Читать книгу Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925) - - Страница 6
Кніга першая. Прыватнае жыццё
Раздзел IV. Перад паўстаннем. Канікулы 1860, 1861, 1862 гг.
ОглавлениеУ 1860 г., калі ўжо чакалася, але не абвяшчалася вызваленне ад прыгону і надзяленне сялян маёмасцю, але ўсё яшчэ дзейнічалі сярэднявечныя адносіны, здароўе маёй маці палепшылася да такой ступені, што яна магла шаптаць і таму ўсё больш жадала вярнуцца ў край. Бацька з усім абозам, з Камілкай, якая стала амаль што францужанкай і Хеленкай Грынявецкай, якая хацела пазнаёміцца з Бацькаўшчынай, павёз нас на вакацыі на радзіму. Гэтым разам мы даехалі цягніком аж да Вержбалава, на мяжы паміж Прусіяй і Расійскай дзяржавай.
Некалькі дзён перад ад'ездам на вёску мы правялі ў Вільні. Паколькі, дзякуючы маёй заўчаснай адукацыі і маленькаму росту, я выглядаў надзвычай разумным хлопчыкам, а мой бацька любіў паказаць сваю французскую мову, ён паўсюдна браў мяне з сабой. Старая Вільня, акрамя выключна яўрэйскіх, агідна брудных і смярдзючых раёнаў, фактычна абмяжоўвалася трыма галоўнымі артэрыямі: вуліцай Вялікай і Замкавай, яе працягам паміж Вострабрамскай і Катэдрай, а таксама вуліцамі Святаянскай, Дамініканскай, Троцкай, Нямецкай і Віленскай. Праз кожныя некалькі крокаў мы мусілі спыняцца, каб павітацца з бацькавымі сябрамі і сказаць ім некалькі слоў. З гонарам магу сказаць, што ў Вільні ў той час і да канца 1862 г. я ніколі не чуў ніводнага слова на аніводнай мове, акрамя польскай (ці яўрэйскай). Простыя людзі вясковага паходжання, г. зн. беларусы ці летувісы, не карысталіся ў горадзе сваім дыялектам, чыноўнікі, нібыта рускія, усе былі палякамі, а суды абіраліся толькі шляхтай. Сярод вышэйшых службовых асоб меліся толькі генерал-губернатар Назімаў, цывільны губернатар Пахвіснёў і прэзідэнт падатковай палаты дэ Раберці. Усе трое – паважаныя і любімыя (а нават і ненавісны прыдзіра паліцмайстар Васільнеў) размаўлялі з палякамі толькі па-французску, а некалькі дзесяткаў другарадных чыноўнікаў добра валодалі польскай мовай. Нават Аляксандр ІІ, наведваючы так званыя «забраныя правінцыі», калі пераязджаў Дзвіну ці Днепр, карыстаўся толькі французскай мовай. Значна пазней князь Уладзімір Чацвярцінскі, шматгадовы прэзідэнт нашага паляўнічага клуба ў Варшаве, казаў мне, што ў тым жа 1860 г. ён быў на Падоллі на вельмі вялікім абедзе, дадзеным падольскай шляхтай Аляксандру II у шатры. У канцы абеду ўстаў усхваляваны шляхціц і грымотным голасам закрычаў: «А я яшчэ п'ю за здароўе Найяснейшага Пана!». На гэта імператар, напалову ўстаўшы, падняў келіх і з ветлівай усмешкай, з добрай вымовай, адказаў: «Вялікі дзякуй, шаноўнаму пану». Вядома, што да 1830 г. (Аляксандру ІІ было ўжо 13 гадоў), Мікалай І даваў свайму старэйшаму сыну польскага настаўніка як спадчынніку польскага трона.
З вялікай радасцю мы правялі ўвесь адпачынак у сельскай мясцовасці, асабліва падчас так званых дажынак, арганізаваных для прыгонных сялян, хоць і са спазненнем, але па-чарзе у 4-х бацькоўскіх ключах: Геранёнах, Лугамовічах, Лаздунах і Цыціне. Дажынкі святкаваліся з бясконцай колькасцю вяндліны, каўбас, кмінных сыроў, бочак піва, вёдзер мёду (гарэлкі не было) і танцаў на траве пад гукі прыдворнага дзедаўскага аркестра «артыстаў», якіх бацька размясціў па сваіх 20 фальваркаў як больш-менш карысных эканомаў і збіраў іх толькі на падобныя ўрачыстасці.
Тады нашы сяляне і сялянкі не мелі ні найменшага паняцця пра пінжакі, станікі і капелюшы. Яны насілі, у тым ліку і ў касцёл, свае традыцыйныя народныя строі, такія ж, як і ў часы караля Ягайлы, у мужчын нязграбныя, а ў кабет вельмі маляўнічыя і рознакаляровыя, са шматлікімі радамі рознакаляровых пацерак на грудзях і асабліва з багатымі і казачнымі галаўнымі жаночымі ўборамі. Праз дзесяць гадоў ад гэтага не засталося і следу. Натуральна, што мае тагачасныя псіхалагічныя даследаванні не маглі быць глыбокімі, але я павінен шчыра сказаць, што падчас гэтых трох святкаванняў дажынак у 1860, 1861 і 1862 гадах, я не адчуваў ніякай варожасці вёсак да панскіх маёнткаў. А з празмерна шматлікай дваровай прыслугай адносіны былі цалкам сардэчнымі, нават з адценнем фамільярнасці, якая праз некалькі гадоў саступіла месца цырыманіяльнай, але менш прыязнай ветлівасці.
Ва ўсіх маёнтках, бацька, сам добры вершнік, падрыхтаваў для кожнага з нас адпаведнага верхавога каня і ладзіў паляванне з хартамі. Наведалі мы і пяць цётак з боку бацькі і маці, у кожнай з якіх мелася вялікая колькасць дзяцей. За выключэннем адной, усе яны жылі ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Геранён.
Падарожжа адбывалася наступным чынам.
На шляху мы заўсёды абедалі і мелі хаця б адзін начлег. Таму паперадзе нас на возе ехаў конюх і папярэджваў яўрэяў-карчмароў, каб тыя гналі ўсіх гасцей і пачыналі прыбіраць свой заезны дом. Праз тры гадзіны за ім ехаў сапраўдны караван у наступным складзе: першым – Яснавяльможны пан, адзін у карэце, запрэжанай чатырма коньмі. Другім – так звазваны кочабрык31 запрэжаны чацвёркай, у ім ехалі панічы з гувернёрам. Падчас пастою бацька па-чарзе клікаў аднаго з сыноў да сябе і вёў з імі размову, а фактычна, маналог, у якім расказваў вельмі цікавыя і павучальныя падрабязнасці са свайго былога жыцця ў краі і чытаў вельмі доўгія і яшчэ больш нудныя маралі пра ўсё тое, што трэба рабіць у жыцці, а чаго трэба пазбягаць, інакш … «марна згінеш».
За панічамі ехала вялізнае матчына ландо на стаячых і вельмі чуллівых рысорах, якое так гайдалася па нашых пясчаных, камяністых і гразкіх літоўскіх дарогах, што наша бедная сястра амаль што ўвесь час хварэла на марскую хваробу. Гэты Ноеў каўчэг быў запрэжаны 6-цю вялізнымі коньмі – 4 поруч і 2 на лейцах, ён вёз на козлах старшага фурмана, а побач з ім бацькоўскага камердынера. Унутры ландо ехала маці, Камілка Мацкевічоўна ці на змену Хеленка Грынявецкая з нашай сястрой, а на прычэпленым ззаду сядзенні, падобным на крэсла, – пакаёўка.
Заканчвалася шэсце вялізнай, спецыяльна для гэтага пабудаванай фурай, таксама з чатырма коньмі, але ўжо без рысор. На ёй ехалі кухар, дзяўчына і цэлы стос матрацаў, падушак, коўдраў, прасцінаў, медніц, збаноў, самавараў, рондаляў, патэльняў, усякія харчы і закускі – усё гэта было закрыта ад дажджу нявырабленымі скурамі. Караван ехаў з сярэдняй хуткасцю 10 кіламетраў у гадзіну і максімум 70 кіламетраў ад раніцы да вечара, пры гэтым уначы ўсе спалі, а коні пасвіліся колькі хацелі ці, як раіла надвор'е. Акрамя страт часу, пра якія стары чалавек ведае – вынікі спешкі не вартыя выдаткаў на іх, такая вандроўка была нашмат прыемней і камфортней, чым у сучасных «спальных вагонах», «вагонах-рэстаранах» і асабліва на аўтамабілях ці самалётах, якія ствараюць ўражанне, што ты – канверт або бандэроль на пошце.
Усе двары нашых цётак тады лічыліся заможнымі. Аднак у «палацах» было ўсяго дзясятак-другі пакояў, з якіх не менш за 4 былі так званымі параднымі, але за стол гаспадароў часта сядалі ці нават начавалі не менш за 30 чалавек. Усе былі сытыя, але куды яны ўсе месціліся і дзе спалі? Гэта атрымлівалася, бо меліся незлічоныя запасы пасцельнай бялізны, наскубаных за пакаленні падушак, розных, часова пустых гаспадарчых пабудоў, а галоўным чынам з-за дабраславёнай неразборлівасці і сціпласці патрабаванняў. Можа, мы зноў вернемся ў тыя часы, калі прыйдзе Савецкая Расія.
На пачатку кастрычніка ўсе акрамя бацькі, вярнуліся ў Парыж да свайго ранейшага ладу жыцця.
Азіраючыся на 1860 г., я магу сказаць, што хоць, натуральна, старэйшыя за мяне людзі не давяралі мне свае праекты і мары, але тады, як і сёння, вучань 4-га класа быў значна больш разумным, чым лічылі дарослыя, і я шмат што ўбачыў, падслухаў і шмат у чым разабраўся. Акрамя таго я карыстаюся думкамі майго мудрага бацькі, які ў той час не ўпускаў магчымасці, каб пашырыць мой кругагляд.
Маё рэтраспектыўнае ўражанне такое, што ўвосень 1860 года, іскра, якая павінна была запаліць увесь еўрапейскі пажар, г. зн. экспедыцыя Гарыбальдзі на Сіцылію ўжо ўспыхнула, але яе ўплыў на грамадства ў маёй краіне ўсё яшчэ было немагчыма заўважыць. Так, пасля ўступлення на пасад Аляксандра ІІ польска-расійскія адносіны ў значнай ступені змякчыліся і палагаднелі, што ўзмацніла ліберальныя намеры Аляксандра ІІ, у прыватнасці, яго цвёрдую рашучасць правесці сялянскую рэформу, якая сутыкнулася з шалёным супраціўленнем расійскага дваранства і арыстакратыі, а ў нашым грамадстве яго намер нават выклікаў сімпатыю. У 1859 годзе віленская шляхта першай звярнулася да імператара з патрабаваннем адмяніць прыгоннае права, і гэта зблізіла яго з нашай шляхтай. Далей цар прыняў запрашэнне на паляванне, арганізаванае для яго братамі Міхалам і Юзафам Тышкевічамі. Потым адбыўся вялікі баль, дадзены шляхтай у яго гонар у бальнай зале камяніцы, пабудаванай князем Агінскім побач з дваранскім клубам спецыяльна для гэтай мэты. Сардэчнасць прыёму цару так спадабалася, што, калі на пачатку 1861 г. на прускі трон узышоў будучы імператар Вільгельм і адразу ж абвясціў аб сваім візіце маладзейшаму па ўзросце, але старэйшаму на троне пляменніку Аляксандру II, той запрасіў яго ў Вільню, каб паказаць добрыя адносіны, якія склаліся паміж ім і яго падданымі і таму даў зразумець шляхце, што хацеў бы, каб баль паўтарыўся. Гэта запрашэнне на вальс спачатку было ахвотна прынята шляхтай, але калі як прэлюдыя да паўстання пачаліся варшаўскія дэманстрацыі, запрашэнне было самым няўклюдным чынам адклікана, чаго помслівы Раманаў ніколі не забыў і не дараваў.
2 (14) лютага 1861 г. быў апублікаваны маніфест у якім абвяшчалася вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці і абшарніцкай улады над імі. Сялянам прадстаўлялася поўная ўласнасць на іх надзелы з адпаведнай платай спадчынніку грашыма, але пры гэтым фактычнае правядзенне рэформы адкладвалася на два гады, каб даць абшарнікам час для ўвядзення новых працоўных адносін, пабудовы неабходных гмахаў і пераходу ад прымусовай і дармовай працы да свабоднай і платнай.
Усё гэта чакалася шляхтай, але на галовы надзвычай цёмнага вясковага люду, які больш чым на 98% складаўся з непісьменных людзей, калі па загаду ўладаў пра яе чыталі са ўсіх праваслаўных і каталіцкіх амбонаў, справа прыйшла як нешта зусім незразумелае. Ніхто не разумеў неабходнасці двухгадовага тэрміну, наданне права ўласнасці многія сяляне распаўсюджвалі на ўсе землі, якія дагэтуль апрацоўвалі – на свае надзелы і на зямлю панскіх фальваркаў, і можна толькі здзіўляцца, што гэтая нязграбная працэдура не справакавала куды больш шырокія і крывавыя беспарадкі, чым тыя, якія мелі месца.
У нашым краі, зрэшты, нідзе не было хваляванняў у маёнтках, якімі кіравалі самі гаспадары, бо дзякуючы наогул добрым адносінам са сваімі падданымі, яны лёгка з імі паладзілі32. Але на мяжы з Лугамовічамі, маёнткам маёй маці (пазней маім), знаходзіўся вялізны маёнтак і зусім невялікае мястэчка Іўе, якое ў акружнасці каля 30 кіламетраў служыла гандлёвым цэнтрам і належала графіне Замойскай з Тызенгаўзаў. З незапамятных часоў тут ніхто не бачыў дзедзіча і маёнткам кіраваў неўдалы пан Ятэйка які, напэўна, пачуўшы пра маніфест, страціў прытомнасць. І на першым жа кірмашы, якія тады абавязкова суправаджаліся моцнай выпіўкай, пачалося хваляванне, яно ўзмацнялася з кожнай гадзінай і перакінулася на суседнія маёнткі. Сабраўся шматтысячны натоўп, які начаваў у фурманках пад адкрытым небам. Натуральна, ніхто не ведаў, чаго ён хоча і нават пра што ідзе гаворка, але людзі цягнуліся сюды па сялянскай звычцы без усялякай зброі, нават ручной, кажучы: «Як усе, гэтак і я». Стары Ятэйка адразу страціў галаву і схаваўся ў плябаніі, якая месцілася ў былым, даволі вялікім мураваным кляштары бернардзінцаў. Пробашч быў меншым баязліўцам, вікарый быў баязліўцам толькі на чвэрць і вырашыў папярэдзіць генеральнага ўпаўнаважанага майго бацькі, пана Юзафа Шалевіча ў Лугамовічах. Пан Юзаф, быў тыповым шляхціцам часоў пана Яна Паска33, меў тады 50 гадоў, вялізны ў даўжыню і ўпоперак, з вялікімі вусамі, гарачы паляўнічы на мядзведзяў. Ён узяў з сабою свайго ляснічага, шчыра адданага яму фурмана-забіяку, сабраў, колькі знайшоў, агнястрэльнай зброі, набоі, добры запас ежы і як мага хутчэй, шалёна падганяючы сваю чацвёрку, паляцеў у Іўе. Шалевіч загіпнатызаваў дурны натоўп, прарваўся скрозь яго і замкнуўся ў плябаніі, якую ў імгненне вока ўмацаваў і гэтым надаў адвагі тым, хто ў ёй знаходзіўся – да гэтага часу яны дрыжалі як галярэта. Пяць дзён запар, акружаныя некалькімі тысячамі сялян, сядзелі ў асадзе. Сялян трымалі ў страсе на адлегласці выстралу (тады гэта было 120 крокаў), бо ўвесь час – і ўдзень і ўначы, паказваліся ва ўсіх вокнах.
Тым часам у Вільні даведаліся аб гэтым здарэнні. Генерал-губернатар Назімаў хутка паслаў дзве пяхотныя роты, якія, калі б паспелі, несумненна зрабілі б вялікае кровапраліцце. Але ўсю сітуацыю і саміх збаламучаных сялян выратаваў яго ад'ютант, граф Юзаф Тышкевіч з Ландварава. Ён пачуў, што годнаму генерал-губернатару Назімаву давядзецца перайсці да энергічных мер і ўзяўся навесці парадак сваімі ўласнымі казакамі. Аднак папрасіў для чыста дэманстратыўных мэт аддаць пад яго камандаванне дзве пяхотныя роты. І стрымаў сваё слова.
Юзаф Тышкевіч, якому тады было ўсяго 30 гадоў, быў асобай, якая павінна была жыць у гарачыя часы Сасаў ці нават яшчэ больш ранейшых. Сірата, з дзесяцігадовага ўзросту без бацькі і маці, меў у сваім распараджэнні вялікую маёмасць і набыў яшчэ невялікі маёнтак Ландварава недалёка ад Вільні, дзе дзякуючы памяркоўнасці генерал-губернатараў Бібікава і Назімава, якія хацелі мець пры сабе ад'ютанта з мясцовай арыстакратыі, вёў фантастычны лад жыцця34. Ён уласным коштам утрымліваў 18 конных казакоў, для іх і свайго камфорту трымаў яшчэ паўтузіна казачак. Адзіным заняткам казакоў было пакрасавацца перад штодзённымі гасцямі – у асноўным віленскімі прыжываламі, «джыгітоўкай» і скокамі цераз паштовыя брычкі. Скакалі таксама і некаторыя з казачак. Паход на Іўе стаў лебядзінай песняй Тышкевіча. Ён быў ужо па вушы ў даўгах, яго браты і дзядзькі згаварыліся і знайшлі для яго выключна разумную, нават мудрую і адукаваную панну Зоф'ю Горватаўну, дачку і сястру кіеўскіх губернскіх маршалкаў. На вялікім абедзе, не папярэдзіўшы, яго пасадзілі каля панны і, калі дайшлі да дэсерту, устаў нейкі пралат, прапанаваў «здароўе маладых», і справа была зроблена. Дзякуючы гэтаму ён пражыў яшчэ 30 гадоў найшчаслівейшага сямейнага жыцця бо кіраваўся прынцыпам, які я сам ад яго чуў: «Я дурны, а Зося мудрая, таму хай яна будзе галоўнай і кіруе маёнткам, а я буду рабіць глупствы».
Між тым у Івейскай экспедыцыі Юзаф Тышкевіч дзейнічаў як выдатны стратэг. Маючы пяхоту на рэквізаваных сялянскіх вазах, ён ад світанку да змяркання праляцеў каля ста кіламетраў, спакойна заначаваў у адным з івейскіх фальваркаў і ў 10 гадзін раніцы, як каршак на чале сваіх 18-ці казакаў, якія шаблі трымалі ў похвах, а нагайкі ў паветры, напаў на тлум сялян на вялікім івейскім рынку.
Хто мог, той драпаў па бакавых вуліцах і аддыхаўся толькі ў сваёй хаціне, рэшта адразу ж упала на калені і выдала нібыта сто завадатараў, пасля чаго супакоены натоўп да вечара з цікаўнасцю назіраў за «раздачай узнагарод» – гэта значыць доўгую, па велікапанскі вымеранаю лупцоўку па голым целе. Дасталася і прыгожаму полу, але праз кашулі. Вечарам ўсе пайшлі ці паехалі дахаты, некаторыя, зразумела, ехалі лежачы на жываце. Пяхота засталася на некалькі дзён, каб ушчэнт аб'есці насельніцтва. Пасля чаго ўсё прыгожа супакоілася, і калі б не вельмі цікавы ліст з падрабязнасцямі ад майго бацькі, які ён даслаў да нас у Парыж праз некалькі месяцаў, дык калі я ехаў праз тое ж Іўе ў Лугамовічы, я б не здагадаўся, што тут адбылася гэтая «рэвалюцыя ў рондалі»35.
Гэты ж 1861 год упісаў у нашу мясцовую гісторыю сапраўды прыгожую старонку, сляды якой, у значнай ступені, бачны і цяпер. Праклёнам тых часоў было ўсеагульнае, па-сапраўднаму д'ябальскае п'янства вясковага люду, якое падтрымлівалася прыкладамі самой шляхты і аблягчалася фенаменальнай таннасцю гарэлкі (добры кілішак 40% – най гарэлкі прадаваўся ў вёсцы за два грошы, гэта значыць за 1 капейку). У дні маіх вакацый 1860 г. у святочныя ці базарныя дні, вечарам нельга было праехаць па дарозе, бо праз кожныя некалькі сотняў крокаў каля ці нават пасярод дарогі, як труп, ляжаў п'яніца.
Але на пачатку 1861 г., напэўна, дзякуючы вялікаму маральнаму ўздыму, які суправаджаў вызваленне сялян, ковенскі біскуп Валанчэўскі, вельмі годны каплан, хоць і крыху дэмагог, выступіў з ідэяй заснаваць сярод народа «брацтва цвярозасці». Паўсюдна, куды дасягаў уплыў каталіцкага кліру, у нядзелю ці на святы пасля стандартнай пропаведзі, ксяндзы заклікалі парафіян прыняць з крыжам і евангеллем асабістую прысягу аб поўнай цвярозасці. Ксяндзы мелі адмысловыя кнігі для запісу чальцоў брацтва. Гэты рух мусiў мець i меў даволі цяжкія наступствы для абшарніцкай шляхты, бо на вёсцы было моцна пашырана вінакурніцтва. Мой бацька сам валодаў пяццю спіртзаводамі і пасля гэтых падзей адразу зачыніў два з іх. Нягледзячы на гэта, абшарнікі таксама актыўна ўдзельнічала ў руху. Вынік перасягнуў усе чаканні. Сяляне, саромеючыся адзін аднаго, аб'ядноўваліся ў брацтвы, п'янства выходзіла з моды і нават праз вялікі час, калі вымерла ўсё тагачаснае пакаленне братоў, мода на п'янства сярод вясковага люду не адрадзілася. Знікла п'янства і сярод шляхты, але гэта было звязана з жорсткімі пакутамі 1863 г. і іх наступствамі. З чыста фіскальных меркаванняў расійскі ўрад спрабаваў перашкодзіць гэтаму кроку. Але было ўжо занадта позна36. Праваслаўнае духавенства ў гэтым руху не прымала ніякага ўдзелу, і таму да апошняй сусветнай вайны ў маім краі цвярозасць можна было атаясамліваць з каталіцтвам, а праваслаўе – з п'янствам.
Вакацыі 1861 года мы зноў правялі ў краі, але ў зусім іншай атмасферы. У свядомасці панавала эпапея Гарыбальдзі з аб'яднанням Італіі якая лёгка запальвала розумы «ад мора да мора». У Расіі панавалі ліберальныя і рэфарматарскія плыні, адбываліся дэманстрацыі ў Варшаве і пасля іх – жалоба, чамаркі і г.д.37
Наш прыезд у Вільню супаў з момантам, калі першыя хвалі заразы дэманстрацый пачалі даходзіць і да нас. У пачатку жніўня, незадоўга да заходу сонца, мы ўязджалі ў горад ковенскім трактам на брычках праз Пагулянку. Каля самай брамы мы ўбачылі некалькі сотняў казакоў, праўда, без пік. Нас ніхто не спыняў, але калі мы рыссю спускаліся па стромай дарозе, дык нас дагналі казакі, якія заўзята направа і налева махалі нагайкамі, а злева (пад гару) з боку Пагулянкі, якая тады не была забудавана ажно да вуліцы Завальнай і не мела тратуараў, ішла не вельмі шматлікая, але ўжо часткова разагнаная працэсія, людзі спявалі «Божа, што ж Польшча» і неслі некалькі жалобных харугваў. Мы без праблем дабраліся да дома Мілера на вуліцы Нямецкай, і, як толькі прыехалі, нас наведаў малады архітэктар пан Шалевіч, сын вышэйзгаданага адважнага пана Юзафа, які зрабіў нам гарачую справаздачу аб падзеях.
Аказалася, і я пачуў гэта праз шмат гадоў ад другога ўдзельніка гэтай маніфестацыі пана Антушовіча, тлум на Пагулянцы ўзбудзіла вестка… што з Коўні па шляху Напалеона ўжо ідзе французская армія, якую ў Вержбалове высадзіў англійскі флот!38 Натуральна, у гэтых маніфестацыях удзельнічалі і нашы абавязковыя «аніматаркі» падобных выбрыкаў, то бок мілыя пані і паненкі. На чале іх у Вільні таго часу стаяла пані Александрына Лубанская з Сулістроўскіх, якая паўсюль лётала, нібы матылёк, паўтараючы: «Il faut chauffer, il faut chauffer» («Трэба падвышаць напал, трэба падвышаць напал», фр. – Л. Л.) і чароўная пані Ізя Тышкевічава з Вакі, якая спецыялізавалася на вытанчаных нахабствах у адносінах да генерал-губернатара Назімава, а таксама сімпатычная і мілая панна Валіцкая, якая на Пагулянцы падчас гэтага паходу на Коўню, добра атрымала нагайкай па плячах ад казака, але праз два гады адпомсціла Маскве тым, што выйшла замуж за праваслаўнага пана Міхала Камара39.
Аповед маладога Шалевіча пакінуў у маіх бацькоў вельмі дрэннае ўражанне. Бацька ўжо прадбачыў, да чаго прывядзе гэтае вар'яцтва. З ім пагаджалася і маці, яна хоць і была вельмі рэлігійнай і патрыятычна ўзнёслай, але з-за стану здароўя вяла эгацэнтрычны лад жыцця і была схільная заставацца над падзеямі. Калі бацька цвёрда вырашыў, што ні ён, ні хто з яго сям'і не будзе ўдзельнічаць у гэтых дзіцячых і небяспечных маніфестацыях, маці без пратэсту падпарадкавалася ў такой важнай справе рашэнню галавы сям'і і была, бадай, адзінай жанчынай, якая да канца не насіла жалобы40. Яна заўсёды надзявала рознакаляровыя ўпрыгожванні на сябе і сваіх траіх дзяцей. Гэта, канешне, не адмяняла болю ад страт, якія, як я пакажу пазней, нам было наканавана пацярпець ад маскоўскага ўраду, у той час, калі многія з дэманстрантаў і падпальшчыкаў неяк шчасліва пахаваліся.
Шмат што адрознівае мяне ад поглядаў і метадаў дзеяння пана Рамана Дмоўскага41, аднак, усё ж я горача абняў бы яго, бо ў сваёй апошняй кнізе «Як адбудоўвалася Польшча» ён, бадай, першы з нашых палітычных карыфеяў меў шчырасць і смеласць выказаць думку, што ўсе нашы паўстанні выбухнулі нясвоечасова і нам трэбы казаць не пра заслугі іх правадыроў, а пра цяжкія грахі перад Бацькаўшчынай. Як потым у Вільні казаў Падарэўскі42, нельга хадзіць з паходняй каля сямейнай страхі, той, хто так робіць, калі ён нават і выпадкова падпаліць хату, той – не герой, а годны кары злачынец.
Многіх удзельнікаў авантуры 1863 года я асабіста ведаў тады і пазней, але гэта былі не змоўшчыкі, не тыя людзі, якія ахвотна лавілі рыбу ў каламутнай вадзе, бо ім не было чаго губляць, а мелі яны надзею стаць «бацькамі краіны», гэта былі людзі, якія «bene nati et ownerati» («удала нарадзіліся і валодаюць маёмасцю», лац. – Л. Л.), яны не маглі не стаць першымі ахвярамі гэтага вар'яцтва 1863 года.
Я не памятаю ніводнага чалавека, які сцвярджаў бы, што тады ў яго была хоць найменшая, самая аддаленая надзея на поспех справы, у якой ён прымаў удзел. Так, усе яны без выключэння ў доказ сваёй прадбачлівасці хваліліся сваімі прадказаннямі, што падзеі скончацца правалам (хоць і не ў такіх маштабах). Гэта выразна прызнае ў сваіх «Успамінах» нават адзін з галоўных арганізатараў усяго руху ў Літве Гейштар – дык чаму і па што яны туды палезлі?
Якіх толькі прамоваў тады можна наслухацца! Як сёння памятаю – палявалі мы ў мамінага дзядзькі ў Кір'янаўцах. Пасля вячэры я сціпла сяджу ў кутку. Па гасцёўні ходзіць чубаты юнак, копія Адама Міцкевіча 1825 года і ў сваёй прамове ўсе скасоўвае. Не будзе дваранства, не будзе ўласнасці, не будзе ўрада, не будзе духавенства і г. д. Бацька яму цярпліва: «А што будзе на месцы ўсяго гэтага?» Хлопец адкідвае чупрыну назад, арлінымі вачыма азірае ўсіх, робіць паўзу і кажа: «Будуць людзі… і народ!!!…»43. Гэта была эпоха «натуральнага розуму, да якога не дакранулася ніводная навука».
З-за гэтага настрою і з-за трывогі аб будучыні, вакацыі 1861 года былі для мяне значна менш радаснымі, чым у папярэднім годзе.
У кастрычніку мы вярнуліся ў Парыж.
Я пайшоў у 3-ці клас (па французску, а па нашаму – у 6-ты). Мой кругагляд усё больш пашыраўся. Кожны дзень, вяртаючыся з гімназіі, я купляў газету ў разносчыка які чакаў гімназістаў, мае калегі куплялі іншыя газеты і мы абменьваліся імі. Я быў цалкам абазнаны ў сучаснай знешняй і ўнутранай палітыцы.
У 1860 г. Напалеон ІІІ, жадаючы заваяваць папулярнасць у народзе, нават не для сябе, а для сваёй дынастыі (такую мару маюць усе парвеню), 21 лістапада 1860 года выдаў знакаміты дэкрэт, які ўнёс даволі моцную плынь свежага паветра ў розныя сферы жыцця […]. З таго часу і да катастрофы 1870 года, паводле маіх успамінаў і ўражанняў, палітычная сістэма Францыі больш чым дзе-небудзь на кантыненце наблізілася да ідэалу: «свабода і парадак», – заўсёды недасяжны для чалавецтва ідэал.
Дзякуючы катастрофе 1870 г., за якую значна большую долю адказнасці неслі тагачасныя левыя партыі, большую чым сам псеўдацэзар Напалеон III, які да гэтага часу набыў ва ўсёй Еўропе рэпутацыю горшую, чым рэальна заслугоўваў […]
Калі я перайшоў у трэці клас банапартскага ліцэя […] хутка пазнаёміўся з таямніцамі не толькі палітычнага, але і свецкага жыцця тагачаснай сталіцы Сусвету. Нашым каштоўным інфарматарам быў пан Дзмітрый Бенкендорф, унук знакамітага жандара Мікалая I і сын старэйшай з трох дачок грэка Бенардакі, які моцна ўзбагаціўся на акцызнай арэндзе і пасяліўся ў Бруселі, дзе маладая ўдава Бенкендорф выйшла замуж за маркіза д'Аск. Карэспандэнтам Бекендорфа ў Парыжы, г. зн. прадстаўніком нашых бацькоў, да якога мы хадзілі па нядзелях і святах, быў Ле Дюк дэ Басана, ці Марэль, сын знакамітага начальніка палітычнай канцылярыі Напалеона І. Салон герцагіні дэ Басана быў адным з самых папулярных у Парыжы і наш сябар слухаў там разнастайныя свецкія плёткі, якія потым пікантна даносіў да нас. Да таго ж, пансіён пана Кузіна складаўся амаль выключна з сыноў тагачаснай парыжскай арыстакратыі ці плутакратыі, у тым ліку з выбітных сыноў Ізраіля. У нас было два Ротшыльды (адзін сёння яшчэ жывы), адзін Пэрэй, адзін Гінзбург, які падняўся на ваенных пастаўках падчас нядаўняй Крымскай вайны. Акрамя таго, у некалькіх маіх сяброў меліся старэйшыя браты, якія ўжо патрапілі ў высокія колы парыжскага свету, дзякуючы чаму мы ведалі пра любоўныя прыгоды незабыўных жрыцаў Венеры таго часу: амерыканкі Кора Пэрл, чароўнай Гартэнзіі Шнайдэр, стваральніцы «Прыгожай Алены» і пазней Вялікай герцагіні Геральштэйн, Джульеты ле Бо, неўзабаве, спадарожніцы жыцця графа Міхала Тышкевіча44, Ганны Дэсліён і інш. – быццам мы спалі пад іхнімі ложкамі. Таксама мы былі знаёмы і з тэатральным жыццём. Мой бацька, сам заўзяты аматар тэатра, прымушаў нашу бедную дзявотку45-маці, для адукацыі браць нас на спектаклі. І яна, не дзеля ўласнага задавальнення, бо ў яе наогул не было пачуцця музыкі, а толькі дзеля дзяцей, вадзіла нас у італьянскую оперу.
Акрамя таго, пан Кузін, калі нашых бацькоў не было ў Парыжы, па суботах ці на святах вадзіў нас у «цнатлівыя» тэатры: гэта значыць у «Французскі тэатр» і «Гімназ», дзе панавала незабыўная Ружа Шэры, а таксама ў «Вялікую оперу» або ў «Камічную оперу».
Мой бацька лічыў, што выхаванне хлопчыкаў не павінна грунтавацца толькі на кнігах. Таму, каб кожны з нас меў «па некалькі струн», ён з самага пачатку, каб мы «не загінулі марна», загадаў нам браць дадатковыя ўрокі музыкі і малявання. Мой брат, які быў вельмі таленавіты ў маляванні і жывапісе, да 20 гадоў не мог сыграць нават польку. А я, маючы сапраўдны талент да музыкі, ніколі не мог належна намаляваць нос. І ажно да паступлення ва ўніверсітэт мы мелі пакуты – брат Ігнацы ад фартэпіяна, а я ад малявання.
У той час, і фактычна аж да з'яўлення аўтамабіля (хай яго ліха возьме), у ясныя дні Елісейскія палі і Булонскі лес былі штодзённым месцам збору ўсіх, хто прэтэндаваў на элегантнасць. Хто гэтага не бачыў, той не мае ўяўлення пра сапраўдны парад вытанчаных карэт і коней. Заўсёды было з дзесятак конных экіпажаў а-ля Дамон з двума фарэйтарамі46. Таму, як казаў вялікі Талейран, той, хто не ведаў Версаля ў часы Людовіка XVI, той не мае ні найменшага паняцця аб слодычы жыцця, а я б дадаў, што той, хто не бачыў Парыж у апошнія 10 гадоў Другой французскай імперыі, той не мае ўяўлення пра сапраўдную элегантнасць.
У 1862 г. мы зноў паехалі адпачываць у наш край. Дабраліся ўжо цягніком ажно да Коўні, а праз два месяцы ў адваротны шлях ужо селі ў вагон на сённяшнім вакзале ў Вільні47. Што раз усё больш і больш разумны хлопчык, я мог адразу адчуць – тое, што яшчэ год таму было зародкам хваробы, сёння ўжо прыняло форму эпідэміі. Вулічных маніфестацый не было, але паўсюдна ў касцёлах (апрача як у бацькаўскіх Геранёнах, дзе мудры пробашч Баярынскі падтрымаў майго бацьку) службы заканчваліся спевам «Божа, што ж Польшча», а часам нават і «З дымам пажараў»48. Чамаркі сталі амаль што абавязковай вопраткай, а з іншага бока расійская талеранцыя ўсе павялічвалася. Нагадаем тут пра высілкі ў Каралеўстве вялікага Аляксандра Веляпольскага49, які дабіўся таго, каб застаўся толькі адзін расейскі чыноўнік – вялікі князь Канстанцін.
І без таго нязначная колькасць расейцаў ва ўладных установах яшчэ больш зменшылася. Калі ў Гародні вызваліліся пасады губернатара і віцэ-губернатара, на іх месца прызначылі памешчыка са Свянцянскага павета Хамінскага і нашага суседа Эміля Умястоўскага. Сёння я маю рэтраспектыўнае меркаванне, зважаючы на старыя традыцыі піцерскай бюракратыі рабіць правакацыі, што гэтая паблажлівасць была наўмыснай, як пазней 9 студзеня 1905 г. і ў сакавіку 1917 г., падчас так званых «крывавых лазняў». Нашы шчырыя і аптымістычныя патрыёты самі лезлі, як мухі на мёд. Дадам, што калі ў 1910 г. у Дзяржаўнай думе разглядаўся праект Сталыпіна аб ліквідацыі фінскай аўтаноміі і русіфікацыі ўсёй фінскай дзяржавы, мой калега Ксаверый Арлоўскі пачуў канец размовы двух саноўнікаў: «Дрэнна тое, што гэтыя фінскія шэльмы маюць халодныя голавы, іх, як палякаў, на паўстанне не падпіхнеш».
Бацька ўсяляк стараўся зрабіць наша знаходжанне ў краі больш прыемным, каб нам падабалася тут больш, чым у Францыі. Ён прыдумаў прывезці да нас у Геранёны на ўвесь адпачынак, віленскага берэйтара пана Лукашэвіча з некалькімі яго добра выдрэсіраванымі канямі. Лукашэвіч, якому тады было 45 гадоў, удзельнічаў у венгерскім паўстанні ў 1848 г. пад кіраўніцтвам Дэмбінскага і Бэма, і таму, верагодна, насіў не чамарку, а так званую венгерку. Ён адразу пачаў праяўляць асаблівую прыязнасць да мяне і называў мяне «паручнікам». Акрамя сваіх манежных коней ён узяў з сабой яшчэ і вельмі прыгожага каня. На раніцы мы рэгулярна і метадычна бралі ўрокі на гэтых манежных конях, а пасля абеду, разам з маёй сястрой, якой было тады 15 гадоў і нашай 18-ці гадовай стрыечнай сястрой Ізабэлай Мікашанкай, якая зачаравала ўсю маладую Вільню сваёй прыгажосцю, мы (я і мой брат на нашых уласных конях) ездзілі на доўгія прагулкі. Сам Лукашэвіч, з заўсёды падвешанай на баку шабляй, ездзіў на згаданым вышэй маладым кані. Праз тыдзень, ён прызнаўся мне, 14-ці гадоваму смаркачу, што конь належыць пану Юзафу Снядэцкаму і што ён аб'езджаны для яго, будучага ротмістра, які сфармуе эскадрон, у якім ён, Лукашэвіч, будзе вахмістрам!
У верасні гэтага года адбылося вяселле адной са шматлікіх гадаванак і адначасова, татавай пляменніцы. Паколькі двор яе маці межаваў з Менскім паветам, быў невялікім і аддаленым для гасцей, бацька вырашыў аддаць яе замуж з Геранёнаў. А паколькі, з-за агульнапрынятай нацыянальнай жалобы немагчыма было танчыць, бацька вырашыў замяніць танцы самадзейным тэатрам. Глядзельную залу і сцэну ён уладкаваў у вялізным новым мураваным амбары, які быў пабудаваны ў стылі парыжскага касцёла св. Магдалены. Зала была ўпрыгожана гірляндамі зеляніны і кіламетрамі рознакаляровай тканіны. Трупа складалася з майго дарослага і вельмі прыгожага брата ў ролі першага каханка, мяне, як першага коміка, Лукашэвіча, як рэзанёра, маёй сястры Марыі і стрыечнай сястры Ізабэлы Мікашанкі (першай, у амплуа наіўніцы, а другой, – какеткі) і бухгалтара немца Шварца які самой прыродай быў асуджаны выконваць гратэскную ролю. Мы сыгралі дзве аднаактавыя камедыі. За выключэннем выфранчанага таты, усе мужчыны былі апранутыя ў разнастайныя патрыятычныя строі: чамаркі, венгеркі, касцюшкаўскія сукманы і г. д. Калі мы ўжо сядалі за вясельную вячэру, прыехаў чацвёркай модных тады таўсталобых коней, верагодна адмыслова для гэтага дачакаўшыся адпаведнага моманту ля брамы, няпрошаны і нечаканы, вялізны, пузаты, размашысты, абсалютна як Заглоба, пан Вільгельм Пратасевіч, слынны ў наваградскім, лідскім і слуцкім паветах дасціпнік, аўтар гумарыстычных эпічных твораў… і дармаед50. На ім быў белы кунтуш з вылётамі, кармазынавы жупан, слуцкі пояс, саф'янавыя боты, канфедэратка з паўлінавым пяром, бракавала яму толькі карабелі, бо не любяць паслядоўнікі Заглобы нечакана сустрэць паліцыю. Вядома, бацька не вельмі ўзрадаваўся такому праслаўленню Рэчы Паспалітай, але гасціннасць абавязвала не паказваць гэтага, і хутка пан Вільгельм сваім шалёным запалам здолеў загладзіць свой выбрык.
У кастрычніку таго ж 1862 года мы зноў вярнуліся ў Парыж, і я пайшоў у перадапошні клас. Бацька павінен быў прыехаць на Каляды. Французская прэса вельмі цікавілася польскім пытаннем. Князя Адама Чартарыскага ўжо год як не было. На пасадзе «караля партыі» яго змяніў другі сын, князь Уладзіслаў, жанаты з княжной Ампарай, марганатычнай дачкой іспанскай каралевы Крысціны і такім чынам, зводнай сястрой пануючай каралевы Ізабэлы. Нягледзячы на тое, што князь Уладзіслаў атрымаў у спадчыну напаўафіцыйнае становішча свайго бацькі ў свеце, ён не атрымаў у спадчыну ні яго выключнага розуму, ні яго асаблівага вопыту, і гатэль «Ламбер» стаў генеральным штабам партыі «белых» экстрэмістаў, якія адкрыта падштурхоўвалі да паўстання. Традыцыйна на Каляды ў гатэлі «Ламбер» адбыўся дабрачынны вечар51 на карысць беднай эміграцыі, на ім гандлявалі не толькі польскія, але і шматлікія французскія і замежныя велікасвецкія дамы. Вечар 1862 г., куды мяне адвёз мой бацька, быў выключна прыгожым і карысным.
Прысутнічала на ім, тады яшчэ маладая, не вельмі прыгожая, але абаяльная графіня Марыя, жонка Міхала Тышкевіча (у дзявоцтве Радзівіл), чый муж, каласальнага росту, вельмі прыгожы, эфектны вялікі пан і прафесійны няўдачнік, успадкаваў пасля смерці дзядзькі Яна вялізную ардынацыю Біржы і ўжо спяшаўся пасяліцца ў шыкоўных апартаментах на вуліцы Фобур Анарэ. Тут я часта бавіўся з яго сынамі, маімі аднагодкамі. Гэтым вечары ён купіў у жонкі філіжанку гарбаты і заплаціў за яе дзесяць тысяч франкаў. Натуральна, што ўсе дамы, нават і замежніцы, былі ў жалобе і пра ўваскрэсенне незалежнай Польшчы ад мора да мора, гаварылася з такой жа ўпэўненасцю, як у жніўні 1914 года ў Берліне крычалі: «На Парыж».
31
Кочабрык – (карэта-брычка) вялікая, крытая, конная павозка на рысорах, падобная на карэту. Звычайна чатырохколавая, чатырохмесная, з плоскім дном, з дзвярыма і надколавымі аркамі. Выкарыстоўваўся дробнай шляхтай у XIX ст. – Л. Л.
32
Аднак рускі афіцэр М. Мяжэйцкі пісаў, што менавіта з мэтай задушэння сялянскіх хваляванняў у Лідскі павет быў перакінуты Нараўскі пяхотны полк: «Прайшло толькі некалькі месяцаў з дня маніфеста пра вызваленне сялян, і ў абшарнікаў пачаліся з імі непаразуменні, якія ўвесь час патрабавалі ўмяшання вайсковай сілы, … гэта і было прычынай паспешнага выкліку нашага палка з Курляндыі ў Літву. Падчас знаходжання ў Лідскім павеце полк, як кажуць, быў у разгоне: роты, па адной ці па дзве, знаходзіліся амаль у бесперапынным перасоўванні, робячы пераходы з аднаго паселішча ў другое для ўціхамірвання… сялянскіх бунтаў, уціхамірванні гэтыя суправаджаліся, як звычайна, розгамі». – Л. Л.
33
Гл: Jan Chryzostom Pasek. Pamiętniki. opr. Roman Pollak. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1987.
34
Юзаф Тышкевіч адным з першых уладкаваў у Ландварава тэнісныя корты. – Л. Л.
35
Натуральна, я канспектую гэтую гісторыю не de visu, але de auditu (не бачыў, але чуў, фр. – Л. Л.), але з лепшых крыніц – з аповедаў пана Юзафа Шалевіча і Тышкевіча, які пазней стаў палкоўнікам, я добра ведаў яго. І, нарэшце, па расказу адной з ахвяр гэтай драмы. Калі праз 15 гадоў я ўзяў Лугамовічы, там служыў конюхам мажны селянін, прозвішча якога я ўжо не памятаю, але якога, паводле нашага звычаю, празвалі Лындай (валацуга, гультай, той хто «б'е лынды» – Л. Л.). З-за голасу як у быка і схільнасці да бутэлькі, ён быў прызнаны адным з галоўных завадатараў і атрымаў самую вялікую порцыю – 100 бізуноў. Я паспрабаваў даведацца ў яго пра ход усёй гэтай справы. Мне было нялёгка дасягнуць гэтага, бо, як я пазней пераканаўся па некаторых героях турэцкай вайны 1877 года і японскай вайны 1904 года, паўнапраўныя грамадзяне, выбаршчыкі і нашы заканадаўцы звычайна маюць і захоўваюць уражанні толькі «пакуль скура свярбіць». Я быў здзіўлены, калі ветліва выказаў Лындзе некалькі слоў спачування з нагоды яго «пакутніцтва» і пачуў у адказ: «І добра атрымаў, паночку, чаго мне было туды лезці».
36
Каталіцкім касцёлам у 1850-х гадах быў ініцыяваны рух за цвярозасць, які разглядаўся ўладамі як пагроза напаўненню бюджэту і небяспечная «польская» грамадская ініцыятыва. Аднак ураду прыйшлося пайсці на пэўныя захады, каб зменшыць спажыванне алкаголю, у тым ліку даўшы палёгку піваварам, бо да гэтага часу падаткавая палітыка стымулявала перавагу гарэлкі над усімі іншымі алкагольнымі напоямі. На месцах былі створаны «Камітэты для назірання за правільным продажам алкагольных напояў». У Лідзе такі камітэт пад кіраўніцтвам павятовага маршалка шляхты (прадвадзіцеля дваранства) Рамуальда Казіміравіча Кастравіцкага (кавалер ордэна Св. Уладзіміра 4-й ступені) з'яўляецца ў 1846 г. Акрамя маршалка, камітэт утваралі 3 сябры камітэту і 13 дэпутатаў, папяровымі справамі камітэта займаўся «пісьмавадзіцель» павятовага маршалка шляхты. Сярод «дэпутатаў» камітэта ў 1850 г. з'яўляецца і «Мирон-Бронислав Фридрихович Нарбутт», які пісаў: «З 1860 года, калі ў цэлым Краі пачаў абуджацца разумовы рух, актыўна клапаціліся пра заснаванне народных школ і лідзяне, а духавенства пашырала таварыства цвярозасці з даволі паспяховым вынікам, так што побыт лідзян значна палепшыўся, і ў 1862 годзе спаткаць п'янага лідзяніна было ўжо рэдкасцю». Неабходна заўважыць, што ідэя народнай цвярозасці прыйшла ў наш край з Еўропы, і асаблівы ўздым гэтага руху прыйшоўся на 1858—63 гг., г. зн. перад самым паўстаннем: «У Царства Польскае цвярозасць прыйшла ў 1857 г. і адтуль у канцы 1858 г. распаўсюдзілася ў сумежных губернях: Ковенскай і Гарадзенскай. …у снежні 1858 цвярозасць прыйшла і да нас… і да 1 сакавіка 1859 г. цвярозасць распаўсюдзілася па паветах: Віленскім, …збольшага па Ашмянскім і Лідскім». Да канца 1859 г. 39 408 чалавек на Лідчыне публічна, у храмах, прынялі на сябе абавязак устрымлівацца ад ужывання алкаголю. У 1859 г. у суседняй Гарадзенскай губерні доля даходаў дзяржаўнага бюджэту ад продажу і вытворчасці алкагольных напояў даходзіла да 55% ад усіх даходаў. У любой іншай краіне гэты паказчык не перавышаў 24%, Віленская губерня, куды ўваходзіў Лідскі павет, мела прыкладна тую ж статыстыку, што і Гарадзенская. – Л. Л.
37
Пасля расстрэлу ў 1861 г. дэманстрацый у Варшаве, асабліва пасля красавіцкай масакры, вулічныя дэманстрацыі змяніліся зборамі ў касцёлах, дзе спяваліся патрыятычныя гімны і адзначаліся памятныя даты з гісторыі Рэчы Паспалітай. «Маральная рэвалюцыя» набывала форму кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання і ставіла ў тупік прадстаўнікоў імперскай адміністрацыі, якія ніколі не сутыкаліся з такімі формамі палітычнага жыцця. Жанчыны ў памяць аб красавіцкіх ахвярах нязменна насілі жалобную вопратку. Тыя, хто не насіў жалобы, падвяргаліся на вуліцах маральнаму ціску. У Лідзе, як і паўсюдна, пад уплывам варшаўскіх расстрэлаў мужчыны апранулі канфедэраткі і чорныя чамаркі, а жанчыны жалобу. Гімн «Божа, што ж Польшча» быў перакладзены на беларускую, літоўскаю, яўрэйскую і ўкраінскую мовы і стаў вельмі папулярным. – Л. Л.
38
У 1855 г. памёр цар Мікалай І, Расія атрымала ганебную паразу ў Крымскай вайне. Сітуацыя, у якой у 1855 г. быў каранаваны новы цар Аляксандр II, адназначна дыктавала неабходнасць рэформаў і лібералізацыі рэжыму. Улады на той момант не мелі праграмы пераўтварэнняў, але «польскае пытанне» непазбежна адразу апынулася ў цэнтры іх увагі. Імператар французаў Напалеон III дэклараваў сабе як абаронца правоў нацыянальнасцей. – Л. Л.
39
Першая маніфестацыя ў Вільні адбылася 20 траўня 1861 г. Пасля яе пратэсны рух пракаціўся па ўсёй гістарычнай Літве: арганізоўваліся паніхіды па загінуўшых у Варшаве, хросныя хады, адзін з якіх у Коўні прайшоў па мосце цераз Нёман і сімвалізаваў унію Літвы і Польшчы. У жніўні 1861 г. у Вільні пасля службы ў касцёле і спеваў гімнаў, каля 5 000 чалавек – шляхты, гараджан і сялян – прайшлі па горадзе ў знак «сардэчнага збліжэння», падчас мірнай маніфестацыі на Пагулянцы рускае войска па камандзе Назімава ўжыло зброю, загінула 11 чалавек. – Л. Л.
40
У чэрвені 1863 года генерал-губернатар Мураўёў забараніў жанчынам нашэнне жалобы нават па страчаных мужах, братах і бацьках. – Л. Л.
41
Раман Станіслаў Дмоўскі (1864—1939), польскі палітычны дзеяч, публіцыст. Дмоўскі распрацаваў асновы нацыянальна-дзяржаўнай арганізацыі Другой Рэчы Паспалітай на падставе канцэпцыі інкарпарацыі і выступаў супраць федэратыўнай канцэпцыі Пілсудскага. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 г. стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы», які ў 1933 г. быў забаронены. Сярод іншага, Дмоўскі пісаў пра фатальную ролю «польскага пытання» для гісторыі Рускай Імперыі: далучэнне земляў Рэчы Паспалітай да Імперыі зрабіла немагчымым нармальнае палітычнае развіццё гэтай краіны: «Колькі разоў Расія ўступала на шлях разумных памяркоўных рэформаў і ў часы Аляксандра I, і ў часы Аляксандра II, альбо ў перыяд станаўлення Думы, і кожны раз сыходзіла з гэтага шляху. Галоўнай прычынай было „польскае пытанне“, а дакладней небяспека, што палякі выкарыстаюць палітычныя правы дзеля ўмацавання ўласных пазіцый і падрыву рускай дзяржаўнасці… Трэба было выбіраць паміж эвалюцыйным і рэвалюцыйным шляхамі развіцця. У выніку таго, што „польскае пытанне“ фактычна заблакавала першы з іх, Расія была прыгавораная да рэвалюцыі. Магчыма, апошнія падзеі ў Расіі (маецца на ўвазе рэвалюцыя 1917 г. – Л. Л.) з'яўляюцца расплатай за панаванне над Польшчай» – Л. Л.
42
Ігнацы Ян Падарэўскі (1860—1941), польскі піяніст, кампазітар, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, дыпламат. Са студзеня па снежань 1919 г. займаў пасаду прэм'ер-міністра і міністра замежных спраў Польшчы. – Л. Л.
43
Верагодна, гэта быў Лясковіч Войцех Альберт, сын Фелікса, дваранін Лідскага павета. Да паўстання 1863 г. яго бацька валодаў маёнткамі Кір'янаўцы і Пяткаўшчына Лідскага павета. Падчас паўстання агітаваў дваровых людзей удзельнічаць у ім, таму яго маёмасць на падставе распараджэння віленскага губернатара ад 27.06.1863 і пастановы Віленскага грамадзянскага праўлення ад 23.07.1863 падлягала секвестру. Пастановай ваеннага суда прысуджаны да смяротнага пакарання і канфіскацыі маёмасці. Прысуд выкананы (да 01.10.1864). Ягоныя парэшткі разам з парэшткамі іншых паўстанцаў нядаўна былі перазахаваныя ў Вільні. – Л. Л.
44
Граф Міхал Тышкевіч (1828, Валожын —1897, Рым) – падарожнік, калекцыянер, археолаг-аматар. Падарожнічаў па Егіпце і Нубіі (1861—1862, 1867—1868), вёў раскопкі і збіраў калекцыю антыкварыяту, якая цяпер размеркавана па многіх музеях свету (у тым ліку Парыж, Лондан, Капенгаген, Берлін, Бостан, Рым, Нацыянальны Музей у Варшаве). Аўтар Дзённіка падарожжа ў Егіпет і Нубіі (1861—1862), апублікаванага ў Парыжы ў 1863 годзе. Калекцыянер антычнага мастацтва. 2-гі ардынат Біржанскі (1862—1897), пацверджаны ў званні графа ў Расійскай Імперыі 8 траўня 1861 года. Яго першай жонкай у 1849 годзе ў Бердзічаве стала княгіня Марыя Радзівіл (1830—1902), дачка князя Мікалая Радзівіла (1801—1853) і Вікторыі Эміліі Нарбут (1800—1855). У мужа і жонкі было два сыны і тры дачкі: – Граф Юзаф Тышкевіч-Лагойскі (1851—1905), 1-я жонка з 1888 года Хелена Лаская (1862—1890), 2-я жонка з 1893 года Ізабэла Эмілія Вераніка Лаская (1859—1944), сястра першай жонкі. – Граф Ян Антоній Тышкевіч-Лагойскі (19 сакавіка 1852 – 9 чэрвеня 1901), 3-ці ардынат Біржанскі (1897—1901), з 1878 года меў жонку графіню Клемянціну Патоцкую (1856—1921). – Графіня Ядвіга Тышкевіч-Лагойская (1857—1879), з 1868 года муж – Адольф Марыян Бажэнік-Ялавіцкі (1841—1898). – Графіня Вікторыя Марыя Тышкевіч-Лагойская (1858 – 4 жніўня 1901), з 1878 года муж граф – Аляксандр Галабек-Язёрскі (1852—1895). – Графіня Ванда Тышкевіч-Лагойская (1863—1929), з 1883 года муж – Казімір Клеафас Раймунд Сулятыцкі (1854—1925). Другой жонкай Міхала Тышкевіча ў 1873 годзе стала яго даўняя палюбоўніца, францужанка Джульета ле Бо (нар. 1840). Другі шлюб быў бяздзетным. – Л. Л.
45
Дзявотка – празмерна набожная жанчына. – Л. Л.
46
Яшчэ за 30 гадоў да з'яўлення аўтамабіля, з уздымам рэспублікі, недзе ў 1871 годзе карэты а-ля Дамон зніклі з Булонскага лесу.
47
У 1862 г. пачала працаваць чыгунка Пецярбург-Варшава. – Л. Л.
48
Музыка Юзафа Нікаровіча, словы Карнеля Уейскага. – Л. Л.
49
Аляксандр Ігнацы Веляпольскі (1803—1877), польскі дзяржаўны дзеяч. 3 лістапада 1861 г. памочнік намесніка Каралеўства Польскага вялікага князя Канстанціна Мікалаевіча, віцэ-старшыня Дзяржаўнага савета Каралеўства Польскага. Ініцыятар шэрагу ліберальных рэформаў, са жніўня 1863 г. у адстаўцы. – Л. Л.
50
Гл: Пратасэвіч Вільгельм. Суседчык гавейскі (з прадмовай Юрыя Пацюпы) // Ад Лідскіх муроў. 2019. №9. С. 6—47. – Л. Л.
51
У тэксце «вента» – такую назву мела ложа карбанарыяў. – Л. Л.