Читать книгу Беркут. Кніга першая - - Страница 4

Кніга першая
2. 1930 год. Сяло Цішкоўка. Украінская ССР

Оглавление

Бацька казаў, што яны нашчадкі Захара Беркута, таго самага, які некалі ў Карпатах наладзіў супраціў манголам. «Адзінства людзей, дзякуючы якім была здабытая перамога, будзе страчана, – не аднойчы паўтараў ён, ці то цытуючы кагосьці з вялікіх, ці то сябе, – ліхія часы надыдуць для народа, але з часам яно адродзіцца, і настануць шчаслівыя часы яго аднаўлення». Ці праўду казаў бацька, ці хацеў, каб так было, пераказваючы сюжэт аповесці Івана Франко дзесяцігадоваму сыну на рыбалцы з начоўкай, Беркут не ведаў, дый, па шчырасці, ніколі не задумваўся над пытаннем радаводу. Не да таго было. У дзяцінстве меліся іншыя цікавосткі, нашмат значнейшыя за нейкіх там далёкіх прашчураў, чыё існаванне і памяць пра іх даўно пакрыліся мохам сівізны. Беркут больш узіраўся ў будучыню, бо менавіта будучыня абяцала жыццё, а мінуўшчына цягнула ў нябыт, бы нябачны чорт у твань. Хаця чытаць пра прыгоды піратаў, мушкецёраў, Следапыта, рыцараў караля Артура любіў і часта адасобліваўся ад усіх на гарышчы дзеля спаткання з кнігай. Цягаў жа кнігі ўпотай ад дзеда, бо тыя належалі яму і месцаваліся ў вялізнай грувасткай шафе за шклом насупраць дзедавага ж ложка. Некалі ён служыў у царскім канвоі, на свае вочы бачыў не толькі царскую сям’ю, але і пісьменнікаў Дастаеўскага, графа Талстога, Тургенева. Прысутнічаў на чытанні твораў, калі аўтары асабіста чыталі свае сачыненні. Дзякуючы тым пісьменнікам, дзед палюбіў літаратуру і кнігі. За любоў да кніг і быў звольнены, бо казак у канвоі мусіў ахоўваць жыццё і здароўе сонцалікіх, а не лунаць дзесьці ў аблоках ці паміж кніжных старонак. Дзед быў родам з Кубані, але пасля звальнення з царскай службы дамоў не вярнуўся, бо звальненне, ды яшчэ з-за кніг, годнасці не надавала. Яго б там зганьбілі, а ганьбай чытанне ён не лічыў, таму рушыў туды, куды вочы глядзелі. Такім чынам і апынуўся ў Цішкоўцы, пачаў вучыць мясцовых дзяцей грамаце, а потым і ўсіх жадаючых. Па версіі бабулі, у Цішкоўку прывяло дзеда каханне да яе. Яны пазнаёміліся ў Пецярбургу ў той яшчэ час, калі дзед нёс службу цару, а яна служыла пакаёўкай у доме графа Загорскага, чый маёнтак знаходзіўся паміж Цішкоўкай і Капітонаўкай, ва ўладаннях якога яна і нарадзілася. Дзяўчына расла і выхоўвалася разам з адзінай дачкой Загорскага, таму атрымала дастатковую адукацыю, каб не толькі ўходжвацца на двары, але і музіцыраваць не горш за маладую гаспадыню ды апеляваць кніжнымі сентэнцыямі, праўда, да нябачных нікому апанентаў, бо каму цікавая думка просталюдзінкі, няхай і з жывым розумам. На адным з пісьменніцкіх чытанняў дзед з бабуляй і пазнаёміліся. Ён паехаў следам за ёй, калі Загорскія з’ехалі на лета ў маёнтак. Потым прасіў рукі бабулі ў графа і дазволу на вяселле. Дачка Загорскага радавалася больш за ўсіх. На жаль, казала бабуля, час не пашкадаваў сям’ю графа. Пасля рэвалюцыі іх усіх забілі, а маёнтак спалілі. Беркут не разумеў горычы, з якой бабуля распавядала пра гібель буржуінаў. Туды ім і дарога. Яны ж ворагі, эксплуатавалі яе, а яна іх шкадуе. І бацька Беркута таксама не разумеў мацярыных адносін да Загорскіх, гібель якіх, між іншым, кроў якіх была і на яго руках. Ён быў доўгачаканым адзіным сынам пасля чатырох дзяўчат – цётак Беркута – нервовым з самага дзяцінства, бясстрашным і бескампрамісным. Бацька ненавідзеў паноў, не разумеў, чаму мусіў рабіць на іх, тым больш паважаць, калі тыя палец аб палец не ўдарылі за ўсё жыццё нават у прыбіральні. Таму з вялікім энтузіазмам акунуўся ў рэвалюцыйную барацьбу яшчэ ў падлеткавым узросце, прымаў удзел у падзеях 1907 года, якія скаланулі акругу і колішні Елісаветград, пакуль той не стаў Кіраваградам, уступіў у сацыял-дэмакратычную партыю і пасядзеў некалькі гадоў у Елісаветградскай турме. Падчас Першай сусветнай вайны апынуўся на фронце ў сапёрнай роце, дзе жыццё штосекундна вісела на валаску без перабольшванняў і прыгожых метафар. Нейкім цудам не трапіў пад газавую атаку немцаў. Узвод, у якім ён служыў, накіравалі ў тыл на адпачынак пасля ўдала выкананага задання. Па першым часе бацька верыў у неабходнасць вайны да пераможнага канца, нягледзячы на ўсю сваю рэвалюцыйна заточаную душу, бо не хацеў бачыць чужынцаў на зямлі продкаў, нават бязглуздую і дзікую гібель паплечнікаў апраўдваў неабходнымі стратамі, якія суправаджаюць кожную вайну без выключэння. А потым цар адрокся. Але адрокся ён не толькі ад прэстола. Маладушным учынкам гэтым ён адрокся ад усяго народа агулам, пакінуў яго сам-насам з вайной і ворагам. Не так павінна было адбыцца яго адрачэнне. Бацька думаў неаднойчы, уяўляў, як рэвалюцыя пераможа, але пасля вайны, калі знешні вораг будзе разбіты ўшчэнт, каб не перашкаджаў і не лез туды, куды яго ніхто не клікаў. Цар здрадзіў кожнаму чалавеку, асабліва тым, хто ваяваў на франтах. Развязаў вайну і – у кусты, як апошні баягуз, якім ён і быў па натуры сваёй. Афіцэры ж ад навіны пра адрачэнне цара звярэлі, але злосць спаганялі не на ворагу, а на падначаленых ім салдатах. Несправядлівасць дратавала бацьку, ад думак пра яе закіпалі мазгі і варыліся ў галаве, як яйкі ўсмятку. Тым часам актывізавалася бальшавіцкая агітацыя ў акопах і на перадавой. Бальшавікі прызывалі забіваць афіцэраў, адбіраць у іх зброю, кідаць стары фронт і ствараць новы, накіраваны супраць прыгнятальнікаў, аб’яўлялі адкрытую класавую барацьбу і клікалі на яе барыкады. Ва ўсіх палках адбываліся масавыя дэзерцірствы. Камандзір роты адпусціў усіх сапёраў па хатах. Тыя ў падзяку замалацілі яго сапёрнымі рыдлёўкамі. Бацька не ўдзельнічаў у тым забойстве, але і не перашкодзіў яму, раўнадушна сузіраў. А ў галаве круцілася пытанне: што рабіць далей? Зрэшты, трэба было браць будучую маці Беркута, з якой бацька добра паразумеўся якраз, – санітарку Чырвонага Крыжа, прыкамандзіраваную да іх роты, і прабірацца дадому. Нічога добрага іх не чакала ў часці. Афіцэры групаваліся ў асобныя падраздзяленні і давалі адлуп салдатам, не шкадуючы нікога. Салдаты таксама афіцэраў не шкадавалі. Бацька зразумеў, што вайна, якуя вялі з немцамі, – кветачкі, а ягадкі яшчэ наперадзе.

Маці Беркута ўчапілася за бацьку, як тапелец за саломінку, бо сапраўды вакол рабілася нешта страшнае, і тое страхоцце вельмі палохала яе. Але яна і кахала бацьку.

Ды дома іх чакала яшчэ горшае выпрабаванне: Цішкоўку занялі немцы, а штаб іх базіраваўся ў маёнтку Загорскіх, гаспадар якога, уцёкшы яшчэ падчас першай, лютаўскай, рэвалюцыі, сын той Загорскай, з якой вырасла маці Беркутавага бацькі, вярнуўся разам з варожымі войскамі і нават узначальваў карны атрад супраць мясцовых партызан, (партызанскія згуртаванні, адзін з якіх узначальваў дзед, хаваліся па навакольных лясах). У душы застаючыся манархістам, дзед усё ж прытрымліваўся дэмакратычных прынцыпаў, дзякуючы, зразумела, прачытаным кнігам, але яшчэ і таму, што быў казаком, прычым сапраўдным. За яго галаву нават прызначылі ўзнагароду. Бацька і маці ўліліся ў дзедаў атрад, як ручаі ў раку.

Калі немцаў пагналі з Цішкоўкі, партызаны занялі маёнтак Загорскіх з усім яго штабам і, звычайна, гаспадаром, які прапанаваў бацьку Беркута дуэль на шпагах, маўляў, мы ж цывілізаваныя людзі. Ды бацька сказаў Загорскаму, што той не мае права на цывілізаваны фінал свайго жыцця, бо ці можна назваць цывілізаваным учынак Загорскага, які прывёў на зямлю продкаў ворага, прывёў вайну ў кожную сям’ю і хату простага чалавека, пасеяў смерць і разбурэнне, ды застрэліў яго ва ўпор з трафейнага маўзера. Як сабаку. А потым яшчэ і плюнуў на распластанае цела з прыкрасці. Не любіў ён так званую блакітную кроў; кроў ва ўсіх чырвоная, якім бы хто колерам яе ні называў і ні выдумляў розных адценняў. Сутнасці ўсё адно не зменіш. Да таго ж не сустрэўся яму за ўсё жыццё ніводзін прадстаўнік вышэйшага саслоўя, якога можна было б паважаць, хіба што ў кніжках. Іх, дарэчы, тым часам ратаваў цаной свайго жыцця, рызыкуючы згарэць у пажары, дзед Беркута. Немцы пры адыходзе падпалілі сяло, спадзеючыся такім чынам затрымаць свой пераслед хоць на некаторы тэрмін. Бацька не разумеў фанатычнай адданасці, падобнай на рабскую, друкаванаму слову, ды яшчэ напісанаму дваранскімі гультаямі. Ён ненавідзеў, здавалася, дзедавы кнігі. Хай бы яны згарэлі ўшчэнт, калі не нясуць ніякай пралетарскай праўды, але на адкрыты канфлікт не рашаўся. Адно грэбліва пазіраў, як на ворагаў народа, якім дазволена было пакуль што неба капціць. У больш сталым узросце Беркут некалькі разоў перачытваў творы Дастаеўскага, нават палюбіў творчасць пісьменніка, як ніякую іншую. Калі б усе мелі магчымасць чытаць яго раманы і аповесці, калі б своечасова прачыталі, калі б не забараняліся яны хворым розумам новаспечаных чыноўнікаў і бюракратаў ад культуры як неблаганадзейныя, непралетарскія, адсталыя, дэгенератыўныя, непатрэбныя сапраўднаму савецкаму чалавеку-рабочаму-кавалю шчаслівай будучыні, магчыма, на дваццатае стагоддзе не выпала б столькі крыві, гора і катастроф.

Пажар Цішкоўку добра патрапаў, але не знішчыў, ды мір у сяло з выгнаннем немцаў не прыйшоў. Замест яго ўварваліся дзянікінцы, несучы смерць і распырскваючы кроў па баках сваіх стомленых коней. Не паспелі пазбавіцца ад дзянікінцаў, як Цішкоўку акупавала банда Грызлова, затым махноўцы захапілі сяло, палюючы на тых жанчын і дзяўчат, якія яшчэ засталіся жывымі. Беркутаў бацька не аднаго гвалтаўніка з задавальненнем уздымаў на вілы, нават з Махно счапіўся, але той унікнуў сутычкі праз жарты ды падаспеўшыя чырвонаармейскія атрады. Уцякаў, аж пяты блішчэлі.

Пасля 1920 года, нарэшце, усталявалася мірная цішыня, якая злёгку аглушыла цішкоўцаў, прывыкшых да бясконцых выбухаў, стрэлаў ды крыкаў аб дапамозе і стогнаў параненых. Зрэшты, стан гэты доўжыўся зусім не працяглы час, бо мір патрабаваў гэтаксама, як і вайна, руху, руплівасці, энтузіязму, калектыўнай працы і агульных свят. Ствараліся рэўкамы, камбеды, розныя працоўныя ды гандлярныя таварыствы, саўгасы, калгасы. Бацька Беркута, у выніку, узначаліў Цішкоўскі калгас, адбудаваў сяло, якое да 1930-х гадоў вырасла, аднавілася і ўзнавілася да непазнавальнасці. А потым зноў вайна, нямецкая акупацыя, канцэнтрайыйны лагер для ваеннапалонных у межах сяла, у якім паўміралі тысячы салдат, зноў партызанскі атрад… Больш за ўсё ў той час уразіла бацьку Беркута колькасць мясцовых паліцаяў, якія з задавальненнем служылі вермахту, старанна і аддана, з асаблівай жорсткасцю адносячыся ледзь не да ўсіх, з кім яшчэ нядаўна жылі, працавалі, адзначалі святы ды вяселлі, гаравалі на хаўтурах. Менавіта паліцаі паказалі немцам на хату дзеда Беркута, распавялі, што той бацька партызанскага камандзіра, да таго ж камунста і былога старшыні калгаса. На світанку ўварваліся ў хату, выцягнулі старога разам з жонкай з ложка на двор, разбілі кніжную шафу, распалілі вогнішча, куды выкідалі кнігі праз акно. Стары Беркут паспеў перабіць дваім, асабліва шчыраваўшым п’янаватым і нахабным, даволі маладога веку паліцаям кадыкі, калі яго наскрозь прадзіравіла аўтаматная чарга. Мёртвага шпурнулі ў агонь, бабулю ж прымусілі жывою зайсці ў полымя і рагаталі, пакуль яна крычала, ахопленая жудаснымі пісягамі болю і смерці, затым падпалілі хату і папярэдзілі сагнаных на паказальную экзекуцыю цішкоўцаў, што так будзе з кожным, хто наважыцца падтрымліваць партызан. Пасля гібелі бацькоў Беркутаў бацька счарнеў і пасівеў умомант, зацяўся і прагнуў помсты, замест сэрца, адчуў, у грудзях утварылася чорная яма. Ён высачыў усіх удзельнікаў расправы паасобку самастойна, нікога не прасіў аб дапамозе, бо тое было яго асабістай справай, і выводзіў у лес. Тыя стагналі і скавыталі, малілі аб дараванні, аж да агіды, некаторыя пракліналі і яго, і Саветы, але не пашкадаваў ён нікога. Не меў права, дый думкі такой не меў таксама. Перарэзваў ім гарлякі, бы свінням, і назіраў, глядзеў проста ў вочы, як яны паміралі: хрыпелі, з булькатам захлыналіся крывёю, што пухірылася на сініх губах, і дрыгалі нагамі ў апошніх сутаргах. Ён хацеў, каб кожны з іх бачыў менавіта яго бязлітасны і пагардлівы позірк у хвіліну смерці.

Беркутаў бацька таксама загінуў. У баі – «отвлекающем маневре» – дзеля выратавання ваеннапалонных з лагера. Не ўсім, зразумела, удалося ўцячы тады з палону, але партызанам пашанцавала ўратаваць сотні жыццяў цаною жыцця свайго камандзіра. Той адмыслова, здавалася, лез пад кулі. Загінула і маці Беркута. Яна была родам з Валыні. Вайна яе заспела там: гасцявала ў сваякоў, якія не пусцілі жанчыну дамоў, не дазволілі вярнуцца да мужа, бо лічылі небяспечным і доўгім шлях на Кіраваградчыну. Калі пачалася рэзня паміж палякамі і ўкраінцамі – маці апынулася быццам паміж молатам і кавадлам, папоўнішы і сваім целам той жудасны фарш дзеля мясарубкі смерці. Менавіта з таго часу Бандэру і бандэраўцаў называюць фашыстамі, бо гэта быццам бы ён аддаў загад на знішчэнне палякаў на Валыні. Зрэшты, Беркут даведаўся пра тое надта позна, каб рабіць нейкія лёсавырашальныя высновы Дый з бандэраўцамі не ўсё так адназначна, як іх падавалі, быццам чарцей на сподку, чэкісты і іх органы друку на стол савецкага народа. Таму ён і не пагадзіўся ў свой час на супрацоўніцтва з МГБ і адмовіўся ад камандзіравання ў Карпаты дзеля выяўлення бандфарміраванняў. Але тое ўсё яшчэ наперадзе.

У дзесяцігадовым жа ўзросце Беркут пакутаваў на зубны боль, які, здавалася, не пакіне яго ніколі і будзе суправаджаць да канца жыцця. Не ратавала анічога, хоць бійся галавой аб сценку, хоць падай плазам з вышкі ў рачную ваду. Неяк уначы боль стаў такім невыносным, што Беркут закрычаў, не ў сілах больш трымаць яго ў сабе, а слёзы пырснулі з вачэй, быццам кроў з раптам распоратага аб цвік сцягна. Ад таго болю ён нават страціў прытомнасць, тэмпература падскочыла, ахапіла ліхаманка. Маці потым казала, што сын трызніў цэлымі раздзеламі з кніг пра піратаў, ірваўся на абардаж і марыў загінуць за прыўкрасную Арабелу. Яго на руках дзед занёс на могілкі да паўшых герояў грамадзянскай вайны, паклаў на зямлю, нешта шаптаў, як шаман, зносіўся з мёртвымі, сыпаў на нерухомае цела ўнука якуюсь расталчоную ў ступе траву, расціраў яе ў яго на грудзях уперамешку з нечым ліпкім, уліваў у рот нейкую бурду, дзякаваў, годна схіліўшыся ў паклоне, усім чатыром бакам свету… Бацька не падтрымліваў дзедавы хітрыкі і зайграванні з прыродай, але яны дапамаглі Беркуту. З той ночы зубы ў яго не балелі ніколі. Яго немач назаўжды правалілася пад зямлю, і яе моцна трымалі нежывыя косці памерлых.

Беркут. Кніга першая

Подняться наверх