Читать книгу Крыштальная ноч - Дар’я Трайдэн - Страница 7
Пакой
ОглавлениеРаней неяк можна было жыць. Канечне, не так, каб набываць што заўгодна і не думаць, але над кожнай капейчынай разважаць не даводзілася. Пасля таго, як Іосіф памёр, а сама Іна выйшла на пенсію, стала цяжка. Не было сіл хітраваць і вылічваць, таўчыся ў буйных супермаркетах у акцыённыя дні, корпацца на лецішчы, цягнуць у жалкім металічным вазку гародніну і кветкі, не было ніякай магчымасці гандляваць гэтым ля метро, пільнавацца такіх жа старых, сцерагчыся міліцыянтаў, крычаць услед п’яным чырванаскурым мужчынам: «Прыгожыя букеты, нядорага, парадуйце жонку». Іна доўга думала, як для гэтага апрануцца, што зрабіць з голасам, куды глядзець. Відавочна, што яна ў жыцці была нечым, а як лепей: каб гэта было відавочна ці не? Будуць падыходзіць з жалем, маўляў, ай-ай, былая настаўніца, а зараз галеча, мы не такія, мы зусім не такія, таму можам дапамагчы, мы нават павінныя даць гэтыя грошы і ўзяць кветкі, узяць так, быццам яны непатрэбныя, несапраўдныя, быццам грошы былі дадзеныя проста так.
256 рублёў – што набываць, а з чым пачакаць, а пасля яшчэ пачакаць, і зноў адкласці?