Читать книгу Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 3

2

Оглавление

Гэты кавалак мяса – такі сьвежы й падазрона чырвоны, нібы яго пафарбаваў дзіцёнак – яе муж набыў у нейкай перасоўнай краме побач з гастраномам, адной з тых, якія невядома адкуль прыяжджаюць раніцай і невядома куды дзяюцца апоўдні. Уласна кажучы, Сіманенка быў пасланы ў гастраном па муку, але вярнуўся зь мясам – і такі горды, нібы сам яго ўпаляваў. Яны яшчэ паспрачаліся тады наконт паходжаньня таго кавалка; Сафія была ўпэўненая, што гэта ялавічына, тым часам як муж пераконваў яе, што гэта сьвініна і нішто акрамя сьвініны. Сам факт таго, што муж дакладна ня ведаў, за што ён заплаціў у перасоўнай крамцы, Сафію дужа весяліў, і таму яна асабліва не настойвала на сваім, а вось Сіманенку спрэчка, здаецца, закранула за жывое. Ён сядзеў на кухні ў адных шортах каля адчыненага акна, за акном быў двор, а за дваром – вуліца маршала Маліноўскага (былая Каліноўскага), фіранка за сьпінай мужа рабіла ненавязьлівыя спробы ператварыцца нарэшце ў тогу, і Сафіі рабілася яшчэ весялей.

«Усё таму, што мы адарваліся ад прыроды! – скрушна казаў Сіманенка, крыважэрна ўпіваючыся вялікім і ўказальным пальцам у прышч на голым валасатым калене. – Яшчэ дваццаць гадоў таму любая баба была здольная адрозьніць сьвіньню ад каровы, нават у такім выглядзе! А цяпер? Болей сушаў трэба жэрці! Сурымяў і гэтых, як іх…»

«Васабяў. У сьвініны больш саладжавы пах», – сказала Сафія, падстаўляючы пад кран пальцы.

«Кажу табе, гэта сьвініна! – Сіманенка схапіў кавалачак ужо парэзанага мяса і сьціснуў яго; але ўпэўненасьці ў яго вачах ужо не было. – Паглядзі, які тлушч, ажно сьвеціцца! Ды я чую, як яно рохкае…»

Яна схавала мяса ў лядоўню, а праз два дні дастала і паклала ў місу, каб размарозіць. Але назаўтра (яна й забылася) яны абедалі ў бацькоў Сіманенкі, на наступны дзень Сіманенка раптам заехаў па яе а дванаццатай і запрасіў у рэстарацыю, што было для яе поўным сюрпрызам – яна так і не даведалася, зь якой нагоды яны патрацілі там столькі грошай. Раніцай у яе балела галава, да самага вечара – і Сіманенка варыў сабе пяльмені. Часам Сафія кідала на даўно разьмяклае мяса задуменны позірк, але бацькі Сіманенкі, рэстарацыя, мігрэнь – усё гэта абудзіла ў ёй такую ляноту, што яна адразу ж забывала, што хацела зрабіць. Так яны й дацягнулі да выходных. «Бедны зьвер, мы так і не даведаліся, хто ты, – сказала Сафія, нажом ссоўваючы парэзанае мяса ў сьметніцу. – Вось і скажы мне, дзеля чаго ты загінуў?» Яна ўручыла завязаны пакет Сіманенку, які, гучна ляпаючы тапкамі, патупаў да дзьвярэй, падсунуў да іх свой чаравік, каб не зачыняліся. Успацелая Сафія ў атачэньні раскладзеных вакол строгіх рыб зірнула ў акно кухні. Двор быў пусты і ціхі, як сцэна. Потым там зьявіўся сумны Сіманенка ў тапках, шаркатлівай хадой падышоў да сьметніка і апусьціў туды пакет. Воплескі. Скразьняк. Муж рушыў назад праз двор, узьняў галаву, убачыў Сафію і млява пасьміхнуўся. Яна памахала яму з акна рукой і адвярнулася да сваіх рыбаў. Больш яна яго ніколі ня бачыла.

* * *

Больш за ўсё – нават больш за раптоўнае зьнікненьне мужа – Сафію спалохала яе ўласная рэакцыя на гэтую падзею. Яна нічога не прадпрыняла. Прайшла гадзіна; яна дагатавала рыбу, час ад часу вызіраючы ў двор і чамусьці шторазу натыкаючыся позіркам на знаёмы пакет, які яна толькі што завязала і які ляжаў на самым версе сьметніцы, выставіўшы на сонца свой бліскучы хвосьцік. Скразьняк станавіўся ўсё больш адчувальны. Сафія выключыла газ і працерла пліту. Сафія прычыніла дзьверы й наведала прыбіральню. Сафія бразнула акном, якое звычайна мог зачыніць адно Сіманенка, бо толькі ён ведаў, у які момант і ў якім месцы акну патрэбны, як ён казаў, «асаблівы падыход». Сафія пагартала часопіс і кінула яго на канапу. Міма. Яна нахілілася, каб падняць, і моцна ўдарылася патыліцай аб стол, калі падымалася. За гэта часопіс мусіў забіць ёй муху. Сафія пракралася ў кухню, замерла і каршаком кінулася на сьцяну, распласталася на ёй, малоцячы па шпалерах. Хлапкі прагучалі жаласьліва і так непераканаўча, нібы нехта даверыў немаўляці выбіць у двары самы вялікі дыван. Смачна пахла смажанай рыбай. Яна павячэрала безь Сіманенкі, асьцярожна раздумваючы, куды б ён мог падзецца. Прылегла на канапу безь Сіманенкі, на двары безь Сіманенкі пачало цямнець. Кватэра безь Сіманенкі здавалася ёй чужой; нібыта яна выконвала тут увесь дзень загады невядомых гаспадароў, гатавала, прыбірала, прала, а зараз мусіла забраць ганарар у капэрце, пакінуць на стале ключы і паехаць дадому.

Вядома, тэарэтычна Сіманенка мог кагосьці сустрэць ля пад’езду і кудысьці з гэтым кімсьці пайсьці. Падняцца да суседа, выправіцца ў гаражы, дарма што свайго гаражу яны ня мелі і стайня Іхнай Машыны была на звычайнай агароджанай стаянцы. Ці пайсьці на канал. Але ў тым і рэч, што з вобразам Сіманенкі гэта ўсё мала стасавалася. Сіманенка ну ніяк не пасаваў да гэтае ролі. У тым і рэч, што Сафія цудоўна ведала, што Сіманенка ня мог нікуды пайсьці, не папярэдзіўшы яе, ніводзін сусед ня быў у стане завабіць да сябе Сіманенку, бо хто-хто, а Сафія пастаралася, каб стасункі мужа з суседзямі абодвух палоў былі як стасункі кіроўцы аўтобуса з пасажырамі. Размовы – толькі ў мікрафон ці праз шкляную перагародку, у найлепшым выпадку – праз шчыліну, празь якую можна прасунуць талёнчык. Cафія жыла ў цэнтры гораду, ня ў самым цэнтры, вядома, аднак – «і ад цэзара далёка, і ад в’югі», то бок на прыстойнай адлегласьці ад вакзалу, але і не ў Шабанах. Добры, зялёны раён, ні табе заводаў, ні парадаў, ні рабаваньняў-згвалтаваньняў. Чыстая, цяністая вуліца маршала Маліноўскага. Наўрад ці каму прыйшло ў галаву выкрасьці ў яе Сіманенку, ды яшчэ ў выходны дзень. Кожны зь сяброў ведаў, чым гэта пагражае, ніхто б не наважыўся. А калі б у двары нешта раптам здарылася, Сафія абавязкова б пачула. Акно ж было адчыненае. Больш за тое, яна мела адмысловую інтуіцыю – хто, як не яна, выклікаў тады ўзімку хуткую. Што праўда, выклікала яна яе для сябе – надта ўжо балела галава, але ж хуткая, якая ўжо заяжджала да іх у двор, ледзь не пераехала цётку, што ляжала на дарозе з інфарктам і абмаражэньнем, і, як высьветлілася, гэтым самым уратавала цётцы жыцьцё. Сафія ўпотай ганарылася сваім учынкам.

Але гэтым разам яе інтуіцыя маўчала. Калі зусім сьцямнела, Сафія ўключыла ва ўсіх пакоях сьвятло, накінула швэдар і спусьцілася ўніз. У двары было ціха, раз-пораз, не зьвяртаючы ўвагі на Сафію, міма пад’езду праходзілі цьмяна знаёмыя ёй людзі, людзі з чэргаў, прыпынкаў, вагонаў і бальконаў. Прайшоў паліцэйскі патруль – трое сымпатычных паголеных хлопцаў. Па выходных патрулі праходзілі тут часта, але не затрымліваліся. Пад’ехала таксі, зь якога сталі выгружаць п’янага бацьку сямейства – мамка за татку, дачка за мамку, сынок за дачку, сабака за сынка: не дапамагло, давялося прасіць таксіста. «Мам, а гэта праўда, што хутка ў Шабаны мэтро правядуць?» – спытаў між справаю сын, але мама не адказала. Сафія адвярнулася, пастаяла, павіталася з кімсьці, хто прасьлізнуў міма яе ў пад’езд: сьпіна была шырокая, як у Сіманенкі, але на сьпіне боўтаўся доўгі хвост, перавязаны гумкаю – хлопец з чацьвертага паверху. Кажуць, сатаніст. Бацьку сямейства выгрузілі і пацягнулі ў суседні пад’езд. Апошнім увайшоў сабака, папярэдне агледзеўшы двор і зачыніўшы задняй лапаю дзьверы. Стала ціха. Паўсюль з-за сьценаў гаманілі тэлевізары: хорам. Можа, нешта цікавае паказваюць, падумала Сафія. Вярнулася, зачыніла дзьверы на замок. Сіманенкі дома не было. Яна прайшлася па кватэры, вярнулася ў перадпакой. Правяла рукой па аркушы, які быў прышпілены да сьцяны: яе рукой, чырвоным флямастэрам, там была выведзеная дата: 24 жніўня. Да гэтага дня заставалася яшчэ некалькі месяцаў. Можа, ёй і праўда трэба было паехаць дадому? Да сваіх бацькоў ці да Сіманенкавых. Яна ўключыла тэлевізар, ёй і праўда на момант здалося, што там могуць нешта сказаць наконт Сіманенкавага зьнікненьня. Можа, там зараз на экране зьявіцца й сам Сіманенка, паглядзіць на яе вінавата спадылба і ўсё растлумачыць. Але Сіманенка быў ня з тых, чыя прысутнасьць або непрысутнасьць у сьвеце нешта зьмяняе. Хаця зараз Сафія магла б з гэтым і паспрачацца. Яна разьдзелася, яшчэ раз падышла да акна ў кухні, агледзела двор, а потым легла ва ўмяціну, якая засталася ад Сіманенкі, і ўпершыню за гэты год выспалася.

Назаўтра яе з самай раніцы біла дрыготка, яна яшчэ ніколі такой ня мела; яна адзелася як мага прасьцей і выправілася на стаянку, дзе стаяла Іхная Машына. Стаянка падалася ёй агромністай, нібы незнаёмы горад. У цёмных акулярах, намацваючы ў кішэні не бязь цяжкасьці адшуканыя ёй у Сіманенкавых рэчах ключы, яна прабіралася між чужых аўтамабіляў, кожны зь якіх пры яе набліжэньні курчыў ёй дзіўную пысу; яна пачувалася заблукалай у нейкім гета, дзе ня вельмі любяць адзінокіх дамачак. Часам яе нават клікалі, вясёлыя, грубыя мужчынскія галасы, сьпіна ўздрыгвала, але яна не абарочвалася. Яшчэ загадзя яна вырашыла, што калі машыны ня будзе на месцы, то, значыць, усё вельмі кепска, а калі будзе, то ня ўсё яшчэ страчана і можна жыць далей, жыць з надзеяй. Стаянка, залітая сонцам і бэтонам. Яна была тут толькі аднойчы, даволі даўно, яшчэ да вясельля, і ўжо забылася, дзе дакладна стаіць Іхная Машына. «Чорт, нават спытаць няма ў каго», – падумала яна, спыніўшыся перад шчыльнымі радамі – уладальнікі аўто ўжо разьяжджаліся па сваіх справах, але шэрагі радзейшымі не рабіліся, так іх тут было шмат. Так, адрэсы Іхнай Стайні яна ня ведала. Часам ёй хацелася паклікаць Іхную Машыну – як клічуць бадзячых сабак ці кароў, але Сафія стрымлівалася. А яны стаялі перад ёй, такія безнадзейна аднолькавыя, «як кітайцы», падумала Сафія з роспаччу – калі яна і магла іх адрозьніць, то толькі па колеры: сінія, белыя, чырвоныя, чорныя, цёмна-зялёныя, высакародных мэталічных адценьняў. Ключы ўпалі з кішэні, яна таропка кінулася падымаць – а калі выпрасталася, убачыла яе, убачыла здалёк. Іхная Машына пазнала Сафію і кінулася да яе ўсім сваім ладным, прыземістым целам, сваёй акруглай заднічкай і замілавальнымі бакавымі люстэркамі. Сафія адамкнула дзьверы, села на месца кіроўцы, прамакнула лоб сурвэткаю. Пасядзела трохі, адчуваючы сябе ўсё больш упэўнена. Агледзелася, праверыла тое, што называлася сьмешным словам «бардачок» – у машыне не было ніякіх сьлядоў Сіманенкі. Але сама машына была на месцы і нікуды не зьбіралася ўцякаць. Гэта быў добры знак.

Вярнуўшыся, Сафія трохі паразважала і патэлефанавала ў паліцыю. «Муж зьнік», – сказала яна, цалкам разумеючы ўсю пачварную недарэчнасьць і ўсё глупства гэтых словаў. «Муж прапаў» – як «бялізну скралі». А вы ня вешайце, грамадзянка, бялізну на двары, як калгасьніца. Лепш слухаўку павесьце. На месцы паліцыянта яна б так і сказала. Але Сафія нічога не змагла з сабой зрабіць і, таропка распавядаючы ўсе нешматлікія падрабязнасьці, пачала міжволі дурнавата хіхікаць, што скончылася сапраўдным ровам. Яе, тым ня менш, выслухалі без асаблівага інтарэсу і сказалі абзваніць шпіталі, бо ўсе так робяць. Яна абзваніла, на гэта нечакана спатрэбілася так шмат часу, што, паклаўшы нарэшце слухаўку, Сафія адчувала сябе замардаваным вязьнем каменаломняў. Паабедаўшы, яна зноў набрала паліцыю. Слухаўку ўзяў ужо іншы паліцыянт, больш цярплівы і ветлівы, давялося яму наноў усё тлумачыць, гэты сказаў пачакаць дні тры, бо звычайна акурат тры дні – інкубацыйны пэрыяд бацылы зьнікненьня чалавека, пасьля якога чалавек гэты або сам знаходзіцца, жывы або мёртвы, але найчасьцей усё ж жывы, брудны, п’яны і з пахам якойнебудзь блядзі. Або не знаходзіцца, і тады ўжо яго можна пачынаць шукаць: задзейнічаць усе каналы, рассылаць сьпісы прыкметаў, апытваць грамадзян, шукаць у базах, вынюхваць, езьдзіць на апазнаньні і пісаць у «Чакай мяне». А чаму тры дні? Чаму не чатыры, чаму ня два, ня шэсьць з паловай – хацелася спытаць Сафіі? Што за магічны рэалізм, што за паліцэйская кабала? А як я буду акно зачыняць на кухні? Тады дашліце мне кагосьці, хто ведае «асаблівы падыход», хацелася сказаць ёй, але яна зрабіла выгляд, што супакоілася, паабяцала патэлефанаваць праз тры дні, калі «бялізна» ня знойдзецца, разьвіталася і паклала слухаўку, пачуўшы перад гэтым на тым канцы проваду шчыры, з прысмакам дэзадаранту мужчынскі сьмех.

Яна адшукала сярод мужавых рэчаў ягоную банкаўскую картку, сінюю з залатым надпісам «Symanienka», бо ейная, на якой усё яшчэ стаяла «Ziablik», была ўжо даўно проста кавалкам плястмасы. Аскепкам той дзіўнай пары, калі яна яшчэ працавала – «як конь», дадавала яна чамусьці кожны раз, калі прыгадвала тую эпоху, хаця праца была зусім няцяжкая. «О» ў гэтым кароткім слове ў яе зь невядомай прычыны заўжды станавілася дыфтонгам; напэўна, недзе ў падсьвядомасьці Сафіі гэта мусіла падкрэсьліваць адмысловую конскасьць працы. Схадзіла да банкамата і зьняла амаль усё, што было на рахунку, на ўсялякі выпадак. Калі вярнулася і села ў кухні ля акна, адкрыўшы куплены ёгурт і прагна паглынаючы яго сталовай лыжкай, то першым, што кінулася ёй у вочы, стала адсутнасьць сьмецьця ў кантэйнэры, да якога ўвечары яна выправіла свайго мужа. Нібы нехта замёў сьляды. Мусіць, пакуль яе не было, прыяжджала машына і забрала ўсё сьмецьце. Гэта ж відавочны факт, папярхнулася яна – і ўсё ж ёй стала яшчэ больш не па сабе. Відаць, яна яго ўсё ж кахала. Як дзіўна, сказала сабе Сафія, пры чым тут гэта.

Яе вялікі, недалёкі і сьветлы, як раённая паліклініка, муж Сіманенка быў чалавек добры… Шчыры… Што яшчэ? Вялікі, недалёкі, сьветлы (у сэньсе бляндын), добры, шчыры… Вялікі – у сэньсе такі мядзьведзь. Недалёкі, так – мог вось, напрыклад, узяць сканворд і не адгадаць за вечар ніводнага слова. Патэлефанаваў ёй неяк і дурным, радасным голасам паведаміў, што іхнага начальніка пасадзілі за хабар. Нібыта новы браць ня будзе. Купляў лятарэйкі. Шчыра верыў, што сяброўка Сафіі Вера, якая працавала ў бардэлі ў турэцкім Карсе, спэцыялізуецца выключна на танцах. Хаця тая як ужо толькі ні зьдзеквалася зь беднага Сіманенкі, апісваючы свой нудны job. Забываў рэшту ў краме. І гэтая гісторыя зь мясам… Як гэта ён яшчэ каніны не прыцягнуў. Куонь. Куонская каўбаса. Вось гэта што – гэта недалёкасьць ці няўважлівасьць? Ці проста тупасьць? Сафія адчыніла акно і ўтаропілася на пусты кантэйнэр для сьмецьця. Яна раптам раззлавалася на мужа так, што вырашыла чагосьці выпіць. Наліла сабе віна, хаця й ведала, што будзе балець галава. Пасьля віна зьнікненьне Сіманенкі стала падавацца ёй добра сплянаванай акцыяй, накіраванай супраць яе, Сафіі. Спробай пазьбегнуць адказнасьці – тыпова мужчынскім дзеяньнем, якое, на думку мужчын, ураўнаважваецца прынесеным імі мясам. Мясам невядомага паходжаньня. Кім была сплянаваная акцыя? Ды ім, зьніклым Сіманенкам. Сафія хрыпата рохкнула. Думка пра тое, што Сіманенка мог нешта сплянаваць, ды яшчэ ажыцьцявіць сплянаванае, падалася ёй бязглуздай. Але, нібы ў пацьверджаньне гэтай вэрсіі, пайшоў дождж, паліў на пусты, як сцэна, двор, у спарожнены кантэйнэр для сьмецьця, у выстаўлены на падваконьне келіх, у душу Сафіі. Ад дажджу лысеюць. Яна прыбрала келіх і паспрабавала зачыніць акно, але асаблівага падыходу Сафіі акно не прызнавала, таму яна паклала на падваконьне ангельскі слоўнік, прыціснуўшы ім раму. Праз шчыліну былі чуваць нейкія сырэны. Сырэны, сырыя старонкі, саркастычныя позіркі. Сафія ссунула фіранкі і села на стол. Пазванілі зь Сіманенкавай працы, спыталі, дзе ён. «Захварэў», – адрывіста сказала Сафія і кінула слухаўку. Дзе ён падзеўся. Дзе. Вядома ж, гэта магла быць і баба. Якая можа адрозьніць карову ад сьвіньні. Нават у такім выглядзе. Характарыстыка. Чаму ў гэтым слове так і чуецца нейкае харканьне? На грамадзяніна Сіманенку. Вялікі, недалёкі, сьветлы (у сэньсе бляндын). Добры, шчыры. Няўважлівы. Няздарны. Тупы. Зьніклы. Гад. Скрадзены (закрэсьлена). Каханы. Мядзьведзь. Конь. Куонь. Муж. Прафэсія. Што яшчэ? Майстар на ўсе рукі. Ну, можна сказаць, усьміхнулася Сафія. Яе, здаецца, трохі адпусьціла.

На ўсе рукі. А рук у Сіманенкі было шмат. Адна рука абдымала Сафію перад фотакамэрай, а другая рука лезла Сафіі ў станік (ён казаў, гэта яго супакойвае, а Сафія чытала, што дотык да жаночых грудзей падаўжае мужчынам жыцьцё – вось і падоўжыла), а трэцяя рука ведала асаблівы падыход да акна на кухні, а чацьвертая рука ведала асаблівы падыход да Сафіінай дзірачкі. Пазаймаемся сафістыкай – так ён гэта называў. А пятая рука кіравала машынай, а шостая рука прадавала тавары, якія ніхто не хацеў купляць, а ўсё ж куплялі, і нават пераплачвалі, а сёмая рука прыносіла мяса, а восьмая прыбівала, гудзела, сьвідравала і клеіла, а дзявятая рука трымала кніжку і пульт ад тэлевізара, а дзясятая рука падымалася, галасуючы, а адзінаццатая і дванаццатая часам апускаліся, і Сафіі трэба было пакутліва шукаць нейкія словы, каб іх падбадзёрыць. Ненавісныя моманты. Падбадзёрваць не ўваходзіла ў сьпіс яе талентаў. А трынаццатая рука несла пакет са сьмецьцем. І Сафіі, самотнай Сафіі на кухні з мокрым падваконьнем, Сафіі зь сякерай на каленях трэба было добра падумаць, якую руку адсекчы першай, калі Сіманенка ў рэшце рэшт вернецца.

Якое ён меў права зьнікнуць? – бясьсільна думала Сафія, і перад ёй выразна паўставаў вобраз пачка цыгарэт, схаванага за кнігамі. Яшчэ ўвосень, напісаўшы на аркушы чырвоным флямастэрам «24 жніўня», яна кінула паліць, пачаўшы такім чынам падрыхтоўку да гэтай важнай даты. Часам усё ж, прыкінуўшы меркаваную працягласьць Сіманенкавай адсутнасьці й аб’ём ягонай сёньняшняй занятасьці, яна дазваляла сабе цыгарэту-другую на бальконе, але не злоўжывала. Усе яе недапалкі дагэтуль ляжалі ў траве пад бальконам, яна бачыла іх кожны дзень, паліваючы кветкі, магла паказаць кожны на сьледчым экспэрымэнце, але Сіманенка ні пра што не здагадваўся. А тут наогул незразумела, ці мае яшчэ дзень 24 жніўня нейкі сэнс і з кім яна яго сустрэне. І ў якім выглядзе. Можа, у жалобнай сукенцы. Зрэшты, нават такое разьвіцьцё падзей не вызваляла б Сіманенку ад адказнасьці. Зьнікаюць яны, панімаеш, на сьмерць намякаюць. Муж адной знаёмай галадоўку абвясьціў, невядома зь якой прычыны. Знаёмая казала, нібы з-за палітыкі. Сафія зь цяжкасьцю магла ўявіць сабе чалавека, здольнага адмовіцца ад ежы дзеля палітыкі. А калі і магла, вобраз гэты не выклікаў у ёй нічога, апрача пагарды. Два тыдні муж знаёмай сядзеў на кухні, піў ваду, курыў, здымаў сябе вэб-камэрай і матам лаяўся на ўладу. Потым месяц ляжаў у шпіталі з атручаньнем. Бо ў першы дзень наліў ваду ў слоік, зь яго й піў, а слоік быў брудны, у ім нават знайшлі нейкую кішэчную палачку. Ад кішак не ўцячэш, нават калі захочаш, думала Сафія, з асалодаю закурваючы. Зноў жа – яна прыцягнула на балькон крэсла – рэч у адказнасьці. Калі маеш жонку і дзяцей, мусіш сам жэрці і іх карміць. А не галадаць і не зьнікаць ля сьмецьцевых кантэйнэраў. Можа, і добра, што краіна ў моцных руках. Каб на адказнасьць не забываліся.

На шчасьце, Сіманенка быў ня схільны да галаданьня. Бязь мяса ён бы на другі дзень падох. Колькі яна ні старалася паўплываць на яго – Сіманенка жэр, абрастаў тлушчам, сьвяціўся. Яна ажно пачула, як ён рохкае ў спальні. Нечакана ёй стала шкада беднага Сіманенку, які блукаў цяпер недзе па сьвеце, ня маючы ні кавалка мяса, у адных тапках, яна ўявіла, як ён баязьліва стаіць каля нейкай перасоўнай крамкі, робячы выгляд, што прыцэньваецца, як яго, такога вялікага, схуднелага, недалёкага, адцірае злая чарга, а ён выцягвае над ёй сьветлую віхрастую галаву, маркотна любуючыся недаступнай канінай.

Яна набрала Верку. Капсама аланы, як заўсёды. А Вярок, відаць, працуе. Ёсьць плюс у яе працы – у яе кожны дзень мужыкі зьнікаюць, і ніхто не бядуе, падумала Сафія. Яна дакурыла, села перад тэлефонам, пачала глядзець на яго так засяроджана, што нават калі б ён быў фэнам або пыласосам, усё адно абавязкова зазваніў бы. Але было ціха, так ціха, як ніколі не было яшчэ ў жыцьці Сафіі. Трэба было дзейнічаць. Яна набрала Сіманенкавага сябра і распавяла яму, запінаючыся, што здарылася.

«Не, ня ведаю, – сказаў сябра Сіманенкі. – Ты ў паліцыю тэлефанавала?»

«Сказалі, калі праз тры дні ня вернецца, будуць шукаць, – адказала Сафія спакойна. – …І галоўнае – у адных тапках. Ты падумай, можа, ён табе гаварыў што надоечы? Ну там, пра мяне, і наогул… Там, маўляў, дастала ўсё, не магу больш?»

«Не, Сафія, – сказаў сябра Сіманенкі. – Нічога такога. Ні пра цябе, ні пра дастала».

«Вось падонак, – сказала Сафія і чыхнула. – Нават пра мяне – і ні слова. А ты ня хлусіш мне, Вова?»

«Што ты, – сябра Сіманенкі засьмяяўся, і сьмех гэты выразна засьведчыў, што хлусіць ён часта, шматслоўна, брудна і ня толькі начальніку. – Сафія, табе можа дапамога трэба? Дык я прыеду ўвечары».

«А асаблівы падыход ты ведаеш?» – спытала Сафія тужліва.

«Што? Які падыход? Да чаго? – голас сябра зрабіўся адразу вышэйшы на актаву. – Я да ўсяго падыходы ведаю, – засьмяяўся ён з палёгкай праз імгненьне. – Не сумнявайся. Зьбіла з толку… Дык як?»

«Не, дзякуй, усё ў норме», – сказала Сафія і паклала слухаўку.

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення

Подняться наверх