Читать книгу Пляменнік чараўніка - К. С. Льюіс - Страница 6
Раздзел 4. Звон і малаток
ОглавлениеГэтым разам не было ніякага сумніву, што творыцца Магія. Яны падалі ніжэй і ніжэй, спачатку скрозь цемру, а пасля скрозь шматлікія размытыя формы, якія круціліся і маглі быць чым заўгодна. Рабілася святлей. Потым яны раптам адчулі, што стаяць на нечым цвёрдым. У наступны момант усё навокал перастала быць размытым, і яны змаглі агледзецца.
– Якое дзіўнае месца! – сказаў Дыгары.
– Мне тут не падабаецца, – мовіла Полі і здрыганулася.
Перадусім яны звярнулі ўвагу на святло. Яно не было падобным да сонечнага ці электрычнага святла, ці святла ад лямпы або свечак, ці да любога іншага святла, якое яны калі-небудзь бачылі. Гэта было прыглушанае, чырванаватае, невясёлае святло. Яно было роўным і не давала бляску.
Дзеці стаялі на брукаванай пляцоўцы, вакол высіліся будынкі. Над галавой не было даху; месца нагадвала ўнутраны двор. Неба было надзвычай цёмнае: сіняга, амаль чорнага колеру. Пабачыўшы такое неба, вы б здзівіліся, што ўвогуле ёсць нейкае святло.
– Якое тут дзіўнае надвор’е, – сказаў Дыгары. – Быццам зараз будзе навальніца ці сонечнае зацьменне.
– Мне тут не падабаецца, – паўтарыла Полі.
Яна абодва, самі не ведаючы чаму, размаўлялі шэптам. І нягледзячы на тое, што больш не было патрэбы трымацца за рукі, яны не адпусцілі адно аднаго.
Муры вакол двара былі вельмі высокія, з вялікімі вокнамі без шыбаў, скрозь якія не было бачна нічога, акрамя цемры. Ніжэй, зеўраючы чарнатою, як уваходы ў чыгуначныя тунэлі, стаялі вялікія аркі на слупах. Было даволі халодна.
Здавалася, што камяні, з якіх збудавана ўсё навокал, – чырвоныя, але так магло толькі здавацца з-за незвычайнага святла. Яны, відавочна, былі вельмі старыя. Шмат якія з плоскіх камянёў у брукаванцы раскалоліся. Ніводзін з іх не прылягаў да іншага шчыльна, і ўсе вострыя вуглы сцерліся. Адзін арачны ўваход быў напалову завалены бітым каменем. Дыгары і Полі ўвесь час паварочваліся, каб бачыць розныя бакі двара. Яны баяліся, што нехта – ці нешта – глядзіць на іх з вокнаў, калі яны паварочваюцца спінай.
– Як думаеш, тут хто-небудзь жыве? – сказаў нарэшце Дыгары, усё яшчэ шэптам.
– Не, – адказала Полі. – Усё зруйнавана. Мы не чулі ні гуку з таго самага моманту, як трапілі сюды.
– Давай крыху пастаім ціха і паслухаем, – прапанаваў Дыгары.
Яны замерлі і прыслухаліся, але пачулі толькі грукат уласных сэрцаў. Гэтае месца было, прынамсі, такім жа ціхім, як Лес Паміж Сусветамі. Але цішыня тут была іншага кшталту. Цішыня лесу была насычаная, цёплая (амаль можна было пачуць, як растуць дрэвы) і поўнілася жыццём. А тут цішыня была мёртвая, сцюдзёная і пустая. Немагчыма было ўявіць, каб у гэтым месцы нешта расло.
– Давай вернемся дамоў, – сказала Полі.
– Але мы яшчэ нічога не пабачылі, – мовіў Дыгары. – Калі ўжо мы тут, мы проста мусім агледзецца.
– Тут няма абсалютна нічога цікавага.
– Які сэнс знайсці чароўныя пярсцёнкі, якія перанясуць цябе ў іншы свет, а потым баяцца паглядзець на яго?
– Хто сказаў, што я баюся? – запярэчыла Полі, адпускаючы руку Дыгары.
– Мне проста здалося, што табе не вельмі падабаецца ідэя агледзець гэтае месца.
– Я пайду паўсюль, куды ты пойдзеш.
– Мы можам вярнуцца ў любы момант, калі пажадаем, – сказаў Дыгары. – Давай здымем зялёныя пярсцёнкі і пакладзем іх у правыя кішэні. Трэба толькі памятаць, што жоўтыя пярсцёнкі – у левых кішэнях. Трымай руку побач з кішэняй, але толькі не ўнутры, а то кранешся жоўтага пярсцёнка і знікнеш.
Яны паклалі пярсцёнкі і ціха пайшлі да адной з вялікіх арак, што вялі ў будынак. Стоячы на парозе, дзеці зазірнулі ўнутр і пабачылі, што там было не настолькі цёмна, як спачатку здавалася. Уваход вёў у вялікую, змрочную залю, якая аказалася пустой. Але ў далёкім канцы быў шэраг слупоў, злучаных аркамі, і праз гэтыя аркі тачылася такое ж бляклае святло. Дзеці перасяклі залю, ідучы павольна, бо пільнаваліся дзірак у падлозе ці чагосьці, што магло б ляжаць на шляху і аб што можна было спатыкнуцца. Ім здавалася, што ішлі яны вельмі доўга. Калі ж урэшце прайшлі скрозь аркі, то апынуліся ў іншым, большым двары.
– Тут трэба асцярожна, – сказала Полі, паказваючы на месца, дзе мур нахіліўся і выглядаў так, нібы вось-вось абрынецца ў двор. У адным месцы паміж дзвюма аркамі не хапала слупа, і тая частка, дзе аркі судакраналіся, ледзь трымалася без апірышча. Было зразумела, што гэтае месца пакінулі сотні, а можа і тысячы год таму.
– Калі яно прастаяла дагэтуль, мяркую, пастаіць яшчэ крыху, – зазначыў Дыгары. – Але мы мусім паводзіць сябе вельмі ціха. Часам шум можа нешта абрынуць – ведаеш, як лавіну ў Альпах.
* * *
Яны падняліся па высокіх прыступках і прайшлі праз анфіладу велізарных пакояў, такіх велізарных, што ад іх аграмаднасці круцілася галава. Час ад часу дзецям здавалася, што зараз яны выйдуць на адкрытую пляцоўку і пабачаць, што ж за краіна ляжыць навокал гіганцкага палаца. Але кожны раз яны траплялі толькі ў чарговы ўнутраны двор. Пэўна, калі людзі яшчэ жылі тут, гэтыя двары былі велічнымі і пышнымі. У адным з іх калісьці быў фантан. Агромністая каменная пачвара стаяла з распасцёртымі крыламі і разяўленай пашчай. У яе горле ўсё яшчэ тырчэў кавалак трубы, праз якую некалі лілася вада. Цяпер басейн быў сухі, як костка. У іншых месцах можна было заўважыць сцябліны нейкай паўзучай расліны, якая абвілася вакол слупоў і даўно ўжо засохла. Тут не было ні мурашоў, ні павукоў, ані якіх іншых жывых істотаў, якія звычайна жывуць у руінах. У шчылінах паміж камянямі не было моху ці травы: толькі сухая зямля.
Усё навокал было такім панурым і аднолькавым, што Дыгары падумваў, ці не лепей ім надзець жоўтыя пярсцёнкі і вярнуцца ў цёплы, зялёны, жывы Лес Паміж Сусветамі. Але тут яны падышлі да велічных дзвюхстворкавых дзвярэй, зробленых з нейкага металу, магчыма, золата. Адна створка была прыадчыненая. Дзеці зайшлі ўнутр і застылі ад здзіўлення.
На секунду ім здалося, што пакой поўны людзей – соцень людзей, – якія сядзелі і зусім не рухаліся. Полі і Дыгары, як вы маглі здагадацца, таксама стаялі нерухома. Але праз нейкі час яны вырашылі, што тыя, на каго яны глядзяць, не могуць быць сапраўднымі людзьмі. Ніхто не варухнуўся, і не чулася дыхання. Гэта былі найбольш дасканалыя васкавыя фігуры, якія камусьці толькі даводзілася бачыць.
Гэтым разам Полі рушыла першай. У пакоі было штосьці, што зацікавіла яе: усе постаці былі апранутыя ў неверагодна прыгожае адзенне. Яскравасць фарбаў гэтага адзення рабіла пакой не тое каб радасным, але, прынамсі, багатым і пышным пасля пылу і пустэчы іншых пакояў. Таксама ў ім было больш вокнаў, а таму нашмат святлей.
Апісаць адзенне даволі складана. Усе фігуры былі апранутыя ў мантыі, і ў кожнай на галаве была карона. Барвовыя, срэбна-шэрыя, насычана-пурпуровыя і яскрава-зялёныя мантыі былі расшытыя ўзорамі, выявамі кветак і дзівосных звяроў. Каштоўныя камяні неверагодных памераў і зыркасці ззялі на каронах, звісалі на ланцужках з шыяў, выблісквалі адусюль, дзе былі зашпількі.