Читать книгу Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 4
3
ОглавлениеЗорнай травеньскай ноччу 1995 года я выйшаў з пад’езду аднаго з дамоў у Зялёным Лузе. У гэтым пад’езьдзе, на трэцім паверсе, жыла мая дзяўчына. Я думаў застацца ў яе пераначаваць, бо яе бацькі былі на лецішчы – але яны нечакана прыперліся аб адзінаццатай гадзіне вечара на апошняй электрычцы. Дзяўчына, як мне здалося, зусім не засмуцілася, і гэта злавала мяне нават больш за раптоўнае бацькоўскае ўварваньне. Яна пра нешта пыталася, я нічога не адказваў. Мы трохі паляжалі ў яе пакоі, прычыніўшы дзьверы і слухаючы, як бацькі раскладваюць рэчы; здаецца, мы нават задрамалі, абняўшыся, я пахнуў ёй, а яна мной – у нас быў шчасьлівы дзень. Мяне пабудзіла яе маці, трасянуўшы асьцярожна за плячо. «Камусьці час ехаць дамоў», – прасьпявала яна паўшэптам. Я доўга ня мог уцяміць, што яна ад мяне хоча, глядзеў на яе паўсклеенымі вачыма, потым падняўся, разьвітаўся і бразнуў дзьвярыма.
Вуліца адразу вярнула мне прытомнасьць. Паветра было такое чыстае, сьвежае і халоднае, што я ўжо не шкадаваў пра сваё выгнаньне. Ліхтары гарэлі так запрашальна, нібы за кожным у ценю хавалася кавярня. З боку хлебазаводу ліўся водар толькі што сьпечанага хлеба. Я закурыў сваю астру зь фільтрам, зірнуў на знаёмыя вокны, ужо зусім цёмныя, і рушыў да трамвайнага прыпынку. На кожны мой крок двор адгукаўся звонкім рэхам, дарогу перабягалі каты, нейкія бліскуча-залацістыя ў сьвятле ліхтароў, на самай сярэдзіне яны на імгненьне спыняліся, глядзелі на мяне недаверліва і потым зьнікалі ў цёмным кустоўі. З другога боку дома прагрымеў трамвай – зусім пусты, мяркуючы па ягоным вясёлым ляскаце. Я пасьпеў яшчэ ўбачыць ягоныя агні, што дагаралі, калі выйшаў на прыпынак – гэта быў апошні трамвай. Хутчэй за ўсё, кіроўца нават не спыніўся б тут, пабачыўшы маю постаць на пустым прыпынку. Была роўна палова на другую. Грошай у кішэні я ня меў ні капейкі. Ад сну, як і ад злосьці, не засталося нават сьледу. Наперадзе была ноч і падарожжа праз увесь горад – і мне стала лёгка і радасна ад гэтай простай думкі.
Мой шлях ляжаў дадому – у Шабаны, раён дастаткова далёкі, каб дайсьці да яго на самым сьвітанку. Тады я яшчэ ня надта добра ведаў менскую геаграфію, ня надта давяраў свайму адчуваньню прасторы і вырашыў ісьці правераным шляхам: уздоўж трамвайных рэек. Яны мусілі вывесьці мяне ажно да ўнівэрмагу «Беларусь», туды, дзе цяпер станцыя мэтро «Партызанская». Там трэба было павярнуць на Партызанскі праспэкт і ісьці па ім наперад, на паўднёвы ўсход, падымаючыся з узгорку на ўзгорак, да ўпору. Пагатоў гэта быў шлях досыць добра асьветлены, і начны горад, які я так любіў, можна было разгледзець як сьлед. Я аблягчыўся, схаваўшыся за густым дрэвам – бо неяк не падумаў зрабіць гэтага, калі сыходзіў ад дзяўчыны; пачакаў, пакуль пройдзе зграя паўп’яных падлеткаў, што марудна рухалася з таго боку, дзе зьнік трамвай, і, напяваючы пад нос улюбёную песьню, пакрочыў туды, куды вялі рэйкі.
Ноч была незвычайная – а хіба можа быць звычайнай ноч, калі ты, дваццацігадовы бедны паэт, ідзеш па вялікім горадзе, вяртаючыся дадому ад сваёй дзяўчыны, зь якой дзьве гадзіны таму вы вытваралі на яе канапе немаведама што? Усё, што сустракалі на шляху мае прагныя вочы, падавалася напоўненым таемным сэнсам. Вадасьцёкавая труба, падобная да старога патэфона. Срэбная лужына. Зоркі, якія нехта, нібы задумаўшыся, перабіраў над тваёй галавой. Грузавік з надпісам «Людзі», які прагрукатаў міма. Каты, глухі сьмех у арках, куст, які пералазіў праз агароджу вайсковай часьці. Бялізна, якая пагойдвалася на бальконах, зачыненыя крамы. Ноч была такая, пасьля якой нішто ўжо ня можа застацца так, як раней. Ноч мэтамарфозаў і адкрыцьцяў, ноч успамінаў, ноч напярэдадні Шабаноў. Толькі дайшоўшы да скрыжаваньня Сурганава і Хмяльніцкага, дзе тады тырчэла знакамітая піўнуха, я ўсьвядоміў, колькі мне яшчэ трэба прайсьці. Шабаны падаліся недасяжнымі, нерэальнымі, няроднымі. Гэтае месца ня можа быць домам, паўтараў я, ідучы наперад, гэтае месца ня можа быць. Гэтае месца ня можа быць домам – словы цудоўна клаліся на рытм маіх крокаў. Гэтае месца ня можа быць. Яно занадта далёка – я хачу жыць тут, у Зялёным Лузе. Тут мне добра – а там цесна і трывожна. Чаму на мне, на нас ляжыць гэтае закляцьце – закляцьце Шабанамі? Адкуль яны наогул узяліся?
Гэткім самым пытаньнем я задаўся праз шмат гадоў, у зусім іншай краіне. І тады прыгадаў гэтую ноч, і гэтую дарогу, і гэты горад, які раптам зьявіўся перада мной ва ўсёй сваёй красе і жудасьці, зь яснасьцю апошняга сну, зь няўхільнасьцю пакараньня. І паспрабаваў адказаць прынамсі на першае сваё пытаньне. Дык адкуль яны ўзяліся?
Вёска, якая, перад тым, як сысьці ў нябыт, дала сваё імя новаму мікрараёну, насамрэч знаходзілася ад цяперашніх Шабаноў кілямэтры за тры на паўднёвы захад. Згодна з вайсковай мапай трыццатых гадоў, вёсачка гэтая ляжала сабе ціхамірна на правым беразе пакручастай, але вузкай і неглыбокай Сьвіслачы, на лугах, што суседнічалі з рэдкім, зусім не партызанскім узьлескам – па сваіх памерах і па значэньні яна саступала Вялікаму і Малому Трасьцянцам, што месьціліся непадалёку, разрэзаныя шырокай шашой. Тут яшчэ рыпелі калодзежы і рыкалі каровы, тут яшчэ гналі брагу і зьбіралі бульбу, зьдзіўляючыся летнім надвячоркам, куды падзеліся ўсе цені і чаму ў вёсцы не засталося ніводнай мышы і ніводнай птушкі, а ў Менску ўжо быў падпісаны плян барбароса. Шабаны былі асуджаныя, ад іх мусіла застацца толькі імя – убогі помнік некалі жывому паселішчу.
На месцы вёскі цяпер станцыя аэрацыі. Аэрацыя замест аеру – гісторыю стварае мова, а не наадварот. Прыгожае слова ня мае дачыненьня ні да неба, ні да палкаводца Аэцыя і азначае ня што іншае, як ачыстку сьцёкаў. З паветрам яе лучыць толькі датычнасьць да кіслароду – ім насычаюць ваду, якая праходзіць тут праз адмысловыя фільтры. Вада насычае тых, хто жыве на зямлі, так што шабаны – гэта абноўленая, перазапраўленая парода чалавека. Штучна абагачаная кіслародам. Аэраваныя людзі лягчэй пераносяць жыцьцё ў прамысловай зоне.
Новыя Шабаны былі ўзьведзеныя паміж Малым і Вялікім Трасьцянцамі, на правым баку Магілёўскай шашы. Да вайны прыкладна ў гэтым месцы знаходзіліся вёска Галінава, хутар Анелева і тарфянікі. За тарфянікамі, на другім баку ракі, месьціліся зусім маленькае Зарэчча і пасёлак Сьвіслач. Правым бокам Шабаны ўпёрліся ў трасьцянецкія могілкі, што захаваліся да нашых дзён, хаця там ужо даўно нікога не хаваюць – могілкі добра відаць з вокнаў тых шабаноўскіх дамоў, якія ўтвараюць доўгі мур на паўночным усходзе раёну. За могілкамі кульгае паўмёртвая рэчка Трасьцянка, якая, прамінуўшы лес і заводы, з палёгкай упадае ў возера Стайкі – зацьвілы, бутэлечна-зялёнага колеру вадаём, у якім вучылася плаваць і ў які спраўляла малую патрэбу не адно пакаленьне шабаноўскіх дзяцей.
Ёсьць тры кароткія таямнічыя словы, па якіх шабанолягі ўсяго сьвету, дзе б яны ні былі, беспамылкова пазнаюць роднасную душу. Гэта па іхным падручніку мы адольвалі нашую нікому не патрэбную навуку.
Душка. Самацей. Крукаў.
Шабаноўскі санктуарый. Іменьнік. Каляндар. Сонмік. Гэта вывучаюць на першым курсе, каб не забыць ужо ніколі. Гэта адскоквае ад зубоў нават у тым узросьце, калі саміх зубоў ужо даўно няма ў наяўнасьці. Гэта чытаецца з прыдыханьнем, як верш:
Составіл: Душка
Редактіровал: Самотей
Проверіл: нач. отд. военінж. 3-го ранга Крюков
Менавіта іхныя імёны стаяць на той мапе, якую я атрымаў з Прагі восеньскім днём … году. Гэта яны завізіравалі канчатковы варыянт Шабаноў перад тым, як прыйшоў майстар Сьмерць і пусьціў кісларод. Плён іхнай працы бясцэнны. Вось у гонар каго трэба было назваць тут вуліцы. Па вялікім, шабаноўскім рахунку. Kto ty jesteś? Я з Шабаноў. Мяне складаў Душка, рэдагаваў Самацей, правяраў Крукаў. Я ня зь вёскі і ня з гораду, я ня неба і не зямля, я не беларус і не расеец, ня рыба і ня мяса, я ад бабушкі ўцёк, ад дзедушкі ўцёк – і ад самога сябе неяк ужо ўцяку.