Читать книгу Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925) - - Страница 4
Кніга першая. Прыватнае жыццё
Раздзел I. Старажытная гісторыя, паходжанне аўтара
ОглавлениеНарадзіўся я 6 жніўня (26 ліпеня) 1848 г. у Друскеніках, курортным мястэчку каля Гародні, ад бацькі Аскара Корвін-Мілеўскага гербу Слепаўрон і маці Веранікі Ланеўскай-Воўк герба Дзве трубы4.
Мінулае абодвух маіх ліній, бацькоўскай і матчынай, цесна звязана са згаданым вышэй эканамічным і сацыяльным пераваротам (пераразмеркаваннем), які адбываўся сярод шляхты ў Літве і Беларусі (а таксама на Падоллі і ў Украіне) паміж сярэдзінай XVIII і сярэдзінай XIX ст. У сярэдзіне XVIII ст. гэты вялікі край, роўны па плошчы ўсёй сучаснай Польшчы, у сярэдзіне XIX ст. належаў (разам з плошчамі, занятымі прыгоннымі сялянамі) у прапорцыі большай чым 2/3, шляхце – польскай або спаланізаванай. Тады, як у часы першага падзелу шляхта мела менш за 1/3. Ільвінай доляй гэтай зямлі раней валодала некалькі вялікапанскіх сем'яў – Радзівілы, Пацы, Сапегі, Хадкевічі, Пацеі, з якіх адзін Караль Радзівіл Пане Каханку меў каля 12 мільёнаў гектараў. Потым ішлі шматлікія і вялікія каралеўскія і дзяржаўныя маёнткі – староствы, польскай артылерыі і г. д., і, нарэшце, у канцы – маёмасць касцёлаў і кляштароў.
Усё гэта памянялася ў XIX стагоддзі. З вялізнай фартуны (маёмасці – Л. Л.) Караля Радзівіла Пане Каханку, у руках унучкі яго брата княгіні Вітгенштэйн, дачкі князя Дамініка, каля 1840 г. заставаўся толькі мільён сто тысяч гектараў. Гэта фартуна пацярпела ўжо падчас першага падзелу 1772 г. праз канфіскацыі маёнткаў у Магілёўскай і Віцебскай землях, зменшылася яна дзякуючы так званым эксдывізіям5, якія праводзіліся згодна са Статутам ВКЛ і вялі да ліквідацыі буйной нерухомай маёмасці. Апошні Сапега з літоўскай лініі, эмігрант 1831 г. князь Яўстах, бацька знакамітай пані Марыі Браніцкай з Белай Царквы і дзед міністра замежных спраў у 1921 г., як і апошні з Пацаў, пацярпеў ад канфіскацыі сваіх вялікіх маёнткаў (хоць паменшаных ўжо ў XVIII ст.) у Гарадзенскай зямлі. Род Пацеяў згас перад апошнім падзелам, род Хадкевічаў яшчэ добра трымаўся на Валыні да Сусветнай вайны, але іх вялізныя маёнткі на Віленшчыне ў ХІХ стагоддзі пайшлі пад эксдывізію. Шматлікія езуіцкія маёнткі пасля роспуску ордэна ў 1773 г. былі раздадзены Рэччу Паспалітай «заслужаным у краіне людзям» на правах поўнага дзедзіцтва з вельмі памяркоўнай штогадовай аплатай, грошы гэтыя ішлі на асвету. Шматлікія староствы і каралеўшчыны пры кожным падзеле Рэчы Паспалітай сваім фаварытам раздавала царыца Кацярына ІІ, і ўсе яны, за выключэннем аднаго Платона Зубава, хутка распрадавалі сваю маёмасць мясцовым панам.
Такім чынам менш, чым за стагоддзе, больш за дзесяць мільёнаў гектараў зямлі змянілі гаспадароў і амаль што выключна на карысць аднаго з трох тагачасных слаёў шляхты, а менавіта сярэдняга слоя. Гэта мела вялікае значэнне не толькі ў эканамічным і сацыяльным, але і ў культурным і нацыянальным планах. Паўсталі шматлікія двары, населеныя сем'ямі, якія маглі даць сваім дзецям добрую адукацыю, гэтыя двары сталі цэнтрам польскасці, але пры гэтым падтрымлівалі беларускую ці летувіскую мовы. Таму пасля знікненнем дзяржаўнасці, за сто гадоў агоніі (1762—1862), нацыянальная справа прасунулася наперад больш, чым за ўсе папярэднія амаль што чатыры стагоддзі – ад Уладзіслава Ягайлы да Станіслава Аўгуста.
Тры слаі шляхты, пра якія я толькі што згадаў, за выключэннем цяпер ужо вымерлых магнатаў, складаліся з:
1) Верхняга слоя. Гэта не вельмі шматлікія сем'і (100, максімум 200), якія часам былі звязаны сямейнымі сувязямі з адным з магнацкіх родаў, раней займалі нейкія сенатарскія пасады і зваліся «кармазынамі»6. Яны мелі значныя але не празмерныя сродкі і ўтрымлівалі толькі абмежаваную шляхетную кліентуру. Пры тым, што, напрыклад, Караль Радзівіл трымаў сапраўднае войска, якое ў асноўным складалася са шляхты.
Вось гэты слой, пішу папамяці і таму падаю далёка не поўны спіс родаў, ідучы пры гэтым, з усходу на захад:
– у Магілёўскай зямлі, роды Цеханавецкіх, Солтанаў, Галынскіх, Свяцкіх;
– у Віцебскай і на Інфлянтах, роды Борхаў, Шадурскіх, Бяніслаўскіх, Лапацінскіх, Ліпскіх (галіна вялікапольскага роду), галіна роду Плятэраў і роду Грабніцкіх, на самым усходзе (да першага падзелу) Ланеўскіх-Ваўкоў;
– на Меншчыне, роды Несялоўскіх, Рэйтанаў, Вайніловічаў, Ваньковічаў, Абуховічаў, Войнаў, Прушынскіх, Прозараў, Цюндзявіцкіх, Лагойскіх Тышкевічаў, Незабытоўскіх;
– на Віленшыне, роды Тызенгаўзаў, Жабаў, Юдыцкіх (усе тры згаслі), Мірскіх, Сулістроўскіх, Яленскіх, Прускіх (згаслі), Хамінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Гячэвічаў;
– на Гарадзеншчыне, роды Скірмунтаў, Старжэнскіх, Нямцэвічаў, Сегяняў, Улодкаў, Пуслоўскіх і інш.;
на Ковеншчыне – роды Гурскіх (з іх выйшлі сем жмудскіх цівуноў), Карпаў, Чапскіх (адзін з іх, паморскі, ажаніўся са зводнай сястрой «пана Каханку»), Агінскіх, Пузынаў, Белазораў, Касакоўскіх, Ваўжэцкіх, Гружэўскіх, Плятэраў, Забелаў, Белазораў, Завішаў і інш., і інш.
Гэтаму слою «паноў», згаданая грунтоўная эканамічная эвалюцыя, прынесла мала карысці. Яны і так мелі для сваіх патрэб ажно зашмат зямлі, але, каб скарыстацца магчымасцямі, не мелі капіталу і характарызаваліся адсутнасцю ініцыятывы і прадпрымальнасці – недахопам, тыповым для ўсіх сацыяльных класаў, якія даўно прывыклі да свайго росквіту. З гэтага патрыцыяту, наколькі я ведаю, выйгралі толькі легендарны палкоўнік (войска Радзівілаў) Міхал Тышкевіч, Ігнацы Плятэр у Літве, сенатар Галынскі ў Беларусі, Ксаверый Пуслоўскі, Умястоўскі7 і, нарэшце, мой прадзед Ланеўскі-Воўк – яны скарысталіся ад гэтай багатай «маёнткавай манны» і дасягнулі па-сапраўднаму вялікага багацця.
2) Яшчэ менш магла скарыстацца з сітуацыі трэцяя катэгорыя шляхты, так званая шарачковая, засцянковая ці загродавая шляхта – яшчэ вельмі шматлікая на пачатку ХІХ стагоддзя. Дзякуючы патрабаванням расійскай геральдыкі яна паступова занепадала, пакуль амаль не злілася з сялянскім класам. Гэтыя небаракі «не мелі з чаго пачаць».
3) З гэтай сітуацыі амаль выключна скарысталася толькі сярэдняя шляхта, якая валодала ад некалькіх дзясяткаў і да якіх ста – паўтараста сялянскіх сем'яў (г. зн. дымоў). Мільёны магнацкіх гектараў перайшлі ў рукі гэтай шляхты без усялякіх грашовых выдаткаў – як да крэдытораў і арандатараў. А крыху большыя маёнткі старостваў, маёнткі кляштароў і г. д., з-за недахопу капіталаў і адсутнасці канкурэнцыі, былі выкуплены імі за бясцэнак, бо прапанова значна перавышала попыт. Лад жыцця тагачаснай шляхты да сялянскай рэформы і паўстання 1863 г. і яе менталітэт у любым выпадку выключалі прыцягненне капіталу, дарэчы капітал можна было захоўваць ці толькі ў выглядзе тэрміновай пазыкі іншаму абшарніку, які меў патрэбу ў грошах і таму не выклікаў вялікага даверу, ці ў дукатах і срэбры, якія ляжалі ў мяшках і акутых скрынях.
У той час усё яшчэ пераважаў распаўсюджаны стыль часоў Сасаў (саксонскіх каралёў)8 – есці, піць і расслабляцца. Сярэднестатыстычны землеўладальнік сярэдняга калібру не жыў лепш, чым дазваляў яму маёнтак, але жыў лепш чым дазваляў яму яго даход, бо амаль не бачыў яго. Розум чалавека мае межы, але глупства бязмежнае. Знеахвочаныя нядобрасумленным «эканомам» ці «цівуном» сяляне прыносілі малы прыбытак, і яго значную частку «з'ядала» абшарніцкая гасціннасць. Да таго ж, падчас кантрактаў на «Юр'я» ці на «Юзафа» трэба было купіць запас тканін для пані і паненак, сухафруктаў і арэхаў для кладоўкі і хатняга венгерскага віна ў піўніцу – каб зрабіць гэта, трэба было ісці да Іцкі, а потым прасіць адтэрміноўку даўгоў у іншага шляхціца-скапідома. І ў выніку, яго вялікасць аддае Богу душу і пакідае сям'ю ў бядзе, але ён будзе акружаны павагай і шкадаваннем братоў-шляхты: «Шляхетны чалавек, сапраўдны шляхціц, што тут скажаш!»
Побач з ім, у значна меншай колькасці, меліся абшарнікі з памяркоўным ва ўсіх адносінах характарам. У цвярозым стане яны не сядзелі тыднямі і месяцамі ў суседзяў і сваякоў і таму маглі даглядаць сваю гаспадарку. Яны мелі дастатковы даход каб жыць камфортна, адпраўляць сыноў у школы, забяспечваць дачок дастатковым пасагам, яны маглі эканоміць грошы і карысталіся магчымасцю купіць больш вялікі маёнтак. Паміралі без даўгоў, але пакідалі толькі некалькі сотняў дукатаў на сваё прыгожае пахаванне. У пахавальнай прамове над імі, казалі: «Чалавек прыстойны, але лічыў грошы». А гэта ўжо было не вельмі добра.
І зусім рэдкім быў тып гаспадара (якіх у Францыі 9/10 сярод сярэдніх землеўладальнікаў), тып, які метадычна наглядаў за сваім маёнткам, планаваў свае выдаткі ў адпаведнасці са сваімі рэальнымі даходамі і штогод адкладваў частку гэтага даходу на «чорную гадзіну». У скарбец такога шляхціца дукаты лезлі, як мухі ў смятану.
Па-праўдзе, ураджаі з гектара былі мізэрныя, але засяваліся вялізныя плошчы, што прыносіла прыбытак. Калі я ў 1877 г. атрымаў Лаздуны, дык знайшоў гаспадарчыя запісы 1856—1861 гг. Той самы маёнтак, у якім праз 50 гадоў пры высокаінтэнсіўнай гаспадарцы, выдаткі складалі 80% ад агульнага даходу, раней прыносіў толькі 4%. Расходы былі – сціплыя заробкі эканомаў, крыху жалеза і алею для млына. Натуральна, што ледзь не палову чыстага даходу яшчэ ў 1862 г. прыносіла дармовая праца прыгонных.
Шляхціц гэтай 3-й катэгорыі, які не паіў сваiх братоў-шляхту і заўсёды меў вольныя грошы, па літаратурнаму называўся «скнарай», а па-суседску – «свіннёй».
З тагачасных першакласных гаспадароў вялікую фартуну (маёмасць) меў толькі палкоўнік Тышкевіч. Іншыя ж, калі і не займаліся бязладным п'янствам са шляхтай, дык толькі таму, што ім была агіднай пошласць і гучная пампезнасць п'янак. Ксаверый Пуслоўскі рос у багацці і элегантнасці, першы ардынат9 Ян Тышкевіч, філантроп англійскага кшталту, шчодра адбудаваў свае Біржы і ператварыў там свае 1200 сялянскіх хат у англійскія фермы. Мой дзед Воўк трымаў 60 цугавых коней, уласны аркестр і дрэсіраваных мядзведзяў са Смаргонскай акадэміі, пазычаў дзесяткі тысяч рублёў пад мізэрны працэнт або раздаваў суседзям, якія яму ліслівілі і г. д. Але ўсяроўна, жаданне валодаць капіталам было «свінствам»: «Не па-рыцарску гэта, мой пане».
1863 г. і яго горкія наступствы неадкладна змянілі гэты менталітэт. Ужо каля 1880 г. добрае гаспадаранне і захаванне акцый ці застаўных лістоў Віленскага банка лічылася грамадзянскай цнотай. А паколькі «свіння», якая набыла маёнтак, не мела канкурэнтаў, то праз 5 гадоў нованабытая маёмасць акуплялася і куплялася новая і г. д.
Такім чынам на месцы вялізных магнацкіх абшараў і каралеўскіх дзяржаўных ці касцельных уладанняў, утварыўся новы патрыцыят, які геральдычна быў ранейшым, за выключэннем некалькіх сапраўдных выскачак, часткова яўрэяў, часткова сялян. Вельмi хутка, асаблiва дзякуючы шлюбам i аднолькаваму ладу жыцця, гэты слой зблізіўся з ранейшым, хоць пільнае вока дазволіла заўважыць у першых у параўнанні з другімі маленькія «мушкі ў носе», аднак пад канец ХІХ стагоддзя гэтую дэмаркацыйную лінію ўжо нялёгка было заўважыць. Яна бясследна знікне, калі абодва слаі пачнуць чысціць свае боты.
У такім асяроддзі як па бацькоўскай, гэтак і па матчынай лініі я нарадзіўся і вырас10.
Мяне мала цікавіць генеалогія, і я не буду, як нейкі інфляндзец11, весці генеалогію ад Адама, а задаволюся аповедамі бацькоў і хатнімі дзённікамі.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Слуцкім павеце жыў пан Дамінік Корвін-Мілеўскі гербу Сляпаўрон. […] Меў ён нядрэнны маёнтак і быў жанаты з Войнянкай12 якая паходзіла са знатнай на Наваградчыне сям'і. Але ён дазволіў заблытаць сябе нейкаму аферысту, за якога паручыўся, пасля чаго памёр ад згрызотаў, удава не дала сабе рады, і маёнтак заняпаў. Тады яна пасялілася ў Слуцку, і там маім дзедам Гіпалітам, які быў яшчэ падлеткам, апекаваўся вельмі заможны сваяк Юдыцкі (гэты род згас). Ён даў дзеду добрае выхаванне і пасля апошняга падзелу накіраваў на дзяржаўную службу, якая тады грунтавалася на выбары шляхты. Пасля буры 1812 г., як Ашмянскі суддзя, Гіпаліт набыў пад Смаргонямі па-езуіцкі маёнтак Цыцін з васьмідзесяці хат, глеба тут была вельмі добрай для пшаніцы. Маёнтак ушчэнт спалілі і зруйнавалі французы і казакі, і Гіпаліт набыў яго ў растэрміноўку з невялікай першай выплатай. Дзед заняўся аднаўленнем маёнтка, што заняло некалькі гадоў і разам са сваёй жонкай з Шваньскіх (малодшая сястра другой пані Воўкавай), заняўся памнажэннем шляхты – яны мелі сямёра дзяцей, з якіх застаўся сын і тры дачкі. Рана аўдавеўшы, дзед даў добрую адукацыю ў Віленскай гімназіі і пансіянаце француза пана Генры свайму выключна таленавітаму сыну. Дачок аддаў за роўных яму абшарнікаў і памёр, як я памятаю, у 1856 годзе. Яго паважалі і любілі, хоць ён і «лічыў грошы». Дзед, уласна кажучы, як усе шчаслівыя людзі, не меў сваёй гісторыі.
Я меў вельмі рознабаковага, амаль што легендарнага дзеда (фактычна прадзеда) па матчынай лініі – пана Самуэля Ланеўскага-Воўка.
Нарадзіўся ён у 1768 г., быў нашчадкам вельмі заможнага кальвінісцкага роду на Віцебшчыне. Яго дзед, пан Міхал, займаў пасаду перадапошняга вялікага літоўскага пісара13. Яго бацька быў удаўцом, другі раз жанатым з Гружэўскай (са жмудскіх кальвіністаў). Калі адбыўся першы падзел 1772 г. і Кацярына ІІ загадала ўсім значным землеўладальнікам прысягнуць ёй пісьмова або адмовіцца ад сваіх уладанняў, ганарлівы пан пайшоў па прыкладу Караля Радзівіла «Пане Каханку», які такім жа чынам пазбавіўся некалькіх мільёнаў дзесяцін зямлі. Ад першага шлюбу ён меў двух 20-гадовых сыноў14, якім перадаў свае беларускія маёнткі, а сам з новай сям'ёй пераехаў у Наваградскі павет, дзе меў староства і незадоўга да другога падзелу, набыў яшчэ маёнтак Сеняржыцы. Хутка, перад другім падзелам памёр, пакінуўшы пасля сябе старэйшую дачку, баранесу Остэн-Сакен і 16-гадовага сына Самуэля. Яго яшчэ маладая ўдава праз 10 месяцаў выйшла замуж за… гувернёра свайго сына. Пакрыўджаны гэтым мезальянсам, фанабэрысты паніч падаў на інтрыгана скаргу ў суд, абвінаваціўшы яго ў атручванні бацькі, але пазбавіўся падтрымкі апекуноў і збег з дому.
Неўзабаве пасля гэтага яго сваяк, пан маршалак Шукевіч – вялікая рыба ў Лідскім павеце, знаходзячыся ў Кёнігсбергу, зайшоў у цырк і пазнаў свайго маладога сваяка на арэне вярхом на кані – ён весела размахваў бізуном. Шукевіч зацягнуў яго ў сваю кватэру, добра «намыліў» яму галаву, апрануў, як трэба, і залічыў падхарунжым у войска Фрыдрыха Вялікага, які яшчэ знаходзіўся на піку славы. Калі Чатырохгадовы Сойм загадаў усім афіцэрам замежнай службы вярнуцца і далучыцца да нацыянальнай арміі, пан Самуэль так і зрабіў. Прыехаўшы ў госці да свайго дабрадзея Шукевіча, ён закахаўся ў яго выключна прыгожую (і дурную) дачку, маю прабабулю – раз-два – ажаніўся і толькі тады задумаўся, дзе знайсці сваё гняздо? У суседнім Ашмянскім павеце прадаваўся маёнтак Якуні – частка былога Трабскага староства, больш за 4 тысячы дзесяцін. З дапамогай цесця купіў яго, пасадзіў туды жонку і бадзяўся паміж Якунямі і Вільняй, дзе раіўся з гетманам Касакоўскім15. Калі падчас паўстання Касцюшкі паўстала і насельніцтва Вільні, пан Самуэль быў у начной варце гетмана на рагу вуліцы Дамініканскай і Шварцавага завулка, каля дома, які пазней стаў домам Даўкшы. Ён даведаўся, што прыехала жонка і, каб убачыць сваю юную прыгажуню, памяняўся чаргой. Тым часам прыйшлі паўстанцы і патрабавалі аддаць ім гетмана-здрадніка. Афіцэр, які не захацеў іх прапусціць, быў забіты на месцы16.
Войска распусцілі, прадзед вярнуўся ў вёску і напладзіў тут дзяцей і куль грошай. Пасля апошняга падзелу, Кацярына ІІ аддала сенатару Мардвінаву Дудскае староства, большую частку якога складала маёмасць Лугамовічы. Мардвінаў хутка прадаў маёмасць заможнаму абшарніку Гарадзенскай зямлі Корсаку (уладальніку маёнтка Жукаўшчына), сын якога пазней ажаніўся з унучкай пана Самуэля, маёй роднай цёткай. Ён хутка зразумеў, што не дасць сабе рады з аддаленым лясным маёнткам, і прадаў яго з добрым прыбыткам, хоць і вельмі танна, пану Ваўку. Воўк адразу пачаў высякаць амаль безвартасцевыя на той час лясы і заснаваў на іх месцы новыя фальваркі і вёскі, пабудаваў у Лугамовічах прасторны драўляны «палац» і ў 1802 г. аўдавеў пры нараджэнні трэцяй дачкі. Праз некалькі гадоў ажаніўся другі раз з суседняй паннай Ганнай Шваньскай, старэйшай сястрой маёй бабкі Мілеўскай. Яна засталася бяздзетнай17.
У 1810 г. Самуэль ужо назапасіў дастаткова грошай, каб пасля эксдывізіі купіць былы радзівілаўскі маёнтак Лаздуны. У наступным годзе ён аддаў у расейскую армію свайго адзінага 17-гадовага сына Ігнацыя. У той час, асабліва дзякуючы куратару Віленскага ўніверсітэта і навуковай акругі Адаму Чартарыйскаму, Аляксандр I карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Літве. У 1812 г., калі сын ваяваў супраць Напалеона пад Барадзіно, бацька, які застаўся ў Лугамовічах, дзякуючы сваёй знанай энергіі, тым жа Напалеонам быў прызначаны прэфектам павета і кіраваў тылам войска. У яго сядзібу прыйшлі трое вюртэмбержцаў-валацуг і пачалі шумець на кухні, дзед загадаў іх звязаць і адвесці ў бліжэйшую вайсковую каманду, пасля чаго ляпнуў за сабою дзвярыма. Тады адзін з марадзёраў паспеў стрэліць, на шчасце – праз дзверы. Але куля глыбока засела ў правую лапатку дзеда і паралізавала яму правае плячо. Праз некалькі гадоў, пад ўласнай вагой, куля выйшла, і дзеду вярнулася свабода руху. На той момант ён ужо амаль што тры гады адседзеў на выбранай пасадзе старшынём павятовага суда і да канца жыцця застаўся «панам старшынём».
У канцы 1818 г. Самуэль паслаў у Люнявіль, што ў Латарынгіі, чатырохконны воз з разумным фурманам і, вядома ж, разам з ім паслаў яшчэ і разумнага яўрэя. Ягоны сын Ігнацы служыў там у акупацыйным рускім войску і потым да канца жыцця атручваў сябе французскай літаратурай. Адразу пасля вяртання, ён ажаніўся з паннай Ляскавічоўнай з Лідскага павета і пасяліўся ў фальварку свайго бацькі Цяцерніках, дзе ён даволі хутка аўдавеў, сам памёр у 1836 г., пакінуўшы трох дачок, якіх перавялі ў Лугамовічы пад крыло бабкі-мачахі, у якой таксама меліся адна ці дзве пляменніцы, сіроты з Мілеўскіх. Самуэль вельмі цешыўся з гэтага, бо здраджваў сваёй бяздетнай жонцы і таму быў рады, што яе акружае шматлікая дзятва.
Самуэль працягваў зарабляць грошы і, нягледзячы на сваё жыццё на шырокую нагу, набліжаўся да годнасці «свінні». Страціўшы надзею пакінуць сваё прозвішча нашчадкам, ён выдаў замуж сваю малодшую дачку за заможнага жыхара Наваградскага павета, пана Адольфа Ваўка – хоць іншага герба і прыдомка (Карачэўскі) і вырашыў зрабіць спадчыннікам усіх сваіх маёнткаў іх адзінага сына Уладзіслава ў надзеі, што ён зможа перарабіць Карачэўскага ў Ланеўскага, што было няцяжка ў той час. Тры ўнучкі ягонага сына выходзілі замуж за не самых лепшых партнёраў – старэйшая Казіміра ў 1840 г., другая Вераніка (мая маці) у 1845 г. Яны атрымалі ў пасаг па 25 000 руб гатоўкай і адракліся ад спадчынных правоў18.
Майму дзеду было ўжо за восемдзесят, калі ён ледзь не вырас з «свінні» ў «бегемота». Адзін з сыноў Платона Зубава, які жыў у Маскве, уступіў у мезальянс, яго сям'я пачала круціць носам, ён стаў капрызіць і паслаў «хадатая» ў Вільню, каб хутка прадаць свае два (Кацярынінскія) вялізныя ключы Юрбаг і Таўрогі, два вялікія гандлёвыя мястэчкі на Нёмане з некалькімі дзясяткамі фальваркаў на лепшай жмудскай зямлі. Галоўныя таўстабрухі былі ўжо насычаныя, застаўся толькі адзін «пан старшыня». Яго ўгаварыла любімая дачка (яна другі раз была замужам за Мілашэўскім), якая ўжо бачыла свайго адзінага сына Уладка «шахін шахам» сярод літоўскай моладзі.
Самуэль купіў усё за паўмільёна рублёў, з якіх 400000 даў гатоўкай. Дакументы былі ўжо аформлены, грошы выплачаны, калі пра ўсё стала вядома яго суседу з-за Нёмана, самаму сардэчнаму сябру і «кіту» такога ж калібру на Уселюбскім экс-старостве (600 хат), мікалаеўскаму генерал-аншэфу, графу О'Рурку. Затаіўшы дыханне, граф махнуў у Вільню да генерал-губернатара Міркавіча і сказаў яму, што пераход у польскія рукі двух памежных мястэчкаў за трыццаць кіламетраў ад мяжы ўяўляе вялікую небяспеку для расійскай дзяржавы і, калі сам Міркавіч не звернецца да імператара Мікалая каб спыніць куплю-прадажу, дык ён, О'Рурк, паклапоціцца аб гэтым сам. Міркавіч пачаў хвалявацца за сваю пасаду і неўзабаве Мікалай скасаваў здзелку, прыняў усю маёмасць у скарб і загадаў вярнуць заплачаныя сумы Ваўку з выдаткамі і працэнтамі (у наш час, ці не глупства гэта?), Юрбарг і Таўрогі зрабіў дзяржаўнымі і аддаў маёнткі свайму фаварыту князю Васільчыкаву, унук якога (мой калега па Дзярждуме) валодаў імі яшчэ ў 1914 годзе.
Пан Самуэль неўзабаве знайшоў магчымасць «адплаціць дабром», толькі ўжо іншаму суперніку. Памёр Ксаверый Пуслоўскі, пакінуўшы чатырох сыноў, трох у краі, а чацвёртага ў эміграцыі. Яму ўдалося пазбегнуць канфіскацыі (гэта дазваляла расійскае заканадаўства для набытых маёнткаў), і ён падзяліў сваю велізарную маёмасць паміж трыма сынамі, вусна загадаўшы ім не забываць свайго брата-эмігранта, што яны добрасумленна і выканалі. У меркаваную спадчыну эмігранта, якую трэба было хутка прадаць, уваходзілі былыя маёнткі літоўскай артылерыі, якія былі падараваныя Безбародку і прададзеныя ім Пуслоўскім, а менавіта Ліпнішкі, якія набыў пан Аляксандр Вольскі з Наваградскага і Геранёны, былая рэзідэнцыя Гаштольда19, першага мужа Барбары Радзівілаўны. Гэту маёмасць жадаў купіць пан Казімір Умястоўскі, брат і спадчыннік «старасты Вывяндлінскага», пра якога Мараўскі шмат піша ў сваіх успамінах. Пуслоўскія жадалі акрамя крэдытных грошай банка (у той час дзяржаўны банк ужо выдаваў доўгатэрміновыя пазыкі па 70 рублёў за 1 сялянскую душу) 50 000 рублёў даплаты. Як толькі пан Самуэль даведаўся пра гэта, адразу паслаў па майго бацьку: «Ляці ў Вільню і купляй Геранёны». «Для дзядзькі?» «Не, я занадта стары – купі для сябе і Вэрці». «У мяне няма грошай». «Дык я дам, каб толькі Умястоўскі не панюхаў Геранёнаў».
Бацька пералічыў мяшкі з грашыма, за ноч прыехаў у Вільню і разам з маёй маці купіў Геранёны. Я тады ўжо нарадзіўся. Адразу заклалі геранёнскі палац, вельмі шчасліва выбраны маім бацькам насупраць руін замка Гаштольдаў.
Неўзабаве ўсе дынастычныя праекты пана Самуэля зруйнаваліся. Уладак Воўк служыў у гусарах, якія стаялі ў Наваградку. На нейкім афіцэрскім сходзе ён ударыў калегу, пасля чаго хутка адбылася дуэль на пісталетах, і стрэл абражанага забіў Уладка. Натуральна, прадзеду трэба было змяніць тастамант, бо інакш па расійскіх законах амаль увесь яго фундуш атрымалі б тры ўнучкі – дочкі сына. Старэйшая ўнучка, пані Дмахоўская, атрымала Якуні з вялікай даплатай, малодшая, пані Корсакава – Лаздуны з малой даплатай, мая маці – Лугамовічы з выплатай на карысць абедзвюх сясцёр і з побытам тут бабулі, пані Мілашэўскай. Сянержыцы ў Наваградкім павеце і капітал (прыкладна 400 тыс. руб.) дастаўся ўнучкам па двух старэйшых дочках – паням Чыжовай і Жабінай. Іншая маёмасць адышла як падзяка розным слугам, суседзям, на дабрачынныя мэты і г. д. Памёр дзед у 1851 г. ва ўзросце 84 гады.
Гэтаму адважнаму помніку сянкевічаўскіх часоў, Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушу» прысвяціў восем радкоў, у якіх для ўсіх чытачоў гэтага твора зрабіў сапраўдную пачвару з нябожчыка пана Самуэля20. […]
Бацька Міцкевіча не меў сялян і таму не разумеў, што Воўк, які валодаў не менш як 4000 сялян рознага полу і ўзросту, вольна ці міжвольна павінен быў кіраваць імі. Яны былі не толькі яго працоўным інвентаром, якім ён, як добры гаспадар, павінен быў добра карыстацца і клапаціцца пра яго так, як сумленны конюх корміць і чысціць сваіх коней, але і паганяе іх пугай. Яму была даверана значная частка дзяржаўнай улады над сялянамі. У адносінах да іх на ўсёй сваёй тэрыторыі Воўк адказваў за падаткі, быў паліцыяй, цывільным і крымінальным судом і, нарэшце, павінен быў па ўласным выбары забяспечваць рэкрутаў для войска.
Усё гэта патрабавала выкарыстоўваць сваю ўладу, а ўлада ў той час рэалізоўвалася толькі ў форме… лупцоўкі. Секлі ўсе і паўсюдна. Секлі па ўсёй дзяржаве. Бацькі ад нараджэння секлі сваіх дзяцей. Яны загадвалі ім прачытаць гімн да розгі і пацалаваць яе пасля пакарання. Секлі ў школах, і сам вялікі Адам, дома ці ў школе, дзесяткі ці сотні разоў даставаў у скуру. Секлі ў паліцыі, у судзе, у войску і г. д. І пан Самуэль Воўк таксама сек шмат і па-шляхецкі. Але сек ён не толькі дзеля сваёй карысці, але і на карысць селяніна, як бесстаронна прызнае Чэслаў Янкоўскі.
Селянін нядбайна заараў або схаваў у сваім кажуху жменю зерня: 10 бізуноў без дадатку, напіўся і страціў мяшок збожжа, які вёз на продаж – 20 бiзуноў без дадатку. Той жа селянін заснуў на «начлезе» і дазволіў скрасці ўласнага каня: 25 бізуноў з падараваннем дармавога каня ад маёнтка. Люлькай выпадкова спаліў сваю сядзібу: 100 бізуноў і новыя будынкі, і г. д. Для майго бацькі і асабліва для мяне з гэтага вырасла сапраўдная эканамічная катастрофа, калі былыя падданыя ў Лаздунах і Лугамовічах былі нашмат лепш забяспечаны зямлёй у параўнанні з суседнімі гмінамі і так старанна гаспадарылі, што мне ўвесь час даводзілася змагацца з нястачай рабочых рук – улетку для ўборкі ўраджаю прасіць і потым карміць да 100 жаўнераў ці адпраўляць дзесяткі фурманак, каб прывезці людзей з суседніх гмін і г. д. Не буду паўтараць лацінскае «qui bene amat, bene castigat» (лац., «хто моцна любіць, той карае» – Л. Л.), бо Воўк, напэўна, не любіў сялян, але і ў сябе, і ў таго ж селяніна, любіў парадак і працу.
Чэслаў Янкоўскі, цытуючы вершы Міцкевіча пра дзеда, цытуе таксама яшчэ адну паэму, якую ён знайшоў у пустых пакоях у Лугамовічах. Напэўна, яна і цяпер вісіць яшчэ недзе ў Лаздунах, калі яе не пашкодзілі «пераможныя шаблі» 9-й польскай дывізіі падчас гадавога побыту. Гэта аздоблены малюнкамі вінаграду і персікаў, цудоўна, каліграфічна напісаны акраверш старога сябра дзеда Самуэля – пана Адама Рымашэўскага, дзедзіча маёнтка Бабінск, мужа пані Евы з Гарабурдаў21, дзедзічкі Ятатловічаў, што мяжуюць з Лаздунамі. У паэме гэтага другога Адама, Міцкевічавы «злыдзень» прадстаўляецца ягнём божым, беззаганным голубам, супернікам калі не арханёла Гаўрыіла, дык прынамсі, св. Францішка Асізскага ці Вінцэнта дэ Поля22.
Каму ж тут верыць? Я гатовы вырашыць гэтую супярэчнасць шляхам кампрамісу і прызнаць, што пан Самуэль Воўк быў чалавекам свайго часу і асяроддзя, выкарыстоўваў дадзеную яму ўладу сродкамі, адпаведнымі свайму часу і свайму асяроддзю і, як і лепшыя са смяротных, меў недахопы, адпаведныя яго вартасцям: дзейсны, гаспадарлівы, энергічны і ў той жа час патрабавальны, суровы і запальчывы. Такая ўзаемасувязь пераваг і недахопаў з'яўляецца законам прыроды, якому цалкам падпарадкоўваўся сам Адам Міцкевіч. […]
Што да маіх бацькоў, дык я ўжо казаў, што мой бацька, пан Аскар, скончыў пансіён пана Генры і віленскую гімназію з залатым медалём. Маючы шасцярых дзяцей і добры, але не вялікі маёнтак, дзед Гіпаліт адправіў яго ў пошуках кар'еры ў Пецярбург. Няведанне мовы (у Вільні па-ранейшаму навучанне вялося на польскай мове) і адсутнасць дзейснай пратэкцыі адбілі яму ахвоту да кар'еры, і праз паўгода бацька вярнуўся ў Вільню. Сябар бацькі, пан Сідаровіч, першы адвакат у нашым краі, узяў яго ў памочнікі. Умелы, дасціпны, з добрым веданнем французскай мовы, якая ў той час панавала ў «бамондзе», бацька меў поспех у грамадстве, каралевамі якога тады была «камтэса» (графіня) Лапацінская і княжна Вітгенштэйн23 (у дзявоцтве Баратынская). Абедзве жылі пад Вільняй, першая ў Кайранах, другая ў славутых з часоў павешанага кс.-біскупа Масальскага Верках, дзе часта ладзіліся балі і аматарскія тэатры. Адначасова мой бацька «цешыў музы» – напісаў лібрэта да адной з опер свайго добрага знаёмага кампазітара Манюшкі24.
Амаль адначасова са скасаваннем уніі, Мікалай І па настойлівай просьбе маршалкаў Кіеўскай і Падольскай губерняў, «найміласцівейша» скасаваў Літоўскі статут (акрамя Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў) і замяніў яго 10-м томам Зводу законаў з заменай вуснай і адкрытай працэдуры на пісьмовую і таемную. Кар'ера бацькі адразу зруйнавалася. Засталася толькі традыцыйная шляхецкая маці-зямля. Дзядзька бацькі і мой прадзед па маці, які ўжо адчуваў цяжар ўзросту, да таго часу выкупіў з арэнды Лаздуны і прапанаваў бацьку ў арэнду суседнія Якуні, дзе ён і асеў вясной 1844 года. У наступным 1845 г. ён ажаніўся з Веранікай – малодшай унучкай свайго дзедзіча і дзядзькі, і яны пачалі кожны год нараджаць дзяцей.
У 1849 г. амбіцыйны віленскі жандар «высмактаў з пальца» вялізную палітычную «змову», у якую ўцягнуў усе навуковыя кадры, якія засталіся пасля Віленскага ўніверсітэта і Медыцынскай акадэміі, а таксама тых, хто выклікаў падазрэнне сваёй адукацыяй, г. зн. меў схільнасць да рэзанёрства25.
Мой бацька трапіў у турму і прасядзеў там амаль што два месяцы. Тым часам з Пецярбурга быў прысланы шляхетны генерал-маёр Назімаў26 (будучы віленскі генерал-губернатар), які раскрыў махінацыю і без допыту вызваліў усіх вязняў, у тым ліку і майго бацьку. У гэтай турме ў яго пачаліся пакуты, якія пазней, з-за праблем пасля смерці прадзеда Ваўка (калі па просьбе свайго швагра Корсака бацька ў крэдыт адкупіў у яго маёнтак Лаздуны), развіліся да такой ступені, што ён перанёс некалькі моцных кровазліццяў з горла.
Перапалоханая маці склікала ўвесь віленскі арэапаг эскулапаў, якія аднадушна вырашылі, што гэта не можа быць ні чым іншым, як толькі сухотамі ў апошняй ступені, і параілі маці хутчэй адвезці мужа ў Ніцу – няхай небарака хоць памрэ пад прыгожым небам. Бацькі спыніліся ў Берліне, дзе знакаміты ў той час прафесар Шонлайн дасканала агледзеўшы хворага, сказаў яму, што хацеў бы лёгкія бацькі захаваць у спірце бо такіх магутных і здаровых ён яшчэ не сустракаў. Але з-за шматгадовых пакутаў печань так моцна набракла, што ціснула на лёгкія, якія ўяўляюць з сябе губку – адсюль і кровазліццё. Ён загадаў нам хутчэй ехаць альбо ў Карлавы Вары да крыніцы з лекавай вадой, альбо ў Вішы да Гранд-Грыль. Мае бацькі выбралі апошняе, бо жадалі пазнаёміцца з Францыяй і адбылося гэта неўзабаве пасля перавароту Напалеона III, 2 снежня 1851 года. Правёўшы некаторы час у Парыжы, восенню 1852 г. яны пасяліліся ўжо ў дабудаваны новы «палац» у Геранёнах, адкуль і пачынаюцца мае дзіцячыя ўспаміны.
Іх вяртанне прывяло да таго, што эскулапы на працягу некалькіх гадоў адпраўлялі ўсіх хворых у Вішы як да крыніцы цудаў (Лурд яшчэ не быў вядомы), адкуль некаторыя вярталіся нібыта здаровымі.
З гэтага нарысу майго паходжання, як па адной, так і па другой лініі, чытач можа здагадацца, што я не мог глядзець на гісторыю і людзей ні праз акуляры «рэфарматара чалавецтва», якога распірае жоўць і зайздрасць, ні праз акуляры адмарожанага «зубра», перакананага (а з такім перакананнем вырасла амаль што ўсё маё пакаленне), што яму дастаткова добрых манер і элегантнай знешнасці, а адукацыя патрэбна толькі беднякам ці ідыётам. Мне ад прыроды наканавана было стаць «цэнтрыстам» і быць асуджаным на, як сёння кажуць, буржуазныя погляды.
4
У трэцім томе цікава і ярка напісанай кнігі Чэслава Янкоўскага «Ашмянскі павет», чытач зможа знайсці вялікі матэрыял, прысвечаную маёй маёмасці, сям'і і сваякам, натуральна, не без недакладнасцяў, асабліва ў датах.
5
У ВКЛ існаваў закон, па якім, у выпадку неплацежаздольнасці даўжнiка, яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёну, але дзялілася на часткі адпаведна ліку крэдытораў. – Л. Л.
6
Кармазынавы колер – ярка-чырвоны колер, кармазын – каштоўная чырвовая тканіна, адсюль: кармазын – заможны шляхціц. Так называлася прывілеяванае саслоўе шляхты – за кармазынавы (чырвоны з ухілам у малінавы альбо цёмна-вішнёвы) колер адзення. Цікава адзначыць, што, калі шляхецтва якой-небудзь асобы выклікала сумнеў, гаварылі – «няпэўны кармазын». – Л. Л.
7
Меў мянушку «Стараста Вывяндлінскі».
8
Часы Сасаў – часы, калі на польскім троне знаходзіліся кароль Аўгуст ІІ Моцны і яго сын Аўгуст ІІІ. – Л. Л.
9
Ардынат – уладальнік ардынацыі. Ардынацыя (ад лац. ordinatio – кірую, прызнаю, загадваю), непадзельная і неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду, таксама прававыя нормы, што рэгулявалі спадчыннасць на гэтую ўласнасць. Тое самае, што і маярат. – Л. Л.
10
З 4-х маёнткаў, якія я з братам успадкаваў, а ні адзін не быў шляхецкай маёмасцю. Цыцін, маёнтак дзеда Мілеўскага, быў па-езуіцкім, Лугамовічы, сядзіба прадзеда Воўка – староствам, Лаздуны – радзівілаўшчынай, Геранёны – уласнасцю літоўскай артылерыі.
11
Бог сказаў Адаму: «Bеni sois» («Дабраславёны ты», фр.), і па меркаванні гэтай асобы адсюль паходзіць прозвішча Бяніслаўскі.
12
Апошняга, Войну, старога халасцяка, кузына майго бацькі, я сустрэў у Вільні пасля паўстання 1863 года. Ёсць паданне, што яго прапрадзед пры Сабескім пад Венай загадаў небяспечна атакаваць, і, калі загінула шмат людзей, сказаў: «Не вайна нараджае, а пані Войніна».
13
Паважаны Ч. Янкоўскі памылкова называе яго вялікім лоўчым. Пасля катаклізму 1914—1920 гг. у мяне цудам захаваліся тры яго срэбраныя паўміскі з ініцыяламі: M.W.P.W.W.X.L. (Міхал Воўк пісар вялікі ВКЛ).
14
Іх нашчадкі ад праваслаўных маці ўзялі прозвішча Ваўкоў. Два дэрпцкія сябры з такім прозвішчам і сын старэйшага з іх, які незадоўга да вайны быў сакратаром пасольства ў Парыжы, лічыліся маімі кузынамі.
15
Шыман Марцін Касакоўскі (1741—1794), палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, польны гетман літоўскі (1792—1793), апошні вялікі гетман літоўскі (1793—1794), удзельнік Барскай і Таргавіцкай канфедэрацый. У 1790 г. у чыне генерал-маёра паступіў у расійскае войска і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Турцыі на Балканах. У 1792 г. расійскі корпус пад яго камандаваннем пачаў наступ на тэрыторыю Рэчы Паспалітай з боку Полацка. Ва ўзятай расійскімі войскамі ў студзені 1792 г. Вільні абвясціў сябе польным гетманам літоўскім. У 1793 г. стаў вялікім гетманам літоўскім. Падчас паўстання, 24 красавіка 1794 г. быў арыштаваны і 25 красавіка павешаны на Ратушнай плошчы ў Вільні. – Л. Л.
16
Легенда цвердзіць, што, ужо каля шыбеніцы, гетман пазнаў аднаго са сваіх сыноў, які праходзіў міма, і паклікаў на дапамогу – той павярнуў галаву і праехаў, а бацька закрычаў: «Каб ты ашалеў». Неўзабаве пасля гэтага маладушны сын быў укушаны сабакам і памёр ад шаленства.
17
Яе бацька, разам са сваім пратэктарам Пацам конна ездзілі на элекцыю Станіслава Аўгуста, а яго маці, якая паходзіла з Прусіі, была сваячка і выхаванка Пацаў. Яны абодва памерлі ва ўзросце 90 гадоў каля 1835 г. Пані Шваньская любіла расказваць, як перад кожнай «Асамблеяй» прыдворнаму цырульніку Пацаў быў патрэбны цэлы дзень, каб зрабіць фрызуру Яснавялможнай Пані. У фрызуры меліся розныя аздобы, напрыклад мініяцюрныя караблі з ветразямі. Прычэсваў ён яшчэ дзве панны Пацоўны і потым, каб не знішчыць гэты мастацкі твор, усе трое спалі, седзячы на крэслах з жалезным прутам у руках, які быў патрэбны для палявання на вошай, бо вошы прагнулі свежай рысавай пудры.
18
Але гэтыя грошы нешта значылі, калі ўлічваць тагачасную каштоўнасць грошай і звычай шкадаваць пасаг дочкам для дабра дынастыі. Чатыры панны Нясялоўскія, кармазынкі (пазней Хортынгава, Кашыцава і Рэйтанава), якія каля 1850 г. кружылі галавы віленскай моладзі, мелі па 100 000 злотых (15 000 руб). Калі на маёй памяці пачалі казаць «не шэсць злотых і дваццаць грошаў», а 1 рубель, панны страшэнна патаннелі на шлюбнай біржы.
19
Першы раз Гёранёны згадваюцца ў 1386 годзе як «Гаштольдэндорф». – Л. Л.
20
Bili się na zajeździe ryskim z Moskalami, Których przywiódł jenerał ruski Wojniłowicz I łotr, przyjaciel jego, pan Wołk z Ługomowicz; Pamiętacie, jak Wołka wzięliśmy w niewolę, Jak chcieliśmy go wieszać na belce w stodole, Iż był tyran dla chłopstwa a sługa Moskali; Ale się chłopi głupi nad nim zlitowali! У перакладзе Браніслава Тарашкевіча: …. змагаліся там з маскалямі, каторых расейскі прывёў генарал Вайніловіч і, злодзей, прыяцель ягоны пан Воўк з Лугамовіч. Ці помніце, як мы забралі Ваўка да няволі і як ужо вешаць хацелі на бэльцы ў стадолі, што быў ён слугой маскалём, мужыкам жа тыранам; сяляне ж, дурныя, ўзялі й злітавалісь над панам! – Л. Л.
21
Пані Ева была прапраўнучкай Гарабурды па прамой лініі, пасла Стэфана Баторыя пры цары Івана IV, якому Аляксей Талстой даручыў вельмі прыгожую ролю ў сваёй знакамітай драме «Смерць Івана Жахлівага».
22
Вінцэнт дэ Поль (1581—1660) – французскі каталіцкі святар, пакутнік. – Л. Л.
23
Праз 70 гадоў у Лазане, дзе жыла ўжо 100-гадовая княжна, яна распавядала мне пра майго бацьку як пра найлепшага свайго танцора. Калі-нікалі яна ўжо пачынала трызніць, і тады ў маёй асобе бачыла майго бацьку.
24
Цудоўная пісьменніка і даследчыца гісторыі роднага краю з Іўя Алена Смалянічэнка, пісала: «Нядаўна я прачытала кнігу Францішка Багушэвіча „Творы“ (Мінск: мастацкая літаратура, 1991). Адзін з раздзелаў кнігі змяшчае перапіску Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам (1836—1903) […]. Ян Карловіч прапанаваў Францішку Багушэвічу стварыць слоўнік беларускай мовы. З пісьма Яну Карловічу (1891, Вільня): „Ці праўда, што граф на Геранёнах ахвяраваў на слоўнік 10 тысяч? Калі гэта праўда, дык ужо сапраўды няма нічога на свеце немагчымага“ (Граф на Геранёнах – так Ф. Багушэвіч называе ўладальніка геранёнскага маёнтка Аскара Корвін-Мілеўскага). У іншых пісьмах да Яна Карловіча гаворка ідзе пра рукапісы графа як аўтара шэрагу лібрэта да опер Станіслава Манюшкі […]: „Ідэал, або Новыя каштоўнасці“, „Карманьёл, або Французы любяць жартаваць“, „Новы Дон Кіхот, або Сто шаленстваў“, „Латарэя“ (1843). Пісаў ён і кнігі. У літаратурнай дзейнасці Вераніка Воўк-Ланеўская дапамагала мужу. Лібрэта да опер С. Манюшкі напісаны ў стылі „Парыжскай музы“. Яго асоба і творчасць былі папулярнымі сярод віленскага асяроддзя, а супрацоўніцтва з С. Манюшкам было дабравольнае і бескарыснае. У 1858 годзе ў Парыжы была выдадзена брашура А. Корвін-Мілеўскага „Каментары да сялянскага пытання на Літве“, дзе была прадстаўлена ўмерана кансерватыўная праграма, яго палітычныя погляды». – Л. Л.
25
Гэтую змрочную гісторыю больш падрабязна апісаў у канцы мінулага стагоддзя другі жандар (верагодна, звольнены са службы) у кніжцы «Блакітны мундзір» (маецца на ўвазе наступная кніга: Ломачевский А. И. Из воспоминаний жандарма 30 и 40 годов [в 2 ч.]. СПб.: тип. В. Грацианского, 1880. Ч. 1: Виленская драма с прологом; Ч. 2: Голубой мундир. – Л. Л.)
26
Назімаў Уладзімір Іванавіч (1802—1874), былы апякун Маскоўскай навучальнай акругі (1849—1855). У 1855—1863 гг. – віленскі генерал-губернатар. – Л. Л.