Читать книгу Пляменнік чараўніка - К. С. Льюіс - Страница 5
Раздзел 3. Лес Паміж Сусветамі
ОглавлениеДзядзька Эндру і кабінет адразу ж зніклі. Потым на імгненне ўсё змяшалася. Пасля Дыгары ўсвядоміў мяккае зялёнае святло, якое тачылася зверху, і цемру ўнізе. Выглядала на тое, што ён ні на чым не стаяў, не сядзеў і не ляжаў. Ён ні да чаго не дакранаўся.
“Думаю, я ў вадзе, – сказаў сам сабе Дыгары. – Ці пад вадой”. На секунду гэтая думка спалохала яго, але амаль адразу ён адчуў, што хутка падымаецца наверх. Затым раптоўна вынырнуў і пачаў караскацца на роўны ўтравелы бераг.
Падняўшыся на ногі, ён заўважыў, што з яго не капае вада і ён не аддыхваецца, чаго варта было чакаць. Адзенне было сухое. Ён стаяў у лесе, на краі невялічкага азярка, не больш чым тры метры ад аднаго берага да іншага. Дрэвы раслі блізка адно да аднаго, і на іх было так шмат лістоты, што неба не праглядалася. Святло было зялёнае, бо праходзіла праз лісце, і сонца мусіла быць вельмі моцным, бо святло было яскравае і цёплае. Гэта быў самы ціхі лес, які толькі можна сабе ўявіць. У ім не было ані птушак, ані кузурак, ані жывёлаў, ані ветру. Здавалася, можна было пачуць, як растуць дрэвы. Азярко, з якога ён толькі што вынырнуў, было не адзінае. Навокал такіх былі дзясяткі: праз кожныя некалькі метраў – наколькі хапала зроку. Можна было амаль адчуць, як дрэвы п’юць ваду каранямі. Гэты лес быў жывы. Калі Дыгары спрабаваў апісаць тое месца пасля, ён заўсёды казаў: “Яно было насычанае, як слівавы пірог”.
Але самае дзіўнае было тое, што, нават як след не агледзеўшыся, хлопчык забыўся, чаму сюды трапіў. Прынамсі, ён дакладна не думаў ні пра Полі, ні пра дзядзьку Эндру, ні нават пра маму. Ён не адчуваў ні страху, ні хвалявання, ані цікавасці. Калі б у яго запыталіся: “Адкуль ты?” – ён напэўна сказаў бы: “Я заўсёды тут быў”. У гэтым месцы ты адчуваў бы сябе так, нібыта заўжды знаходзіўся тут і табе ніколі не было сумна, хаця тут ніколі нічога не адбывалася. Як казаў Дыгары значна пазней: “Гэта не тое месца, дзе нешта адбываецца. Дрэвы растуць, вось і ўсё”.
Пасля таго як Дыгары доўгі час глядзеў на лес, ён заўважыў дзяўчынку, што ляжала на спіне каля дрэва. Яе вочы былі прымружаныя, нібыта яна знаходзілася паміж сном і явай. Ён доўга моўчкі глядзеў на яе. Нарэшце дзяўчынка расплюшчыла вочы і нейкі час глядзела на Дыгары, таксама моўчкі. Потым яна прамовіла сонным і задаволеным голасам:
– Мне здаецца, я бачыла цябе раней.
– Мне таксама так здаецца, – зазначыў Дыгары. – Ты даўно тут?
– О, вечнасць, – сказала дзяўчынка. – Прынамсі, не ведаю, вельмі доўга.
– І я таксама, – адказаў Дыгары.
– Няпраўда, – сказала яна. – Я толькі што бачыла, як ты з’явіўся з таго возера.
– І сапраўды, – збянтэжана пагадзіўся Дыгары. – Я й забыўся.
Потым яны абодва доўга маўчалі.
– Слухай, – сказала дзяўчынка праз некаторы час. – Цікава, мы сапраўды некалі бачыліся? Я ўзгадваю – нібыта малюнак у галаве – хлопчыка і дзяўчынку, падобных да нас, якія жывуць недзе ў зусім іншым месцы і робяць розныя рэчы. Магчыма, гэта проста сон.
– Думаю, мне сніўся такі ж сон, – адказаў Дыгары. – Пра хлопчыка і дзяўчынку, якія жылі ў суседніх дамах… і пра нейкае поўзанне сярод бэлек. Я памятаю, што ў дзяўчынкі быў брудны твар.
– А ты нічога не блытаеш? У маім сне брудны твар быў у хлопчыка.
– Я не памятаю яго твару, – сказаў Дыгары і потым дадаў: – Што гэта там?
– Нішто сабе! Гэта марская свінка, – здзівілася дзяўчынка. І сапраўды – гэта была тлустая марская свінка, якая нешта вынюхвала ў траве. Пасярэдзіне тулава яна была пераматаная стужкай з замацаваным яскравым жоўтым пярсцёнкам.
– Глядзі! Глядзі! – закрычаў Дыгары. – Пярсцёнак! І зірні! У цябе на пальцы такі ж. І ў мяне таксама.
Цяпер дзяўчынка села, нарэшце сапраўды зацікавіўшыся. Яны вельмі пільна паглядзелі адно на аднаго, спрабуючы ўзгадаць. І потым, у адзін і той жа момант, яна ўсклікнула: “Містар Кэтэрлі!”, а ён: “Дзядзька Эндру!” – і дзеці зразумелі, хто яны, і пачалі прыгадваць усю гісторыю. Праз некалькі хвілін жвавай гутаркі ўсё было высветлена. Дыгары распавёў, якім бесчалавечным аказаўся дзядзька Эндру.
– Што будзем рабіць? – запыталася Полі. – Возьмем марскую свінку і вернемся дамоў?
– Нам няма куды спяшацца, – сказаў Дыгары, шырока пазяхаючы.
– Думаю, ёсць, – адказала Полі. – Тут занадта ціха. Тут так… так сонна. Ты амаль задрамаў. Калі мы абодва заснем, то так і будзем ляжаць і спаць вечна.
– Тут вельмі добра, – запярэчыў Дыгары.
– Так, – пагадзілася Полі. – Але нам трэба вяртацца.
Яна паднялася і асцярожна пайшла да марской свінкі. Але пасля перадумала.
– Лепей пакінем яе тут, – сказала Полі. – Тут яна шчаслівая, а твой дзядзька зробіць з ёй што-небудзь кепскае, калі мы вернем яе.
– Не сумняваюся, – адказаў Дыгары. – Дастаткова ўзгадаць, як ён абышоўся з намі. Дарэчы, а як нам вярнуцца дамоў?
– Скокнуць назад у возера, думаю.
Яны ўдваіх падышлі да краю азярка і спыніліся, гледзячы ў спакойную ваду. Яна адлюстроўвала зялёныя, поўныя лістоты галіны, і таму азярко выглядала вельмі глыбокім.
– У нас няма ў чым плаваць, – сказала Полі.
– А нам нічога і не трэба, – адказаў Дыгары. – Можна нырнуць і ў вопратцы. Ці ты не памятаеш, што мы не намоклі, калі трапілі сюды?
– А ты ўмееш плаваць?
– Крыху. А ты?
– Ну, не зусім добра.
– Не думаю, што давядзецца плысці, – сказаў Дыгары. – Мы ж хочам спусціцца ўніз, так?
Ім абодвум не вельмі падабалася ідэя скокнуць у возера, але ніхто не вымавіў гэтага ўголас. Яны ўзяліся за рукі, сказалі: “Адзін – два – тры – давай!” – і скокнулі. Атрымаўся вялікі ўсплеск, і, вядома, дзеці зажмурыліся. Але, калі Полі і Дыгары расплюшчылі вочы, аказалася, што яны ўсё яшчэ пасярод зялёнага лесу, трымаюцца за рукі і стаяць у вадзе, якая ледзь даходзіць да шчыкалатак. Возера, відаць, было ўсяго некалькі сантыметраў глыбінёй. Яны пашлёпалі назад, на сухую зямлю.
– Чаму ў нас нічога не атрымалася? – спыталася Полі спужаным голасам, але не настолькі спужаным, як вы маглі б падумаць, бо ў тым лесе было складана сапраўды спужацца. Ён быў такі мірны.
– Зразумеў! – сказаў Дыгары. – Вядома ж, не атрымалася. Жоўтыя пярсцёнкі ўсё яшчэ надзетыя. Яны для перамяшчэння ў Іншае Месца. Зялёныя перанясуць нас дамоў. Трэба памяняць іх. У цябе ёсць кішэні? Добра. Пакладзі жоўты пярсцёнак у левую. У мяне два зялёныя. Вось адзін табе.
Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да возера, але тут Дыгары ўсклікнуў: “Чакай!”
– Што здарылася? – запыталася Полі.
– Мне ў галаву толькі што прыйшла цудоўная ідэя, – сказаў Дыгары. – А што ва ўсіх іншых азярках?
– Што ты маеш на ўвазе?
– Глядзі: калі мы можам вярнуцца ў наш свет, скокнуўшы ў гэтае возера, мы, пэўна, патрапім куды-небудзь яшчэ, калі скокнем у іншае. Што, калі на дне кожнага возера знаходзіцца іншы свет?
– Але я думала, што мы ўжо ў тым Іншым Свеце, пра які казаў твой дзядзька Эндру, ці Іншым Месцы – як там ён яго называў? Ты хочаш сказаць, што…
– Забудзься на дзядзьку Эндру, – перапыніў Дыгары. – Не думаю, што ён нешта пра гэта ведае. У яго ніколі не хапала мужнасці перанесціся сюды самому. Ён казаў толькі пра адзін Іншы Свет. А што, калі іх дзясяткі?
– Ты думаеш, гэты лес можа быць толькі адным з іх?
– Не, я думаю, што гэты лес – зусім не свет. Мяркую, гэта проста нейкае месца паміж сусветамі.
Полі выглядала збянтэжанай.
– Няўжо ты не разумееш? – сказаў Дыгары. – Паслухай. Узгадай пра наш тунэль пад дахам. Ён не з’яўляецца пакоем аніводнага з дамоў. Яго нават цяжка назваць часткай якога-небудзь дома. Але можна хадзіць па ім і трапляць у розныя дамы. Гэты лес можа быць чымсьці падобным. Месца, якое не знаходзіцца ні ў адным з сусветаў, але вядзе ва ўсе сусветы!
– Нават калі так… – пачала Полі, але Дыгары працягваў, нібыта яе не чуў.
– І тады гэта ўсё тлумачыць, – сказаў ён. – Таму тут так ціха і сонна. Тут ніколі нічога не адбываецца. Як і там, у нас. Людзі ў дамах размаўляюць, робяць свае справы, ядуць. Нічога не адбываецца толькі ў месцах, якія знаходзяцца паміж нечым: паміж сценамі, па-над столлю, пад падлогай ці ў нашым тунэлі. Але калі ты выходзіш з яго, патрапляеш у той ці іншы дом. Я думаю, адсюль мы можам перанесціся куды заўгодна! Мы не абавязаны зараз скокаць у тое ж азярко, праз якое апынуліся тут. Давай паспрабуем іншае.
– Лес Паміж Сусветамі, – сказала Полі з выглядам чалавека, які лунае ў сваіх марах. – Гучыць даволі прывабна.
– Хадзем, – прапанаваў Дыгары. – Якое выберам?
– Слухай, – сказала Полі. – Я не збіраюся скокаць ні ў якое іншае возера, пакуль мы не ўпэўнімся, што можам вярнуцца назад праз гэтае. Мы нават не ведаем, ці гэта ўвогуле працуе.
– Ага, – адказаў Дыгары, – каб нас злавіў дзядзька Эндру і адабраў пярсцёнкі, а мы нават павесяліцца не паспелі. Ну, дзякуй.
– А ці не лепш нам нырнуць часткова, не да канца? – мовіла Полі. – Толькі каб паглядзець, ці атрымаецца. А калі так, мы памяняем пярсцёнкі ды зноў падымемся сюды, перш чым цалкам вярнуцца ў кабінет містара Кэтэрлі.
– А ці зможам мы нырнуць не да канца?
– Ну, спатрэбіўся ж нейкі час, каб падняцца сюды. Мяркую, у нас будзе час і на тое, каб вярнуцца.
Дыгары доўга супраціўляўся гэтай ідэі, але ўрэшце яму давялося пагадзіцца, бо Полі наадрэз адмовілася даследаваць іншыя сусветы, пакуль не пераканаецца, што можна вярнуцца ў іх уласны. Яна была амаль такой жа смелай, як Дыгары, калі справа тычылася небяспекі (напрыклад, восаў), але яе мала прываблівала ідэя даследаваць рэчы, пра якія ніхто раней не чуў. Дыгары ж быў з тых людзей, якія хочуць ведаць усё, і, пасталеўшы, ён стаў знакамітым прафесарам Кёркам, з якім мы сустрэнемся ў іншых нашых кнігах.
Пасля даволі зацятых спрэчак яны пагадзіліся надзець зялёныя пярсцёнкі (“Зялёны азначае бяспеку, – сказаў Дыгары, – таму ты не пераблытаеш”), узяцца за рукі і скочыць. Як толькі яны заўважаць, што вяртаюцца ў кабінет дзядзькі Эндру ці нават толькі ў іх уласны сусвет, Полі мусіла крыкнуць: “Мяняем!” – і тады яны здымуць зялёныя і надзенуць жоўтыя пярсцёнкі. Дыгары сам хацеў крычаць “мяняем”, але Полі не згадзілася.
Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі, узяліся за рукі і яшчэ раз крыкнулі: “Адзін – два – тры – давай!” Гэтым разам усё атрымалася. Вельмі складана апісаць, як усё адбылося, бо адбылося гэта вельмі хутка. Спачатку з’явіліся зыркія агеньчыкі, якія рухаліся па чорным небе. Дыгары заўсёды думаў, што гэта былі зоры, і нават кляўся, што даволі блізка бачыў Юпітар – настолькі блізка, што мог разгледзець яго спадарожнікі. І амаль адразу пасля гэтага з’явіліся шэрагі дахаў і комінаў, яны пабачылі сабор Святога Паўла і зразумелі, што глядзяць на Лондан. Дзеці бачылі скрозь муры дамоў. Потым яны заўважылі дзядзьку Эндру. Яго цьмяная постаць з кожным імгненнем рабілася ўсё больш выразнай і больш рэальнай, нібыта на яе наводзілі фокус фотакамеры. Але, перш чым дзядзька Эндру зрабіўся зусім сапраўдным, Полі закрычала: “Мяняем!” – і яны памянялі пярсцёнкі. Наш сусвет развеяўся, як сон, а зялёнае святло зверху пачало рабіцца ўсё мацнейшым і мацнейшым, пакуль іх галовы не апынуліся на паверхні азярка і дзеці не выбраліся на бераг. Усё гэта заняло менш за хвіліну.
– Вось так! – сказаў Дыгары. – Усё працуе. А зараз – прыгоды. Можам выбраць любое возера. Хадзем. Давай паспрабуем тое.
– Стой! – крыкнула Полі. – Можа, трэба пазначыць гэтае, наша?
Яны паглядзелі адно на аднаго і збялелі ад разумення той страшнай рэчы, якую Дыгары толькі што збіраўся зрабіць. Бо ў лесе была бясконцая колькасць азёр, яны ўсе былі аднолькавыя, і ўсе дрэвы былі аднолькавыя. Такім чынам, калі б яны аднойчы пакінулі тое азярко, што вядзе ў наш сусвет, без аніякай адзнакі, у іх наўрад ці атрымалася б знайсці дарогу дадому.
Дрыготкай рукой Дыгары дастаў кішэнны нож і выразаў доўгую палоску дзірвану на беразе. Зямля смачна пахла, і яе чырванавата-карычневы колер быў добра бачны на зялёным.
– Добра, што адзін з нас мае крыху розуму, – сказала Полі.
– Толькі не надумай увесь час пра гэта ўзгадваць, – адмахнуўся Дыгары. – Хадзем. Я хачу паглядзець, што ў іншых азёрках.
Полі рэзка адказала яму, а ён сказаў нешта ў адказ, яшчэ больш з’едліва. Спрэчка доўжылася некалькі хвілін, але цалкам прыводзіць яе нецікава. Давайце прапусцім яе і пяройдзем да моманту, калі яны, усхваляваныя, з засяроджанымі тварамі, стаялі на беразе незнаёмага азярка, надзеўшы жоўтыя пярсцёнкі і трымаючыся за рукі. Яны зноў сказалі: “Адзін – два – тры – давай!”
Плюх! Ізноў не спрацавала. Гэтае азярко таксама аказалася лужынай. Замест таго, каб апынуцца ў новым сусвеце, яны толькі намачылі ногі другі раз за раніцу (калі гэта была раніца: падобна, у Лесе Паміж Сусветамі заўсёды быў адзін і той жа час).
– Ах ты! – усклікнуў Дыгары. – Што не так гэтым разам? Мы надзелі жоўтыя пярсцёнкі. Ён жа сказаў, што жоўтыя – для вандровак у іншы свет.
Але насамрэч дзядзька Эндру, які нічога не ведаў пра Лес Паміж Сусветамі, меў няправільнае ўяўленне пра пярсцёнкі. Жоўтыя не пераносілі ў іншы свет, і зялёныя не пераносілі дамоў. Прынамсі, не ў тым сэнсе, як ён разумеў. Рэчыва, з якога былі зроблены пярсцёнкі, паходзіла адсюль, з лесу. Рэчыва жоўтых пераносіла ў лес. Яно імкнулася вярнуцца назад, у сваё месца, што знаходзіцца пасярод сусветаў. А рэчыва зялёных пярсцёнкаў намагалася пакінуць гэтае месца і пераносіла вас з лесу ў іншы сусвет. Разумееце, дзядзька Эндру працаваў з тым, у чым не да канца быў абазнаны; большасць чараўнікоў такія. Вядома, Дыгары таксама да канца не ўсведамляў праўды, прынамсі, да пэўнага часу. Але, абмеркаваўшы ўсё, дзеці вырашылі паспрабаваць скокнуць у новае азярко, надзеўшы зялёныя пярсцёнкі, – проста каб паглядзець, што адбудзецца.
– Я пайду, калі ты пойдзеш, – сказала Полі. Але насамрэч яна сказала так, бо цяпер адчувала, што ніякія пярсцёнкі не спрацуюць на новым азярцы, і ў самым горшым выпадку атрымаецца яшчэ адзін плюх. Я не ўпэўнены, што Дыгары не пачуваўся гэтак жа. У любым выпадку, яны абое надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да беражка. Цяпер, ізноў узяўшыся за рукі, яны былі значна весялейшыя і менш урачыстыя, чым у першы раз.
– Адзін – два – тры – давай! – сказаў Дыгары. І яны скочылі.