Читать книгу Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль Бутэвіч - Страница 3
Аслан і арэхі
ОглавлениеЁн прыходзіў сюды як на працу. Кожны дзень, без выходных. Недзе бліжэй да абеду, калі заканчваліся лекавыя працэдуры, адразу паздаравелыя санаторныя насельнікі дружна ўладкоўваліся на нагрэтай шчодрым вераснёўскім сонцам гальцы – каб на ўсю зіму набрацца трываласці і сіл. Да наступнага лета.
Ён сядаў на крайнім лежаку-тапчане пад тэнтам, дзе дзіцячая зона, і рыхтаваўся да гандлю.
Няспешна даставаў з моднай спартыўнай сумкі «Adidas», якая, аднак, выглядала паношанаю, цэлафанавыя мяшэчкі з арэхамі-фундуком. Раскладваў іх на лежаку, акуратна разгортваючы берагі, каб відаць былі буйныя арэхі. Яны ўжо загадзя разважаны – па кілаграме і менш. Пасля даставаў самы вялікі мяшэчак і ставіў ля яго шклянку. Пакручанымі пальцамі, пазногці на якіх былі павышчарбляныя, з чорнай палоскай па краях, насыпаў шклянку з каптуром, а пасля яшчэ дакладаў па адным арэшку, пакуль яны не пачыналі скочвацца. Часам поруч ставіў мяшэчкі з яблыкамі, не вельмі буйнымі, з чорнымі крапінкамі паршы. Яны, аднак, не надта разыходзіліся, таму ўвечары ён, хоць і спускаў цану, усё адно мусіў несці іх назад.
Расклаўшы тавар, зашпільваў сумку і расшпільваў непадатныя гузікі клятчастай кашулі. Некаторыя не паддаваліся, тады ён бязгучна варушыў вуснамі – ці то на некага злаваўся, ці то нешта прасіў. Здымаў кашулю, акуратна складаў, каб не пакамечылася, хоць, што праўда, праса яна не бачыла даўно. Каля мяшэчкаў з арэхамі не было ніякіх лішніх рэчаў – каб не заміналі. Правёўшы гэтыя амаль рытуальныя працэдуры, стары сядаў на тапчан, падстаўляў пад сонца свае ўпалыя грудзі. А вось зашмальцаваную шапку з цвёрдым яшчэ брылём з галавы не здымаў. Я доўга не мог даўмецца чаму. І толькі калі ўбачыў, як стары хавае туды – пад адпораную падшэўку – найбольш буйныя грашовыя купюры, а іншыя складае ў цэлафанавы мяшэчак, які засоўвае ў кішэню, усё стала зразумела. Але назойлівая цікаўнасць прымусіла ўсё ж запытацца:
– Што, ад жонкі заначку хаваеце?
Ён хітравата зірнуў на мяне нечакана памаладзелымі вачыма, усміхнуўся шчарбатым ротам, у якім толькі адзін зуб – як старшына на полі бітвы,– заставаўся цэлым, і адказаў:
– А то як жа? Як без заначкі? Жонка ўсё вымеце. І што тады? – нібыта пытаўся ў мяне. А пасля раптоўна прапанаваў: – Хочаш, дам глынуць? Не бойся, у шкляначку налью. Пластмасавую. Разавую,– і дастаў са спартыўнай сумкі недапітую пляшку гарэлкі.
Я разгубіўся і не прыдумаў нічога лепшага, як пакпіць:
– У такую гарачыню? Гарэлку? Шклянкамі? – і не паспеў дагаварыць, як ён за мяне скончыў:
– Ага, з задавальненнем… Дык будзеш?
– Не-а,– пакруціў я галавой.
– Як сабе хочаш,– згадзіўся стары.– А я глыну. Гарэлка добрая, вось паглядзі,– паказаў ён на наклейку.
– Але ж на вуліцы трыццаць два. У вас трыццаць шэсць. А тут ажно сорак. Цяжка будзе.
– Мне не бывае цяжка. Я не бяру шмат. Адной пляшкі хапае на суткі-другія.
– На дзень-два,– паспрабаваў паправіць я.
– Не на дзень, а на суткі. Я ж сказаў,– пакрыўдзіся ён.
– Як так?
– Я сплю адзін, у бакоўцы. Жонка асобна. Нанач каля ложка стаўлю паўлітэрку. Як захочацца піць, глытаю кроплю. Але не болей за адзін глык. Не, не перажывай,– апярэдзіў ён маё памкненне запярэчыць.– Мой глык нармальны. Адзін глыток. Так што на суткі-другія бутэлькі хапае,– падалося, ён цяжка ўздыхнуў.
– Але ж гэтулькі заначкі для аднаго глыка замнога,– захоўваў я ранейшы тон.
– Але ж і зіма наперадзе. Пахаладае. Глык пабольшае,– не збіваўся з тропу і ён.
Мяне ён не ўгаварыў, а сам часам асвяжаўся, але і праўда толькі для блізіру.
– Ты не глядзі на маё цела,– злавіў ён аднойчы мой позірк.– Не страшна, што скура на грудзях абвісла і высахла. Не важна, што наверсе, важна, што ўнутры. Помніш прымаўку: па кашулі сустракаюць… Цела знасілася, а ўнутры молада чуюся. Молада,– паўтарыў ён і змоўк.
Я не замінаў ягоным думкам. Але цэлы дзень слухаць яго ахвоты не меў. Ды нешта ўвесь час цягнула да старога.
Як толькі маё цела награвалася так, што, здаецца, пырсні вады і яна зашыпіць, я хаваўся пад тэнт, проста назіраў за дзедам. Калі не было пакупнікоў, ён выбіраў важкую гальку, клаў на тапчан свой фрэнч, на яго цэлафан – каб не рассыпалася лушпавінне, і лушчыў арэхі. Тады цана на іх адразу ж падскоквала. Але ён заўсёды тлумачыў:
– З чатырох шклянак нялушчаных атрымліваецца адна лушчаных. А па цане на рубель танней…
Аднойчы, калі ахвотнікаў паласавацца арэхамі было асабліва мала, ён нечакана загаварыў сам, першы:
– Асланам мяне завуць. Адыгеец. І жонка адыгейка. Фаціма. Хоць ёю магла стаць беларуска,– і пранікліва зірнуў на мяне. Я маўчаў. Ён паўтарыў: – Ага, беларуска. Зосяй звалі… Як сёння помню…
Я не ведаў, як паводзіцца, каб не перапыніць старога. Падтакваць? Ён можа згубіць думку, перарвецца нітка ўспамінаў. Моўчкі слухаць? Але ці не забракуе яму суразмоўцы?
Стары тым часам працягваў:
– Ой, і даўно ж тое было. Яшчэ ў час апошняй вайны. Вялікай Айчыннай, значыцца,– ён зірнуў на мяне.– А мне ж сяголета ўжо семдзясят дзявяты… Не верыш? Праўду кажу. Магу пашпарт паказаць… А тады мне было шаснаццаць, сямнаццаты… Падшпарак. Але дужы быў, рослы. Гэта цяпер я сагнуўся. Не брэшуць, калі кажуць, што гады да зямлі гнуць. Ага, праўда… З гадамі зямля кліча да сябе. Гарбаціць. Асабліва тых, хто ўсё жыццё ёй кланяўся, пальцамі сваімі перабіраў… У сорак трэцім шмат нашых хлопцаў трапілі на шахты. У Грузію. Самі. Каб немцы не забралі. Я таксама. А там – сапраўдны інтэрнацыянал. Адкуль толькі не было людзей. І з вашай Беларусі, з Украіны, з Польшчы. Адна моладзь. Многа дзяўчат было. А маладое дзела вядомае. Нават нягоды і непасільная праца не адбярэ маладосці. Адным словам, глянулася мне адна беларуска. Зосяй звалі. З-пад Брэста. Пакуль хадзіў вакол, як кот каля смятаны, зразумеў, што і яна не адварочваецца. Я напачатку і каханнем не наважваўся гэта называць. Проста падтрымлівалі адно аднаго. Шмат успаміналі кожны пра свае мясціны. Я ўвачавідкі бачыў перад сабой яе паляшуцкую вёску, роўныя бязгорныя прасторы. Яна распавядала так займальна і жыва, што не паверыць было нельга. Здаецца, я ведаў Зосю і яе бацькоў даўным-даўно. А яна, адчуваў, зачаравана слухала пра Чорнае мора, бо ніколі не бачыла яго. Так паступова спляліся нашыя лёсы. Мае калегі, адыгейцы, адгаворвалі. Маўляў, не прымуць дома праваслаўную дзяўчыну, а ты не захочаш ехаць у невядомую Беларусь. Іншыя знарок падтаквалі: праўду кажуць твае супляменнікі. Лепш аддай прыгажуню нам, а мы табе грузінку альбо польку сасватаем, адыгейку знойдзем. А то выпішам з вашага Туапсінскага ўзбярэжжа. Але я стаяў на сваім, ніякім адгаворам і кепікам не паддаваўся. Пагатоў пакпіць, пасмяяцца я і сам быў ахвотнік. А з Зосяй мы па-сапраўднаму сышліся. Як на сённяшні манер, пакахаліся. Ага… Хоць слова гэтага ні яна, ні я ні разу не прамовілі. За нас гаварылі нашыя пачуцці, нашыя вочы, нашыя целы. Нам было проста добра. Цікава. Як бывае блізкім людзям. Неўзабаве ўжо не смяяліся і мае супляменнікі. Змірыліся. Адно часам некаторыя цішком, каб не пачула Зося, пыталіся, што буду я рабіць з Асланай, на якую даўно паклаў вока. Яна ў нашай туапсінскай вёсцы засталася, чакаць абяцала. Па праўдзе кажучы, я і сам не ведаў. Але спадзяваўся на жыццё – яно багацейшае на выдумкі, нешта будзе. Ды і ці жывыя пазастаемся. І я, і Аслана. А тут усе мы жывыя і – маладыя. Жыві, пакуль жывецца. Добра было нам з Зосяй. Планавалі, як яна паедзе спярша дамоў, у сваю беларускую вёску, пра ўсё дамовіцца з бацькамі, папросіць у іх дазволу. Бо тады былыя вашыя «заходнікі» нават за «васточнікаў» выходзілі толькі са згоды бацькоў. Так Зося казала. А «васточнікамі», казала, называлі жаніхоў з тадышняй Савецкай Беларусі – усходняй, значыцца. Я абяцаў прыехаць па яе адразу, як толькі напіша. А пакуль мы штомоцы цешыліся нашаму маладому пачуццю. Шчаслівымі былі сярод таго вэрхалу і нястачы. Па-сапраўднаму. Калі раней час цягнуўся саслабелым валом, то цяпер паплыў, як марскі пясок падчас шторму. Неўзабаве мне далі адпачынак. Я паехаў у сваю вёску. Упрошваў Зосю, але яна не наважылася. Баялася аказацца чужой. Не ўгаварыў. Я абяцаў дамовіцца са сваімі бацькамі і вярнуцца на шахту. Вайна, расседжвацца часу няма. Але – чалавек мяркуе, а лёс дзейнічае. Пакуль быў у адпачынку, выгналі немцаў. Знікла патрэба вяртацца на шахту. Рабочыя рукі былі патрэбныя дома. Напачатку я парываўся паехаць, каб да канца разабрацца са сваімі і Зосінымі пачуццямі. Але бацькі не раілі, маўляў, вы ж пра ўсё дамовіліся. Вось і чакай Зосінага ліста. Калі дамоў вернецца, напіша. Хітрымі былі мае бацька з маці. Ведалі, што час – найлепшы лекар не толькі бедаў, але і захаплення. Самі ж настойліва вялі гаворку пра Аслану. Ад яе і я, і бацькі маю дамову з Зосяй надзейна хавалі. Ды што зробіш – слабы чалавек. Ліста ад Зосі не было паўгода. Мінуў год, паўтара, а ад яе ні слыху ні дыху. Ужо і Перамогу адсвяткавалі, а я ўсё чакаў. Ды неўзабаве здаўся. Пажаніліся мы з Асланай. Але, як на тую бяду, не мінула і месяца – прыйшоў ліст. Мяне ж дома тады не аказалася. Канверт перахапіла Аслана. Што было, калі я вярнуўся ў дом, цяжка табе расказаць. Папрокі, слёзы, абвінавачанні… Я спрабаваў нешта тлумачыць, мармытаў пра падманлівыя пачуцці. Ды ўсё марна. Гэта толькі распаляла Аслану. Мінуў невыносны тыдзень. І раптам мая жонка падабрэла, схавала джала. Стала завіхацца каля мяне, як пчала каля акацыі. Я губляўся ў здагадках. Разгадка наступіла недзе праз тры месяцы. На гэты раз паштарка аддала ліст мне. Зося жадала мне згоды ў сямейным жыцці. Пісала, што злосці на мяне не трымае. Маўляў, сэрцу не загадаеш і ўсё такое падобнае. А пра былое застануцца не адно добрыя згадкі, а і сын Ванечка… Аказваецца, мая Аслана напісала ёй ліст і папрасіла забыцца пра шахтныя прыгоды. Пра мяне, значыцца. Тут ужо выбухнуў я. Але эмоцыі мае былі знешне спакойныя. Я проста выставіў жонку за парог. Ні ўгаворы бацькоў, ні яе пакаянне не змянілі майго рашэння. Мы разышліся. Я рашуча збіраўся паехаць да Зосі. Але ўвесь час нешта стрымлівала, замінала. А тут чарговы ліст ад яе. Напісала, што знайшла сабе мужа, што апякуецца ён і сынам, і яе шкадуе… Прабач, Зося, што так атрымалася, сказаў я сам сабе, скрыгатнуў зубамі і ажаніўся з Фацімой. На пятнаццаць гадоў маладзейшая за мяне. Сямёра дзяцей у нас. Сёння ўсе пры справе. А я вось тут. Прывык да беларускага пляжа…
Апавядальнік змоўк. Пасля зняў шапку і церануў ёю па спацелым ілбе. Ці то сонца прыпякло, ці мо споведзь цяжкай аказалася. Я не ведаў, што гаварыць старому. Але ён, відаць, і не чакаў парады. Проста скінуў з плячэй цяжкую ношку, і яму спакайней стала.
– А да Зосі часам хочацца,– прамовіў нечакана Аслан і пачаў збіраць свае нераспрададзеныя арэхі.
Некалькі дзён яго не было. Я захваляваўся: хутка ад’язджаць, не развітацца са старым было б несправядліва. А мо ён яшчэ нешта скажа?
Аслан з’явіўся як звычайна – пад абед. Але на гэты раз не са сваёй звыклай адзідасаўскай сумкай, а з ладным мяшком на плячы.
На мой здзіўлены погляд патлумачыў:
– Сёння чарнобыльцы прыязджаюць. Дзеці з вашых радыяцыйных раёнаў.
Я хітравата ўсміхнуўся і памкнуўся нешта на гэты конт сказаць, але ён перабіў:
– Не пра тое ты падумаў. Проста такія арэхі ў вас не растуць. А дзецям радасць патрэбна. Сам ведаю… Добра ведаю,– паўтарыў ён, і позірк яго патануў у раптоўна заблішчэлых і марудна патухлых зрэнках.