Читать книгу Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль Бутэвіч - Страница 6

Злачыннае каханне

Оглавление

Гэтую навіну прынёс сын. Яна яшчэ не ведала, ці вылазіць на лістападаўскі холад з-пад хоць і пабітай плямамі дзірак, але ўсё яшчэ цёплай коўдры з кудзелі, як з сенцаў у былую кухню, дзе яна цяпер спала, уваліўся сын. Рэзка рвануў убакі заседжаную мухамі фіранку, што прыкрывала ад чужых вачэй яе драўляны і добра папсаваны шашалем ложак. Спярша адчула ягоны моцны, відаць, ужо нязводны пах. Не, не перагару, не піва і не гарэлкі нават, а той спецыфічны пах, які не выветрываецца і сведчыць, што чалавек дзеля сваіх піцейных патрэб не грэбуе нічым, што гарыць і што тлуміць мазгі.

– Маці, гэтаво… давай… пара,– перарывіста прамовіў Юрак. Яму перашкаджала гаварыць задышка. Трохі адсопся і паўтарыў: – Давай, гэтаво… пад’ём, як у войску кажуць…

– І даўно ты з таго войска? – не разумеючы яшчэ, пра што гаворка, спытала маці.– Не гарыць. І піць не трэба зранку.

– Якая раніца, гэтаво? Якое піць? – як не крычаў Юрак.– Няма ў мяне, гэтаво… за што піць. Калі дасі, то збегаю…

– Ага, зараз. Кашалёк з печы выцягну і дам,– з’едліва прамовіла маці, якая сама ўжо з тыдзень не зазірае ў пусты кашалёк. Але яе перабіў сын:

– Не балбачы, гэтаво, абы-чаго. Ведаю, што вецер гуляе і па тваіх кішэнях. Але навіна такая, гэтаво, што можаш і пазычыць у каго. Ці мо, гэтаво, заначку на чорны дзень маеш?

– Дак у цябе кожны дзень чорны. Усё высмактаў, усе грошы выцыганіў, Юрачка. Няма. Ні зайчыка няма, ні вавёрачкі. Уцяклі, збеглі, паскакалі, нават варсінкі не пакінулі.

– Гэтаво, спыні красамоўства, маць,– амаль што ўрачыста перабіў Юрак.– Я такую навіну табе скажу, такую…

– Дак не малімонь, кажы ўжо. Не цягні ката за хвост,– прамовіла маці і выпрастала з-пад коўдры рукі, села, але ног з цёплага не выцягвала.

– Гэтаво, у сельсавет з раёна нейкае начальства прыехала.

– Ну і што?

– Ды не спяшайся ты казаць «будзь здароў», пакуль не наліта. Папрасілі, гэтаво, Іванавіча, ну, старшыню, каб сабраў тых, хто на немцаў некалі працаваў. Не, не тут, а ў Германіі, вось што… Каго сілай вывезлі. Плаціць ім, гэтаво, будуць! – Юрак пераможна зірнуў на маці, якая чамусьці не выяўляла ніякіх эмоцый.– Грошы будуць даваць, чуеш? Маркі! Вось што. Гэтаво, кампенсацыю,– як не прадэкламаваў ён.– А ты ж таксама пацярпелая. Гэтаво, на баўэра спіну гнула? Гнула. Здзекі цярпела? Цярпела. Вунь рукі дагэтуль скручаныя,– як бы пашкадаваў сын.– Сама ж, гэтаво… расказвала. Казала, што і сястра твая там памерла…

Сын гаварыў яшчэ нешта, намагаўся ў нечым пераканаць, а яна раптам як скамянела. Сядзела на збітым сенніку, спінай прыхінулася да схаладнелай сцяны, а ногі хавала пад цёплай коўдрай. Грудзі нешта сціснула. Па руках прабегла балючая сутарга. Слых нібыта адабрала, адно чуўся нейкі непрыемны гул у галаве. А вочы… Вочы на дзіва выразна, як на экране яе «Гарызонта», калі быў яшчэ новы і паказваў чыста і ярка, убачылі раптам тую далёкую – уга-а: амаль шэсцьдзесят гадоў мінула! – нямецкую вёску, кірху, хлеў, дзе апынулася яна з маці і дзвюма сёстрамі… І зноў, у які ўжо раз, нібыта сама сабе распавядала даўно знаёмую і сотні разоў бязмоўна паўтораную гісторыю…

У сям’і я была старэйшай. А старэйшым вядома што дастаецца. Не, не булкі з макам – гэтым малых песцяць. А нас было ажно сем душ. Дзве меншыя сястры, старэйшы брат, бацька з маці і дзед. Бацькаў бацька. Калі пачалася вайна, бацька з братам на фронт пайшлі. Але і нам не мёд дастаўся. Што давялося перажыць пад немцам, хай Бог бароніць… Усіх трэба было нечым накарміць. І тых, хто ў партызаны пайшоў. І немчуру. Самі ж галадалі…

Хапун у вёсцы пачаўся яшчэ досвіткам. І старых, і малых паліцаі сагналі да сельсавета. Былога сельсавета, дзе цяпер нямецкая ўправа была. Не зважаючы на крыкі, плач, енкі, праклёны, усіх падзялілі. Старых і нямоглых – асобна. Дзяўчат і хлопцаў асобна. Дзяцей з мацяркамі не разлучалі. Усіх перапісалі, пасля пасадзілі ў былыя калгасныя палутаркі і павезлі ў Нясвіж. А ўжо адтуль пад узмоцненай аховай і пасля шматмоўнай агітацыі, як добра жыць і працаваць у свабоднай Германіі – калі там такі рай, то чаго ж дзяліць яго з прыезджай набрыддзю? – пагрузілі ў таварныя вагоны на станцыі Гарадзея, і задыханы паравоз пачухкаў на Баранавічы. Як і дзе ехалі далей, то дагэтуль не ведаю. Некаторыя нават змрочна жартавалі:

– Мо хоць нарэшце ад’емся. Карміць павінны? Павінны. Бо галодная я ім напрацую…

– Наясіся, чакай,– з’едліва адказвалі іншыя.– Глядзі, каб скураны мяшок косці ўтрымаў…

Ніхто ў тое нямецкае агіткрасамоўства не паверыў, на экскурсію па замках ды музеях не спадзяваліся. А вось наконт працы сумневу не было.

Так яно і сталася. Прывезлі нас на нейкую вялікую станцыю. Адтуль у крытых грузавіках пераправілі ў невялікі гарадок. А там ужо з’явіліся паны. Выбіралі як скаціну. Шчупалі, круцілі, аглядалі, нават у зубы зазіралі. Мая маці з трыма дочкамі і некалькімі такімі ж гаротнымі сем’ямі аднавяскоўцаў трапіла да ўдавы колішняга баўэра. Пасялілі ў хляве. Старэйшым дасталося месца на самімі збітых нарах унізе, а маладым, бо лягчэй залазіць, выпала гарышча. Нават у склеп загналі дармовую рабочую сілу.

Кожнаму на левым баку курткі напісалі нумар. Нават дзецям. У мяне ён быў – 000333, у малодшых іншыя. Справа прышылі сіні кавалак матэрыі з літарамі OST. Як патлумачылі дасведчаныя, гэта азначала: бальшавіцкі чалавек, другога гатунку. А проста так нас называлі остарбайтарамі. Насіць знакі трэба было на любым адзенні і абавязкова. Адразу ж загадалі напісаць лісты сваім родным, знаёмым, сябрам і распавесці, як шыкоўна жывецца перавезеным з Беларусі ў непераможным трэцім рэйху, як гасцінна ставяцца да іх гаспадары.

Перш чым адправіць на працу, нейкае высокае начальства прачытала нам кучу розных папярэджанняў, інструкцый, забаронаў, правілаў. Мы зразумелі, што ўсё далейшае наша жыццё будзе пазначана выключна словам «Не!». А парадкі тыя зводзіліся да аднаго кшталту дзеясловаў: забаронена, караецца, не дапускаецца… І толькі адзін назоўнік быў: за парушэнне – смерць. Дазвалялася адно: працаваць, працаваць, працаваць… Да знямогі, да той жа смерці. То невядома, з чаго было выбіраць.

Найбольш палохала, а каго і смяшыла забарона кахацца. Сур’ёзна і строга загадалі: не цалавацца, не абдымацца, не дапускаць ніякіх іншых вольнасцяў. Асабліва суровая кара чакала таго, хто насмеліцца на полавыя стасункі. Як ні было страшна, а калі перакладчык прамовіў гэтыя словы, шмат хто пырснуў смехам. Гэткіх слоў мы і дома не вымаўлялі. Калі нам было думаць пра тое полавае каханне, мы ж проста жылі. А тут? Хіба нехта будзе кахацца з ворагам?

Папярэдзілі, каб не спакушалі мы тутэйшых жыхароў. Калі ж што якое, то мужчын належала аддаць на спецыяльную апрацоўку (таксама ж слова выдумалі), а жанчын выслаць у канцлагер. Жорстка каралі і немцаў, якія мелі б той акт учыніць. Бо любая сувязь (нават танцы, проста размовы, прыязныя пагляды і г. д.) з грамадзянінам (так і сказалі, быццам бы з павагай да нас) варожай дзяржавы, які сам па сабе ўжо з’яўляўся ворагам усяго тутэйшага, лічылася злачыннай. Разбурала, значыцца, чысціню нямецкай расы, рабіла шкоду вялікай Германіі.

За любую правіну – экзекуцыя. А што гэта так, пераканаліся мы вельмі хутка.

Не паспелі агоўтацца на новым месцы «свабоднай працы», як пагналі ўсіх да лесу. Спыніліся на невялікім поплаве, каля старога галінастага дрэва. Неўзабаве да яго прывезлі схуднелага, моцна збітага савецкага ваеннапалоннага. Невысокі, худы, дзіця дзіцём. Нават мы былі дужэйшыя. Вочы завязаны, рукі скручаны калючым дротам за спінай. Казалі, працаваў разносчыкам – насіў па дамах немцаў вугаль, бульбу, іншыя прадукты і рэчы. Відаць, напаткаў нейкае спагадлівае нямецкае дзяўчо. Не ўтрымаўся і парушыў забарону пра той кляты акт. Ці яны толькі цалаваліся, ці на што іншае наважыліся, то хто ж яго ведае. Адно вядома: арыштавалі абаіх. Ведама, каханне паміж чужаземцам і немкай злачынствам лічылася…

Нашага салдаціка пра нешта спыталі. Як мог, ён, гаротнік, выгукнуў: «Хай жыве Савецкі Саюз!» Кат у белых пальчатках і ў чорнай масцы падышоў да палоннага. Начапіў на шыю вяроўку. Адапхнуў стол, на якім стаяў салдацік, і тройчы моцна тузануў за ногі. Відаць, баяўся, што таму не хопіць вагі, каб засіліцца.

Мяне пачало ванітаваць, здавалася, вантробы вываляцца праз рот. Хацелася хутчэй у свой хлеў, каб выплакаць увесь жаль, страх і абурэнне. Але нас прымусілі прайсці каля павешанага і на ўсе вочы пазіраць на яго. Хто не мог ці не хацеў, жорстка збівалі, а ўсіх зноў вялі каля цела няшчаснага.

Працавалі мы ва ўдавы Лёвер. Яе муж загінуў на ўсходнім фронце. У яе было два сыны, адзін малы яшчэ – Роберт. Другі, Альберт, мой равеснік. А мне тады шаснаццаць было. Ён любіў пацвельвацца з мяне. Калі ўбачыліся першы раз, спытаў, як завуць. Па-свойму спытаў, рукамі дапамагаючы. Але я зразумела.

– Лёня,– адказала я.

– Лён’я? – перапытаў ён і паўтарыў: – Лён’я…

– Так,– патлумачыла я.– Я – сапраўды льняная,– і паказала на свае доўгія светлыя валасы.

Не ведаю, ці зразумеў ён што, але перапытаў:

– Як, як? – і пакратаў свае таксама светлыя валасы. Пасля ён часта казаў: «Лён’я, Лён’я… Давай, работа… Работа…», а сам смяяўся, але не злосна, і пазіраў так хітра і ласа. Я пачала баяцца такіх спатканняў, апускала вочы і хуценька праходзіла міма. Ён жа бы знарок шукаў любую зачэпку, усё больш пільна ўзіраўся ў мяне, рабіў розныя знакі ўвагі. Асмялеўшы, я заўважыла, што ён прыгожы, вочы блакітныя і добрыя, а твар усмешлівы. Паступова сыходзіў мой недавер, а ягоная прыязнасць перадалася і мне. Я ўжо не апускала галавы, нашыя вочы магнітна сустракаліся. Але я як «Ойча наш» помніла пра строгія забароны. Акрамя таго баялася за сваіх сясцёр, за маці.

Ведала, што іх чакае, калі ў нечым западозраць мяне.

І тут загаварыла мая галава:

«Адумайся! Што ты робіш? Ён жа вораг…»

«Але тут вакол ворагі»,– адказвала маё сэрца.

«Пагатоў. Ведаеш пра забароны і кару?»

«Але ж ты маладая»,– нашэптвала сэрца.

«Не рабі глупства,– цвердзіла галава.– Будзе балюча не толькі табе…»

«А так хіба не балюча?»

«Як вернешся дадому? Як жыць будзеш?»

«А ці вярнуся? Ці буду наогул жыць?!»

«Яго бацька забіваў нашых людзей…»

«А мой і дагэтуль забівае немцаў… Але ж ні я, ні Альберт нікога не забіваем…»

Спрэчку выйграла сэрца. Адбылося тое, што павінна было адбыцца паміж маладымі людзьмі, якія неабыякавыя адно аднаму.

Аднойчы Альберт паклікаў мяне у пакой, дзе стаяў прыгожы стол і печка з узорыстай кафлі. Я так спалохалася сваіх брудных босых ног, што ажно баялася ступаць па бліскучай падлозе. Ён зразумеў, паклікаў мяне ў невялічкі пакойчык – відаць, ваннай лічыўся,– узяў вялікі жалезны збан з ручкай, паліваў мне, а я ажно гарэла – і ад сораму, і ад такой увагі: дзе гэта бачна, каб гаспадар мыў ногі рабыні.

Пасля пасадзіў на нязвыкла мяккае крэсла з высокай выгнутай спінкай і пачаў нешта горача гаварыць. Я, вядома, амаль нічога не разумела. Але ягоныя даверлівы тон і ласкавасць у голасе пераконвалі ў добрых намерах. З усяго шматслоўя разабрала толькі два словы: «лебэн» і «лібэн». Я ж была вельмі маладая, мне хацелася і жыць, і кахаць. Але я толькі плечукамі паціскала: маўляў, не разумею. Аднак галавою адмоўна не круціла, каб ён часам не падумаў, што ад нечага адмаўляюся. Ён як бы засердаваў і адпусціў мяне.

Пасля была другая сустрэча сам-насам, трэцяя. Ён заўсёды смачна частаваў, гаварыў, відаць, прыемныя словы. Я не стрымалася… Мы абдымаліся, цалаваліся, гладзілі адно аднаго. Знясілена падалі на шарсцяны коц, колькі хвілін спачывалі, пазіраючы ў вочы, якія гаварылі больш, чым нашыя бязмоўныя языкі. Праўда, неўзабаве языкі навучыліся размаўляць без слоў і лепей за нас. Тады усё пачыналася зноў. Я была так захоплена Альбертам, што мяне ўжо нічога не палохала. Мы баяліся толькі аказацца адно без аднаго. Хай даруе мне Бог, але я гатова была адмовіцца ад вяртання дамоў, нават коштам жыцця родных гатова была абараняць сваё нечаканае і нялюдскае каханне. Хай пасля будзе што будзе, а сёння, цяпер і тут нам было хораша, добра і прыемна, калі можна назваць прыемнасцю кароткія і таемныя спатканні, похапкавае каханне пасля цяжкай працы на мяккай пасцелі ў чыстай Альбертавай спальні, калі ў доме не было ягонай маці.

Я нават жартавала, называла яго на наш манер Алікам:

– Ты, Алік, нашый знак OST. А нумар мы які-небудзь прыдумаем. І тады ніхто нас не адрозніць.

– Ты памыляешся, майн лібэр Лён’я,– казаў ён.– Кахацца остарбайтарам забаронена. Нават між сабой. Калі ж даведаюцца, што гаспадар л’юбіць савецкую, то цябе забяруць ад мяне… і ад тваёй маці. Абстрыгуць твае лён’яныя валасы. За наша л’юбіць цябе могуць аддаць у публічны дом, а мяне ў канцлагер…

Лепей бы ён не казаў гэтага, бо я ўсё адно не ўсё зразумела, але што нас чакацьме, ведала. Алік жа нібыта паддаваў страху. Расказаў яшчэ, што існуе ўказанне іхняй нацыянал-сацыялістычнай партыі аб стварэнні спецыяльных бардэляў для прывезеных рабочых іншых нацыянальнасцяў. Каб захаваць чысціню нямецкай расы. І калі я траплю туды, то мне будзе зусім кепска, а ён без мяне не захоча жыць.

Неўзабаве мае сваякі пачалі заўважаць, што я нейкая не такая, як была раней і як яны ўсе. Больш жыццярадасная, нават пажартаваць любіла, старання, аднак, у працы асаблівага не праяўляла: спаць хацелася. Тым не менш гаспадыня часам таемна падкідвала нам лішні кавалачак хлеба альбо бутэрброд, хоць гэта строга забаронена і магло каштаваць ёй жыцця ці высылкі ў канцлагер, што адно і тое ж.

Маці неаднойчы казала, каб я асцерагалася, бо зайздросных вушэй і вачэй надта шмат, а вяровак у немцаў хапае. Я ад усяго адмаўлялася. Ды хіба матчына сэрца падманеш. Адчувала яна, што са мной адбываецца насамрэч. Але не адгаворвала, не ўшчувала, не кляла. Хоць, што праўда, і не ўхваляла.

А нам з Альбертам было хораша. Мы ўжо добра разумеліся. Нашыя пачуцці не прыцьмяваліся. Небяспека і экстрэмальныя ўмовы толькі дадавалі сустрэчам рамантычнасці. Аднойчы ён падараваў мне тоненькі залаты пярсцёнак. Я спалохана адмаўлялася, адпіхвала яго, але Алік настойваў: на памяць пра нашае л’юбіць, казаў. Я схавала пярсцёнак на грудзях, у самым таемным месцы. З ім і дамоў пасля вярнулася. Праўда, давялося прадаць, калі сына Юрку лячыць трэба было: падарваўся на міне ў лесе.

Ды, на жаль, усё добрае мае здольнасць заканчвацца нечакана. Нечая зайздрасць не перанесла чужога шчасця.

Я моцна здзівілася, калі замест Аліка ва ўмоўленае месца прыйшоў Роберт. Як мог патлумачыў, што Альберта арыштавалі, падазраюць у зносінах з савецка-рускай рабочай сілай жаночага полу. Той адмаўляецца, але як яно далей будзе, невядома. Калі не шыбеніца, то канцлагер гарантаваны. А мне ён раіў уцякаць. Бо тое ж чакацьме і мяне.

Лёгка сказаць: уцякай. Але куды, калі на сотні кіламетраў адны ворагі. А сям’я? Як пакінуць маці, сясцёр? Калі ўсё ж наважылася прызнацца маці, тая не здзівілася, адказала, што пра ўсё ведае і таксама настойвала на маіх уцёках. Перахаваешся дзе-небудзь у лесе, кажа, а там і нашых сустрэнеш. Ішоў сорак пяты год. Вайна грукатала на нямецкай зямлі.

Пакуль я вагалася, наваліліся іншыя беды. Ад галоднага тыфу памерла мая меншая сястра Гэля. Не драмаў і невядомы зайздроснік. Нас арыштавалі. Павесіць не павесілі, казалі, гаспадыня заступілася як за дбайных і працавітых. Але яе пераканання і сувязяў у вышэйшых уладных эшалонах – муж калісьці быў высокім ваенным чынам – хапіла толькі на канцлагер для нас. Не ўратавала ад яго і Альберта. Я ж была радая, што высылаюць не ў бардэль.

Жахі канцлагера Равенсбрук немагчыма было параўнаць нават з халодным баўэрскім падполлем. Але найгорай тое, што я страціла Альберта, сваё каханне, ягонае «л’юблю».

Першае, між іншым, і ўзаемнае каханне. Ды лёс, аказалася, высыпаў са свайго мяха яшчэ не ўсе выпрабаванні. Так сталася, што ў гэтым жа канцлагеры апынуўся і Альберт. Я ўбачыла яго на нямецкай палавіне, дзе германцы трымалі сваіх. Ад нечаканасці ледзь не закрычала, але спахапілася і схавалася за худыя спіны іншых. Спалохалася, што Альберт убачыць мяне безвалосай, без маёй ільняной касы, і невядома што падумае. Ды чалавек заўсёды на нешта спадзяецца, нават у благім шукае лепшае. Спадзявалася і я.

Нечакана для сябе ўпотайкі ад іншых упала вечарам на калені і пачала маліцца. Ніколі раней я не рабіла гэтага. А тут імпэтна прасіла ў найвышэйшага Бога даравання жыцця найперш яму, майму Альберту, а пасля і мне. Так малілася, што, здавалася, Бог пачуе мяне і паспрыяе…

Ды, відаць, не пачуў майго шаптання. Неяк пахмурным ранкам на пляцы перад нямецкімі баракамі паставілі колькі шыбеніц. Сэрца маё зайшлося ў прадчуванні нядобрага. Так і сталася. Сярод тых, каго падвялі да тых страхалюдзін, быў і Альберт. Тут я ўжо не вытрымала, схапілася за галаву і закрычала: «А-а-алі-і-ік!» Нехта ў адчаі закрыў мне рот рукой, суседзі затулілі сваімі спінамі і зашыкалі, каб змоўкла. Я ж апантана гукала, а пасля проста шаптала: «А-а-алік! А-а-а-алі-і-ік!.. Аль-берт…»

Не ведаю, ці пачуў мяне Альберт. Але ён падняў галаву, зірнуў у нахмаранае неба, пасля спыніў позірк на нашым баку і, здалося, прыязна ўсміхнуўся. На ўсё жыццё засела ў маёй памяці, дагэтуль стаіць перад вачыма гэтая ўсмешка чалавека, які праз хвіліну мусіць памерці.

Я сцялася. А кат узяўся за сваё звыклае рамяство. Альберту не завязвалі вачэй, у ката не было белых пальчатак і маскі.

Я праплакала цэлыя суткі. Мне ўсё стала абыякава, я нічога не баялася і нічога не хацела. Адно дастала Алікаў пярсцёнак і надзела на правую руку. Не паслухалася пагрозаў і не здымала яго цэлы тыдзень. Шчыра шкадавала, што нашае каханне не завяршылася новым жыццём ува мне… А начамі мяне палохала Алікава ўсмешка.

Неўзабаве нас вызвалілі саюзнікі. Агітавалі застацца ў Нямеччыне альбо з’ехаць у Амерыку. Але дзе там – нас чакала роднае поле. Не прычакала.

Са слязамі ад’язджалі некалі з роднай вёскі, са слязамі ступілі цяпер на бацькоўскую зямлю, са слязамі ж адправіліся неўзабаве ў лагер для перасыльных.

Сэрца маёй маці не вытрымала, адляцела пакутніца на неба. А я знайшла ў лагеры такога ж бедака, як сама. Таксама ў нямецкага баўэра практыку праходзіў. Пабраліся. Вярнуліся ў вёску. У нашай хаціне жылі іншыя. Сяк-так агоралі новую. Але муж мой падарваўся, памёр. Адна падымала і хату, і калгас, і нашага Юрачку. Так у беспрасветнай працы і прайшло жыццё.

Адно светлае імгненне было некалі, і тое слязамі сплыло…

– Маці, маці, ты, гэтаво, аглухла ад радасці? – ужо колькі разоў гукаў Юрак.– Ведама, добры жмут марак павінны даць. Гэтаво, давай, збірайся. Пойдзем у сельсавет.

Яна схамянулася, нібыта з зачараванага сну выбавілася. На твары яшчэ блукалі рэшткі нейкай нетутэйшай усмешкі, вочы святлелі нязвыклай глыбінёй, а на твар насоўвалася рашучасць.

– Нікуды я не пайду,– прамовіла так ціха, што і сама сабе здзівілася.

– Што? – спытаў Юрак. І было не зразумець, ці ён не пачуў, ці не мог пачутаму паверыць.

– Нікуды я не пайду, сынок,– прамовіла гучней і з цвёрдай рашучасцю ў голасе.– Не, не пайду… А ты… Ты як сабе хочаш…

– Дак хто ж мне дасць, гэтаво? – роспачна выгукнуў сын.

– Не дадуць, то й не трэба. Не збяднеем больш, чым ёсць. Коўдру залатаю, ты сяннік свежай саломай напхаеш.

З мяне хопіць,– сказала, і рашучая складка легла на лоб. Пачала скідваць коўдру, апранацца.

Юрак не пярэчыў, ведаў: калі сціснула вусны, то ўсё, кранты, ніхто яе не пераканае, не змусіць памяняць свайго рашэння. Ён скрушліва скрыгатнуў зубамі і выкуліўся за дзверы.

Пацалунак на фоне гор (зборнік)

Подняться наверх