Читать книгу Белая муха, забойца мужчын - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 3
Частка першая
2. Млявыя мэлянхолiкi
ОглавлениеАповед пра тую дзявочую банду я пачуў ад знаёмага паэта У. Л. Мы сядзелі зь ім і ягонай жонкай-перакладчыцай у самай знакамітай менскай кавярні, яны пацягвалі віно, я – каньяк, быў вечар, і кавярня запаўнялася, як пясочны гадзіньнік. І хоць аповед быў зусім кароткі, бо гаварылі мы, уласна кажучы, зусім не пра гэта – маё ўяўленьне адразу ж дамалявала ўсе падрабязнасьці, і легенда ўспомнілася так ясна, быццам я сам быў яе ўдзельнікам. Я сапраўды чуў яе ў дзевяностых, калі праходзіў пэдпрактыку ў адной зь менскіх школаў. Школа была на самым краі гораду, і таму ўсе чуткі даходзілі да нас у апошнюю чаргу.
Я ўспомніў ня толькі гісторыю, але і самае важнае. Што ў той час, калі яна адбывалася, мне дужа карцела зрабіцца яе пэрсанажам.
Хацелася хаця б раз апынуцца на месцы ахвяраў – і адчуць боль і асалоду дзявочай жорсткасьці. Але тады я іх не зацікавіў – тых велічных і сьмяшлівых зламысьніц. Калі я вучыўся ў школе, мяне білі толькі мужчыны – і я біў толькі мужчын. Я цэліў у вочы і скулы, вырываўся, падаў, падымаўся, глытаў соплі і кроў, задыхаўся і зноў лез у бойку. А мне хацелася ляжаць, сагнуўшыся, і стагнаць. Гаварыць пра боль на ягонай мове.
А цяпер я быў ужо зусім дарослы чалавек, пазбаўлены школьных страхаў і комплексаў, мазахіст і садыст ува мне даўно здаліся на міласьць млявага мэлянхоліка – і тым ня менш, седзячы ў той кавярні, я азірнуўся ў нейкім трывожным захапленьні.
Я заўжды верыў у гэтую наіўную, настоеную на адвечных мужчынскіх страхах легенду – і цяпер абводзіў вачыма людзей навокал. Кожны зь іх мог быць у свой час ахвярай дзіўнай банды, якая некалі пайшла насуперак законам сьветаўладкаваньня і ўрэшце сышла за мяжу часу, як махноўцы за Прут, так і ня здаўшыся, так і ня стаўшы на калені, так і не запэцкаўшы сваіх белых калготак. Кожная з тых жанчын, якія сноўдалі цяпер вакол нас з келіхамі і філіжанкамі, выпадкова кранаючы рукавом маё плячо, абдзімаючы ветрам сваіх прыгожых рухаў патыліцу, магла быць там, на цёмных сьцежках Менску часоў апошняга fin de siècle, магла быць той, якая рабіла першы, дакладна вымераны ўдар. Той, якая сьмяялася ў прыцемках, з асалодаю аддаючыся сваёй празе помсты.
На нейкае імгненьне я нават адчуў, што мы ўсе тут, у кавярні, паяднаныя гэтай легендай і дагэтуль зьвязаныя клятвай маўчаньня, што мы толькі робім выгляд, што занятыя іншым, а насамрэч кожны з нас чакае, што будзе далей. Таму што мы баімся, што ўсе даведаюцца пра нашыя сапраўдныя ролі ў гэтай даўняй гісторыі. Пра тое, хто быў ахвярай, хто нападнікам, хто разносіў чуткі, а хто проста баяўся выходзіць адзін увечары ў сквэр. І жыць, як раней, будзе ўжо немагчыма. Бо ў маім узросьце пачынаеш неяк баяцца за сьвет. Ёсьць рэчы, якія лепей ня ведаць.
А яшчэ такія думкі вельмі мяне ўзбудзілі. Не маглі не ўзбудзіць – бо кожная зьмена роляў і ракурсаў заўжды пякуча хвалюе, як мужчын, так і жанчын, і варта ёй хаця б крышачку зацягнуцца, гэтай зьмене, гэтай гульні, бо гульня і ёсьць пераменай роляў – і ўзьнікне жаданьне дагуляць да канца. Ды што там ролі – адной зьмены ракурсу ўжо цалкам хапае. Мы любім глядзець на жанчын зьнізу, так яны выглядаюць зусім інакш – і ўзбуджаюць мацней, чым калі мы бачым іх зьверху, як звыклі бачыць. Мы шалеем, уяўляючы сабе белыя калготкі, мы хочам пабачыць на гэтых беласьнежных каленях брудныя пляміны. Мы баімся іх – і хочам. Нас вабіць гэтая цемра на тварах і танец злых ног, мы прагнем быць зьбітымі, бо хочам быць вінаватымі, а гэта нам забаронена.
Услухоўваючыся ў разьмераны шум галасоў, вывучаючы людзей, што нясьпешна пілі, нэрвова шаргаталі мэню, сьмяяліся і жартавалі, зь нейкай пакутай зазіраючы адно аднаму ў твары, я падумаў, што ўсё ж люблю іх. Мяне да іх цягне, а іх да мяне – быццам і праўда нас усіх зьвязвае нейкая гісторыя, і мы ня ведаем, як пазбавіцца ад яе магіі. Ня надта прыстойная гісторыя. Я глядзеў за тым, як яны пакрысе напіваюцца, як на розных хуткасьцях ап’яненьня нясуцца да паўночнай гадзіны, і халодны сівер самоты ўжо чакае іх ля ўваходу, куды яны выбягаюць пакурыць. Яны трымаюцца за парэнчы, чапляюцца за рукі каханых, яны імкнуцца не адыходзіць занадта далёка ад кавярні. Я зразумеў, усё яшчэ пад уладай той гісторыі, што нікуды мне ад гэтых людзей не ўцячы. І што я ім насамрэч зайздрошчу – іхнаму ўменьню забываць і ўдаваць, што мы ўсе жывем паасобку.
З гэтым пачуцьцём зайздрасьці, з думкамі пра менскі бэз і белыя калготкі, з каньяком, які ўсё яшчэ грэў мне кроў, я расплаціўся, разьвітаўся з У. Л. і ягонай жонкай і рушыў дадому. Той успамін пра дзявочую банду яшчэ доўга не выходзіў ў мяне з галавы.
А галава ў мяне, калі шчыра, дзіўная. У ёй увесь час глуха гучаць падслуханыя сям і там гісторыі, зь юнацтва мне мрояцца нейкія зáмкі, ды старыя мапы, ды заседжаныя мухамі фатаздымкі, ды рэчы, гаспадары якіх даўно адышлі ў лепшы сьвет, ды ўсялякія выспы, ды памерлыя мовы, ды чужыя гарады, праз туман якіх мне абавязкова трэба пабачыць сябе, інакш я не магу заснуць. Не галава, а блышыны рынак. Іншыя ў маім узросьце ўжо абавязкова чымсьці камандуюць, камусьці загадваюць – а я ўсё кудысьці не туды, і чуецца мне нешта ня тое. А зіма ўсё ніяк ня скончыцца. А рана на Йвана. А ў нас сягоньня кошка. А захочаш бегчы – няма куды. А тралейбус едзе штуршкамі, рыўкамі, а тралейбус галоднымі вые ваўкамі, а сядзеньні цьвёрдыя, быццам камень, сьпіны мяккія, як зямля…
Праз тры месяцы я захварэў на запаленьне лёгкіх і мне зрабілася не да ўспамінаў. У. Л. з жонкай зьехалі ў Вільню, кавярню купілі нейкія масквічы, і яна пакрысе апусьцела. Сьвет зноў стаў бясьпечны і знаёмы, ніякіх учора і заўтра, толькі сёньня, кожны дзень сёньня, у якім трэба было неяк захоўваць раўнавагу – на гэта ішлі ўсе сілы. Ці мог я падумаць тады, што неўзабаве мне давядзецца зноў успомніць тую гісторыю зь дзевяностых? І – хто б мог падумаць – даведацца яе працяг.