Читать книгу Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 7

6

Оглавление

На парозе стаяў Сіманенка.

Схуднелы, сур’ёзны, з заўважна паразумнелымі вачыма, няголены, паміж расстаўленых ног – заплечнік, у руцэ – гвазьдзікоў букет, сам – пасівелы брунэт. То бок, не Сіманенка, вядома ж, але нехта дужа падобны. Сафія нацягнула на плячо шлейку камбінацыі, заміргала, закрываючы рукой грудзі, зморшчылася, пазяхнула і прыгадала.

(…«Мы, канечне, патэлефанавалі яму, ён, канечне, прыедзе, – хутка казала сьвякруха, чымсьці пазвоньваючы – ці то чайнай лыжачкай, ці то ключамі ад сьвёкравага сэрца. – Самалётам. Канечне, пажыве ў цябе. Так мы вырашылі. Табе адной, канечне, нельга заставацца ў такі час. Вядома, дапаможа табе, пакуль ня вернецца твой…»

Тут сьвякруха закалацілася ў плачы, і звон зрабіўся бесьперапынны. А за кватэру хто плаціў? Сіманенка. Яна пасьпела прыкінуць: грошай, заробленых Сіманенкам, ёй мусіла хапіць амаль на год – калі жыць сьціпла, эканомячы на ўсім, чым можна. Таму Сафіі нічога не заставалася, як безь пярэчаньняў прыняць гэты пазаўчорашні ультыматум сьвякрухі. Яна купіла таго-сяго, думаючы, што госьць, а пагатоў – госьць-жылец ёсьць зьяваю непрадказальнай і ўсё адно чагосьці ня хопіць, давядзецца зноў думаць за дваіх, гатаваць на дваіх, улічваць прысутнасьць, не расслабляцца і, напэўна, зноў часам гаварыць што прынята, а ня тое, што мае значэньне. Але I will survive, вырашыла яна, мо гэта і да лепшага…)

«Данілка, – сказала яна, шырока і ласкава ўсьміхнуўшыся. – Заходзь, чаго стаіш? Сказалі, ты ўвечары прылятаеш, я не чакала так рана».

«Здароўкі, сталіца Баўгарыі», – прамовіў ён хутка і кінуўся ёй у ногі —разувацца.

Калі яна два гады таму ўпершыню пачула, як завуць мужавага малодшага брата, то ўявіла сабе нешта такое вялікае, няўклюднае, румянае, яшчэ больш сіманенкавае за самога Сіманенку. Высьветлілася, што ўсё ня так, што брат у Сіманенкі хударлявы, маўклівы, з вострым падбародзьдзем і з вачыма такімі сумнымі і цяжкімі, што Сафія пазьбягала ў іх глядзець. Здаецца, ён быў на нешта хворы, на што, яна ўжо забыла, а пытацца ў сьвякрухі не хацелася. Яна, па праўдзе, бачыла яго толькі двойчы – на вясельлі, дзе яны адразу ж адно адному спадабаліся і хадзілі курыць за пункт прыёму шклатары – побач была кавярня, дзе Сіманенка, шчасьліва лыпаючы вачыма, прымаў бясконцыя віншаваньні і інструкцыі па карыстаньні маладой жонкай, і мясцовыя сінюгі займалі адначасова чаргу і ў пункце, і на выхадзе з кавярні, у надзеі, што ім нешта перападзе. Яшчэ быў юбілей сьвёкра, праз пару месяцаў, і Даніла тады таксама прыляцеў, праўда, тады ў іх пагаварыць так і не атрымалася, бо гэтым разам Сіманенка ад яе не адыходзіў, і неяк так усё й прайшло скамечана, як ні пра што, і Сафія бачыла, што Даніла кідае на яе цяжкія, тужлівыя позіркі – а потым яны разьвіталіся каля таксі, і ахмялелы Сіманенка доўга ціскаў брата, так што яна з Данілам і разьвітацца як сьлед не пасьпела. І вось ён стаіць перад ёй, пахнучы ўсялякімі правізорыюмамі: залямі чаканьня, гатэлямі, гостэламі, цягнікамі, таксі, мытнямі, нясьвежай вопраткай, невядома адкуль, невядома чым займаецца, невядома што будзе тут рабіць і невядома як яшчэ да яе паставіцца. Пакуль што па яго твары нічога нельга было сказаць.

Яны разам пасьнедалі, папілі кавы на бальконе, яна асьцярожна параспытвала, што ў яго і як, і зноў нічога не зразумела: тое, чым ён жыў, было неспасьцігальным, цьмяным, бясконца ад яе далёкім, такім чужым, як аскепак мэтэарыта ў супе, а гаварыў Даніла цяжка, марудна, так сьцісла, што Сафіі здавалася, ён кожны раз хоча заціснуць у два кароткія словы тысячу розных сэнсаў, ды так, каб яна потым тыдзень разгадвала, што ён насамрэч меў на ўвазе.

«Ты будзеш спаць у залі», – сказала яна, кладучы на канапу бялізну. Навошта яна гэта сказала, і так жа ясна, дзе ж яму яшчэ спаць, не на кухні ж – хаця і там часам клалі лішніх гасьцей, але выпадак быў ня той. Ён паставіў каля канапы заплечнік, расшпіліў яго, аддаў Сафіі розную абавязковую чакалядную хрэнь, пайшоў у душ. Яна стаяла сярод пустой залі, адчуваючы сапраўдную роспач. Адзінадзіны заплечнік і стос бялізны ўмомант зьнішчылі ўсю ўтульнасьць, увесь парадак, усю гармонію пакою і наогул цэлай кватэры, якія яна так старанна падтрымлівала. Ілюзія, што яна, Сафія, проста чакае мужа, які паехаў у камандзіроўку – недалёка, хутчэй у Магілёў, чым у Манголію – сканала так імкліва, што Сафіі стала холадна і страшна. Варта было прыехаць Данілу, як яна ўпершыню адчула сябе той, кім яна была ўжо тыдзень – жонкай, у якой прапаў муж. Душ за сьцяной шумеў, як безнадзейны дождж, асаблівага падыходу ніхто ня ведаў, і чым далей Сафія глядзела на недарэчны заплечнік, тым больш разумела, што гэта, напэўна, ужо назаўсёды, што яна застанецца адна і яе далейшае жыцьцё, відаць, будзе такое самае – суцэльны правізорыюм: зьнятыя на пару месяцаў маленькія кватэры бяз мэблі, вымушаныя пераезды да маці ў безграшовы час, нязручныя начоўкі ў сябровак, такіх самых, як яна, ды, часам, гатэльныя нумары, зь якіх яна будзе выскокваць шэрым досьвіткам, звыкла дакараючы сябе за мінулую ноч.

«У-у-у, – ціха завыла Сафія. – У-у-у». І нечакана ён стала лягчэй.

«Скажы, – спытаў ён увечары, калі яны пілі віно ў кухні і закусвалі нейкім цягучым, клейкім печывам. – Як ты сама лічыш, што зь ім магло здарыцца? Толькі праўду. Без увагі на яе колер».

«Я ня ведаю, – сказала Сафія, спахмурнеўшы. – Я праўда ня ведаю, што табе сказаць».

«Проста так ніхто не зьнікае, – пераканана прамовіў Даніла. – Ты ведаеш яго лепш за ўсіх. Нават за мяне. Ён…»

Даніла заплюшчыў вочы, сьціснуў зубы, перагнуўся напалам, затушыў навобмацак цыгарэту. Адсунуў Сафію рукой – яна кінулася дапамагчы, хаця й не разумела, што зь ім. Выпрастаўся, махнуў, усьміхнуўся.

«Ужо ўсё добра, – сказаў ён. – Бывае. Нельга было так жэрці пасьля двухдзённага посту. Скажы: ён мог перабегчы камусьці дарогу?»

«У сэньсе?» – Сафія зірнула на яго зь недаверам.

«Таму, хто на самым версе. Ці таму, хто думае, што ён на самым версе».

«Я цябе не разумею, – сказала Сафія з жахам. – Патлумач, што ў цябе за дзікія ідэі».

«Сафійка, у гэтай краіне зьнікаюць людзі. Палітыкі, журналісты…»

«Праўда? – яна ўдала такое зьдзіўленьне, што на імгненьне ў вачох Данілы мільганула нянавісьць. – Я думала, Сіманенка адзін такі. Я чытала, у краіне трыста чалавек за год зьнікае. І дзьвесьце дзевяноста дзевяць знаходзяцца праз тры дні. У якойсьці блядзіны ў Шабанах. Палітыкі, журналісты… Дык Сіманенка не палітык, дзякуй табе божа, і не журналіст. Уяўляю сабе Сіманенку, які піша перадавіцу. Ці Сіманенку-дэпутата. Не, я б і ня выйшла за яго, калі б ён нейкім канцом да палітыкі быў прычэплены… Мне спакой трэба, Данілка. Мне ня трэба, каб лепш, чым у другіх. Мне трэба каб ня горш. Толькі так можа быць спакойна. А палітыка, журналісты… А якія гэта ў нас палітыкі-журналісты зьніклі? Я нешта прапусьціла».

«Падумай, – прамовіў Даніла, зірнуўшы на яе так пранізьліва, што яна адвярнулася, ужо ўпэўненая, што гэтае супольнае пражываньне ёй яшчэ вылезе бокам. – Можа стацца, што мой брат раней і праўда нічым такім не цікавіўся… А потым сал! бэн! рош! – і зацікавіўся. Людзі часам празраюць, ведаеш. Вочы адплюшчваюцца».

«Ды ён гэтых палітыкаў ненавідзеў! – сказала Сафія і пастаралася зірнуць яму ў вочы як мага глыбей. – Ён такі законапаслухмяны быў, ты сабе не ўяўляеш. Казаў: я б ім языкі паабсякаў, каб не бурылі тое, што самі не будавалі. Я зь яго нават зьдзекавалася часам: халуй ты, кажу, Сіманенка, натура ў цябе – як у слугі. А ён: так, я халуй, а ты жонка халуя, на халуях сьвет трымаецца… Што ты тут запярэчыш…»

Прыгадаўшы гэта, Сафія міжволі дала сябе апанаваць успамінам, у якіх Сіманенка з уласьцівым вечару панядзелка смакам еў смажаныя рэбры, глядзеў тэлевізар і жаваў слова халуй зь нейкай асалодай, як халву. Халва са смажанымі рэбрамі – вось і ўвесь Сіманенка. Гэта было перад гадавінай іхнага вясельля. Яны тады слаўна патрахаліся. У яго герпес быў на губе. А назаўтра, калі ён адвозіў яе да доктара, яны трапілі ў аварыю. У маленькую такую аварыю. Сіманенка адразу прызнаў сябе вінаватым, заплаціў. Вярнуўшыся ў машыну, выглядаў злым, але Сафія бачыла – ён быў рады спакою. І яна яго зразумела. Не наканавана Сіманенку было загінуць у месяц нісан ад вузкавокага нісана, а ад чаго наканавана – ведаюць толькі яго шэрыя тапкі.

«Слухай, а што гэта ты сказаў толькі што: салбэнрош? Гэта па-якому?»

«Я? Ня памятаю, – Даніла глядзеў напружана ў цёмны двор і піў вялікімі глыткамі віно. – Халуй. Калі сем пакаленьняў продкаў былі рабамі, прыгоннымі, слугамі ды лёкаямі, як гэта зь сябе адразу выціснуць? А калі і выціскаць ня хочацца? Уяві сабе Расею пасьля сямнаццатага году – уся старая сыстэма абвальваецца, і тыя, хто яшчэ ўчора быў слугамі, хто стагодзьдзямі быў слугамі, раптам абвяшчаюцца гаспадарамі. Усё перакручваецца, бы ў люстэрку…»

Яшчэ ня верачы свайму носу, Сафія раптам адчула, як у паветры кухні зьявіўся едкі пах страўнікавых газаў. Яна ня чула гуку – і тым ня менш пах быў. Свойскі, хатні, нібы яна купіла сёньня ў заакраме нейкую жывёлу і пасяліла яе тут, на кухні. Сіманенка рабіў гэтаксама – нячутна, нічым не выдаючы сябе, Сафія ніколі не прызнавалася, што нешта такое адчула, гэта быў пах жыцьця – непрыемны, але такі натуральны. Напэўна, так будзе зь дзецьмі. Яна не павінна была пра гэта ўсё думаць у такі момант – але ж вось думала, і чым больш думала, тым мацней засяроджвалася на гэтым паху, які падказваў ёй, што яна не адна, і што Сіманенка патрэбны ня толькі ёй, але й камусьці яшчэ, Сіманенка стаў знакам, якому нарэшце надалі значэньне, «Сіманенка» значыла яна сама плюс некалькі асобаў, заключаных у крэўныя, крывавыя дужкі, і, магчыма, мінус зьмяняў бы значэньне Сіманенкі, ягонае аблічча, ягоны вобраз; але той Сіманенка, якога яна ведала, існаваў толькі як сума пэўных складнікаў, адсутнасьць аднаго зь якіх непазьбежна азначала б ягоную гібель.

«Раб, які атрымаў свабоду, ніколі ня зможа выхаваць сваіх дзяцей вольнымі людзьмі – у найлепшым разе рабамі, якія атрымалі свабоду, – сказаў Даніла, наліваючы ёй яшчэ віна. – Разумееш? Мы ўсе – унукі слуг, праўнукі рабоў… Я ўцёк ад халуйства – але ці перастаў быць халуём? Кожны дзень я ратую ў сабе халуя, ратую, спрабуючы забіць… Душу яго – і ў апошні момант ратую. Бо калі забіць халуя ў сабе – ці шмат застанецца? Ці дастаткова шмат, каб жыць далей?»

«У цябе жывот баліць?» – спытала Сафія. Ёй стала непрыемна, што такі нешматслоўны Даніла гаварыў цяпер амаль без супыну.

«Не, не, – заматляў галавой брат Сіманенкі. – Распавядзі мне, што ён быў за чалавек? Мы рэдка бачыліся».

«Ён быў вялікі, недалёкі і добры».

«Як харчовы рынак», – засьмяяўся змрочна Даніла.

«Ведаеш, я думаю, ён кахаў мяне».

«Не сумняваюся, – сказаў Даніла. Бутэлька перад ім ужо была пустая. – Але што яму было даспадобы? Чым ён цікавіўся? Чым дыхаў?»

«Пажэрці любіў, – сказала Сафія і ўтульна паставіла ногі на крэсла, утаропілася ў акно, пастукваючы па калене пустым келіхам. – Дыхаў… Чым давалі, тым і дыхаў. Непераборлівы быў, ведаеш. Да пэўнай ступені. Такое адчуваньне, што сам зьдзіўляўся, як гэта ён мае ўсё, што… што мае. Мяне часам зьдзіўляла, што ён… Як гэта сказаць… Ведаеш: кажу, Сіманенка, хадзем у тэатар. О, кажа, хадзем, няма праблем. Пасьля спэктаклю пытаюся: спадабалася? Вельмі, кажа. Можа, кажу, не спадабалася? Не, кажа, файна. Можа, кажу, у кіно. Выдатна, у кіно. Пытаюся: ну як фільм. Файна. А што табе, Сіманенка, больш спадабалася: спэктакль ці фільм? А ён глядзіць на мяне так… Не магу апісаць. Не разумее, што я ад яго хачу. І пры гэтым радасны такі, напраўду. То бок на выставу котак – клясна, на народныя зімбабвійскія танцы – цудоўна, на баі бяз правіл – файна, так бы ён сказаў, я ўпэўненая. І пры гэтым: гатовы спрачацца з-за лухты, з-за мяса, з-за адной літары, з-за таго, на чым ехаць да сьвякрухі – на машыне, на мэтро, на таксі ці на аўтобусе…»

«Ясна. Ну, гэта нам мала што дае, – сказаў Даніла. – Цяпер мне здаецца, што ён быў такі заўсёды. Заўсёды…»

«А ты зьмяніўся, Даніла».

«Я? У які гэта бок? – ён непрыемна засьмяяўся. – Спадзяюся, у лепшы?»

Зімна было ў кухні, накурана, брудна, смуродна і зімна. Нібыта Сафія з Данілам прабіраліся ўвесь дзень праз завалы, руіны і трупы, бязладна фатаграфуючы канец сьвету, а потым вырашылі пераначаваць у нейкім закінутым доме.

* * *

Як ні старалася Сафія падняцца раней за Данілу, нічога ў яе ня выйшла. На кухні яе чакаў сьняданак – настолькі ж кранальны, наколькі агідны, Сафія не любіла сьнедаць, зьядала звычайна ёгурт і выпівала кубак кавы, а тут – нейкія астылыя перасмажаныя тосты, тлустая шынка, салодкае масла, вадзяністы джэм, мокры агурок, яйка, шкарлупіньне якога здымалася разам з усім зьмесьцівам, так што ў выніку ў руках заставаліся толькі крышкі зеленаватага бялку. «Я думаў, ты раней прачнешся», – сказаў Даніла, які пахнуў таннай кавай, і вінавата аблізаў ліпкія пальцы.

«Я з табой растаўсьцею, зьяжджай хутчэй».

Даніла папярхнуўся. Сафія ўсьміхнулася ўбок, упіхнула ў сябе тост і пайшла ў душ. У ваньне яна адразу заўважыла чорныя, кучаравыя мужчынскія валасы, размашыста прыліплыя да сьценак, нібыта нехта пакінуў на белым аркушы ванны аўтограф. «Госьці ўжо тут, Сіманенка, – прашаптала Сафія, стоячы пад прахалодным душам. – Ты хутка?» У ванным пакоі было так нязвычна душна, нібыта нехта стаяў тут і наўмысна з усяе моцы дыхаў, дыхаў, дыхаў. Пахла мужчынскім дэзадарантам, не Сіманенкавым, такім востра чужым, якім бывае пах з адчыненых дзьвярэй чужой кватэры, міма якіх праходзіш, спускаючыся ў двор. Яна адсунула фіранку. Ванны пакой, які дагэтуль быццам бы ехаў кудысьці, зараз спыніўся. Сафія выйшла – адна ў незнаёмым месцы, бяз пляну, бяз грошай, бязь вернага сябра, толькі мінакі і паліцэйскія вакол; ці можна на іх спадзявацца?

За гэтую ноч яны сталі адно адному неяк бліжэйшымі. Прынамсі, прачнуўшыся раніцай, Сафія зь нейкім дзіўным задавальненьнем падумала, што яна ў кватэры не адна, і вырашыла, што часам сьвякруха здольная прымаць разумныя рашэньні. Так ці інакш, прысутнасьць побач Данілы дапаможа ёй трымаць сябе ў руках. Не расслабляцца, сачыць за сабой, не дазваляць сабе гістэрык, жыць так, як павінен жыць чалавек, які чакае, проста – жыць.

«Табе, напэўна, праць шмат што трэба?» – спытала яна, і Даніла, нібыта даўно чакаў гэтага пытаньня, імгненна нахіліўся і з палёгкай сунуў ёй, трохі агаломшанай, вялікі пакет. Яна стала сартаваць ягоную бялізну, даведаўшыся пра некаторыя рэчы, датычныя Данілавага жыцьця: пра няведаньне ім сваіх памераў, пра самотныя ночы, пра бездапаможную эканомію, то бок любоў да таннае сынтэтыкі, пра мазалі, пра тое, што часам брат яе мужа ходзіць у шкарпэтках па нейкіх мурашніках, пра…

«У цябе… – яна прыйшла ў перадпакой, дзе ён абуваўся. – У цябе на правай… Не, на левай назе няма пальца. Вялікага».

Сафія была такая разгубленая, амаль вінаватая, нібыта гэта яна спрычынілася да страты таго пальца.

«Адкуль ты ведаеш?» – ён выпрастаўся.

Сафія моўчкі паказала яму ягоную шкарпэтку. Даніла агледзеў яе, абнюхаў, засьмяяўся.

«На нагу неяк адна рэч упала. Вялікая рэч. Цяжкая».

«Тэлевізар? Лядоўня?»

«Горш. Статуя».

«Што ж ты зь ёй рабіў?»

«Нічога асаблівага. Ну, я пайшоў?»

Разважаючы, што можна рабіць са статуямі, Сафія прыйшла да высновы, што там, за мяжою, Даніла працаваў грузчыкам. Ну, можа, не заўсёды, можа, падпрацоўваў – значыць, ня надта весела яму там жывецца. Яна вымыла падлогу ў кухні, разагнулася – і ўбачыла Данілу, які стаяў пасярод двара – там, каля кантэйнэра са сьмецьцем, таго самага кантэйнэра. Яна была ўпэўнена, што Даніла цяпер едзе ў мэтро, едзе кудысьці, дзе можна знайсьці хаця б нешта: зачэпку, дапамогу, грошы, сьляды, нешта, што засталося ад Сіманенкі, не магло ж ад яго нічога не застацца. Ёй раптам стала ясна, што ніякага пляну ў Данілы пакуль што няма, яна зразумела, штó ён робіць там, у двары, замершы ля сьметніку, ёй і самой часам карцела зрабіць гэта – стаць там, агледзецца, чакаючы, што знаходжаньне ў гэтым месцы само па сабе нешта падкажа. Але яна ведала, што падказак там ніякіх не было. І ёй не хацелася, каб суседзі бачылі такую бясьсільнасьць, бо што гэта, калі не бясьсільнасьць – прыходзіць на месца зьнікненьня і бязмэтна стаяць там; гэта тое самае, што наведваць пустую магілу. Ёй не хацелася шкадаваньня. Ёй хацелася гаварыць пра Сіманенку – гаварыць доўга, падрабязна, злосна, і чуць, як пра яго гавораць іншыя.

Ну што, што ён мог там убачыць? Ён пераступае з нагі на нагу, ён закурвае, ён думае, што ніхто не зьвяртае на яго ўвагі. Ён падобны да яшчэ не зусім зламанага лёсам бадзягі, які чакае зручнага моманту, каб пакорпацца ў сьметніцы. Даніла абводзіў вачыма навакольле, але навакольля не існавала – двор быў заціснуты між чатырох дамоў, паміж якімі былі вузкія заасфальтаваныя праходы. Палову двара займала дзіцячая пляцоўка, на якой дзяцей трэба было прымушаць гуляць – там рэдка хто лазіў, бо і лазіць асабліва не было па чым. Пэнсіянэры вадзілі ўнукаў да школы, дзе магчымасьцяў зламаць сабе шыю было непараўнальна больш. Потым быў лапік зямлі са штангамі ў выглядзе літары «т», на якіх калісьці, а раз-пораз і цяпер выбівалі дываны і сушылі рэчы, якіх не шкада – Сафія зрэдку думала пра тое, што была б яна дзіцём, гуляла б тут у Дастаеўскага. За імі быў абгрызены дажджамі і часам ходнік, на выступе якога і стаялі тыя кантэйнэры для сьмецьця, потым шэры, залатаны асфальт, па якім езьдзілі машыны і часам праходзілі, пазяхаючы, маладыя паліцэйскія, трое, часам двое, курачы, ліжучы марозіва, паглядваючы на бальконы ў пошуку млявых васьміклясьніц? Потым зноў ходнік, і – пад’езды… Іхныя норы, якія лепш было не пакідаць на доўгі час без гаспадароў. Таму народ бегаў, сьпяшаўся, злуючыся на тых, хто загароджваў выхады з гэтага двара. Налева пойдзеш – выйдзеш да крамы, банку, мэтро. Гэта – найшырэйшы выхад, гэта выезд, гэта тут ляжала тая жанчына, якую Сафія ўратавала, выклікаўшы сабе хуткую. Направа – выхад да крамы, аптэкі, школы. Пойдзеш праз пляцоўку – абагнеш супрацьлеглы дом і выйдзеш да гаражоў, каналу, вайсковай часткі. А абагнеш іхны дом – трапіш да іншага, паміж імі – засаджаная дрэвамі, закіданая недапалкамі і падзеленая крыж-накрыж пратаптанымі сьцежкамі палоска травы, у якой крыва, нібыта бясформенны мэтэарыт, што ўпаў зь неба, тырчыць трансфарматарная будка. Па траве паўзе цень. Туды выходзіць іхны балькон. А акно кухні выходзіць у двор, у звычайны двор, ад якога нельга было чакаць ні сюрпрызаў, ні падказак, ні падступнасьці. Толькі вось у той дзень, калі ён праглынуў Сіманенку, двор чамусьці быў пусты, як быццам кожны жыхар гэтых чатырох дамоў ведаў, што нельга ў гэты час, сьпякотны, ачмурэлы час, выходзіць, і нельга глядзець у акно, трэба адвярнуцца, бо ў двара – раз на год, раз на вечнасьць – узьнікла ягоная, дваровая патрэба, патрэба ў маленькім ахвярапрынашэньні, гэта не працягнецца доўга, толькі адвярніцеся на сэкунду, не выглядвайце з вокнаў, станьце да яго сьпінамі, не задавайце лішніх пытаньняў – і ўсё, можна, справа зробленая, можаце жыць далей. Лічыце, што гэтай сэкунды не было. Гэта ж лёгка – уявіць сабе, што нейкай сэкунды не існавала? Значна лягчэй, чым уявіць сабе, што не існуе вас саміх.

Ніколі не начуйце ў пустым доме і ня ўдзельнічайце ў ахвярапрынашэньні, калі вы ня жрэц. Так напісана ў адной са сьвяшчэнных індыйскіх кніг. Жудасны сказ, калі падумаць. Не начуйце ў пустым доме. Калі вы ня жрэц. Чаму пусты дом і ахвярапрынашэньне стаяць побач, нібы лягічна чымсьці зьвязаныя? І як дом можа быць пустым, калі вы ў ім начуеце? І калі вас усё ж запрасілі на тое прынашэньне, і вы ня жрэц, то хто вы тады?

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення

Подняться наверх