Читать книгу Анаталогія - Анатоль Івашчанка - Страница 5

Плошча Перамогі
Апавяданні
таравываН

Оглавление

Насельнікам і прывідам крамы «Рыба» прысвячаецца

1. Кімано

Крама «Рыба», што на Карламарла, была адным з яго першых усвядомленых успамінаў. Тады на гэтай вуліцы было няшмат крамаў. Забіраючы яго з садка, маці часцяком заходзіла ў «Рыбу», і ён памятае, як разглядаў славутыя барэльефы на сценах. Насамрэч ён толькі рабіў выгляд, што іх разглядае. Сам жа цішком выкалупваў драўлянай палачкай з прымацаваным на канцы пластылінам драбязу, што пазакатвалася пад касу…

Пад «Рыбай» месцілася цырульня, куды ён хадзіў раз на месяц. Туды ж хадзіла ўся вуліца. І, мабыць, дзве суседнія, бо праседзець у чарзе можна было да апупення. На пытанне цырульнічкі, як стрыгчы, ён, чырванеючы, адказваў: «Гэтак жа, як і вас». Звычайна яму траплялася майстрыха з самай неахайнай фрызураю. Тая стрыгла, ні разу не зірнуўшы ў ягоны бок нават праз люстра, уважліва разглядала чаргу і балбатала з таварышкамі. Закончыўшы, яна казала на развітанне: «Следующий!» Пасля такога сеансу ён дзякаваў Богу, што не пазбавіўся вушэй.

Адна з першых сустрэчаў (нават сутычак) з боскім адбылася, калі ён пайшоў на секцыю па тэйквандо ў Дом фізкультурніка. Ён, натуральна, не ведаў, што насамрэч тое быў замаскаваны пад Дом фізкультурніка старадаўні касцёл. Адзіным, што ўказвала на адметнасць гэтага месца, былі гукі арфы, што часам даносіліся адкульсьці зверху падчас трэніровак і дзіўна накладаліся на рэзкія карэйскія каманды. Тады якраз адбывалася барацьба вернікаў за вяртанне храму яго першаснага аблічча. Пасля прэзідэнта мясцовай федэрацыі тэйквандо пасадзілі за згвалтаванне, а Дом фізкультурніка ізноў зрабіўся касцёлам… Але ўспамін такі. На трэніроўкі ён хадзіў з вялізным пакетам з надпісам «Белпласт», ручкі якога зашпільваліся адмысловым чынам. У пакеце было «кімано» й чэшкі.

(«Кімано» ўзята ў двукоссе з тае прычыны, што напраўду такім яно не было. Калі ён паведаміў бацькам, што паспяхова здаў першы іспыт і мае права на ганаровае нашэнне кімано, бацькі сказалі, што нешта прыдумаюць. Кімано напраўду каштавала да халеры, але не было для яго нічога жаданейшага. Бялюткае, а яшчэ лепш – чорнае, з тоўстай матэрыі ў рубчык і з Пасам, тое была ягоная мара. І вось урачысты момант. Яму прэзентуюць пакунак, дзе ляжыць яно. Ужо па вазе ён здагадваецца, што мары не суджана спраўдзіцца. У пакунку ляжыць… нейкая паркалёвая сукеначка, акуратна пашытая бабуляй па ўласных выкрайках. І адпаведны ж анучавы пасік з нашытымі, згодна ступені, жоўтымі шаўронамі на канцах. Бабулю й бацькоў ён любіў і паважаў, таму ні слова папроку ад яго пачута не было. Праплакаўшы паўначы, далей ён хадзіў на трэніроўку ў гэтым «кімано» й ранейшым трыкечку.) І вось, стоячы на лесвіцы Дома фізкультурніка, ён звыкла закідваў свой пакет на плячо, не заўважыўшы, што следам выходзіць нейкая бабулька. Удар ледзь не збіў яе з ног. Ён пачаў выбачацца, але ў вачох бабулькі не пабачыў даравання. Бабулька сказала: «Вандалы. Нічога, не доўга вам тут засталося». Гэта была першая пачутая ім фраза па-беларуску па-за фармалісцкімі ўрокамі па белмове ў пачатковай школе.

2. Буйкі

Ад таго тэйквандо напраўду толку было мала, але пра гэта даведаўся трохі пазней. Крама «Рыба» знаходзілася акурат пасярэдзіне між яго домам і школай. Да школы было каля 15 хвілінаў хады па Карламарле. Большасць школьных сяброў жылі альбо тут, альбо на паралельных вуліцах. Ён абсалютна не ведаў іншых раёнаў і мог заблукаць паўсюль, калі б яго выкінулі дзесьці ў адкрытае мора горада. Па сутнасці, арэал ягонага існавання ледзь не да паўналецця абмяжоўваўся стадыёнам з аднаго боку і часткай праспекта з другога. Вядома, былі яшчэ двары й дахі, дзе, абвязаўшы твары піянерскімі гальштукамі, яны выяўлялі хто ніндзяў, а хто хонгільдонаў.

У доме, дзе ён жыў, трапляліся рэліктавыя экспанаты. Напрыклад, жанчына з муштуком, якая выносіла старарэжымнае плеценае крэсла на двор, сядзела, гайдалася, санліва аглядаючы наваколле паўз шызы цыгарэтны дымок…

Дом, як, дарэчы, і ўсю Карламарлу, будавалі палонныя немцы. Гэты факт меў амбівалетныя наступствы: з аднаго боку, нямецкая грунтоўнасць дазваляла жыллёва-эксплуатацыйным службам дзесяцігоддзямі эканоміць на капрамонтах (то бок папросту з прыборам на іх класці). З іншага ж боку, толькі аднаму Богу і галоўнаму інжынеру ЖКГ было вядома, на якіх соплях трымаўся падмурак. Уладзю, калі ён спускаўся ў сутарэнні па ровар, здавалася, што варта дастаць хоць адну рудую, няйнакш нямецкімі грунтоўнымі рукамі ўкладзеную цагліну, як уся спаруда лясне к чортавай матары.

За «Рыбай» месцілася Хаза – чыйсьці гараж. Месца збору. Тут даведваліся пра жыццё, каштавалі «віно» альбо нават гарэлку. Тут жа было вакенца жаночай «лазні» (інтэрнацкіх душавых), дзе нібыта можна было ўбачыць штосьці выключнае. Калі збіралася не менш за тузін, ішлі гуляць у футбол альбо, зрэдзьчасу, на вайну (за радзіму, а пазней – за музыку).

Аднойчы аднаго з іхніх, Касога, зачапіў Рыжы Віня. Віня быў старэйшы, але крыху ёлупчык. Прызначылі час бойкі, сабраліся загадзя. З’явілася пляшка гарэлкі, якой ніхто не пакаштаваў, але якая дужа хутка спусцела. Пайшлі вялізнай брагай. З Вінем таксама былі хлопцы, але значна менш па колькасці. Сышліся на разы. Трохі памахаліся. Касы хутка правёў удушальны, і Віня заенчыў пра літасць. Касы дзеля парадку даў два разы ў пысу ды адпусціў небараку. Але не ўсе былі настроены гэтак лагодна. На лесвічнай пляцоўцы яго дагнаў хлопец з «кастэтам», зробленым з батарэевага вентыля, і некалькімі ўдарамі паклаў Віню на лесвічнай пляцоўцы каля яго ж дзвярэй.

Узрушаным такім бліцкрыгам, усім хацелася працягу. Яны стаялі ў двары, шукаючы ахвяру (Віневы спачувальнікі даўно паразбегліся). З пад’езда, дзе ляжаў (ці, хутчэй, запаўзаў у кватэру) Віня, выйшаў хлапец. Ён быў высокі й прыгожы. Такіх звычайна не чапаюць. Хлапец мог бы йсці сабе, але ён сам падышоў. «Чё тут у вас происходит?», – спытаў. «Чё? Те объяснить? Ща объясним». Хлапец быў не супраць разоў. Хтосьці паведаміў, што ў яго карычневы пояс па тэйквандо. Паступіла прапанова выставіць каратыста Алега, таксама з высокім поясам, з навуковадаследчай мэтай параўнання гэтых адзінаборстваў, хаця ўсе й так ведалі, што асноўная розніца толькі ў адрыве пяткі апорнай нагі. Ясна, што Алег бы яго хутка «зрабіў», але ў бой ірваўся вар’ят з «кастэтам».

Старэйшы аб’явіў, што, калі тэйквандыст пераможа, яго ніхто чапаць не будзе. Зрабілі кола. Тэйквандыст пачаў адпрацоўваць нагамі, бы матылёк, – прыгожа, трапна, але не дужа моцна. Хвілінаў пяць ён проста малаціў суперніка, рыхтык грушу, не даючы яму нават ачомацца. Біў, як падалося Вавану (а так, варта заўважыць, клікалі нашага героя), напалову сілы, толькі намячаючы ўдары. Раз’юшаны супернік, прычакаўшы мажлівасці, кінуўся ў бліжні бой: заціснуў галаву мёртвай хваткай, хутка засунуў руку ў кішэнь і нанёс некалькі шалёных удараў. Тэйквандыст застаўся ляжаць на траве. Нейкі час усе моўчкі стаялі, покуль не пачулі міліцэйскую сірэну. Ваван, якому тады было дванаццаць, забег у «Рыбу» і прастаяў там паўгадзіны.

Бацькі тэйквандыста падалі ў суд, але нічога давесці не змаглі. Тэйквандыст абышоўся страсеннем да лёгкім заіканнем. Наагул Ваван быў з інтэлігентнай сям’і, таму падобныя прыгоды былі свайго роду «буйкамі», далей за якія ён не наважваўся заплываць. Большасць жа ягоных дваровых таварышаў з «нядобранадзейных сем’яў» у выніку сканчалі кепска: хтосьці стырчэўся, хтосьці стырчэўся й кінуўся, хтосьці сеў…

3. Feelf*ck

У двары за «Рыбай», каля Хазы, быў Ліцэй. Седзячы на раздрапаным пацыфікамі, анархіямі ды сітуацыйнымі сентэнцыямі цагляным плоце, Ваван з сябрамі часам назіралі за фізрой ліцэістаў, што праходзіла проста на плітках перад ганкам Ліцэя (спартовай залы ў іх не было). Ліцэісты нават па-за сценамі іх alma mater перамаўляліся па-беларуску. Услых тое называлася «пантамі», але пра сябе Ваван іх паважаў. З шостага класа ён пачаў наведваць школьны гурток па гісторыі, удзельнічаць у тэатральных пастаноўках. Разам з гісторыкам яны хадзілі ў паходы, спявалі Шалкевіча, нават зарганізавалі летнік, дзе трэба было размаўляць выключна па-беларуску… У 96-м Ваван… не, ужо Уладзя, быў сярод тых, хто закідваў брукаванкай афігелы ад такое нечаканкі АМОН. Годам пазней ён паступіў на факультэт, што месціўся акурат насупраць «Рыбы». Шлях ад хаты да вучобы скараціўся роўна ўдвая, але Ваван усё адно спазняўся. Там ён сустрэўся з былымі ліцэістамі. Тут трапляліся людзі, якія маглі сказаць штосьці важнае. Большасць з іх была з паперы. (Тыя, хто быў з пластмасы й стужкі, сустракаліся Уладзю й раней; іх ён насіў каля сэрца – у плэеры. Слухаючы плэер, ён лавіў сябе на думцы: добра, што няма вайны й не трэба прыслухоўвацца да паветранае трывогі).

З дзяцінства ва Уладзі была здольнасць: ён умеў чытаць словы наадварот. Адкуль тое пачалося, цяжка сказаць – ці тое з вядомага паліндрома пра лапуазора, ці тое з усмешлівага дзеда Макара… Яго здзіўляла тое, што гэтая здольнасць здзіўляе яго сямейнікаў. Спярша яму падавалася, што ў такім чытанні не можа быць нічога складанага і для іншых, а пасля зразумеў, што гэта ягоныя насланнё і праклён. Ён лавіў сябе на тым, што перакручвае навыварат кожнае пачутае/убачанае слова, а затым і фразу. Далей тое ж пачало адбывацца з лічбамі (на метрапалітэнавых гадзінніках, нумарах аўто ды трамваяў…). Ён абсалютна не мог, як ні намагаўся, засяродзіцца на чымсьці іншым. Па сутнасці, амаль увесь ягоны мысленчы працэс зводзіўся да гульні ў словы-пярэваратні (прычым увечары ён мог бы, калі б захацеў, прыгадаць ці запісаць паслядоўнасць гэтых кашмарных практыкаванняў-травесціяў). Калі ў дзяцінстве тое было фармальнае перагортванне (то бок, паводле напісання, напр.: ёд нам неабходны – ындохбаен ман д[з]ё), то далей сістэма самаўдасканалілася – перагортванне адбывалася цалкам згодна з фанетыкай (то бок, калі запісаць перагорнутую фразу на стужку і пусціць наадварот, атрымалася б зыходная: ындохбаэнь ман дой). Значна пазней ён навучыўся ўлагоджваць акіян сваіх думак. Значна пазней…

Вучыцца на feelфаку было проста (і зусім не з прычыны таго, што яго прыналежнасці да нешматлікай варны ўладальнікаў портак). Палову часу Уладзя з сябрамі бавіў каля «Рыбы» альбо на дыхтоўных лесвіцах былое партшколы. Духоўны апгрэйд адбываўся з усімі, але з рознай інтэнсіўнасцю. Хтосьці пасля доўга лячыўся ад залежнасці (пра гэта больш ні слова). Тут ён пабачыў, што зусім не адзінокі ў сваіх загонах.

Напрыклад, вельмі моднай, як выявілася, была паліндромная паэзія. Гэты феномен, які з цягам часу ўвойдзе ў дапаможнікі па неўралогіі (а покуль апісаны толькі ў літаратуразнаўчых даведніках), быў Уладзю малацікавы: ён шукаў тых, хто падкажа паратунак ад яго хваробы, а не разаўе яе. Праўда, аднойчы і яму прыйшлося напісаць паліндромную паэму, каб не быць выключаным: творчым студэнтам (да ліку якіх адносіўся перадусім прафактыў) шмат што даравалася. А выключыць яго вельмі карцела загадчыцы адной загадкавай кафедры за тое, што ён ігнараваў яе лекцыі. Яна ж не ведала, што ігнараваў ён іх усяго толькі з тае прычыны, што ягоны школьны сябра сістэматычна зрываў яго на піварыбу-чарл-і-далей-на-ўсход.

На пачатку ён нават спрабаваў быў адпрошвацца. «А якую мазу прыдумаць?» – пытаўся ён у сябра. «Скажы ёй, што я памёр». А перад гэтым яны ўжо былі кульнулі па куфлі наФеліксе. Ну, ён падыходзіць і кажа: «Адпусціце мяне, калі ласка. На пахаванне майго школьнага сябра». А яна, унюхаўшы выхлап: «Вы што, Уладзімір, – пі-і-лі-і? Гарэ-э-лку?!» Хіба патлумачыш дурніцы, што півасны выхлап падобны да гарэлачнага… На іспыце яму давялося адказваць каля гадзіны па ўсіх білетах, але пасля кожнага даволі-ткі ўцямнага адказу гучала скрушлівае: «Та-ак, і гэтага вы не ведаеце. Ну, вось вам апошняе пытанне, на якое вы ізноў не адкажаце: білінгвізм». Тут ужо Уладзя не стрываў і адказаў разгорнута: «эмярк у шыроваг уксляксамап амас а шырдуп увалаг ман ыт анэрх агокай А?» – «Што вы маеце на ўвазе?» – спалохалася загадчыца. «Што маю, тое й на ўвазе», – адказаў Уладзя й грымнуў дзвярыма… (Да гэтага ў яго ўжо быў адзін залёт, калі яны з сябрам перад лекцыяй аднаго прафесара падклалі яму на подыум-кафедру цацачны парабэлум. Трэба заўважыць, што надоечы ў адным з амерыканскіх універаў студэнт учыніў стральбу ў аўдыторыі. Прафесар адразу ж выклікаў міліцыю, а апошнім парабэлум трымаў у руках Уладзя… У пастарунку ён патлумачыў, што тое быў не заклік да тэрору ці самагубства, як тое зразумеў прафесар, але заклік да пільнасці. У мянтоўцы працавалі шмат былых выпускнікоў яго факультэта, якія добра ведалі таго прафесара, і Уладзю хутка адпусцілі. Што ўсё адно не выратавала яго ад напісання панегірычна-пакаяльнай паэмы-паліндрома.)

Анаталогія

Подняться наверх