Читать книгу Белая муха, забойца мужчын - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 4
Частка першая
3. Падарожжа пачынаецца
ОглавлениеЗ таго часу, калі дзеўкі-мсьціўцы тэрарызавалі сталіцу, мінула больш за пятнаццаць гадоў. У Менску адбылося вельмі шмат розных вялікіх і малых падзей, падзеі былі запісаныя ў кнігі, кнігі забытыя – хто цяпер чытае кнігі? Вялікія падзеі зьмянілі горад і людзей у ім. А большасьці з малых падзей сапраўды ніхто не заўважыў – бо вядома: каб на нейкую падзею зьвярнулі ўвагу, каб яна засталася ў памяці, трэба, каб яе галоўным героем быў мужчына, каб усё круцілася вакол мужчыны, каб мужчына быў яе рухавіком, прычынай або наступствам. Каб ён прынамсі валяўся пад нагамі, самы захудалы, самы нікчэмны, але валяўся – мужчыны ўсяму надаюць сэнс.
Таму ніхто, абсалютна ніхто не пераймаўся, калі аднойчы летняй раніцай, якую менскія мэтэаролягі па сваёй завядзёнцы не пасьпелі падрыхтаваць як сьлед, і яна атрымалася крыва, коса, з дробным дажджом і дурнымі прадчуваньнямі, з пад’езду аднаго з дамоў ля Палаца Барацьбы выйшла жанчына без парасона, у белай, занадта белай сукенцы, з чорным заплечнікам, і рашуча рушыла да прыпынку. На сваім шляху яна не сустрэла ніводнага мужчыны, бо, ясная рэч, усе яны былі або на працы, або на вайне, або ў гаўне. Карацей, рабілі гісторыю.
Жанчына ішла так рашуча, быццам ведала, што дождж неўзабаве скончыцца.
А сукенка была крыху ніжэй калена.
А пад мокрай сукенкай хаваліся цені бялізны, як пражылкі пад тонкай скурай.
І было холадна, і сядзеньні ў тралейбусе былі цьвёрдыя, быццам камень, сьпіны мяккія, як зямля…
Але ў той жанчыны ў белай сукенцы сьпіна была цьвёрдая. Занадта цьвёрдая. Бо на гэтай сьпіне вісеў заплечнік. І кожны, хто дакранаўся да яго – міжволі, выпадкова або наўмысна, бо для чаго яшчэ існуюць тралейбусы – кожны, хто дакранаўся да заплечніка, адчуваў дзіўны холад і цьвёрдасьць. Адчуваў пад тканінай чорны мэтал.
Жанчына з заплечнікам была чымсьці падобная да інсэкты са складзенымі крыламі. Да нейкай белай мухі з чорным верхам. Яна даехала ў тралейбусе да Дому друку, спусьцілася ў мэтро, і вось ужо ахоўнік глядзіць на яе з падазрэньнем, бо надта ўжо цьвёрдай падаецца яе сьпіна ягонаму спрактыкаванаму воку, але яна ўсё далей і далей ад яго, жанчыну ў белай сукенцы зносіць цячэньнем эскалятара, крылы намоклі ад поту, вось яна ўжо ўпырхвае ў вагон, а ахоўнік усё думае, усё разважае, ці не праверыць яе, ці не прымусіць зьняць чорныя крылы, белую сукенку, тонкую скуру і ўсё, што пад ёй. «Что в рюкзаке?» – спытаўся б ён, і яна адказала б: «Белыя калготкі». Ён хацеў бы, каб яна так адказала. Ён баіцца, баіцца і не наважваецца. Тугі, даўгі роздум, быццам гэты дзядзька заржавелы кран адкручвае.
У злым, непрыветным мэтро жанчына прыяжджае на вакзал. На скрыжаваньні стаяць шафёры маршрутак, шукаюць пасажыраў: «Мир, Кореличи, Новогрудок!Мир, Кореличи, Новогрудок!» – гучна паўтарае адзін, быццам выкрыквае першамайскі лёзунг. Але жанчына ідзе далей, да стаянкі.
Там яе ўжо чакае аўтобус. Вельмі важны аўтобус. Экскурсійны аўтобус гэтай гісторыі. На лабавым шкле – рэкляма, што запрашае наведаць нядаўна адрэстаўраваны замак на захадзе краіны. Кіроўца зь цёмнай душой, у кашулі з кароткімі рукавамі, з таннай цыгарэтай у зубах. Трыста тысяч плюс грошы на абед, плюс чаявыя экскурсаводу, які чакае ў тым самым замку. Жанчына ў белай сукенцы зайшла апошняй, неўпрыкмет пераміргнуўшыся з кімсьці, зьняла заплечнік, уладкавала паміж ног, пагладзіла, як сабаку… Воляй лёсу ў гэтым аўтобусе сяджу і я. Вось я апускаю вочы ў кніжку. Нехта чхае. Уключанае на ўсю моц радыё абяцае навальніцу – і па аўтобусе, як яе прадвесьце, праходзіць ледзь чутны незадаволены ўздых.
«В восемь вечера будем дома», – з наўмыснай, перабольшанай ахвотаю адказвае на нечае пытаньне жанчына з турбюро. Яна сядзіць каля кіроўцы і ніяк ня можа нас палічыць. Раз, два, тры, чатыры… Пяць. І спачатку: раз, два, тры…
Яна памыляецца. Мы ўсе памыляемся, пасажыры дурнога, але вельмі важнага аўтобуса, які зьбіраецца выехаць дажджлівай раніцай з шэрай сталіцы. Апрача жанчыны ў белай сукенцы, якая глядзіць проста перад сабой, і ніхто пакуль што не зьвяртае на яе ўвагі. Толькі я – бо даўно пазнаў яе, але ўдаю, што бачу першы раз. Ёсьць жанчыны, якіх лепш ня ведаць.
Тое, што яна тут, не прадвяшчае нічога добрага. Яшчэ ня позна выйсьці, яшчэ ня позна вярнуцца дамоў і ня браць удзелу ва ўсім гэтым. Даць магчымасьць іншымрабіць Гісторыю. Іншым – гэта значыць мужчынам. Іх у аўтобусе хапае. Вось хаця б гэты, на выгляд – іншаземец. Ён падазрона ўзіраецца ў акно. Ён чагосьці баіцца… Аўтобус паволі выбіраецца з натоўпу нэрвовых людзей і мёртвых дамоў. Нібы навобмацак, грузнавата, але ўпэўнена аўтобус выяжджае на шашу. Аўтобус вязе нас у Замак.
Жанчына ў белай сукенцы, зьніадкуль, раптоўна, з майго цёмнага юнацтва… Адзіны знаёмы мне твар. Гэта цяпер я магу расказаць пра кожнага з пасажыраў так падрабязна, быццам яны ўсе былі ў мяне на споведзі. А тады я меў свае пляны. Блышыны рынак у галаве разгортваўся, раскладваў тавар, заляжалыя, смутныя думкі. Як толькі я заняў сваё месца, вакол маёй галавы быццам бы ўтварыўся празрысты шар, і адтуль, з глыбіні гэтай сфэры, я, прыплюшчыўшы вочы, назіраў за пасажырамі, думаючы пра сваё. Але пра мае пляны пазьней. Мы ўсе тады мелі пляны. Але толькі адзін зь іх быў увасоблены ў жыцьцё.
Потым, калі ўсё скончыцца і вінаватыя будуць пакараныя, а героі атрымаюць заслужаныя ўзнагароды і сьціплыя кампэнсацыі, нас пералічаць. Нас палічаць да апошняга, дакладна і строга, і высьветліцца, што адным цудоўным днём у замак, дзе і так хапала народу, увайшло дзевятнаццаць чалавек. А дакладней, дзесяць, бо жанчыны ўсё ж не зусім людзі, ці ня праўда? Але пакуль што яны яшчэ ня выйшлі з аўтобуса, яны яшчэ нясуцца насустрач цёпламу дню, які не прадвяшчае нічога, апрача навальніцы. Самы час прыслухацца да іхных размоваў, пагатоў замак ужо зьявіўся на даляглядзе. Яшчэ хвілін пятнаццаць, і яны будуць на месцы. Жанчыны пераважна маўчаць, мужчыны вядуць нясьпешныя размовы. Пра палітыку, пра культурна-гістарычныя каштоўнасьці, пра жывёлаў, пра грошы і, вядома, пра жанчын. Пра што ж ім яшчэ гаварыць? І пра што маўчаць?
Іх досыць шмат – але ў аўтобусе ёсьць вольныя месцы. Значыць, экскурсія па нядаўна адрэстаўраваным замку не карыстаецца шалёнай папулярнасьцю. Пасажыры круцяцца на сядзеньнях, іх цягне адно да аднаго, але пакуль што праклятая прыстойнасьць не дае ім разьняволіцца да канца. Іх можна параўнаць зь дзецьмі, гэтых людзей, якія вырашылі прысьвяціць свой выходны дзень падарожжу ў Краіну замкаў – патрацілі грошы, няшмат, але патрацілі, перакананыя, што яно таго варта. Яны ўсьміхаюцца, яны яшчэ цнатлівыя, яны яшчэ ня ведаюць, што іх чакае, але ўпэўненыя, што ўсё, усё будзе добра. Што зь іх атрымаецца? Кім яны вырастуць, падняўшыся з сваіх наседжаных пранумараваных месцаў? Кім увойдуць у замак?
Паглядзім.
А лепш паслухаем. Замак усё бліжэй. І радыё ўжо даводзіцца перакрыкваць, бо акурат цяпер на ўвесь аўтобус гучыць бадзёрая кампазыцыя, апрацоўка народнай песьні пра Ганну. Песьні, якую нельга не задушыць, не забіць, а можна толькі даслухаць да канца:
Ой крычала Ганна
Ні позна ні рана
Ой гарэла Ганна
На вачах у пана.
Дурнаватая, калі падумаць песьня. Ня наша. Было ў ёй нешта штучнае, нешта фальшывае. Але яе лічылі народнай, а народнае ня можа быць ні фальшывым, ні дурнаватым.
Запомні гэта, чытачу.