Читать книгу Белая муха, забойца мужчын - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 7

Частка першая
6. Кропкi над Б

Оглавление

Дырэктарка замкавага комплексу Галіна Вітольдаўна Бабец займала ў ім такую стратэгічную пазыцыю, якой пазайздросьціў бы любы фэадальны военачальнік.

Яе кабінэт мясьціўся ў правай замкавай вежы: адсюль, падышоўшы да аднаго з вузкіх і высокіх вокнаў, яна магла бачыць, як на далоні, усё навакольле – і ад яе пільнага, падведзенага сінім вока ня здольны быў схавацца ніводзін рух. Скасіўшы другое бяссоннае, як запаленая газьніца, вока долу, Галіна Вітольдаўна мела магчымасьць назіраць і за тым, што дзеецца ў замкавым двары. Выдатная пэрспэктыва.

А ў двары магло адбыцца што заўгодна. Ці ня зладзілі яе супрацоўніцы злачыннага перакуру? ці не размалёўваюць дзеці спакусьліва белыя сьцены ўнутраных, псэўдаантычных порцікаў канца ХVIII стагодзьдзя? ці не фатаграфуюцца экскурсанты ў занадта непрыстойных позах? А галоўнае, ці не пралез за чырвоныя замкавыя муры нейкі журналісьцік, каб напісаць пра іх штосьці разьвязнае і хлусьлівае?

Апошняе асабліва злавала Галіну Вітольдаўну: даручаны ёй аб’ект яна любіла аддана і палка, і нават думала пра яго зь нейкім прыдыханьнем, бо думкі, як вядома, таксама ўмеюць дыхаць – і пакідаць запацелымі вочы таго, хто наважваецца іх думаць. Кожная мысьль матэрыяльная, не стамлялася паўтараць Галіна Вітольдаўна сваім падначаленым, а значыць, усё, што вы падумалі, пакідае дзесьці свой сьлізкі сьлед. А выціраць – нам. І калі нейкая непісьменная маладая курыца… нейкая стрыжаная недавучка… нейкая прышчавая школьніца лічыць, што яна мае права пісаць пра Замак што захоча, што яна мае права мець пра Замак нейкія ўражаньні, усяго толькі і зрабіўшы ў жыцьці, што выпіўшы кавы ў замкавым бістро – дык Галіна Вітольдаўна лічыла сваім абавязкам супрацьстаяць гэтаму.

Для таго яе тут і паставілі – супрацьстаяць і абараняць.

Гэты дэвіз Галіна Вітольдаўна Бабец напісала б на сваім фамільным гербе, калі б ён у яе быў. Але гербу ў яе не было. Быў стол, на якім тырчаў нягнуткі, нягеглы сьцяжок, побач са сьцяжком паблісквала шкляная мадэль сярэднявечнага замка, падарунак калег з Аўстрыі. А над сталом вісеў партрэт прыгожага вусатага мужчыны, дзяржаўнага мужа. Вісеў і глядзеў у кампутар, на экране якога аднойчы…

Так, у той дзень Галіна Вітольдаўна з раніцы сядзела і злавалася, пазіраючы на кубак з толькі што запаранай гарбатай, тот самый чай, на паверхні белая выспачка пены – быццам хто плюнуў. Журналістачкі. Крыўда дырэктаркі была яшчэ сьвежая, як тынк на сьценах. Адна сталічная штучка – хітрая погань, прыкінулася звычайнай турысткай – прабеглася тут нядаўна, нарабіла здымкаў і напісала пра Замак такое, што валасы на галаве ўсталі дуба. Галіна Вітольдаўна не адразу паверыла, што гэта здымалі ў яе Замку. Гэтая, прасьціце за выражэніе, журналістка зьляпіла нейкі паскудны пасквіль, яе, бачыце, не зацікавілі ні калекцыя зброі, ні мэбля, якой, між іншым, дзьвесьце гадоў, ні партрэты, кожны зь якіх абышоўся міністэрству культуры ў круглую суму. На фота былі толькі нейкія вуглы, шпалеры, унітазы, скуластыя твары супрацоўніц, скамечаныя пакеты… А подпісы якія пахабныя. Калі ўсё гэта зьявілася на сьвет божы, Галіна Вітольдаўна знайшла ў сеціве выяву гора-журналісткі, загадала раздрукаваць і раздаць усім супрацоўнікам. Пры апазнаньні – затрымаць. Дырэктарка патэлефанавала ў газэту, ёй сказалі, што тая дзевачка – звычайны фрылансэр.

«Я так і думала, – горка і зларадна пасьміхнулася Галіна Вітольдаўна. – Што і трэба было даказаць. Правяралі б, каго бераце на работу».

Карэспандэнтка больш не паказвалася, але наведнікаў хапала. Усім хацелася пабачыць велічны старажытны Замак, які атрымаў новае жыцьцё. Але як дырэктарка Галіна Вітольдаўна Бабец была ня надта гэтым задаволеная. Ёй патрэбныя былі не галадранцы нейкія, хай бы і са сталіцы, а сапраўдныя замежныя турысты. Менавіта іх чакала рэстарацыя «Пан або прапаў», крама сувэніраў, менавіта па іх душу стаяў сумны фатограф каля разьвешаных у фае старасьвецкіх строяў, менавіта ім быў адведзены пакой для віпаў у левым крыле, які можна было зьняць на суткі за суму, эквівалентную гадавому заробку Галіны Вітольдаўны.

Але людзі з далёкіх замежжаў ня надта рваліся ў Замак. А тыя, што прыяжджалі – толькі хмурыліся, пілі чамусьці адну ваду і елі прывезеныя са сталіцы бутэрброды. І гэта – іншаземцы?..

Галадранцы адны. І там, і тут.

Пан прападаў, параваркі стаялі халодныя, як сьпісаныя паравозы ў дэпо, блішчалі непрыстойна яркія і пукатыя, як прадукцыя інтым-шопу, сувэніры, сумны фатограф нядаўна звольніўся, а ў пакоі для віпаў кожны дзень мянялі некранутыя прасьціны, быццам тут начаваў прывід…

Трэба было нешта рабіць.

Дзьверы ў дырэктарскі кабінэт раптам паволі адчыніліся і замерлі, быццам прапускаючы кагосьці наперад. Галіна Вітольдаўна ўздрыгнула і падняла падведзеныя сінім вочы. Ніякіх гасьцей яна сёньня не чакала. Дый не маглі яны завітаць вось так зьнянацку. Яна пачула б спачатку крокі на лесьвіцы, яна заўжды іх чула. Але да гэтага моманту ў вежы было ціха – толькі з двара даносіўся дзявочы віск экскурсаводак.

І вось – гэты скрып.

Дырэктарка паднялася, падышла да дзьвярэй, вызірнула ў вузкі калідор. Нікога. Яна зачыніла дзьверы і падышла да акна. Яшчэ адзін аўтобус пад’ехаў. Выходзяць… Цікаўныя, азіраюцца, глядзяць, мружачыся, на муры, на вежу, на браму… Глядзяць – а яе, Галіну Вітольдаўну, ня бачаць. Так і мусіць быць. Улада павінна заставацца магутнай і непрыкметнай. Галіна Вітольдаўна Бабец была тут у Замку вышэйшая за ўсіх. Адзіныя, хто быў упоравень зь ёю – гэта хмара, што насунулася на Замак з раніцы, ды лянівае сонца. Хмара і сонца. І мужныя ваяры, прыгожыя вобразы якіх жылі тут паўсюль. Галіна Вітольдаўна верна служыла ім і дзяржаве. Разам яны былі сілай. Галіна Вітольдаўна Бабец, князі Якуцкія і дзяржаўныя мужы, уладары цяперашняй Краіны Замкаў. Усе разам яны і ёсьць – Гісторыя.

Крак. Крак. Крак.

А вось цяпер па калідоры дакладна нехта ішоў.

Нясьпешна, нібы навобмацак, нібы выбіраючы месца для кожнага наступнага кроку. Як варона каркае. Гэта было ўжо ня першы раз. А лесьвіца ўнізе чамусьці маўчала. Дырэктарка прыслухалася. Крокі былі нягучныя, але выразна чуліся зусім блізка, за сьцяной кабінэту. Што за халера?

…Пакручастая лесьвіца, што вяла ўгару па вузкім нутры каменнай вежы, была таксама вялікім плюсам – Галіна Вітольдаўна спадзявалася, што старыя супрацоўніцы ня будуць злоўжываць візытамі ў дырэктарскі кабінэт. Але калектыў ёй трапіўся на дзіва малады. Адны незамужнія, чырванашчокія дзеўкі, якія зь любой нагоды ўзьляталі па крывых прыступках, як быццам гнаўся хто. «Галіна Вітольдаўна, Галіна Вітольдаўна!» Крычалі так, быццам іх рэжуць жыўцом. Ніякай пачцівасьці да гістарычнай памяці. Яна хутка навяла тут парадак, патлумачыла, што гэта за месца працы, якая адказнасьць на іх ляжыць. Прыціхлі, перасталі швэндацца дзе папала. Ня дзеўкі, а нейкія скразьнякі ў спадніцах… І тут дзьверы ў яе кабінэт зноў павольна і неяк шматзначна адчыніліся. Галіна Вітольдаўна бачыла ў пройме сьцяну калідору, асьветленую праціснутым скрозь вузкія вокны сонцам – а на сьцяне дрыжэў дзіўны трохкутны цень. Быццам жаночая постаць прытаілася збоку і чакае, калі яе запросяць увайсьці. Галіна Вітольдаўна адставіла ўбок кубак з гарбатай, рашуча падышла да дзьвярэй і грымнула імі з усяе моцы.

«Якаўлевіч, – набрала яна нумар заўхоза. – Зайдзіце да мяне, як зможаце, ручка ў дзьвярах боўтаецца. І праверце там заадно, чым занятыя нашы пцічкі».

Галіна Вітольдаўна Бабец не любіла жанчын. Галіна Вітольдаўна Бабец любіла людзей.

Жанчыны выклікалі ў ёй пачуцьцё пратэсту. Асабліва маладыя. Было ў іх нешта такое… Ну вот как вам сказаць. Такое хітрае і двухсэнсоўнае. Яны нават выглядалі ўсе неяк няправільна. Ну што гэта такое, на самам дзеле: усе гэтыя цыцкі, губкі, лыткі, завушніцы, усьмешачкі… Навошта гэта ўсё? Хто гэта прыдумаў? Вось, напрыклад, гэтая новенькая, Люба. У першы ж дзень падышла: «Галіна Вітольдаўна, а я веру, што ў нашым Замку жыве гэты прывід!» – і вочы, як у дзіцяці.

«Што? У што ты верыш, дзіця маё?»

«Што прывід нашай Ганны, той, якую спалілі – сапраўды існуе!»

«Добра, што мы ня плацім ёй зарплату, – змрочна адказала тады дырэктарка. – Дый за што плаціць? Дзе вынікі? Дармаедка твая Ганна. Ідзі, працуй, і паменей разгавораў! Помні, што мысьль – матэрыяльна!»

Жанчыны зусім не пасавалі Замку – гэта было мужчынскае месца, і мужчыны даверылі Галіне Вітольдаўне захаваць яго такім. І Галіна Вітольдаўна не магла ня выканаць мужчынскага загаду.

Пра тое, што Галіна Вітольдаўна і сама належыць да касты непаўнавартасных, яна старалася ня думаць. Гэта была чыстая выпадковасьць. Галіна Вітольдаўна была не такая. Галіна Вітольдаўна шанавала мужчын. Тых, што кіравалі тут трыста гадоў таму, і тых, хто кіраваў цяпер. Галіна Вітольдаўна любіла, калі на яе крычалі мужчыны. І яны крычалі: мацюгаліся, камандавалі, гразіліся, грукалі кулаком па стале. І тады Галіну Вітольдаўну апаноўваў такі жар, быццам яе прывязалі і яна ня можа паварушыцца, прывязалі й паднесьлі да самага нізу жывата расплаўленае жалеза…

Галіна Вітольдаўна апусьціла галаву і сьцішана зараўла.

І тады праклятыя дзьверы адчыніліся трэці раз.

«Якаўлевіч, ручку паглядзі, разбаўталася», – прамовіла дырэктарка, не падымаючы галавы.

«Галіна Вітольдаўна? – спытаў незнаёмы, стомлены жаночы голас, які не абяцаў нічога прыемнага. – Памагай бог, добры дзень».

Дырэктарка рэзка падняла галаву. У пакой увайшлі адразу дзьве даволі маладыя жанчыны, адна невысокая, у белай сукні, з твару – скончаная мярзотніца, а разам зь ёй – худая і даўгалыгая, як сьмерць, якая адразу пачала шныраць вачыма па кабінэце.

«Так, вы хто такія? Журналісткі? Чаму без папярэджаньня?»

Жанчына ў белай сукенцы ўсьміхнулася: «Не, мы не журналісткі, Галіна Вітольдаўна. Мы, хутчэй… Скажам так, маладыя мастачкі…»

«Ага. Рэстаўра-а-атаркі…», – прашыпела злавесна хударлявая.

«Адкуль вы ведаеце, як мяне завуць?» – падазрона спытала Галіна Вітольдаўна, намацаўшы рукой цяжкі шкляны замак на стале.

«На дзьвярах напісана», – суха адказала тая, што ў белай сукенцы. Яе вочы, вялікія, як у мухі, глядзелі проста на дырэктарку, быццам Галіна Вітольдаўна была звычайным крэслам. Пустым крэслам пад партрэтам вусатага мужчыны.

«А Якаўлевіч – гэта, відаць, той мужычок з інструмэнтам, – прамовіла худая. – Ён яшчэ і пісталетам махаў, дурань, страляць зьбіраўся».

«Напэўна, ён любіць мёртвых жанчын. Вось жа ізврашчэнец, – кіўнула тая, што ў белым, і зноў павярнулася да дырэктаркі. – Якаўлевіч прасіў перадаць, што затрымаецца. Дні на тры», – дадала яна зьедліва.

«Чаго-чаго? – нахмурылася Галіна Вітольдаўна, набіраючы нумар Якаўлевіча. – Якія яшчэ тры дні?»

«Якія яны будуць, залежыць толькі ад нас з вамі», – уздыхнула дзеўка ў белым і падміргнула сваёй прыяцельцы.

Якаўлевіч чамусьці не адказваў, і гэта было вельмі, вельмі падазрона.

«Так, што вам тут трэба, спадарыні? Я занятая,» – гістэрычна выгукнула Галіна Вітольдаўна, адчуваючы, як расьце ўнутры млосьць. Дзьве дзеўкі, маладыя, здаровыя, стаяць так блізка, што яна адчувае іх подых, адчувае, як пахнуць іх па-летняму адкрытыя целы.

«Мы праводзім у вас, хм… – задумалася тая, што ў белым. – Скажам так, мастацкую акцыю. Тры дні пажывем тут у вас, а потым паглядзім».

«Што значыць пажывем? – паднялася, бліснуўшы сінявою, з-за стала Галіна Вітольдаўна, схапіўшы шкляны замак і сьціснуўшы яго ў руцэ. – Папрашу вас, дзевушкі, пакінуць мой…»

«Джэк Патрашыцель, расстаў, калі ласка, усе кропкі над і, – ласкава зьвярнулася жанчына ў белай, занадта белай сукенцы да сваёй таварышкі. – Займіся пунктуацыяй, дарагая. Ты гэта любіш».

У руках хударлявай зьявіўся доўгі, памерам зь яе руку, чорны прадмет, у якім Галіна Вітольдаўна не адразу пазнала самую звычайную мужчынскую зброю. Такую, як у кіно пра вайну.

«Уберите это! – перайшла яна зь перапуду на другую дзяржаўную мову. – Уберите ваши штучки!»

Жанчына ў белай сукенцы дзелавіта закрыла вушы, зморшчылася, і зброя ў руках Джэка Патрашыцеля загаварыла.

Татататата. Мамамама. Яяяяя.

Умомант па ўсім кабінэце Галіны Вітольдаўны былі расстаўленыя чорныя кропкі – выразна артыкулюючы ўсе гукі, зброя тлумачыла, што працоўны дзень у Замку на сёньня скончаны. Паляцеў на падлогу прабіты ў некалькіх месцах партрэт галоўнага дзяржаўнага мужа, разьляцеўся на дробныя аскепкі кубак з гарбатай, пакрыліся высыпкай, як ад скураной хваробы, белыя сьцены, і нават шкляны замак у руцэ Галіны Вітольдаўны ў нейкае імгненьне рассыпаўся на прыгожыя шкельцы. Галіна Вітольдаўна ўзвыла і памерла. А калі ўваскрэсла, дзьве мярзотныя маладзіцы стаялі каля яе і ветліва крычалі проста ў твар, курчачы страшныя пысы: «Вы ня ведаеце часам, дзе ключы? Ключы ад ніжніх памяшканьняў? Мы нідзе ня можам знайсьці! Галіна Вітольдаўна! Галіна Вітольдаўна! Спадарыня дырэктар! З вамі ўсё нармальна? У вас тут такі парадак! І замак – абалдзець проста! Вы ж любіце мастацтва? Праўда? Нам толькі ключы! А патом чайку вып’ем!»

Дырэктарка нейкім цудам узяла сябе ў рукі, заплюшчыла вочы і кіўнула.

«Ну вось і добра, – дзеўкі адразу ж скончылі гэтую псыхічную атаку і засьмяяліся адна адной. – Давайце іх сюды!»

На імгненьне стала ціха.

«Яны ня тут, гэта ў іншым кабінэце, – сказала зь дзіўнай палёгкай Галіна Вітольдаўна. На яе яшчэ ніколі так не крычалі жанчыны. – Я аддам, аддам, я ўсё аддам…»

Яна павяла іх па цёмным пустым калідоры да сходаў.

«Босая, а калі яна хлусіць? – спытала напаўголасу хударлявая ў той, што ў белым. – А калі ў яе няма ніякіх ключоў?»

«Што ты як не мастак, – сказала Босая, прапускаючы Галіну Вітольдаўну наперад. – Калі ключоў няма, іх заўжды можна прыдумаць! Галіна Вітольдаўна, вы куды?»

Але Галіна Вітольдаўна ўжо шмыгнула ў ратавальную нішу пад лесьвіцай і пакацілася ўніз па зусім іншых прыступках – хутка-хутка.

«Ого, – уздыхнула Джэк Патрашыцель. – Не дагнаць».

«Тое, што Галіна Вітольдаўна нас пакінула, яшчэ ня значыць, што ключоў не існуе, – сказала Босая і хмыкнула. – Нават не разьвіталася, а яшчэ начальніца… Сьмелая баба, мне спадабалася. Дарэчы, вунь яна дзе».

І Босая паказала ў акно на ўнутраны двор, па якім, з апаскаю азіраючыся, кралася да яшчэ не зачыненай брамы няшчасная дырэктарка.

«А можа, у расход яе? – Джэк Патрашыцель злавіла дырэктарку ў прыцэл, патрымала ў ім, патрэсла, пакаштавала на вока. – У ножку ці ў дупу? Ці ў цемечка?»

«Не, ня трэба, – Босая паклала руку на ствол. – Хай жыве. І хай нясе сьветлую вестку людзям і жанчынам, усім малым і вялікім істотам, у гарады і весі…»

Белая муха, забойца мужчын

Подняться наверх