Читать книгу Крыштальная ноч - Дар’я Трайдэн - Страница 6
Дом
ОглавлениеДом будаваўся ў двары маіх стрыечных сясцёр. Адразу было зразумела, што ён будзе вялікім, узвысіцца над старэнькім пяціпавярховікам, дзе я гасцявала ўлетку. З вокнаў новага дома можна будзе ўбачыць рэчку Муху і зялёныя палі, дзе ранкам туман ахінае вербалозы. Будучыя жыхары дзявятага паверха выйдуць на гаўбцы і паглядзяць на бетонны прамавугольнік даху таго дома, што стаяў тут раней за іхні. Недакуркі і пачарнелыя запалкі паляцяць уніз, пакідаючы паміж дамамі выразную лінію варожасці.
Усё мясцовыя дзеці лазілі за агароджу, каб пагуляць на будоўлі. Я чула гісторыі пра хлопцаў, якія ўзбіраліся на другі паверх без лесвіц, ведала, што нехта з падлеткаў амаль загінуў, бачыла, як злавесна свеціцца кабіна крана па начах. Гэтае месца, якое кожны дзень мянялася, страчвала рысы і набывала новыя, было падобнае да сну, у які вяртаешся ўжо ў які раз, але не можаш спасцігнуць: кожны твой крок да сэнсу робіцца не ў тым напрамку, і ты губляешся пасярод цемры. Калі я глядзела на бязладдзе формаў і загадкавую мітусню будаўнічых, то не верыла, што гэта будзе звычайны жылы дом.
Шэрыя пліты з дзіркамі вокан, перакрыцці і таемныя металічныя пруты абяцалі веліч.
Але пакуль дом не пабудаваны. Пакуль – гэта калі мне было шэсць год, і час яшчэ не меў трываласці. Яго прамежкі адчуваліся па-рознаму, але звычайна цяклі вельмі марудна. Свет не спяшаўся быццам наўмысна – шкадаваў дзіцячыя вочы, даваў на сябе паглядзець і запомніць, перш чым праглыне. Тое лета было доўгім, той вечар быў бясконцым.
Старшая сястра і яе сяброўка ўзялі мяне за агароджу, каб я паглядзела на збор.
Вечаровы змрок прагнаў дарослых, і будоўлю захапілі падлеткі. Іх было шмат, і ўсе нечым займаліся: дзяўчыны раскладалі касметыку і ўпрыгожванні на бетонных плітах, хлопцы паказвалі, якія спрытныя ў іх целы, якія рашучыя душы. Дзяцей там амаль не было, і я моцна трымала руку сястры Рыты, бо адчувала сваю прысутнасць тут як злачынства супраць традыцыі, супраць закону (не таго напісанага закону дарослых, які забараняе знаходзіцца на будоўлі, а ціхага правіла дваравой гульні, што прадпісвае трымацца сваіх адналеткаў). Мне падавалася, што дзяўчыны і хлопцы, якія паказваюць адно аднаму свае вартасці, не хочуць маленькіх сведак, і, калі сястра расцісне пальцы і звядзе з мяне позірк, усе яны кінуцца да мяне, каб з’есці. Я пільна сачыла за кожным рухам тых, паміж кім мы праціскаліся, але пазбягала глядзець у вочы: не трэба клікаць бяду.
Цемра падыходзіла бліжэй, бо не было святла, якое б яе спыніла.
Смуглявыя дзявочыя рукі перакрыжоўваліся над бетонам, выхоплівалі з няроўных стракатых шэрагаў завушніцы, крэмы, грубыя шкляныя флаконы таннай парфумы, перасоўвалі гэта, мянялі, вярталі зноў, і хлопцы набліжаліся адно да аднаго, штурхаліся плячыма, спачатку без ціску, са смехам, пасля – з ледзь прыхаванай спаборніцкай жорсткасцю. Падавалася, што галоўнае адбываецца не на вачах, а недзе ў бясслоўнай глыбіні зліцця ўсіх сувязей, якія прыцягнулі на будоўлю целы асілкаў і прыгажунь суседніх дамоў. Нервовыя, спатнелыя, яны выконвалі няпісаны рытуал адно для аднаго, па-сапраўднаму існавалі для нюху і дотыку, а не для зроку, казалі не словамі, і раптоўнымі ўскрыкамі і гукамі, што з вышыні ўпэўненасці сягалі ўніз, зрываліся пасярод сябе на маўчанне.
Я адчувала, што тут ёсць шыфр, але не ведала яго ключа: мне было шэсць, а не шаснаццаць, я не мела памады для вуснаў, тушы для веек, ценяў для павекаў – і нават вусны, вейкі і павекі былі не тыя. Адчуваючы няёмкасць, я адышла ад натоўпу і збочыла ў цемру паміж бетоннымі блокамі. За спінаю выбухнуў дзявочы рогат, крыштальная ваза для садавіны, закранутая рукой, зляцела з бетоннага прамавугольніка ўніз, і пацеркі змяшаліся з аскепкамі. Пад нечай нагой хруснула шкло, нехта войкнуў і ляпнуў даланёй па скуры, нехта азваўся, нехта крыкнуў – больш нічога я не чула, навокал быў толькі шэры бетон і цемра, і сусвет застаўся рэхам, цьмяным адчуваннем іншай прасторы – я выслізнула па-за яе межы.
Сястра Рыта крычала маё імя. Не адразу: спачатку рагатала разам з усімі, ушчыкала хлопцаў за разбітую вазачку з пацеркамі, дапамагала збіраць круглыя каменьчыкі і пластыкавыя шарыкі, якія раз’яднаў моцны ўдар аб падлогу з шэрага бетону.
Рыта заўважыла маю адсутнасць тады, калі рукі суседа па дому скончылі даследаванне яе шыі і слізганулі ўніз па хрыбеціне.
Кажуць, што мяне не было гадзіну. Стаяла пасярод вусцішы адзіноцтва. Ішла паміж бетонам і бетонам. Пралязала пад невядомым. Пераскоквала праз нішто. Свет застаўся недзе па-за мною, па-за гэтым бясконцым домам, які вёў ўверх, уніз, управа, ўлева, у нікуды, у мяне.
Хлопцы і дзяўчаты разышліся па кутах і намагаліся зрабіць выгляд, што гэта няважна: проста выпадковыя кароткія размовы пасля сапраўды значнага абмену ўпрыгожваннямі, поўхамі і жартамі.
Падлеткі вывучаюць адно аднаго, дзеці – сябе, прыроду і нежывое.
Бетонны замак, бязладны і немагчымы, атачаў усіх нас абалонкай цемры.
Я ўбачыла дом дабудаваным, калі мне было сямнаццаць. Шэсць паверхаў, вастракутныя эркеры, цёмна-сінія металічныя гаўбцы, у якіх няма ні пагарды, ні велічы.
Травы дасягаюць грудзей, калі адысці далей ад мяжы горада. У межах горада ўсё пераўзыходзіць чалавечае цела, але гэта ўражвае менш за дотык зялёнай сцябліны, марудны рух слімака і шматгалоссе птушак.
Кожны год жыцця ўзмацняе ўнутры чалавека нешта такое, што робіць яго менш чулым да вышыні бетону, да плошчы шкла і хуткасці ліфтаў.
Бабуліна хата, будоўля каля дома маіх стрыечных сясцёр – памяць пра будынкі, якія амаль не падняліся ад зямлі, з кожным годам хвалюе ўсё больш.