Читать книгу Беркут. Кніга першая - - Страница 8

Кніга першая
6. Май 1937 года. Горад Кранштат. РСФСР

Оглавление

– Сёння я з цябе грошай не вазьму, – сказала Беркуту чорнавалосая кудзерыстая маладая жанчына, устала з ложка, падхапіла няўлоўным рухам танклявай амаль празрыстай рукі на яркім сонцы, што ўсміхалася за акном, здавалася, тварыкам гарэзлівай дзяўчынкі, лёгкі сітцавы бэзавы халацік, накінула яго на сябе, і ён быццам ператварыўся ў другую скуру на ейным целе – прывабным, нават бездакорным на думку Беркута, целе, якое зусім нядаўна цалкам належала яму. – Але толькі сёння, – дадала дзяўчына, запахнула халат і села да трумо, каб ускудлачаныя пасля бяссонай ночы, праведзенай разам з Беркутам, валасы прывесці ў больш-менш боскі выгляд, бо ненавідзела, калі яны тырчалі ў розныя бакі, што здаралася даволі часта зранку. Беркут, не ўстаючы з ложка, пазіраў на спіну дзяўчыны, на яе дзівосны выгін шыі, адкрыты яго позірку з-за паднятых угару валасоў, паднятых на імгенне з асдмысловым нібыта разлікам, каб падражніць і зноў схаваць пад сабой прыгажосць ці, хутчэй, мастацтва прыроднай лепкі.

Міжвольна Беркутава рука пацягнулася па папяросы, выцягнула адну разам з запалкамі. Беркут закурыў.

– Не куры тут! – Яна не азірнулася на яго, бо бачыла ў люстэркавым адлюстраванні, не загадала, але прамовіла так, што Беркут падпарадкаваўся.

– Прабач, – адгукнуўся і пальцамі патушыў папяросу ды паклаў яе на крэсла са сваімі рэчамі на ім, перавешанымі з акна, побач з ложкам. Курыць ён пачаў нядаўна, хутчэй дзеля таго, каб выглядаць дарослым, чым дзеля задавальнення, да таго ж на курсе рэдкі курсант не курыў і Беркут не хацеў, каб яны лічылі яго белай варонай. Зразумела, бацька б не ўхваліў з’яўленне ў сына шкоднай звычкі, хоць сам смаліў цыгаркі адну за адной, ды не абы з чаго, з самасаду. Ён па-ранейшаму старшынстваваў у калгасе і вельмі неахвотна адпусціў адзінага наследніка вучыцца за свет. Не адразу, але зразумеў Беркутава трызненне морам. Напэўна, і дзед паўплываў таксама. Таму пасля заканчэння хлопцам восьмага класа неяк раз выклікаў да сябе ў кантору, афіцыйна і як не роднага, паведаміў, што праз раён і праз вобласць калгас дамовіўся з Вышэйшай ваенна-марской вучэльняй у Кранштаце аб залічэнні яго на першы курс без іспытаў, па адных адзнаках у школьным пасведчанні аб паспяховасці. Хутчэй за ўсё бацька злукавіў пра пасведчанне, бо сын яго не надта мог пахваліцца паспяховасцю ў вучобе, хоць асабліва і не адставаў ад выдатнікаў, дый паводзінамі ўзорнымі не вылучаўся. Беркут рос даволі хуліганістым, магчыма, у знак пратэста бацьку, якога паўсюль прыводзілі ў прыклад як адданага партыйца і кіраўніка, чый непахісны аўтарытэт ціснуў і гнуў да зямлі не аднаго Беркута. Менавіта аўтарытэтам ён і дамогся сынавага залічэння без іспытаў у тую самую вучэльню, куды юнак і прагнуў патрапіць. У любым выпадку Беркут паступаў бы ў Кранштат. Бацька яго апярэдзіў і прыемна здзівіў. Адзінае, што не спадабалася Беркуту, – гэта афіцыёз, але ён разумеў, што інакш бацька не мог. Бацька нават паехаў разам з сынам у той Кранштат, каб і сябе паказаць, і малога ўладкаваць як след, чаго Беркут, шчыра кажучы, не чакаў. Не чакаў пабачыць старога інакшым, чалавечным, добразычлівым, нават сентыментальным і расчуленым. Зазвычай бацька быў зусім не такім: суворым, напятым, як струна, нервовым і раздражнёным, гучным і бескампрамісным у аднойчы прынятым рашэнні. На чужой тэрыторыі, у незнаёмай мясцовасці не, ён не выглядаў разгубленым ці дэзарыентаваным, хутчэй клапатлівым, засяроджаным выключна на добраўладкаванні сына. З рэктарам і выкладчыкамі размаўляў зацікаўлена і паважаліва, тыя таксама ставіліся да яго з вялікай павагай. Аднак Кранштат яму не спадабаўся. Яму ўвогуле не падабалася марское паветра і ўсё, што было павязана з вадой. З першай хвіліны свайго жыцця да апошняга ўздыха бацька заставаўся казаком, няхай чырвоным, але казаком, чыёй стыхіяй з’яўляліся стэпавыя, палявыя і лясныя абшары. Беркут не ведаў (праз некаторы час яму прагаворыцца дзед), што бацька марыў жыць зусім іншым жыццём і ў зусім іншых часах, не ў тых, у якія выпала доляй. У снах ён бачыў сябе паплечнікам Багдана Хмяльніцкага, а то і самім Захарам Беркутам, чыім прамым нашчадкам з’яўляўся не па чутках і неаднаразова падкрэсліваў гэта ў нешматлікіх размовах з сынам. На жаль, сны свае ён ненавідзеў, бо тыя заставаліся ўсяго снамі, і распавядаў пра іх дзеду з лютай злосцю, аднак той бачыў, што непахісны старшыня без роздумаў і ваганняў памяняўся б месцамі з любым, калі б узнікла такая магчымасць, абы апынуцца хоць на гадзінку поруч з Хмяльніцкім на яве, а не ў хворым трызненні, як называў свае сны.

Бацька з’ехаў дамоў толькі тады, калі ўпэўніўся ў добраўладкаванні сына, якога нязвычная ўвага старога не бадзёрыла, а наадварот, напружвала. Ён не ведаў, як сябе паводзіць, як рэагаваць на тое запозненае цяпло з боку бацькі, схаванае да гэтага глыбока ў душы ці свядомасці і прарваўшае, быццам гной з раны, непатрэбнай і недарэчнай з’явай, а таму з палёгкай выдыхнуў, як толькі бацькава апекаванне засталося ў мінулым. Беркут застаўся адзін у чужым і незнаёмым горадзе, ды вось дзіва, не адчуваў сябе адзінокім, а ў вучобу, у тутэйшае жыццё закахаўся, бы ў жаданую і доўгачаканую жанчыну.

Заняткі ў вучэльні пачыналіся а восьмай раніцы, і да пятнаццатай гадзіны штодзень чыталася шэсць лекцый, пасля шостай вечара пачыналася праца ў майстэрнях і лабараторыях. Нягледзячы на тое, што вучэльня была закрытай навучальнай установай, а прысутнасць курсантаў на кожнай лекцыі была абавязковай, навучэнцам дазвалялася адлучацца з вучэльні да адзінаццатай гадзіны вечара. Па суботах яны мелі права выязджаць у Ленінград і заставацца там да адзінаццатай гадзіны вечара нядзелі.

Цесная сувязь з жыццём флота, порта і заводаў аказвалі на курсантаў не абы які ўплыў. Флот выхоўваў маладыя кадры для сябе. Курсанты ў порце мелі доступ на ўсе караблі, якія стаялі на рэйдзе, вывучалі іх унутранае размяшчэнне і абсталяванне, атрымлівалі апошнія звесткі ад асабістага складу. Жывая і непасрэдная сувязь з паўсядзённым жыццём флоту залучала як караблебудаўнікоў, так і механікаў з самага першага курса навучання ў кола жыцця флоту і прымушала пранікацца яго актуальнымі задачамі.

Улетку, пасля пераходных экзаменаў, курсанты выязджалі ў Ленінград на трохмесячную вытворчую практыку і размяркоўваліся па адміралцейскіх заводах, каб вывучыць пабудову драўляных кілевых шлюпак у шлюпачнай майстэрні, а затым азнаёміцца з размяшчэннем і абсталяваннем цэхоў па халоднай і гарачай апрацоўцы ліставай і профільнай сталі, якая ідзе на пабудову карабельных карпусоў. Далей у праграму ўваходзіла вывучэнне плазавых работ і зборкі корпуса на стапелі. Да канца практыкі патрабавалася прадставіць падрабязную пісьмовую справаздачу, праілюстраваную копіямі чарцяжоў, эскізамі ад рукі, малюнкамі і фотаздымкамі. Дзеля збору звестак, копій чарцяжоў і тэхнічных дадзеных курсанты маглі звяртацца да інжынераў у канторах будаўнікоў, да канструктараў у чарцёжных і да майстроў на будоўлях, а таксама да кожнага рабочага ля станкоў і кожнага зборшчыка на стапелях. Па заканчэнні летняй практыкі адбываўся праверачны іспыт камісіяй інжынераў Ленінградскага порта, пасля чаго курсантам дазваляўся месячны адпачынак. І так па коле, каб будучыя марскія капітаны ведалі свае судны не горш за анатомію чалавека, бо менавіта на іх плечы клалася адказнасць за жыццё каманды судна і за само судна.

У 1936 годзе былыя палітычныя курсы, прэабразаваныя ў Ваенна-палітычную школу загадам РВС за №235 на базе вучэльні, набылі статус Ваенна-палітычнай вучэльні флота, куды трапіў і Беркут. Гэта была не зусім вучэльня ў вучэльні, а хутчэй спецыялізаваны факультэт для асабліва адораных курсантаў, якія праявілі сябе не столькі ў спецыялізаваных навуках, колькі ва ўласных фізічных дасягненнях і праяўленні лідарскіх якасцяў у характары, мэтанакіраванасці, неадступнасці, волі. Кандыдатура Беркута, адзінага з усіх прэтэндэнтаў сярод курсантаў на сакрэтны факультэт, разглядалася без яго ведама. Так, ён трапіў туды выпадкова і невыпадкова адначасова. За ім назіралі і мелі на ўвазе амаль з першага дня залічэння на вучобу. Здольнасці юнака ўражвалі як непасрэдна кіраўніцтва вучэльні, так і прадстаўнікоў палітшколы, на базе якой у сапраўднасці рыхтавалі прафесійных разведчыкаў, не сухапутных, а марскіх, якія пры патрэбе маглі б узначалісь штурмавыя дэсантныя групы, мабільныя, бясшумныя, з высокім паказальнікам вынікаў пастаўленых задач. Беркут схопліваў на ляту веды, якімі дзяліліся выкладчыкі, і ўжо на трэцім курсе разбіраўся ў механіцы айчынных і замежных караблёў лепей за дыпламаваных інжынераў, што не было дзіўным, бо рыхтаваўся стаць капітанам, які мусіў ведаць вантробы будзь якога судна, асабліва таго, на якім давядзецца служыць, як свае пяць пальцаў; арыентаваўся ў тапаграфіі і марскіх мапах так, быццам сам іх маляваў, зноў жа выключна з-за імкнення быць сапраўдным капітанам не без, зразумела, рамантачна-ўзнёслага ўплыву кніг пра марскія прыгоды, якія глытаў з зайздроснай апантанасцю, гэтаксама, зрэшты, як і сур’ёзныя навуковыя працы аб ваеннай марской справе; ды галоўнае – меў байцовы характар, але не бяздумны і шалёны ў сваёй бяздумнасці, а стрыманы і матэматычна вытрыманы, характар стратэга, прычым стратэга бясстрашнага. Беркут быў бы прыўкрасным капітанам, гонарам і годнасцю флота, з лёгкасцю даслужыўся б да адмірала, калі б не яго дзівосныя перамогі на занятках па рукапашнай барацьбе і самаабароне. Ён быў патрэбны новастворанаму факультэту як ніхто іншы, тым больш што ў паветры пачынала пахнуць блізкай вайной, няхай яе магчымасць і адмаўлялася ў Крамлі, а тыя ваеначальнікі, якія сумняваліся ў словах Сталіна, знікалі бясследна. Тым часам і ў НКУС таксама зацікавіліся маладым дараваннем, бо факультэт, як высветлілася пазней, курыраваў ён. Некалькі разоў запар Беркуту намякалі ў кабінеце рэктара, куды адмыслова выклікалі, праўда, няўдала, што яму след бы перавесціся з факультэта, на якім ён вучыўся, у вучэльню больш вартую яго талентаў. Не загадвалі, што дзіўна, бо хлопец, звычайна б, выканаў загад. Але без загаду яго не цікавілі сумніўныя прапановы. Ён меў мару, і да гэтай мары мэтанакіравана ішоў. І тады вярбоўшчыкі схітравалі, каб Беркут нікуды не падзеўся ад абранага імі для яго лёсу. Навошта былі тыя складанасці ды разыграная цэлая п’еса, Беркут так ніколі і не зразумеў, напэўна, здагадваўся, але не хацеў верыць сваім здагадкам.

Беркут. Кніга першая

Подняться наверх