Читать книгу Таварыства кнігалюбаў - Андрэй Лазар - Страница 7
Таварыства-кнігалюбаў.бел
Глава другая
Дзікае паляванне, або Зорка сеціва
Успаміны гараджаніна
ОглавлениеУніверсітэцкі час – гэта самы цудоўны перыяд майго жыцця. Не. Напэўна, так гаварыць будзе няправільна. Праўдзівей сказаць, што ўніверсітэцкія гады былі найбольш насычанымі і запамінальнымі для мяне. Супернічаць з імі могуць хіба што падзеі, звязаныя з Другім гарадскім сходам. Але зараз я хачу падзяліцца ўспамінамі пра сваё студэнцтва. Як ужо гаварылася, я паступіў без праблем. З аднаго боку, вялікую ролю ў гэтым адыгралі мае веды і здольнасці, з іншага – конкурс быў не самы складаны, бо мая спецыяльнасць перажывала тады не найлепшыя гады. Тым не менш, мой універсітэт быў адным з трох самых прэстыжных устаноў горада і меў вельмі пераканаўчую гісторыю. Ён узнік у пачатку ХХ стагоддзя і за час свайго існавання заняў належнае месца ў свеце, што адлюстроўвалі шматлікія рэйтынгі, апытальнікі і агляды. Хтосьці можа ўзгадаць вышэйшыя навучальныя установы, гісторыя якіх пачынаецца яшчэ з сярэднявечча. З такім аргументам спрачацца цяжка, аднак для горада М. мой універсітэт быў і з’яўляецца бясспрэчным аўтарытэтам. Таму, калі надумаецеся куды-небудзь паступаць, не абмінайце такі варыянт.
Вучыцца мне было цікава і прыемна. Да чацвёртага курса я здаваў усе прадметы на выдатна. Мае бацькі нават пачалі хвалявацца, што летуценны выбар іх сына ў плане прафесіі можа стаць канчатковым. Таксама нядрэнна справы пайшлі і ў асабістым плане. Пасля шэрагу няўдалых амурных прыгодаў я рызыкнуў запрасіць на спатканне Міхаліну. Гэта была неверагодная дзяўчына, мая аднакурсніца, з якой можна было размаўляць на любыя тэмы. Яна шмат чаго ведала, разбіралася ў літаратуры, хутка рашала любыя задачы, бачыла на чатыры хады ўперад, ды і прыгажосці была адмысловай. Такіх закаханых, як я, у яе мелася нямала. Аднак сваімі ўпартасцю, розумам, настойлівасцю, вершамі, каштоўнымі прэзентамі я заваяваў яе сэрца. Асабліва радавала Міхаліну апошняе, і гэта зразумела, бо падарункі выбіраць мне заўсёды ўдавалася добра. Тая дзяўчына-аднакурсніца, канешне ж, стала маёй жонкай, з якой я жыву шмат шчаслівых гадоў. Міхаліна скончыла ўніверсітэт, але па спецыяльнасці не працавала. Не было патрэбы. Мая каханая і цяпер шчыра радуецца падарункам, часта падарожнічае, гадуе ўнукаў, бавіць час рознымі грамадскімі справамі, на якія ў яе ёсць адмысловыя грашовыя фонды.
Я ж універсітэт не скончыў. На тым самым чацвёртым курсе выкладчык Усяслаў Вячаслававіч, які вучыў нас практычна пісаць артыкулы на зададзеныя тэмы і з зададзенымі ўстаноўкамі, пачаў шчыра мяне завальваць. Спачатку ён паставіў самую нізкую адзнаку за першую пісьмовую работу – работу, на аснове якой палова курса зляпіла свае, пры гэтым з даволі добрым вынікам. Тая ж гісторыя была і з другой работай. Яе раскрытыкавалі ўшчэнт. Перакрэслена было восемдзясят працэнтаў тэксту. Гэта жах. Сорам. Я не мог зразумець, чым я не дагадзіў паважанаму выкладчыку, пра якога ходзіць сярод студэнтаў шмат чутак. Вядома, што з першага разу ў яго ніколі не здавалі. Але ж не так, не настолькі… З трэцяй работай выйшла яшчэ горш. Усяслаў Вячаслававіч знайшоў лагічныя, стылістычныя, фактычныя і іншыя памылкі. Я раззлаваўся, проста ашалеў. Першы раз мяне так абразілі, абазначылі маю нікчэмнасць. Я хацеў адказаць адпаведна. Спачатку я вырашыў паказаць некампетэнтнасць выкладчыка, але гэта зрабіць вельмі складана. Усяслаў Вячаслававіч дасць тут фору многім. Потым да мяне прыйшла яшчэ лепшая думка: «Калі такая песня, я са сваёй бліскучай адукацыяй магу сябе праявіць у любой сферы, хоць у банкаўскай. А пісаць розныя рэчы я буду ў вольны час. Няхай Усяславу будзе бясслаўе за тое, што не дагледзеў такога перспектыўнага студэнта».
Перапоўнены эмоцыямі, я пагаварыў з Міхалінай, якая на дзіва лёгка падтрымала маю ідэю. Мяне адгаворвалі ў дэканаце, калі я пісаў заяву на адлічэнне, Усяслаў Вячаслававіч прапанаваў напісаць яшчэ адну работу, але юнацкі максімалізм разам з падтрымкай каханай перамаглі. Праз тыдзень пасля адлічэння мой шчаслівы бацька аформіў мяне на спецыяльныя курсы банкаўскіх работнікаў па скарочанай праграме, якія адпавядалі вышэйшай адукацыі і давалі права займаць пасаду кіраўніка. Я тыя курсы бліскуча скончыў і вельмі хутка стаў дырэктарам філіяла.
З чацвёртага курса адлічылі і майго найлепшага сябра – Кастуся Прайдзісвета. Прайдзісвет – гэта яго прозвішча, толькі смех у тым, што гэтае прозвішча цалкам перадае стан яго душы. Усяслаў Вячаслававіч так і не ўбачыў яго другой пісьмовай работы, таму цалкам законна прапанаваў дэканату звярнуць увагу на такога недысцыплінаванага студэнта. Дэканат два тыдні шукаў Кастуся і не знайшоў. Гэта стала падставай для адлічэння. Майго сябра такое развіццё падзей зусім не засмуціла. Ён даўно мне гаварыў, што вучоба – гэта толькі афіцыйны занятак, каб было менш пытанняў. Насамрэч, Кастусь Прайдзісвет вырашаў іншыя задачы і вырашаў іх даволі паспяхова. Кастусь Прайдзісвет, як сапраўдны прайдзісвет, вельмі хутка пасля адлічэння займеў сапраўдны дыплом аднаго з самых уплывовых універсітэтаў свету. Калі ён там вучыўся (і ці вучыўся наогул) застаецца вялікай таямніцай.
З Кастусём заўжды было весела і цікава. Ён мог падбіць мяне на нечаканыя рэчы, накшталт паездкі на які-небудзь фестываль музыкі ХХ стагоддзя ці стварэння суполкі аматараў паэзіі. На першы погляд, мы былі з ім даволі рознымі, але нешта нас вельмі збліжала. Мы гатовыя былі дапамагчы адзін аднаму ва ўсім і без чакання нейкай за тое ўзнагароды. Мусіць, гэта і называюць сапраўдным сяброўствам. Пасля нашага бясслаўнага завяршэння вучобы Кастусь стаў адным з самых багатых людзей у горадзе, які не агучвае сваё імя. Многія яго баяліся, прыдумвалі розныя бязглуздзіцы, журналісты спрабавалі вывесці яго на чыстую ваду. Для мяне ж Кастусь Прайдзісвет застаўся тым самым хлопцам, з якім я пазнаёміўся ў студэнцкім інтэрнаце пры засяленні ў свой пакой і з якім зрабіў шмат цікавых рэчаў, а дзесьці настолькі цікавых, што і апісваць небяспечна.
Дарэчы, Кастусь, як сапраўдны сябра, вельмі карэктна пытаўся, ці сапраўды я хачу кінуць універсітэт. На прайдзісвецкую думку, Усяслаў Вячаслававіч убачыў у мяне вялікі патэнцыял, таму і ціснуў так заўзята, каб выйшаў толк. Я катэгарычна пацвердзіў сваё рашэнне. Ужо потым пачалі адольваць думкі, што Кастусь прамаўляў слушныя рэчы. І адкуль у яго такі розум? Загадка. Таксама сябра вельмі сур’ёзна распытваў мяне, ці кахаю я Міхаліну. Калі ж пачуў станоўчы адказ, настойліва вымусіў паабяцаць скласці шлюбную дамову, калі я вырашу-такі ажаніцца, бо гэтак робяць усе цывілізаваныя людзі. Я паслухаў сяброўскую параду, няхай і палічыў, што гэта ў нейкай ступені выказвае недавер да маёй каханай.
З таго, студэнцкага, перыяду мне запомніўся яшчэ адзін момант. Ужо не студэнтамі я, Кастусь і Міхаліна сядзелі на беразе ракі, якая працякае праз увесь наш горад, і пілі адпаведныя напоі. Я перажываў, што стану менш бачыць Міхаліну, пра што і паведаміў усім. Міхаліна ці то жартам, ці то сур’ёзна сказала, што ў мяне толькі адно выйсце – прапанаваць ёй выйсці за мяне замуж. Я адразу гэта і зрабіў. За сведку атрымаўся Кастусь, які ўвесь час падазрона пасміхаўся – так яго здзівілі мае рамантычныя адносіны з Міхалінай. Проста, на беразе рэчкі, мы адзначылі шчаслівую падзею, нагаварылі многа цікавага, паўспаміналі гады вучобы. Міхаліна расказала, што Усяслаў Вячаслававіч паступіў у аспірантуру толькі з чацвёртага разу, калі на гэтае месца ніхто не прэтэндаваў, а таксама тое, што на факультэце спрачаюцца, ці ажэніцца ён з Рагнедай, а калі і ажэніцца, то – калі?
Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Міхаліна ведае такія шпіёнскія падрабязнасці. Тут хаваецца яшчэ адна таямніца жанчын. Зразумела, што гэтымі размовамі мая будучая жонка проста хацела мяне падтрымаць. Таксама мы дамовіліся з Кастусём, што будзем ствараць у гэтым горадзе новае і добрае, наколькі гэта магчыма. Усё адбываецца не проста так, усё адбываецца да лепшага.
Неўзабаве мы ажаніліся. Скончыўшы навучанне банкаўскай справе, я пачаў працаваць. Займацца літаратурнай дзейнасцю не было калі, таму гэты занятак я паслядоўна адкладваў, адкладваў і адкладваў. Часам нават думалася, што я ніякага дачынення да мастацтва і не маю, што гэта нейкі дурны сон. Незадаволенасць такімі акалічнасцямі згасала, і мая падсвядомасць старалася запіхнуць яе куды далей. А вось у матэрыяльным і прафесійным плане сітуацыя выходзіла адваротна прапарцыянальная. Кар’ера развівалася, як у папулярных кніжках, тыпу «Як я сам зрабіў свой лёс».