Читать книгу Крыштальная ноч - Дар’я Трайдэн - Страница 5
Было слова
ОглавлениеЁн загадаў распрануцца. Прачытаўшы паведамленне, Амаранта сцягнула майткі і расхінула халат. «На мне нічога няма», – адказала. Правяла пальцам па баку тэлефона, павярнула на іншую плоскасць, узмацніла ціск і пяшчотна сцішылася, спынілася каля шкельца ўбудаванага ліхтарыка. Пачакала.
Шчаўчок паведамлення.
Ён працягнуў кратаць яе, гладзіць, лашчыць, песціць, не бачачы. Лініі літар замест лініяў цела, успамін пра водар валасоў, пра інтанацыі, паўзы і выдыхі. Тэкст ачалавечваўся, брыняў крывёю і сокамі, прымаў кантэкст мінулага: зробленага і таго, на што ніхто не наважыўся; прамоўленага і прамоўчанага. Тэкст абагаўляўся і гуляў імі – ці можна спыніцца, калі наяве нічога не адбываецца, ці можна не адчуць асалоды, калі ты кахаешся так, як заўсёды хацела, як марыў, як скажаш, як прачытаеш, як зразумееш, як адмовішся разумець? Тэкст дае столькі ўлады, каб на яго падселі, каб у яго ўвайшлі. Кіт праглыне і паплыве, людзі будуць пакутаваць і смяяцца ў яго чэраве, будаваць гарады сонца, даследаваць пачвар цемры і расліны няісных выспаў.
Атрымаеш волю, калі кіт званітуе табою на пясок халоднай краіны – ён заўсёды так робіць, калі ты больш нічога не дадаеш да яго ўнутранага жыцця.
Ён апавядаў, якім бачыць яе цела. Недакладнае, звыш эратычнае слова «бледнасць» замяніла яе светлыя валаскі на сцёгнах, яе вагу, рост, узрост, аб’ём таліі і памер грудзей.
Не было рыс і пэўнасцяў, было толькі «прыгожыя», «неверагодны», «дасканалая». Яны перакруцілі алфавіт, перакулілі, трэслі яго, пакуль не зацурчаў, не пабег хутчэй, чым маглі б іхнія ногі. Разагналі бег літар і скокнулі ў струмень (тэарэтыкі-постструктуралісты тлумачаць яго вытокі вельмі нудна і не могуць самастойна нарадзіць такі вадаспад: пільнуюць кіта, усё пра яго ведаюць, а кіт адмаўляецца іх есці, не пускае перабіраць свае вантробы, сэ-ля-ві). Кіт ухапіў яго і Амаранту ля рачнога парога, і яны ўдваіх скалануліся ад сціскання глыткі, якая штурхала іх унутр, далей ад усіх, бліжэй да ўсяго. Пісалі без пунктуацыйных знакаў, у адзін радок, тымі літарамі, якія аказаліся пад таропкімі скурчанымі пальцамі (хутчэй бы вярнуць рукі, хутчэй бы прывесці сябе на вышыню, хутчэй бы дацягнуцца, дамаліцца).
За пару хвілін да таго, як улонне сціснулася ў гарачыні, Амаранта выгукнула: «Я хачу ад цябе дзіця».
Ён падхапіў расповедам пра тое, як жадае быць у целе Амаранты: пакінуць там сляды, вывучыць, памяняцца вадкасцямі, застацца ў ёй, зрабіць ёй дзіця.
Яна пісала «так, так, так», робячы памылкі. Тэлефон выслізгваў з пальцаў, што сцякалі яе сокамі. Кранала электронную клавіятуру, пакідаючы на экране плямы. Чытала праз прымружаныя павекі, праз галлё веек, праз чырвань прыліўшай да твару крыві. Рабіла рытмічныя жрэцкія рухі, пакуль цішыня не перарывалася гукам новага паведамлення. Глядзела на літары, якія ўзнікалі без перарыву, шчоўк-шчоўк, лісты падаюць у яе скрыню, папера праціскаецца ў яе раскрытую шчыліну, хутка будзе ўжо да верху, хутка перальецца, выбухне, сціснецца, як паміраючая зорка, разляціцца аскепкамі крышталю.
Наступныя тыдні Амаранта нечым поўнілася, пашыралася і разыходзілася ўглыб. Заўсёды адчувала пасярэдзіне жывата нястрыманы голад: хацела ўсяго, нават зямлі (сніла, як есць яе з рукі, ліжа чорныя пальцы).
Нешта ў ёй адбывалася, нешта рвалася і ўтваралася.
Ля люстэрка яна ўзняла прыпол да самага твару, агаліўшы ногі, трыкутнік майткоў і жывот – белае, чорнае, белае, кветкі. Глядзела сабе ў вочы, пакуль ціснула на скуру. Зрэнкі расплыліся па-над сінім колерам – ва ўлонні рухалася тое, пра што было напісана.