Читать книгу Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч - Страница 24
Частка першая
XXII. «Ваўкі з’елі»
ОглавлениеРомка вярнуўся толькі на чацвёрты дзень, позна ўвечары. З першага погляду ўсе зразумелі, што навіны ён прынёс вельмі кепскія. Галава ў яго павісла, на бледным твары быў адчай, пад пахай – вялікі скрутак. Ледзь перастаўляючы ногі і ні з кім не вітаючыся, Ромка прайшоў да свайго месца ў будане, акуратна паклаў скрутак на зямлю і ўпаў побач, закрываючы твар рукамі, нібы збіраючыся заплакаць.
– Ромка! Што здарылася, Ромка? – пасыпаліся пытанні.
Аленскі хвіліну ляжаў нерухома, нібы звярталіся зусім не да яго, а потым падняў галаву і прамовіў:
– Вы што, яшчэ нічога не ведаеце?
– Нічога. Што здарылася? Богам малю, кажы, кажы хутчэй! – нецярпліва прасілі смалерчукі.
– Няма больш нашага браточка, ні жывога, ні мёртвага. Ваўкі з’елі цалкам.
Людзі ашаломлена ўскрыкнулі.
– Вось што засталося ад нашага Косцічка, – сказаў Ромка, развязваючы скрутак. – Глядзіце.
А там рабрына і халява ад бота.
Убачыўшы чалавечую костку, дзяўчаты з віскам адскочылі, а хлопцы пачалі яе разглядаць і тыкаць палкамі, распытваючы Ромку пра падрабязнасці.
– Дзе ты гэта знайшоў? Як усё было? – запытаў Казік.
– Чакайце, дайце крыху адысці, а то жаль горла сціснуў, – Ромка некалькі разоў каўтнуў сліну, хваравіта моршчачыся і выцягваючы шыю, цяжка ўздыхнуў і пачаў расказваць: – Калі я ў іхную Патоку прыйшоў, там ужо былі жандары і ўраднік. Чакаў да самага вечара, пакуль з’едуць, а потым, дазнаўшыся, што Косцік у леснічоўку яшчэ не вярнуўся, расказаў старому Васілеўскаму ўсё, што трэба было, пераначаваў у Смалярні і пайшоў назад лесам, каб нагнаць час, страчаны ў леснічоўцы. Іду, значыць, мінаю Лапенкі, казённы лес і заходжу ў Кунцавіцкую пушчу. А мне насустрач – брычка з аб’ездчыкам і двума леснікамі, узброенымі дубальтоўкамі. Бачаць яны, што я адзін, з пустымі рукамі, пераглядаюцца між сабой, ківаюць, затрымліваюць брычку і кажуць мне:
«Табе што, таксама да Абрама на піва захацелася? Ці ты не ведаеш, што пазамінулаю ноччу ваўкі ў нашым лесе хлопца з’елі?»
Мне адразу ў галаву стукнула, што, пэўна, Косціка, ну я і пачаў пытацца.
«Якраз нашага хлопца, – кажу, – са Смалярні, ужо два дні дома няма, дык, можа, гэта яго? Як той выглядаў?»
«Як выглядаў, не ведаем, – адказваюць, – бо ад яго засталіся толькі ногі ў ботах і лахманы ад вопраткі».
«А якія боты, што за вопратка?» – пытаю.
«Боты стараватыя, з падноскамі, порткі даматканыя, у клетку, а світка чорная, зверху касматая».
– Гэта ён, Косцік! – закрычалі смалерчукі, а Ромка працягнуў:
– «Калі не баішся, – кажа аб’ездчык, то ідзі да Юркі-лесніка, ён табе пакажа, што ёсць». Я спытаў дарогу і пайшоў. Ляснік гаворыць: усё, маўляў, так, боты стараватыя былі, порткі ў клетку, світка чорнай й касматая, але лахманы я спаліў, а адным з ботаў падшыў сабе лапці. «А ногі дзе?» – пытаю. «Ногі, – кажа, – я на могілках у Кунцэвічах пахаваў, засталіся толькі халява і рабрына, якую я пазней знайшоў. Магу аддаць».
Смалерчукоў ахапіла прыгнечанасць. Ад думкі пра смерць на воўчых іклах у кожнага пайшлі па ўсім целе дрыжыкі, кожны бязмежна шкадаваў хлопца. Пачалі ўздыхаць, успамінаць, тужыць і нават плакаць.
– Бедны Косцік, – казалі яны, – столькі страху, столькі болю нацярпеўся. Такім маладым загінуў. Такі ўжо лёс, такое прызначэнне ў хлопца было. Нават пахавання людскага не даў яму Бог і касцям спачыну. Тут рабрына, там ногі, а астатняе цела дзікія звяры разам са смярдзючай падлай ператравілі і разнеслі па лесе паскудным чынам. А які хлопец быў, колькі дабра зрабіў людзям! Не было яшчэ на свеце такога, як ён.
Стах, Ганка Пятроўская і Быліна разрыдаліся ўголас.