Читать книгу Беркут. Кніга першая - - Страница 6
Кніга першая
4. 1930 год. Сяло Цішкоўка. Украінская ССР
ОглавлениеБеркут не сумняваўся ні каліва, кім хоча стаць, і ведаў дакладна, куды паступіць пасля школы. Ён быў зачараваны раманамі пра марскія прыгоды і не ўяўляў свайго будучага без капітанства на марскіх судах. Так, ён бачыў сябе менавіта капітанам – марскім ваўком – якому падкорацца ўсе моры і акіяны. Неяк нават хацеў уцячы з дому, каб трапіць юнгам на борт якога-небудзь судна, сабраў рэчы, неабходныя для паходу, запасся запалкамі ды соллю і рушыў у бок чыгункі, што праходзіла за дваццаць пяць кіламетраў ад Цішкоўкі. На жаль, на выхадзе з сяла яго перастрэў бацька, які вяртаўся з нейкага чарговага пасяджэння. І чаго Бекркут пайшоў тою дарогай, па якой хадзілі ўсе? Мог жа напрасткі гародамі і праз лес! Спадзяваўся на вечаровы морак, нават перадначны? Дый бацьку сустрэць ні ў якім разе не спадзяваўся і не разлічваў. Той, як адчуваў нешта, марудзіў вяртацца дадому, ішоў няспешна, курыў у смак. Беркут, калі ўбачыў бацьку, але яшчэ не разгледзеў, бо цёмна, думаў праскочыць паўз, схаваўшыся ў каўняры, ды той адразу пазнаў сына і, відаць, здагадаўся, куды выправіўся падшыванец, таму доўга не разважаў, імпэтным рухам выцягнуў папругу і выцяў ёю некалькі разоў па плячах нашчадка, каб мазгі таго, пакаламучаныя рамантычнай бздурай, на месца пасталі. І ўсё моўчкі. Адно чуваць было, як шумна выдыхаў і ўдыхаў паветра носам, раз’юшаны не на жарт. Давялося бегчы, ратавацца, але куды? Вакол цемрадзь і восеньская слота, а Беркуту ўсяго дзесяць гадоў. Гнеў бацькі палохаў больш за гнеў усіх багоў разам узятых, якіх адмяніла савецкая ўлада, быццам з-за адмены тыя ўзялі і раптам зніклі, быццам іх і не было ніколі. Таму дамоў нельга: заб’е. Дый дзе той дом? Беркут ад страху ці ад шоку, бо ніколі раней бацька на яго рукі не падымаў, разгубіўся і не пазнаваў мясцовасці, у якой нарадзіўся і вырас. З вачэй пакаціліся здрадлівыя слёзы. Ён жа нікому не хацеў зрабіць нічога дрэннага, наадварот, працаваў бы і дасылаў грошы сям’і, бо меў упэўненасць у знаходцы скарбаў на востраве скарбаў, куды і імкнулася яго душа, якая, на вялікі жаль, была прывязаная да цела і без цела злётаць адна на той востраў не магла. Няўжо так цяжка зразумець? Аднак разумець не было каму, бо ён жа не растлумачыў бацьку прычыну свайго ўчынку, а ўцёк, як ружовы трус. Добра, хай сабе і не ружовы, ды ўсё адно сутнасці тое не мяняе. Беркут ненавідзеў сябе за асэнсаванне таго, што адбылося, і за факт прызнання сябе баязліўцам, бо баязліўцам не быў на самай справе. Наадварот, характар меў бацькаў.
Ногі прынеслі да дзедавага падворка, але ў хату Беркут не зайшоў, хоць і ведаў, што дзед зразумее яго, калі распавесці тому пра сваю мару, і абавязкова падтрымае. Не хацеў хваляваць? Не. Хутчэй не хацеў нікога бачыць пакрыўджаны на бацьку. Па драбінах знадворку падняўся на гарышча, праслізнуў мышшу праз драўляныя аканіцы і шуснуў у салому, утрамбаваную ім жа зусім нядаўна. Карцела разраўціся, не ўголас, зразумела, але Беркут змахнуў здрадлівыя слёзы і прымусіў сябе супакоіцца, каб ніколі больш у жыцці не дазволіць слязам зганьбіць яго. Ён ніколі больш не заплача і не пакажа слабасці. Свет бачыў Беркутавы слёзы ў апошні раз.
Калі ўжо задрамаў, пачуў бацькаў голас, устрывожаны, занепакоены, усхваляваны, але не азваўся, адмыслова не азваўся. Няхай бацька патурбуецца і пахвалюецца. Пра тое, што ў выпадку выкрыцця яго схову, зноў можа атрымаць папругі, Беркут не думаў. Ахоплены пачуццём помсты, прымітыўнай і несправядлівай па праўдзе кажучы, ён не хацеў паставіць сябе на месца бацькі і паслядоўна разабрацца ў прычыне ўчынку таго ў дачыненні да сына, ды і ў сваім таксама не жадаў калупацца, як пальцам у носе, бо вінаватым ні ў чым сябе не лічыў. Гэта яго не разумелі, яго прынізілі, дык вось вам за гэта, атрымлівайце!
Бацька сапраўды непакоіўся за Беркута. Ён не сумняваўся, што сын вярнуўся дахаты, бо слова яго было законам. Дапускаў, што мог пакрыўдзіць сына, але не сумняваўся, што меў на тое права, бо ўсё ж заставаўся бацькам і чалавекам з вялікім жыццёвым вопытам, якому больш відаць, што трэба і чаго не трэба дзесяцігадоваму падшыванцу. Магчыма, крыху перагнуў палку, але не да сантыментаў было, яшчэ дзякуй скажа, што своечасова спыніў… І вельмі здзівіўся, што не знайшоў Беркута ў ложку, маючы намер пагаварыць з ім як мужчына з мужчынам, відаць, надышоў час растлумачыць што да чаго. Усю дарогу дадому ён дакараў сябе за жорсткасць, бо любіў адзінага сына і не хацеў яго крыўдзіць, прыдумваў патрэбныя словы прабачэння перад ім такія, якія б і яго аўтарытэт старэйшага не пахіснулі, і малога зноў не абразілі. Але Беркута дома не аказалася. Бацька перавярнуў хату, нібы стол, дагары, аднак сын не выкуліўся ні з якага кута і закутка. Пабудзіў і прымусіў дочак і жонку шукаць зніклага сына, да якога пачаў адчуваць раптоўную злосць, а сам рушыў да свайго бацькі, спадзеючыся заспець там Беркута. У дзеда з унукам была непарыўная сувязь, стары не мог надыхацца Беркутам, як паветрам, таму, хутчэй за ўсё, той да дзеда і пабег. Аднак бацьку зноў чакала расчараванне, бо дзед ні сном, ні духам пра ўцёкі ўнука не ведаў. У тое, што Беркут мог праігнараваць довады старэйшага і ўсё ж гародамі ды лесам кінуцца да чыгункі, бацька не верыў. Адчуваў: стоадсоткава недзе паблізу хаваўся ўшавэлак, назіраў і смяяўся ў кулачок. І гэта раз’юшвала не ў меру гарачага старшыню надзвычайна. Ён перастаў сябе стрымліваць і выгукваў у паветра нядобрыя словы ў адрас сына, шкадаваў адразу, але інакш не мог. Дзед супакойваў яго, раіў апамятацца і не псаваць паветра брыдкімі словамі. Тады бацька закрычаў і на дзеда, абвінавачваў яго ва ўцёках Беркута, у дрэнным уплыве, у дрэнным уплыве праклятых кніг з дзедавай бібліятэкі зрынутых арыстакратаў, якія і пасля смерці аўтараў тлумяць светлыя галовы пралетарскай моладзі. Начытаўся рознай рамантычнай лухты хлопец і вырашыў, што паўсядзённае жыццё ў сяле не для яго, што яно соннае і сумнае, без прыгод і подзвігаў, выключна дзеля якіх ён і быў народжаны, вось і збег па подзвігі, д’Артаньян-недаростак!.. Дзед усміхнуўся ў бараду і паправіў старшыню, што Беркут не д’Артаньян, а, хутчэй, капітан Нэма, бо клічуць яго не шпагі свіст, а бяскрайнія марскія абшары, і гэта нармальна ў яго ўзросце. Бацька яшчэ пабурчаў дзеля прыліку, але мусіў пагадзіцца з высновамі дзеда, хоць і не напаказ. Тым часам Беркут, які ўважліва прыслухоўваўся да размовы старэйшых з гарышча і не прапусціў ніводнага слова паўз вушы, моцна чыхнуў. Ён заціскаў як мог раздражнёны саламяным пылам нос і далонямі, і пальцамі, і рукавом, але нястрымнае жаданне чыхнуць не праходзіла, а, здавалася, наадварот, узмацнялася з кожным разам яго адцягвання. Беркут чыхнуў, умомант пачырванеў у спалоху выкрыцця, аберуч заціснуў і нос, і рот заадно, каб больш не выдаць сябе, ды затаіўся, нават не дыхаў. Бацька з дзедам адначасова ўтаропіліся позіркамі ў столь. Вачыма дзед папрасіў старшыню не турбаваць хлопца ды ісці сабе памалу дадому, з унукам сам разбярэцца. Той згодна кіўнуў. Гнеў яго прайшоў. Галоўнае, сын жывы-здаровы і нікуды не ўцёк, а значыць, адна гара з плячэй далоў. Каб жа ўсе горы былі такімі лёгкімі. Дык не, паселі на яго карку банькамі, усмакталіся п’яўкамі ў плоць і смокчуць удзень і ўначы ненасытна. Бацька парукаўся з дзедам на развітанне і пашыбаваў прэч з двара. Беркут выдыхнуў праз пальцы, узрадаваны, што небяспека мінула, ды, знясілены нервовым напружаннем, не заўважыў як заснуў. Дзед асцярожна, каб не пабудзіць, зняў яго з гарышча і занёс на руках у хату, паклаў на печ, клапатліва ўкрыў коўдрай, пяшчотна правёў рукой па стрыжанаму вожыку і прысеў на тапчан каля печы. З дальняга пакоя выйшла жонка, мо, пацікавілася, трэба чаго. Дзед адказаў, што нічога не трэба, і дадаў, каб ішла адпачываць, а на яго не звяртала ўвагі. Ён з унукам пабудзе, унуку больш неабходна зараз дзедава прысутнасць.
Стары Беркут не спаў усю ноч. Раз-пораз прыкладаў халодную вялікую далонь да гарачага ілба ўнука, астужаў яго, запавольваў ашалелую кроў у маладым арганізме, ахопленым, здавалася, агнём. Хлопец неспакойна варочаўся, стагнаў у сне, мармытаў нешта незразумелае, але не прачынаўся. Скідаў з сябе коўдру, утаптваў яе нагамі ў сцяну. Дзед зноў укрываў унука, шаптаў ці не замову над ім. Калі той прачнуўся ранкам, першае, што пабачыў, – дзедавы вочы, стомленыя, але добразычлівыя. Ён ні словам не папракнў малога, запрасіў раздзяліць з ім ранішнюю трапезу і па-змоўніцку падміргнуў. Беркут падміргнуў у адказ, як падміргнуў і бацьку, калі пабачыў таго пасля вяртання дамоў, чым абяззброіў амаль да слёз непахіснага старшыню.