Читать книгу Пляменнік чараўніка - К. С. Льюіс - Страница 3
Раздзел 1. Не тыя дзверы
ОглавлениеГэтая гісторыя пра тое, што адбылося даўным-даўно, калі ваш дзядуля быў яшчэ немаўляткам. Гісторыя вельмі важная, бо тлумачыць, як пачаліся вандроўкі з нашага свету ў Нарнію і назад.
У тыя часы містар Шэрлак Холмс яшчэ жыў на Бэйкер Стрыт і Бэстаблы[1]яшчэ шукалі скарб на Люішэм Роўд. У тыя часы хлопчыкі штодня мусілі насіць цвёрдыя каўняры, і школы былі горшыя, чым цяпер. Але вось ежа была лепшая, а што да цукерак, то не буду апісваць вам, якія смачныя і танныя яны былі, бо ад гэтага ў вас пацякуць слінкі. І ў тыя часы ў Лондане жыла дзяўчынка, якую звалі Полі Пламэр.
Яна жыла ў адным з дамоў, што стаялі цесным шэрагам, сцяна да сцяны. Аднойчы раніцай яна выйшла ў сад за домам і ўбачыла, як нейкі хлопец залез на плот з боку суседскага саду. Полі вельмі здзівілася, бо раней у тым доме ніколі не было дзяцей. Там жылі старыя халасцякі: містар Кэтэрлі і міс Кэтэрлі, брат і сястра. Таму яна зацікаўлена паглядзела на хлопца. Яго твар быў вельмі брудны, нібыта ён спачатку выпацкаў рукі ў зямлі, моцна паплакаў і пасля выцер твар рукамі. Сказаць папраўдзе, амаль гэтак і было.
– Вітаю, – прамовіла Полі.
– Вітаю, – азваўся хлопчык. – Як цябе клічуць?
– Полі, – сказала Полі. – А цябе?
– Дыгары, – адказаў хлопчык.
– Ого, якое смешнае імя, – хіхікнула Полі.
– А Полі – яшчэ больш смешнае, – заўважыў Дыгары.
– Няпраўда, – запярэчыла Полі.
– Праўда, – адказаў Дыгары.
– Прынамсі, я ўмываюся, – сказала Полі. – Табе варта было зрабіць тое самае, асабліва пасля… – тут яна змоўкла. Яна збіралася мовіць: “Пасля таго, як ты плакаў,” але падумала, што гэта будзе няветліва.
– Так, я плакаў! – сказаў Дыгары гучным голасам. Яму было ўсё адно, што пра яго падумаюць, бо ён быў моцна засмучаны. – Ты б таксама плакала, – працягнуў ён, – калі б усё жыццё пражыла за горадам, мела поні, у вас у садзе цякла рака, а пасля цябе прывезлі б жыць у гэтую жудасную дзірку.
– Лондан – зусім не дзірка! – абурылася Полі.
Але хлопчык быў настолькі ўзрушаны, што не звярнуў на яе ніякае ўвагі і працягнуў:
– … і калі б твой бацька быў далёка ў Індыі, і табе трэба было пераехаць да цёткі і дзядзькі, сапраўднага вар’ята (а каму такое спадабаецца?), і калі б гэта было праз тое, што яны даглядаюць тваю маму, якая вельмі хворая і… і… памірае. – Тут яго твар скрывіўся, як у чалавека, які спрабуе стрымаць слёзы.
– Я не ведала, прабач… – сказала Полі. І потым, каб перавесці размову на штосьці больш вясёлае, запыталася:
– Містар Кэтэрлі насамрэч вар’ят?
– Ну, ён ці з глузду з’ехаў, – адказаў Дыгары, – ці яшчэ што. Цётка Лэці забараняе мне заходзіць у яго кабінет на гарышчы. Ужо адно гэта падазрона. І вось яшчэ што: кожны раз, калі ён звяртаецца да мяне падчас абеду, – а з ёй ён ніколі нават не спрабуе паразмаўляць, – цётка загадвае яму змоўкнуць. Яна кажа: “Не турбуй хлопчыка, Эндру”, або: “Я ўпэўненая, што Дыгары не хоча слухаць пра гэта”, ці: “Дыгары, ці не пагуляць табе ў садзе?”
– А што ён спрабуе сказаць?
– Я не ведаю. Ён ніколі не паспявае сказаць шмат. Але гэта яшчэ не ўсё. Учора ўвечары, калі я ішоў спаць, то праходзіў міма лесвіцы на гарышча. І мне здалося, што я пачуў ускрык.
– Магчыма, ён замкнуў там звар’яцелую жонку.
– Так, я пра гэта ўжо думаў.
– Або друкуе фальшывыя грошы.
– Ці, можа, ён былы пірат, як той чалавек у пачатку “Выспы Скарбаў”, і ўвесь час хаваецца ад сваіх былых сяброў-піратаў.
– Як цікава! – сказала Полі. – Ніколі не думала, што твой дом такі незвычайны.
– Табе, можа, ён і здаецца цікавым, – адказаў Дыгары. – Але ты б так не думала, калі б табе давялося там спаць. Як бы табе спадабалася ляжаць без сну і прыслухоўвацца да крокаў дзядзькі Эндру, які крадзецца да дзвярэй твайго пакоя? І ў яго такія жудасныя вочы.
* * *
Так Полі і Дыгары пазнаёміліся. Быў пачатак летніх вакацыяў, ніхто з іх не паехаў на мора, і яны бачыліся ледзь не кожны дзень.
Іх прыгоды пачаліся перш за ўсё таму, што тое лета было адным з самых дажджлівых і халодных за апошнія гады. Таму дзеці даследавалі будынак. Проста дзіва, як шмат можна дазнацца з дапамогай свечкі ў вялікім доме ці ў двух суседніх дамах. Полі ўжо даўно разведала: калі адчыніць невялічкія дзверы ў каморы на гарышчы яе дома, пабачыш бак для вады і цёмны прагал за ім, у які можна асцярожна залезці. Гэты цёмны прагал нагадваў тунэль з цагляным мурам з аднаго боку і схілам даху з іншага. У даху былі невялічкія шчыліны паміж лістамі шыферу, праз якія прабівалася святло. Падлогі ў тунэля не было, даводзілася пераступаць з бэлькі на бэльку, а паміж імі быў толькі гіпс. І калі наступіш на яго, то правалішся наўпрост у пакой. Прастора за бакам была кантрабандысцкай пячорай Полі. Яна прынесла туды рэшткі скрыняў, сядзенні ад старых крэслаў, іншыя рэчы такога ж кшталту і зрабіла паміж бэлькамі нейкае падабенства падлогі. Тут яна трымала скрынку з рознымі скарбамі, аповед, які яна пісала, і, само сабою, пару яблыкаў. Полі часта піла тут імбірны ліманад: старыя бутэлькі рабілі гэтае месца яшчэ больш падобным да пячоры кантрабандыстаў.
Дыгары спадабалася пячора (свой аповед Полі яму не паказала), але больш яго зацікавіў тунэль.
– Як ты думаеш, – запытаўся ён, – ці доўгі гэты тунэль? У сэнсе – ці ён сканчаецца там, дзе й твой дом?
– Не, – адказала Полі. – Ён цягнецца далей, не ведаю на колькі.
– Тады мы можам прабрацца ўздоўж усяго шэрагу дамоў.
– Так, – сказала Полі. – І… ого, неверагодна!
– Што?
– Мы можам трапіць у іншыя дамы.
– І нас схопяць як злодзеяў! Ну не, дзякуй.
– Разумнік. Я думала пра наступны дом пасля твайго.
– А што ў ім такога?
– Ён пусты. Тата кажа, што, колькі мы тут жывём, ён заўсёды быў пусты.
– Слухай, давай паглядзім, што там, – сказаў Дыгары. Ён быў значна больш узрушаны, чым можна было б меркаваць па яго голасе. Вядома ж, ён (як і вы на яго месцы) думаў пра розныя прычыны, чаму гэты дом так доўга стаяў пусты. Полі таксама разважала пра гэта. Ніхто з іх не вымавіў словаў “дом з прывідамі”, і абодва адчувалі: калі ўжо ўзнікла ідэя паглядзець, што ў гэтым доме, было б ганьбай адступіць.
– Як наконт прабрацца туды зараз? – запытаўся Дыгары.
– Давай, – пагадзілася Полі.
– Можам не ісці, калі не хочаш, – сказаў Дыгары.
– Я пайду, калі ты пойдзеш, – адказала яна.
– А як мы даведаемся, што мы менавіта ў тым доме?
Яны вырашылі, што вернуцца на гарышча і памераюць крокамі яго, а таксама адлегласць ад адной бэлькі да наступнай. Так яны даведаюцца, колькі бэлек над адным пакоем. Пасля трэба будзе дадаць яшчэ прыкладна чатыры крокі на адлегласць паміж двума гарышчамі і столькі ж на спальню абслугі. Такім чынам атрымаецца даўжыня аднаго дома. Калі прайсці такую адлегласць двойчы, яны будуць у канцы дома Дыгары. Пасля любыя дзверы прывядуць іх у пусты дом.
– Але я не думаю, што ён сапраўды пусты, – сказаў Дыгары.
– А што ты думаеш?
– Мяркую, там нехта таемна жыве і выходзіць толькі ўначы з ліхтаром. А раптам мы выкрыем банду злачынцаў і атрымаем узнагароду? Не можа быць, каб дом пуставаў усе гэтыя гады. У ім павінна быць нейкая таямніца.
– Тата казаў, што гэта, магчыма, з-за каналізацыі, – прамовіла Полі.
– Пфф! Дарослыя заўсёды знаходзяць нецікавыя тлумачэнні, – сказаў Дыгары.
Цяпер, калі яны размаўлялі пры дзённым святле, а не пры свечках у Кантрабандысцкай Пячоры, ім здавалася значна менш верагодным, што ў пустым доме жывуць прывіды.
Яны памералі крокамі гарышча, узялі аловак і склалі, што ў іх атрымалася. Напачатку ў іх выйшлі розныя адказы, і нават калі яны нарэшце вынайшлі агульны, я не ўпэўнены, што ён быў слушны. Але дзеці спяшаліся распачаць экспедыцыю.
– Трэба ісці ціха, – сказала Полі, пакуль яны ізноў прабіраліся за бак з вадой. Паколькі справа была сур’ёзнай, кожны з іх узяў свечку (у Полінай пячоры іх захоўвалася шмат).
У тунэлі было вельмі цёмна, пыльна, а таксама цягнула пройма. Яны пераступалі з бэлькі на бэльку моўчкі і толькі шапталі адно адному: “Мы прайшлі вашае гарышча”, або: “Тут павінна быць сярэдзіна нашага дома”. Ніхто з іх не спатыкнуўся, свечкі не згаслі, і нарэшце яны дабраліся да маленькіх дзвярэй справа ад іх. Вядома, дзверы былі без ручкі ці засаўкі на гэтым баку, бо яны былі зробленыя, каб выходзіць, а не заходзіць. Але меўся шпінгалет (як у гардэробах), і дзеці не сумняваліся, што патрапяць унутр.
– Адчыняць? – запытаўся Дыгары.
– Я пайду, калі ты пойдзеш, – паўтарыла Полі.
Абое адчувалі, што ўсё вельмі сур’ёзна, але ніхто з іх не павярнуў назад. Дыгары з намаганнем адсунуў шпінгалет. Дзверы расчыніліся, і дзеці заміргалі ад нечаканага святла, з вялікім здзіўленнем зразумеўшы, што яны не на закінутым гарышчы, а ў пакоі з мэбляй. Зрэшты, мэблі тут было няшмат. Панавала ціша. Зацікаўленая пабачаным, Полі задзьмула свечку і бязгучна, як мыш, зайшла ў дзіўны пакой.
Па форме ён быў, вядома, як гарышча, але абстаўлены як гасцёўня. Кожны сантыметр сцен быў заняты паліцамі, і кожны сантыметр паліц быў застаўлены кнігамі. У каміне гарэў агонь (вы памятаеце, што лета ў тым годзе было вельмі вільготнае і халоднае), перад камінам стаяў фатэль з высокай спінкай. Паміж фатэлем і Полі месціўся, займаючы амаль усю сярэдзіну пакоя, вялікі стол, завалены самымі рознымі рэчамі. Там былі кнігі, нататнікі, бутэлечкі з атрамантам, пёры для пісання, воск і мікраскоп. Але першае, што кінулася ў вочы, – ярка-чырвоны драўляны паднос, на якім ляжалі некалькі пярсцёнкаў. Яны былі парныя: адзін зялёны і адзін жоўты разам, пасля крыху месца, пасля яшчэ адзін жоўты і адзін зялёны. Памерам яны былі як і звычайныя пярсцёнкі. Іх нельга было не заўважыць: так зырка яны блішчалі. Гэта былі самыя цудоўна-бліскучыя дробныя рэчы, якія толькі можна ўявіць. Калі б Полі была крыху меншай, ёй захацелася б пакласці адзін з іх у рот.
У пакоі было настолькі ціха, што чулася, як цікае гадзіннік. Але суцэльнай цішыні не было. Аднекуль даносілася слабое – вельмі-вельмі слабое – гудзенне. Калі б у тыя дні ўжо вынайшлі пыласосы, Полі падумала б, што гэта далёкі гул пыласоса – некалькімі пакоямі далей і некалькімі паверхамі ніжэй. Але гук быў больш прыемны і больш музыкальны, адно што ледзь чутны.
– Усё ў парадку, тут нікога няма, – сказала Полі. Яна ўжо не шаптала. Дыгары, вельмі брудны, як, дарэчы, і Полі, міргаючы, зайшоў у пакой.
– Кепска, – адказаў ён. – Гэты дом зусім не пусты. Лепей нам сысці, пакуль ніхто не прыйшоў.
– Як ты думаеш, што гэта? – запыталася Полі, паказваючы на рознакаляровыя пярсцёнкі.
– Ды кінь ты, – сказаў Дыгары. – Чым хутчэй …
Ён так і не скончыў фразы, бо ў гэты момант нешта адбылося. Фатэль з высокай спінкай, які стаяў перад агнём, раптоўна павярнуўся, і з яго, як дэман у спектаклі, паднялася вусцішная постаць дзядзькі Эндру. Яны былі зусім не ў пустым доме, а ў тым самым кабінеце ў доме Дыгары, куды яму было забаронена заходзіць! Дзеці разам выгукнулі: “Во-о-ой!”, зразумеўшы сваю жахлівую памылку. Трэба было раней здагадацца, што яны прайшлі недастаткова!
Дзядзька Эндру быў высокі і вельмі худы. У яго быў доўгі добра паголены твар, востры нос, вельмі яскравыя вочы і зблытаная кучма сівых валасоў.
Дыгары заняло мову, бо цяпер дзядзька Эндру выглядаў у тысячы разоў больш небяспечным, чым калі-небудзь. Полі пакуль што не настолькі спужалася, але хутка ёй стала страшна. Таму што дзядзька Эндру перасёк пакой і замкнуў дзверы на ключ. Потым павярнуўся, паглядзеў на дзяцей сваімі яскравымі вачыма і ўсміхнуўся, паказваючы ўсе зубы.
– Вось так! – сказаў ён. – Цяпер мая бязглуздая сястра не зможа да вас дабрацца!
Звычайна дарослыя так сябе не паводзяць. Сэрца Полі скокнула ў горла, і яны з Дыгары пачалі адступаць да маленькіх дзвярэй, праз якія сюды трапілі. Але дзядзька Эндру быў хутчэйшы. Ён зайшоў ззаду, замкнуў тыя дзверы і стаў перад імі. Потым ён пацёр рукі і храбуснуў костачкамі. У яго былі вельмі доўгія прыгожыя белыя пальцы.
– Рады вас бачыць, – прамовіў ён. – Двое дзяцей – якраз тое, што мне трэба.
– Калі ласка, містар Кэтэрлі, – сказала Полі. – Ужо амаль час абедаць, і мне трэба ісці дадому. Адпусціце нас, калі ласка.
– Не зараз, – адказаў дзядзька Эндру. – Я не магу страціць такую цудоўную магчымасць. Мне якраз не хапала дваіх дзяцей. Разумееце, я праводжу вялікі эксперымент. Я спрабаваў на марскіх свінках, і ўсё спрацавала. Але марскія свінкі нічога не могуць распавесці. Ім не растлумачыш, як вярнуцца.
– Паслухайце, дзязька Эндру, – сказаў Дыгары. – Ужо сапраўды час абедаць, і нас пачнуць шукаць у любы момант. Вы мусіце адпусціць нас.
– Мушу? – запытаўся ён.
Дыгары і Полі паглядзелі адно на аднаго. Яны не наважыліся нічога сказаць, але погляды азначалі: “Гэта жахліва!” і: “Нам трэба яго неяк улагодзіць”.
– Калі вы зараз адпусціце нас на абед, – сказала Полі, – мы вернемся пасля.
– Так, але як вы дакажаце, што вернецеся? – запытаўся дзядзька Эндру з хітрай усмешкай. Ды раптам ён нібыта перадумаў.
– Добра, – пагадзіўся ён. – Калі вам сапраўды трэба ісці, то ідзіце. Не думаю, што двум маладым людзям будзе цікава размаўляць з такім старым дурнем, як я. – Ён уздыхнуў і працягнуў: – Вы нават не ўяўляеце, якім самотным я часам пачуваюся. Аднак неістотна… Ідзіце абедайце. Але я хачу падарыць вам нешта, перш чым вы пойдзеце. Не кожны дзень я бачу ў маім затхлым старым кабінеце маленькіх дзяўчат. Асабліва, калі мне дазволена так казаць, такіх прыгожых маленькіх лэдзі, як вы.
Полі пачала думаць, што, магчыма, не такі ўжо ён, урэшце, і вар’ят.
– Падарыць табе пярсцёнак, мая даражэнькая? – спытаў дзядзька Эндру.
– Вы маеце на ўвазе адзін з гэтых жоўтых і зялёных пярсцёнкаў? – усклікнула Полі. – Як цудоўна!
– Толькі не зялёны, – сказаў дзядзька Эндру. – Баюся, зялёны я падарыць не магу. Але я з задавальненнем і любоўю аддам табе любы жоўты пярсцёнак. Хадзі сюды і надзень адзін з іх.
Полі ўжо не баялася. Вядома, гэты стары чалавек ніякі не вар’ят. А ў гэтых яркіх пярсцёнках ёсць нешта вельмі прыцягальнае. Яна падышла да стала.
– Нішто сабе! Мне здаецца, – сказала яна, – што гудзенне тут грамчэйшае. Нібыта яно ідзе ад пярсцёнкаў.
– Якая дзіўная думка, – адказаў дзядзька Эндру, усміхнуўшыся. Яго смяшок гучаў вельмі натуральна, але Дыгары ўбачыў прагны, амаль сквапны, выраз на яго твары.
– Полі! Стой! – крыкнуў ён. – Не чапай іх!
Але было занадта позна. Акурат у той час, калі ён крыкнуў гэта, Полі дакранулася да аднаго з пярсцёнкаў і імгненна, без выбліску ці шуму, знікла. Дыгары і яго дзядзька засталіся ў пакоі адны.
1
Бэстаблы – сям’я з прыгодніцкіх кніг ангельскай аўтаркі Эдзіт Нэсбіт.