворага кожны, хто не здрадзіў сумленню! На апошні бой племя герояў заклікае неадпомшчаная кроў, свабодная будучыня, шчаслівае заўтра».

Тое шчаслівае заўтра, як ужо ведаў Адам, так і не надышло. Усё закончылася паразай, шыбеніцамі, сібірскай катаргай ці выгнаннем. Ён спрабаваў сабе ўявіць, што ж адбывалася ў тым невядомым краі паміж Бугам і Нёманам – і ў рамантычных мроях вымалёўваліся відзежы Парыжскай камуны.

Яму было тады сем гадоў, але ўсё надзіва ярка памятаецца. Вусач-вайсковец дзядзька Яраслаў, з зіхоткай шабляй і такімі ж іскрыстымі вачыма… Яны падоўгу зачыняліся з бацькам і аб нечым сваім гаварылі, а хлапчук не мог нагуляцца з пакінутым яму пісталетам… «Дзядзька Яраслаў, даўно я не наведваў тваю магілку», – падумаў Адам і перахрысціўся.

Здавалася, маладому жыццю не будзе сканчэння… тады, калі іхняй «піцерскай пяцёрцы» (Віктару і Канстанціну Каліноўскім, Яраславу Дамброўскаму, Ігнату Здановічу і Казіміру Мацкевічу) было, як казаў бацька, «на чупрыну больш за дваццаць».

І ўсіх чатырох, чые фотакарткі вісяць над сталом, няма на гэтым турботным свеце. Віктара, гісторыка-палеографа, забралі сухоты. Яго малодшага брата Канстанціна – царская шыбеніца. У дзядзькі Яраслава таксама склаўся раманны і кароткі лёс: пасля заканчэння Мікалаеўскай акадэміі Генштаба шляхціц Дамброўскі распрацаваў план узброенага паўстання, быў арыштаваны і трапіў у турму, адкуль у 64-м збег і разам з жонкай эміграваў за мяжу, спыніўся ў Францыі – і стаў генералам Парыжскай камуны! Падчас аднаго з баёў плячо разарвала куля – і праз дзве гадзіны ў парыжскім шпіталі Ларыбуазьер яго зямное жыццё закончылася…


Вільня, 1860-я гг.


Калі аднойчы Адам паспрабаваў параўнаць падзеі таго паўстання з Парыжскай камунай, бацька не пагадзіўся.

– Там, – ён паказаў вачыма на чатыры фотаздымкі сваіх таварышаў, – была барацьба найперш за свой родавы гонар і свабоду… – І ты… – Адам нервова пакусаў губу і выпаліў: – Таксама страляў, забіваў?

Бацька ўздыхнуў, доўга хадзіў па кабінеце, прысеў – і пачаў распавядаць, як пра ўчора прыснёнае: напачатку па-французску, а затым незаўважна для сябе перайшоў на беларускую: – Пад Вільняй мы атакавалі царскую роту пяхоты, якая ахоўвала мост. Роту разбілі, але мост узарваць не змаглі. Міна не спрацавала… Пачалі падпальваць, але з горада падаспеў атрад конных казакаў. Наш звяз адступіў да Ашмянаў, казакі праз снег і лес не змаглі пераследаваць… Праз некалькі дзён мяне накіравалі ў Вільню: звязацца з кіраўніцтвам правінцыйнага камітэта, здабыць медыкаменты і грошы. Мусіў сустрэцца з Ігнатам Здановічам, з якім таксама быў знаёмы па Пецярбургскім універсітэце. Ігнат скончыў яго са званнем кандыдата матэматыкі, затым вучыўся ў Берліне, выдаў тут, у Парыжы, брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» – і напачатку 63-га вярнуўся ў Вільню, дзе быў абраны паўстанцкім начальнікам горада і галоўным скарбнікам… – бацька адарваўся ад успамінаў, падышоў да кніжнай шафы, штось старанна пашукаў у ёй, затым матнуў рукой і зноў прысеў да сына; на састарэлым – у няпоўныя пяцьдзясят гадоў – твары бліснулі дзве слязіны. – А выявілася, што Ігната арыштавалі… Пэўна, хтосьці са сваіх, як гэта водзіцца, выдаў… І знаходзіўся ён у дамініканскім касцёле, ператвораным у турму. Дом Здановічаў абшукалі і канфіскавалі. Ігнат і ягоны бацька – універсітэцкі прафесар – сядзелі ў асобных лёхах. Але кáты не змаглі вырваць у шляхцічаў аніякіх прызнанняў! Перад шыбеніцай яны пабачыліся… Калі прафесар Здановіч увайшоў у лёх, сын стаяў наўсколенцах перад святаром, спавядаўся… Убачыўшы бацьку, ускочыў і абняў… «Я шчаслівы і ўдзячны Богу, які дазволіў мне загінуць за Айчыну», – прашаптаў ён. Маці і сястру развітацца з Ігнатам не пусцілі. Яго вывелі на пляц у споднім і яшчэ з гадзіну трымалі на марозе. А калі паліцмайстар у апошні раз прапанаваў раскаяцца і распавесці пра паўстанцкую арганізацыю, Ігнат годна адказаў: «Мераеш мяне ўласнай подласцю?!» Вось яно як, а ты кажаш, ці стралялі мы, ці забівалі…

Прозвішча Адамавай маці да замужства таксама было Здановіч. Гэта яна, сястра згаданага закатаванага паўстанца, на Каляды 1863-га сустрэлася ў Караляўцы-Кёнігсбергу з Казімірам Мацкевічам, куды прывезла мандат на выданне газеты «Голас з Літвы» і сродкі на тое. «Голас» мусіў інфармаваць Еўропу пра іх барацьбу і стаць зборным штабам вайсковай экспедыцыі з Усходняй Прусіі і Каралеўства Польскага ў Літву-Беларусь і Жамойцію.

Газета выходзіла тры месяцы, а ў красавіку 1864-га Казімір Мацкевіч і Марыя Здановіч, ужо як венчаныя муж і жонка, выедуць на сустрэчу з ваенным камісарам Літвы за мяжой Баляславам Длускім у Парыж, дзе і даведаюцца пра канчатковую паразу паўстання. На руках у іх застануцца невялікая сума грошай і «білет» на права свабоднага пражывання ў Францыі з пячаткай Аддзела Літвы Польскага Нацыянальнага ўрада, а праз паўгода – з’явіцца і сын Адам… Ён разгарнуў новую папку – якраз з адбіткамі «Голасу з Літвы» – і пачаў нетаропка чытаць прыкамечаныя, пажаўцелыя, памеру звычайных улётак старонкі… «Мы вычарпалі ўсе мірныя сродкі. Патрабавалі, каб цар нам даў, што нам трэба, – не даў.

Пайшлі далей і распачалі пасіўнае супраціўленне. Спявалі і маліліся да Бога, каб прывёў Маскву да одуму. Але Масква была пад уладай сатаны і не слухала Боскіх натхненняў, і, калі на нашых вуснах была малітва, пасылала кулі ў нашы безабаронныя грудзі…»

«Век ХІХ вялікі плёнамі… З хіжага дэспатызму пачалі праяўляцца правы чалавека; спачатку паасобку, а потым аб’ядналіся ў хор, які выйшаў з Францыі і дайшоў да Масквы… Усё, што працівіцца волі Бога і правам чалавека, злучаецца з лагерам царызму…»

З кожнай старонкай для Адама зноў адкрываўся таямнічы свет: свет яго бацькі, свет яго маці, свет іх далёкіх невядомых продкаў, – тое, што здавалася хоць і міфічнай атлантыдай, але падсвядома пульсавала ў ягонай ліцвінскай крыві.

Ап’янёны згукамі мінулага і супакоены імі, ён і заснуў над тымі газетамі. І было яму ў той час соладка, шчасліва і цёпла – у нядаўна купленым на нядзельным кірмашы сінім швэдары, якія толькі пачалі прыжывацца ў Францыі і які нагадваў яму той, ужо даўно малы і зношаны, звязаны на шатландскі ўзор мамай – незадоўга перад адыходам яе ў свет лепшы…

Рух

Подняться наверх