Читать книгу Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925) - - Страница 3
Кніга першая. Прыватнае жыццё
ОглавлениеДоўга я пражыў на гэтым свеце, нашмат даўжэй, чым абяцаў аўтар псалмоў простым смяротным. І, дзякуючы абставінам, пра якія чытач далей даведаецца, маё жыццё з ранняга дзяцінства і да нядаўняга часу развівалася ў розных краінах, я меў розныя заняткі і вёў справы з самымі рознымі сацыяльнымі класамі – ад ніжэйшых да вышэйшых, гэта рабіла мяне сведкам ці нават дадатковым чыннікам розных цікавых падзей і гістарычных дэталяў, не заўсёды вядомых даследчыкам. Бо, паўтаруся, перыяд маіх цалкам ясных успамінаў ахоплівае цэлых семдзесят гадоў, і пачаліся яны на маёй радзіме, яшчэ ў па-сапраўднаму феадальныя часы і дайшлі да часоў, калі на трэцяй частцы нашага кантынента ўсё жыццё еўрапейскіх народаў развіваецца пад уладай камунізму, яго пагрозай і пастаянным страхам перад ім. Таму матэрыял для назіранняў і ўспамінаў я маю даволі багаты.
Ужо перад сусветнай вайной (тут і далей, Першай сусветнай – Л. Л.) многія мае сябры пачалі падахвочваць мяне пачаць пісаць дзённік. Я іх не слухаў, бо я чалавек дзейны і працавіты нават і ў глыбокай старасці. Таму я не меў схільнасці паглыбляцца ў сваё мінулае, бо пакуль, каб запоўніць сваё жыццё, свой час і свае думкі, мне дастаткова сучаснасці. І калі, амаль раптоўна, у 1920 годзе надышоў перыяд поўнай бяздзейнасці і жыццёвага вакууму, узнік сімптом, якога я не пажадаў бы ніводнаму разумова гнуткаму чытачу, – старэчая лянота і абыякавасць. Іх магла пераадолець толькі нейкая «іскра».
Затрашчала гэтая «іскра» восенню 1925 года ў таварыстве паляўнічых. Паміж двума калегамі адбылася размова пра 1918 год. Адзін з гэтых паноў перажыў той час па гэты, а другі – па той бок «кітайскай сцяны», створанай фронтам. […] Калі я атрымаў параду пісаць ад адукаванага, начытанага пана і выключна кампетэнтнага дарадцы, дык падумаў, а што яшчэ я магу зрабіць карыснага, і ўзяўся за працу. На самым пачатку ўзнікла некалькі пытанняў. Па-першае, на якой мове мне пісаць? Я шмат пісаў і публічна гаварыў па-польску, па-руску і па-французску. Але галоўнай скрыпкай для мяне заўсёды была французская, віяланчэллю – польская, кантрабасам – руская мова. Для мяне было б забавай пісаць па-французску, але па-польску гэта стала сапраўднай працай. Тым не менш, я спыніўся на польскай мове, бо кожнага пісьменніка найперш цікавяць чытачы. Сярод замежнікаў іх не знойдзеш, і ў нас змяншаецца колькасць асоб, якія ахвотна і свабодна чытаюць па-французску.
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі, каля 1910 г.
Таму многія прыдзірлівыя чытачы напэўна сустрэнуць словы ці фразы, якія пахнуць галізмамі. Прашу яго прыслухацца да парады сапраўднага «музыканта» польскай мовы, пана Часлава Янкоўскага, які ў некалькіх артыкулах, прысвечаных мне, заўсёды раіў чытачам ці слухачам звяртаць увагу не на тое, як гаворыць ці піша пан Мілеўскі, а на тое, што ён кажа ці піша.
Другое пытанне: якога тыпу гэты дзённік? Згодна з нямецкай тэрміналогіяй: «суб'ектыўны» ці «аб'ектыўны»? Я, безумоўна, аддаю перавагу другому, а не першаму тыпу. На розных мовах я чытаў шмат успамінаў і практычна ўсе яны цікавілі мяне больш, чым раманы, бо самая яркая чалавечая фантазія пра падзеі ці характары не дасягае рэчаіснасці. Які Вальтэр Скот, Гофман, Эжэн Сью, Крашэўскі маглі б прыдумаць… Распуціна? Нават самыя таленавітыя і вядомыя пісьменнікі, як Ж. Ж. Русо ў сваёй «Споведзі» […] пагружаюцца ў нястомнае назіранне за ўласным пупком і знаёмяць чытача са сваімі сардэчнымі рэфлексамі або драбнюткімі дэталямі хатняга жыцця, што ў мяне часам выклікае агіду. Нас людзей, асоб на двух нагах і нібы разумных стварэнняў, на свеце не менш за паўтара мільярды. Кожны з нас у свой час марыў пра манну нябесную, быў закаханы, меў сяброў, кожны ў жыцці меў ад іх разнастайныя сюрпрызы, падманы, прыгоды і г. д. Доўга расказваць пра ўсё гэта чытачам, як гэта робіць Мараўскі3 пра свае стасункі з чыноўнікамі кансісторыі ці віленскімі месцічамі, або як нядаўна зрабіў знакаміты заходні арыстакрат пра свае шлюбныя спрэчкі, мае такі ж сэнс, як і ваша кухонная кніга.
Аднак гэтаму не будзе супярэчыць тое, што я спачатку больш падрабязна разгледжу паходжанне самога аўтара ўспамінаў. Два погляды падштурхоўваюць мяне зрабіць так.
Па-першае, гэта дазволіць мне звярнуць увагу чытача на малавядомую гістарычную з'яву, памяць аб якой, як я зразумеў тут у Познані, хутка згасае нават у той частцы краіны, дзе яна мела месца, а менавіта размова пойдзе пра каласальнае пераразмеркаванне зямельнай уласнасці, сацыяльных, грамадскіх чыннікаў і эканамічных фактараў, якія адбыліся, галоўным чынам у Літве і Беларусі, у часе паміж пачаткам агоніі Рэчы Паспалітай, г. зн. ад Станіслава Аўгуста і па самы страшны жыццёвы крызіс, якім стаў 1863 год.
Па-другое, я маю цвёрды намер пісаць праўду, калі буду апісваць гісторыю, людзей і падзеі, падабаецца гэта камусьці ці не. Аднак загадзя ведаю, што цалкам гэты намер я не выканаю. Чаму? Таму што ў меркаваннях чалавека няма абсалютнай праўды. Гэта зразумела нават, калі не прымаць тэорыі адной філасофскай школы, якая адмаўляе існаванне любой рэальнасці, бо яна нібыта ёсць толькі ўяўленне, створанае нашымі пачуццямі. Гэта бачна з пастаянных, штодзённых разыходжаннях у аднолькава шчырых, добрасумленных і перакананых паказаннях сведкаў падчас судоў. Гэта дастаткова даказвае, што заявы і перакананні залежаць перш за ўсё ад схільнасці і пункту гледжання чалавека. Тут самы галоўны і непераможны ўплыў аказваюць паходжанне, спадчынныя традыцыі і звычкі, а таксама дзіцячыя ўражанні і выхаванне кожнага чалавека. Для хранікёра, які шчыра думае, што ён толькі фатаграфуе жыццё, усё гэта з'яўляецца тым, чым для сапраўднага фатографа будзе вышыня, святло ці бок, на якія ён паставіў сваю камеру. Таму, кожная фатаграфія выглядае па-рознаму.
Няхай чытач, гледзячы на апісанне падзей праз свае акуляры, якімі стала для яго жыццё, ведае, з якога паверха (з першага ці з верхняга) і праз якія акуляры глядзеў на іх мемуарыст. Маючы жаданне наблізіцца да ісціны, ён можа вылічыць нешта прапарцыйна-сярэдняе.
Што ж да раздзелаў гэтай працы, дык іх мне падказала сама хада майго жыцця. У першай яе частцы, самай працяглай, бо яна дасягае 50-гадовага ўзросту, я быў толькі простым мінаком, які сачыў за гістарычнымі падзеямі і не ўдзельнічаў у іх асабіста. Мае ўспаміны пра гэты перыяд (1848—1898) могуць мець вартасць толькі як альбом малюнкаў і партрэтаў, як, напрыклад, цікавыя і пазнавальныя дзённікі канца XVIII ст. Другі перыяд пачаўся ў 1898 годзе падчас кароткай паўзы, калі імператар Мікалай ІІ выпаўз з-пад спадніцы сваёй маці, але яшчэ не трапіў пад спадніцу жонкі і калі нейкія промні святла і паветра ўвайшлі ў падзямелле, у якім 30 гадоў задыхалася наша грамадства. Гэта быў час, калі мне было наканавана разгортваць грамадска-палітычную дзейнасць. Апошні перыяд 1914—1921 гадоў пачаўся, калі пад уплывам майго бацькі, пагаршэння здароўя і некаторага расчаравання я збіраўся паставіць крыж на сваёй дзейнасці і, кіруючыся парадай Мантэня, вырашыў апрануцца ў халат старасці. Але грамадская жылка яшчэ падштурхнула мяне далучыцца да шматлікага тады рою мух, якія пхалі польскі рыдван. Хаця я мала што рабіў, але бачыў многае спачатку з аднаго, а потым з другога боку […] і не аднойчы пераканаўся, што многія суайчыннікі, якія не пакідалі сваёй радзімы ад пачатку і да канца драмы, і сёння вельмі слаба ўсведамляюць, асабліва, пачынаючы з сярэдзіны 1915 г., тое, што рабілася па-за межамі нямецкага жалезнага кальца. Паколькі гэты гістарычны перыяд, несумненна, будзе прадметам шматлікіх даследаванняў, як дагэтуль перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі, мая праца можа служыць дадатковай крыніцай інфармацыі. […] Такім чынам, пасля анансаванага вышэй кароткага гістарычнага пралогу мы будзем мець успаміны пра:
1) прыватнае жыццё 1848—1898 гг.;
2) грамадска-палітычнае жыццё 1898—1914 гг.;
3) катаклізм 1914—1921 гг.
[…]
Познань, май 1926 г.
3
Верагодна маецца на ўвазе: Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1924. – Л. Л.