Читать книгу Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль Бутэвіч - Страница 7
Ледзь не згубіўся
ОглавлениеУ бацькі прапаў сын. У жонкі – муж. У дачкі і сына – бацька. У бабулі – унук. Не, не тое, каб зусім прапаў. Знік. Бо калі знік, то ёсць надзея, што знойдзецца. Так суцяшаў сябе бацька. А калі прапаў… І слова страшнейшае, і сэнс яго цьмяны. А яшчэ лепш – згубіўся. Трапіў у вялікі горад і згубіўся, сярод мноства людскога заблукаў. Але хіба ад гэтага лягчэй? Прапаў, знік, згубіўся… Усё адно няма дома. А гэта – бяда.
Паехаў у нядзелю ў сталіцу СНД на сустрэчу з сябрамі (традыцыйная адгаворка для многіх мужчын, але тут была чыстая праўда), некаторыя з’явіліся нават з Масквы, і не вярнуўся, не прыехаў начаваць. Не так далёка той Мінск ад Пухавіч. А на вуліцы вадохрышчанскія маразы, якіх падобнай парой ужо даўно не было.
Першай адчула нязвыкласць у доме іхняя трохгадовая дачка. Як толькі Надзейка адплюшчыла вочкі, адразу паклікала: «Тата… тата…» Пасля пачала гучней і больш працягла, як бы прасіла і адначасна жалілася: «Та-а-атка… та-а-а-атка-а-а…» Але бацька не падыходзіў. Затое прыскочыла з кухні, дзе гатавала сняданак, мама, падняла дачушку на рукі. Аднак на яе пытанне: «А дзе тата?» не магла не толькі ёй адказаць, але і сама адчула нечакана вострую трывогу.
І праўда, гэта ж няма яго. Не начаваў… Не прыходзіў… Не прыходзіў ці не прыйшоў? Але якая розніца ў словах? Бо яго ж усё адно няма. Во, во, вось тое галоўнае слова, якое мае сэнс менавіта цяпер: «Няма». Дачцы, вядома, мусіла салгаць:
– Пабег на працу ўжо…
– А хто мяне ў садок павядз-е-е? – закапрызіла тая. У словах малой быў пэўны сэнс. Нават не проста пэўны, а сурова-праўдзівы. Так, Надзейку трэба весці ў садок. Але ж на руках маленькі Сяргейка. З ім? У такі мароз? Тут і дачку, на добры лад, не варта было б адпраўляць. Аднак жа не закрывалі групы, значыць, не бачаць выхавацелькі небяспекі. А мо гэта і лепш? Не трэба весці дачку ў садок, усе разам пабудуць дома. А хіба ж усе? Бацькі акурат і няма. Ды ёй і самой трэба пад абед падскочыць на працу: там якраз тавар новы прывезлі, апрыходаваць трэба. Сяргейку меркавала адвезці да бабулі, сваёй маці, якая якраз на пенсію нядаўна выйшла і пакутуе, як сама кажа, ад «бяздзелля». Дык мо і Надзейку ёй падкінуць? Але ж выхавацелька сварыцца, што такімі перапынкамі дзіця толькі псуецца, адвыкае ад гурта, ды і заняткам, што пачалі праводзіць з кнігай, гэта замінае.
Развагі перапыніў плаксівы голас сына з калыскі. Яна кінулася туды, а наўздагон пачула працяжны голас Надзейкі:
– Хачу-у да та-аты-ы-ы-ы. Дзе мой та-ата? Скажы,– настойвала дзяўчынка,– скажы, дзе?