Читать книгу Анаталогія - Анатоль Івашчанка - Страница 2
Плошча Перамогі
Апавяданні
Пах волі
ОглавлениеСаша очень любит книги про героев и про месть,
Саша хочет быть героем, а он такой и есть.
Саша носит шляпу, в шляпе страусиное перо,
Он хватает шпагу и цепляет прямо на бедро.
Віктар Цой. «Саша»
Саша гадаваўся без бацькі. Як падавалася нам, дванаццаці-трынаццацігадовым, гэты факт, пры ўсіх сваіх мінусах, меў адзін вельмі вялікі й неаспрэчны плюс: ступень свабоды, якая нам і не снілася.
Сярод мінусаў галоўным было татальнае безграшоўе. Сашава маці, што працавала, здаецца, рэстаўравальніцай у мастацкім музеі, у час, калі краіна працягвала жыць па прынцыпе «скажы, дзе працуеш, і я скажу, што крадзеш», ледзь дацягвала ад авансу да заробку. Праўда, амаль ніхто з нас, хлопчыкаў з сем’яў шараговых ітээраў, работнікаў розных НДІ, заводаў, сфераў харчавання й сацыяльнага абслугоўвання, не раскашаваў. За вельмі рэдкім выняткам.
Газеты стракацелі выкрывальніцкімі нарысамі пра наменклатуршчыкаў, што панабудавалі шыкоўныя фазэнды пад Менскам у час, калі народ пухне з голаду, пра фірмачоў, што бессаромна нажываюцца на вачах у чэсных працаўнікоў, пра валютныя спекуляцыі, пра з гразі ў князі ды іншую трасцу… Бацькі на кухнях абмяркоўвалі ўсё гэта, лаялі фірмачоў і спекулянтаў, чыталі «Огонёк», выпісвалі «Новый мир» і «Химию и жизнь», гадзінамі слухалі Ельцына й Кашпіроўскага, чакаючы ад іх нейкага цуду. Да з’яўлення ж цуду ўласнага заставаліся лічаныя месяцы.
Мы ж, пакаленне джынсаў «Мальвіна», гуртоў «Наутылус» і «Крэматорый», магнітафонаў «Інтэрнэшнл» і камп’ютараў «Байт», ведалі два адносна хуткія спосабы «азалаціцца» – памыць альбо павартаваць. Адразу ж пасля школы мы кіраваліся наўпрост да адзінага ў ваколіцах рэстарана, дзе акурат на абед з’язджаліся крутыя па тых часах іншамаркі альбо, на скрайняк, апошнія «Лады». «Памыць ці павартаваць?» – такім пытаннем мы віталі наведнікаў. Згода на «памыць» успрымалася як сапраўднае шчасце й здаралася дужа рэдка. На «павартаваць» – хутчэй як міласціна. Найбольш частым адказам было грэблівае маўчанне альбо, як варыянт, штосьці накшталт: «Не надо. Но если с машиной что-то случится, я тебе глаз на ж*пу натяну».
Саша ніколі не працаваў з намі.
Тыя кішэнныя грошы, што выдаваліся бацькамі «на булачку», чым далей, тым меней скарыстоўваліся па прызначэнні. Яны ішлі ў «абшчак», і на іх таму з нас, хто выглядаў самым дарослым, мы даручалі набыць пачак цыгарэт альбо, зрэдку, – парнаграфічную літаратуру, якая запоўніла тады паліцы кнігарняў. Абгорнутыя ў непразрыстую падручнікавую вокладку, гэтыя кнігі чыталіся па чарзе; той, хто чытаў першы, падкрэсліваў чырвоным стрыжнем патрэбныя мясціны. Дзеля канспірацыі мы называлі гэта «геаметрыяй». Калі падыходзіла чарга, ты казаў: «Дай геаметрыю пачытаць».
Саша «геаметрыю» не чытаў.
Цыгарэты. Гэтае страшнае слова, якім нас палохалі ледзь не з садка. Так, гэта быў забаронены й, адпаведна, дужа салодкі плод. П’янлівы смак і пах першых сігаў згадваецца з вастрынёй, параўнальнай са згадкай мо толькі пра першую выпадкова-спантанную эякуляцыю…
У адрозненне ад нас, Саша паліў па-даросламу. І крышку пазней, калі ў яго выявілі парок сэрца, – кінуў. Таксама па-даросламу, з ломкай ці чымсьці падобным.
Зрэдку, можа раз на паўгода, Саша сустракаўся з бацькам. Пасля гэтых сустрэч ён мог зрабіцца ўладальнікам «Байта» альбо «Інтэрнэшнла». Альбо, бывала, – недзіцячай сумы грошай. Гэтыя грошы ішлі выключна на ягоныя ўласныя патрэбы, і нават калі ў маці не заставалася ні капейкі, яна не звярталася да яго па фінансавую дапамогу. Хаця – хто цяпер можа з пэўнасцю пра гэта сказаць?..
Калі табе трынаццаць, калі ты раптам у пэўны момант пачынаеш бачыць і адчуваць усё па-іншаму, калі свет паўстае перад табою стракатай гамай гукаў, пахаў, перажыванняў, спакусаў і г. д. – зрэшты, можна не працягваць. Гэты пяшчотны ўзрост шмат разоў апісаны да нас іншымі спыняльнікамі імгненняў… Але калі табе трынаццаць, ты яшчэ нічога не ведаеш пра сябе, пра тое, хто ты й навошта. Ты не аналізуеш. Жывеш сабе й жывеш. А вось Саша, здавалася, ведаў.
Мы любілі прыходзіць да яго ў госці. Сашава маці не была ў захапленні ад гэтых частых візітаў. Яна ніколі не распытвала пра вучобу ці пра нешта з кола падлеткавых зацікаўленасцяў. Але асабліва й не замінала гэтым візітам.
Сашаў пакойчык, адгароджаны ад матчынай паловы сценкай з кардонных яйкавых латкоў, быў сакральным месцам. Тут захоўваўся ўзорны парадак, і сюды не запрашаўся абы-хто. Сам факт дазволу на госці ўспрымаўся як гэткі акт ініцыяцыі.
Тут былі ўсе атрыбуты, неабходныя для культавае пабудовы. Са сценаў пазіралі боствы, на падваконні дыміла духмянасць. Дзесьці ў сярэдзіне пакоя, з люстры, на вышыні Сашавага росту звісаў званочак. Маленькі рыбацкі званочак, што выкарыстоўваецца для лоўлі на донку. Калі ў гаспадара пыталіся, навошта тут гэта, ён моўчкі падыходзіў і махам роўнай нагі (не адрываючы пятку ад падлогі) паказваў – навошта.
Што да бостваў, то галоўнае месца на яйкавай сцяне адводзілася каляровым выявам кітайца, імя якога тады дарэмна не вымаўлялася, а цяперака хіба падзабылася. Яго агіяграфію ва ўсіх дэталях ведаў кожны з нас. Найбольш нам падабалася яго дзіцячая мянушка – Маленькі Дракон. Маленькі Дракон узнёсся ў трыццаць тры гады, пакінуўшы па сабе вучэнне, назву якога таксама не будзем згадваць дарма.
Ён быў выяўлены ў кананічных паставах, напружаных абарончых ці ўдарных атакавальных, з нунчакамі, узнятымі да вачэй, у скачку… Гэта было вярхоўнае боства. Бог-айцец. З супрацьлеглай сцяны на яго пазіраў «сын». Той меў кароткае карэйскае прозвішча і, як і належыць, быў страшэнна падобны да бацькі. Яго ўзнясенне адбылося ўжо на нашых вачах. На кніжнай паліцы стаяў яго «абраз» у рамцы з чорнай стужкай. Сярод яго атрыбутаў былі чорная акустычная гітара альбо белая электрычная, запаленая цыгарэта, чорная кашуля… Вядома ж, на свае сцены я не наважваўся вешаць выяваў боства (тым больш з цыгарэтай!); мой пакой аздабляў сціплы плакацік, з якога сувора пазіраў будучы губернатар Каліфорніі…
Сашу я шмат чым абавязаны. У прыватнасці, без яго я наўрад ці даведаўся б, што шляхі да асалоды не абавязкова звязаныя з працэсам паверхневага трэння. Саша слухаў «Мэдвін гудал» і тонамі паглынаў кнігі фэнтэзі. Узімку, нават у моцныя маразы, ён апранаў лёгкую асеннюю куртачку. Магчыма, ён проста не хацеў марнаваць свае асабістыя сродкі на пухавік, але падносілася гэта як загартоўка. У адрозненне ад большасці з нас, ён не застаўся вучыцца ў дзясятым класе, а пайшоў працаваць. Зрэдку мы сустракаліся ў пераходзе, дзе ён гандляваў індыйскімі духмянасцямі, касетамі й духоўнай літаратурай. Дзе ён цяпер і што робіць, не ведаю ні я, ні сацсеткі.
…Пасля розныя вехі маёй біяграфіі асвечваліся рознымі першымі-знакавымі-пахамі (незабыўна шчымлівыя водары жанчыны, бульбы фры, першага свежараспакаванага мадэма, кіславаты пах дзіцячых экскрэментаў у падгузніку…). Але тады, у дванаццаць ці трынаццаць год, у Сашавым сакральным пакоі я зведаў яшчэ адзін пах.
Рэч у тым, што ў іх з маці была дамоўленасць: усю хатнюю працу, звязаную з уласнай жыццядзейнасцю, – мыццё посуду, гатаванне ежы – Саша выконваў сам. Сюды ж, натуральна, уваходзіла і пранне сваёй бялізны. Гэта быў кошт самастойнасці, даросласці. Так бы мовіць, кошт незалежнасці… У той дзень, зайшоўшы ў яго пакой, мы не адчулі знаёмага тонкага водару сандалу. Яго перабіваў рэзкі смурод. Маці дома не было, а пасярэдзіне пакоя стаяў пластмасавы таз, у чорных водах якога плавалі Сашавы брудныя скіслыя шкарпэткі, майкі ды майткі. Некалькі дзён таз стаяў у лазенцы – чамусьці ў Сашы ўсё не даходзілі да яго рукі – пасля чаго маці, пэўна, гэта надакучыла, і яна перанесла яго ў сынаву палову. У мэтах большае нагляднасці…
Саша, нічога не сказаўшы, узяў таз і пайшоў у ванны пакой. А я застаўся ў «храме», сам-насам з яйкавымі сценамі, юнацкімі «абразамі» ды агідным пахам нявымытае бялізны – пахам волі.