Читать книгу Анаталогія - Анатоль Івашчанка - Страница 3
Плошча Перамогі
Апавяданні
Гледачы
ОглавлениеДэкан Свіфт наняў актораў, каб тыя неслі людзям яго думкі. Але наш губернатар выявіўся хітрэйшым – ён наняў гледачоў…
З кінафільма «Дом, які збудаваў Свіфт»
У двары патыхала восеньскай цвіллю. Дрэвы стаялі амаль голыя, і, адпаведна, лісця пад імі было па шчыкалатку (каму – дрэвам? – Заўв. рэд.).
У неасветленым двары, па выцвілым лісці каталі дзяўчо. У апошнім сказе процьма алегарычных недакладнасцей. Бо насамарэч дзяўчо білі. Моцна. Ёсць у братняй мове слова, якое б больш ёміста перадало сэнс. Нават не адно, але чорт з імі, словамі, і з ёй, мовай… Дый ці «дзяўчо»? Па ўзросце – так. Але толькі па ўзросце…
Сяржук з жонкаю йшоў па парку. Там, як ні парадаксальна, была гэткая ж карціна, што і ў двары (у сэнсе, лісце). Яны вярталіся дахаты як людзі, для якіх не было, папросту не магло існаваць нічога па-за імі й тым, што ў іх. Гэтае апошняе дэ-факта знаходзілася (то бок рухалася, харчавалася, а калі каго цікавяць дэталі – выбудоўвала свой косны мозг) ва ўлонні, але, далібог, Сяржук таксама пачуваўся цяжарным.
Прынамсі, жорсткі жончын таксікоз, відаць, часткова перадаўся й яму (як гэта часта здараецца з хворасцямі тых, каго любіш)…
Яны зайшлі ў двор, і жонка вымавіла: «Божа…» – «Хадзем, хадзем», – з ненатуральнай бадзёрасцю сказаў Сяржук.
Яны ўвайшлі ў пад’езд, падняліся на сямнаццаць прыступак – першы пралёт, дзе вакно – і жонка сказала: «Пачакай. Трэба. Вярнуцца». – «Так», – адказаў ён, але спярша, з хвіліну, яны глядзелі з акна на гэты мортал комбат.
(Трэба сказаць, што некалькі жыхароў таксама назіралі за збіццём – з вокнаў, з гаўбцоў. Палілі, глядзелі…)
Дзяўчо каталі па лісці, з кута ў кут, ад сценкі да сценкі гэтага абгароджанага ліпамі, клёнамі ды каштанамі двара-пакоя, і зразумець тое, якія вялікія адлегласці пераадольвала цела пасля чарговага ўдару, можна было па хрыплых і кожнага разу ўсё менш упэўненых воклічах ахвяры. Дэталяў у цемры разабраць было нельга. Толькі цені. Удар – храбусценне лісця (ці костак?) – вокліч…
Сяржук з жонкай спусціліся й падышлі да бардзюра – мяжы, што раздзяляла пляцоўку ды асветленую едкімі пад’ездавымі ліхтарамі частку двара. Біў адзін, астатнія моўчкі стаялі. Той, які біў, часам каментаваў, за якую правіну наносіцца ўдар.
Яны пазналі ахвяру. Найперш па голасе. Гэта была дзяўчынка-падлетак, што часцяком сядзела на лаўцы каля «сіняга» пад’езда, у адной з «сініх» кватэраў якога і жыла разам з (не будзем казаць з якой) маці. Так ужо нейк склалася, што ў гэты пад’езд перабраліся ўрэшце ўсе «сінякі» хрушчоўкі (яны ж алканаўты, булдосы, аматары вадкасці № 2 і г. д.). На дзвярох гэтага пад’езда, у адрозненне ад усіх астатніх, не было дамафона – яны былі гасцінна расхінутыя і ўдзень, і ўночы. Як, дарэчы, і большасць паштовых скрыняў, якія ў лепшым разе былі падвязаныя дротам ці падлепленыя скотчам. Нягледзячы на выгоднае размяшчэнне дома, шэраг кватэраў пуставала, паколькі чалавек, як вядома, смяротны. І не існавала такога, нават чорнага, як сумленне летувіскага мытніка, рыэлтара, які б прымусіў кагосьці туды засяліцца. Тыя ж нешматлікія нармалёвыя (тут пальцамі робіцца двукоссе ў паветры) жыхары, што заставаліся ў пад’ездзе… Зрэшты, цяпер гаворка не пра іх.
Такім чынам, там (на лісці) была дзяўчынка з сіняга пад’езда. Сяржук, стараючыся рабіць гэта ўпэўненым нізкім голасам, запытаў у накірунку пляцоўкі: «Что вы делаете?!» Яму адказалі: «А ты чё здесь делаешь?» На гэта ў яго адказу не было. Разам з жонкай яны адышлі да лаўкі (дзе лямпачка)… «Трэба выклікаць міліцыю», – сказала жонка. «Так. Патэлефануй». Ён не хацеў, каб жонка бачыла, што ў яго падрыгваюць пальцы.
Покуль жонка чакала адказу аператаркі, ён, каб нешта рабіць, вярнуўся да бардзюра. Ахвяра, мабыць, добра ведала таго, хто яе б’е: «Ну всё, бля, – скавытала яна, – теперь я точно в ментовку заявлю», – і атрымоўвала новы ўдар. Да Сержука звярнуўся хтосьці з назіральнікаў: «Всё нормуль. Брательник сеструху воспитывает. А хто ты ваще такой?..» Тым часам сямейнае выхаванне працягвалася… Ён вярнуўся да жонкі. «Выклікала?» – «Так, сказалі, нарад выехаў». – «Ну, то хадзем?» Яны падняліся ў кватэру. «Пастаў імбрык. Я пайду выкіну смецце. Дарэчы, ты прозвішча называла?» – «Так». – «Дарма». – «Глядзі там, калі ласка, асцярожна…» – гэта ўжо ў зачыненыя дзверы.
Сяржук паставіў закручаны пакет са смеццем каля лаўкі й прысеў. «А можа, і сапраўды нармалёва? Можа, хоць мазгі ёй трохі ўправіць», – не падумаў, а чамусьці прамармытаў ён… …З дзяцінства яго выхоўвалі абаронцам (радзімы, малодшай сястры, футбольнае брамы… – патрэбнае падкрэсліць). Да пэўнага моманту ён быў перакананы, што гэтак жа і з усімі… Гэты пэўны момант надышоў у другім класе. Тады настаўніца выйшла кудысьці пасярод урока, пакінуўшы класу колькі хвілінаў на шаленства. Як толькі дзверы за ёй прычыніліся, галоўны двоечнік і хуліган (адкрыць/закрыць двукоссе) з прозвішчам Садзін, якое цалкам адпавядала яго садысцкай натуры, ускочыў з месца й пачаў корпацца ў торбачцы настаўніцы. Тады Сяржук, як гэта і належыць герою, падышоў да адмарозка й вырваў торбу. Садзін, які быў на галаву вышэйшы і на парадак шырэйшы, з цікавасцю паглядзеў на Сярожку: «Ну, пойдём. Выйдем». Яны выйшлі. Садзін адышоў у канец пустога калідора, разбегся і з усяе моцы наскочыў на суперніка. Яны ўпалі, і Садзін, вядома ж, апынуўся зверху. Далей, седзячы на грудзёх і прыціснуўшы рукі да падрапанага паркету, ён распавёў, што мог бы зрабіць з ім далей («бычок», галавой аб падлогу, вочы…). «Ну, что, понял?» – пасля гэтай вучэбнай дэманстрацыі сілы запытаўся хуліган. Сяржук, вядома, «понял» (і дзякуй богу, што ніхто з класа ўсяго гэтага не бачыў)…
Пасля ён быў сведкам шматлікіх падлеткавых боек – асабліва ў піянерлагерах, дзе ў лайт-рэжыме буяў прынцып вайсковае дзядухі, які заахвочваўся кіраўніцтвам гэтых устаноў, часцяком – былых вайскоўцаў. І заўжды, калі кагосьці «апускалі», з’яўлялася гэтае… так бы мовіць, апраўданне жорсткасці. Не заўсёды нават прамоўленае. Нібыта самамэтай была не бойка альбо доказ уласнае крутасці, а – нейкае сцверджанне вышэйшае праўды… І калі нейкага хлопчыка, які чымсьці вытыркаўся з агульнае масы, змушалі станавіцца на калені пасярод лагернае палаты на вачох ва ўсяго атрада, чыйсьці ялейный галасок соладка намармытваў на вушка: «Усё нармалёва, усё нармуль…»
Сяржук назіраў, як пры набліжэнні патрульнае машыны хлопцы нетаропка рушылі прэч, пакінуўшы дзяўчо на лісці. Гледачы вызвалілі гаўбцы. (Гаўбцы! Заслона.)
Яны пілі гарбату, і жонка хітнула ў бок акна, за якім у выцвілым лісці па шчыкалатку стаялі, аб нечым перамаўляючыся, дрэвы, і запыталася: «І што з гэтым усім рабіць?» Сяржук, зірнуўшы на яе жывот, вымавіў: «Рабіць сваю справу. Каб нас было болей. Чым іх». – «Так. Сваю справу. Але яна, – зноўку ківок у бок двара, дзе ў сметніках курчыліся бычкі, а сярод лістоты – цела трынаццацігадовай дзяўчыны, – таксама будзе. Рабіць справу…»
2009