Читать книгу Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925) - - Страница 7

Кніга першая. Прыватнае жыццё
Раздзел V. Паўстанне 1863 г. Мураўёў. Зняволенне бацькі. Вільня. Каўфман

Оглавление

У другой палове студзеня, калі ў маіх бацькоў былі госці, прыйшла вестка пра паўстанне 1863 года.

Бацька адразу вырашыў неадкладна вярнуцца дадому, бо праз некалькі тыдняў заканчваўся двухгадовы тэрмін адмены прыгоннага права, а даверанай асобы Юзафа Шалевіча, які мог аднаасобна вырашыць крызіс, ужо не было, ён звольніўся яшчэ мінулай вясной, каб падрыхтаваць два свае фальваркі ў Лідскім павеце. Але маці папрасіла бацьку пачакаць і даведацца, перакінецца гэты пажар на наш край ці не. Хутка перакінуўся, і дзякуючы, з аднаго боку, невычэрпнай дабраце шляхетнага генерал-губернатара Назімава, які не толькі не меў рашучасці падпісаць смяротны прысуд, але нават і саслаць у Сібір, а з другога, дзякуючы раздражняльным прамовам у французскім сенаце князя Напалеона і прэзідэнта Банжана, а таксама дыпламатычным нотам Францыі, Англіі і Аўстрыі, вынік якіх не цяжка было прадбачыць як вартае жалю дыпламатычным фіяска, а таксама дзякуючы і двудушнасці Напалеона III. З-за ўсяго гэтага, яшчэ да вясны, па ўсёй Літве людзі пачалі «сыходзіць у лес». Ноты заходніх краін падштурхнулі Аляксандра II і яго міністра знешніх спраў, славутага Гарчакова, неадкладна і энергічна задушыць паўстанне, каб уратаваць так званыя заходнія губерні. Калі пачалі шукаць асобу на змену Назімаву, кандыдатам мог бы быць толькі адзін з генерал-ад'ютантаў. Аднак ліберальная плынь, якая панавала ў той час у Расіі, аказалася настолькі моцнай, што ўсе генерал-ад'ютанты, пачынаючы з князя Суворава і князя Пашкевіча-Варшаўскага, заявілі імператару, што не бачаць іншага спосабу супакоіць паўстанне як толькі задаволіць патрабаванні, і пан Анджэй Замойскі ў Парыжы ўжо выказаў гэтыя патрабаванні высокаму саноўніку пану Янахаву (ён пазней сам мне гэта распавёў), якога паслалі туды для гэтай мэты. Адбыўся наступны дыялог: «Але, нарэшце, пан граф, што вы хочаце ад нас?» Адказ: «Allez vousen!» («Ідзіце прэч!»). Засталіся толькі два кандыдаты, на энергію якіх можна было разлічваць: папярэднік Назімава, стары генерал-ад'ютант Бібікаў (прычыну яго няміласці я назваў вышэй) і не менш стары генерал-ад'ютант Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў52, якога ўжо ў 1831 г., калі ён быў губернатарам у Гародні, празвалі «вешальнікам».

Два гады таму Мураўёў быў гучна зняты з пасады міністра дзяржаўнай маёмасці з-за самых абуральных злоўжыванняў53, Герцэн у сваім «Колоколе», які выдаваўся ў Лондане і які Аляксандр II штодзень чытаў, апублікаваў рэзкі артыкул пра гэтага Мураўёва і закончыў яго словамі: «Міхаіл Мікалаевіч, вы – дзяржаўны злодзей».

Але Аляксандр, верны традыцыям сваёй дынастыі, палічыў за лепшае даверыць неабмежаваныя правы злодзею, чым дараваць свайму высакароднаму, але ўпартаму слузе (Бібікаву – Л. Л.).

У Парыжы мы даведаліся, што першым учынкам новага сатрапа пасля прыезду ў Вільню, быў загад прадставіць спіс арыштаваных у той дзень. У самых першых радках былі ксёндз Ішора, пробашч з Лідскага павета54, які з амбоны прачытаў сваім парафіянам маніфест так званага Нацыянальнага ўрада і стрыечны брат маёй маці Уладзіслаў Лясковіч55, 17-гадовы студэнт шляхецкага інстытута, нейкі шпіён падслухаў калі ён, стоячы з паненкай на тратуары, сказаў, што «французы ўжо высадзіліся ў Вержбалова!». На палях паперы, насупраць гэтых прозвішчаў, Мураўёў напісаў: «Расстрелять»,  і наступнай раніцай іх абодвух без суда і допыту расстралялі на Лукішскім пляцы.

Гэта толькі ўзмацніла просьбы маці. Мы зноў паехалі ў адпачынак да мора, але з-за неабходнай эканоміі не ў Д'еп, а ў больш танны Жэкам. Руфін Пятроўскі зноў суправаджаў нас.

Увосень, калі сутычкі з паўстанцамі ў Літве цалкам закончыліся, бацька не ўтрымаўся і вярнуўся ў край. Мураўёў, якому ён павінен быў прадставіцца, ведаў, што бацька трымаецца ў баку ад усялякіх дэманстрацый і прыняў яго добразычліва, падоўжыў на год нашы пашпарты і па-здрадніцку параіў неадкладна ехаць у свой маёнтак, чаго бацька асцерагаўся і абачлівыя людзі не раілі рабіць яму гэта з-за страху перад рознымі брыдотамі, якія выдумлялі прыстаўленыя да кожнага павета ваенныя начальнікі, якіх надзялілі дыктатарскімі паўнамоцтвамі, як у ваенны час. Але бацька паехаў, агледзеўся, навёў нейкі парадак і вярнуўся ў Вільню, адкуль вярнуўся ў Геранёны толькі на веснавую сяўбу ў красавіку. Праз некалькі тыдняў ён атрымаў ад начальніка павета палкоўніка Каладзеява ветлівы, але цвёрды ліст, у якім той выказваў жаданне сустрэцца і дзеля гэтага выклікаў яго ў Ашмяны. Бацька, якога душыла наша традыцыйная шляхецкая фанабэрыя, адказаў, што ён пасля сваёй доўгай адсутнасці вельмі заняты і будзе рады сустрэць пана палкоўніка ў Геранёнах. Гэтым сябе і загубіў.

Замест палкоўніка Каладзеява прыбыў жандарскі афіцэр з двума салдатамі, не зводзячы вачэй з падазронага, загадаў спакаваць неабходныя рэчы і павёз з сабой у Ашмяны.

Тут я павінен згадаць прыгожы ўчынак… яўрэя Янкеля. У спальні майго бацькі меўся вогнетрывалы сейф ад Фішэ з Парыжа з усімі хітрымі замкамі, а ў ім тоўсты гаманец з дзяржаўнымі расійскімі акцыямі на суму каля ста тысяч рублёў. Бацька не страціў розум, калі з дапамогай слугі складаў свае рэчы пад наглядам афіцэра, які, бадай, ніколі ў жыцці не бачыў падобнай касы. Тата не глядзеў на яе, але голасна загадаў слузе, каб паклікаў сюды вельмі адданага яму эканома Радзевіча. Пад гучныя каманды і размовы, бацька прашаптаў: «Адразу прывязіце да мяне ў Ашмяны Янкеля Дудскага».

Уначы падалі нашу брычку і коней, афіцэр сеў каля таты, і яны паехалі ў Ашмяны. Бацька, як звычайна, спыніўся ў карчме ў Янкеля Бакшта, у якой у 1812 годзе разам з ротмістрам Вансовічам начаваў сам Напалеон, калі ўцякаў са Смаргоні. Перад уваходам паставілі варту і загадалі не пакідаць карчму, пакуль тата не сустрэнецца з палкоўнікам Каладзеявым. Убачыў яго толькі праз тыдзень.

Янкель Дудскі з'явіўся ўжо на раніцы. На працягу 20 гадоў разам са сваім партнёрам Маркелем ён быў у майго бацькі манапалістам усяго гандлю збожжам, ільном і г.д., і заўсёды паводзіў сябе сумленна. Баючыся, што ў кожную гадзіну маскоўскія чыноўнікі завалодаюць Геранёнамі і асабліва сейфам, бацька хутка загадаў Янкелю: «Вяртайся ў Геранёны, ідзі з гэтым ключом у маю спальню. Наставіўшы шыфр-слова, адкрый сейф. У ім знойдзеш партфель, у якім сто тысяч працэнтных каштоўных папер, неўзабаве гэтыя паперы могуць каштаваць, як увесь мой маёнтак. Завязеш партфель да маршалка Яна Лубанскага ў Вілейскі павет, аддасі яму на захаванне як дэпазіт да далейшага майго ці маёй жонкі распараджэння і прывязеш мне адказ». Янкель апрануўся ў дарогу у самую сціплую вопратку, як жабрак, едучы з вёскі да вёскі на нанятых сялянскіх павозках, патрапіў да пана Лубанскага, перадаў дэпазіт і прывёз адказ майму бацьку. Усё зрабіў вельмі добра.

Але праз дзясятак-другі гадоў ён купіў у мяне вялікую партыю льну і скарыстаўся маёй адсутнасцю. Прымаючы тавар, самым ганебным чынам, прыкладна на 300 рублёў ашукаў майго дурнога эканома. Калі я вярнуўся і заўважыў гэтае свавольства, то спытаўся ў Янкеля: «Як мог чалавек, які ў 1863 г. меў гонар у адносінах з маім бацькам, цяпер учыніць такое жаласнае махлярства ў адносінах да мяне?». Янкель адказаў вельмі спакойна: «Ясны пан няслушна мае да мяне прэтэнзіі. Тады стары пан, хай пан Бог падоўжыць яго гады, звярнуўся да мяне не як да гандляра, а як да чалавека, як да сябра, бо такія ў нас ужо былі з ім адносіны. Каб я злоўжыў яго даверам, я быў бы апошнім з апошніх. А Ясны пан, калі прадаваў мне лён, меў справу не з сябрам, а з купцом, і для мяне ён быў толькі прадавец, які займаецца сваёй справай, а купец займаецца сваёй. А што пан узяў сабе дурнога эканома, то гэта яго бяда»… і закрыў мне рот.

Калі палкоўнік нарэшце «ласкава» паклікаў да сябе майго бацьку, сутнасць справы высветлілася. Адразу ж пасля нашага прыезду, Мураўёў, нібыта для палягчэння ваенных дзеянняў і магчымасці прымянення артылерыі, загадаў даволі густа высекчы ва ўсіх лясах лініі-прасекі, сляды якіх відаць і сёння, і вырашыў, што гаспадар для гэтага альбо заплаціць сялянам за іх працу па каштарысу павятовага кіраўніка і прадасць лес, як хоча, або не будзе плаціць нічога за працу, а сяляне бясплатна возьмуць сабе спілаванае дрэва. Яшчэ да вяртання майго бацькі з Парыжа, нашы сяляне з ведама ўладаў вычысцілі ўсё дрэва, але пан Каладзеяў захацеў дамагчыся ад майго бацькі грошай, роўных кошту працы, якую ён вылічыў у адзінаццаць тысяч рублёў, вядома, каб бясследна пакласці сабе ў кішэню. Бацька быў занадта ўпэўнены ў сабе, трохі заядлы і грунтуючыся на парадзе самога Мураўёва спакойна ехаць у вёску, адмовіўся даць грошы. Пачалося «дело». Камандзір нейкага партызанскага атрада Віславух прабіраўся праз лясы з Царства Польскага ў бок паўночнай пруска-расійскай мяжы і хацеў на пароме пераправіцца цераз Бярэзіну56. Паром знаходзіўся ў лугамоўскім фальварку, які таксама меў назву Бярэзіна. Тут ён затрымаўся на некалькі гадзін і загадаў арандатарцы Рубін даць, колькі можа, хлеба, масла і смятаны.

У дужках дадам, што ні ў чым іншым сістэма «хаджэння з паходняй каля страхі роднай хаты» не праявілася так выразна, як у арганізацыі Варшаўскiм рэвалюцыйным камітэтам ўзброенага паўстання ў нашым краі. З ваеннага боку, гэта было нешта жаласна-дзіцячае. Там, дзе пачыналася сутычка, паўстанцы, узброеныя толькі паляўнічай зброяй з боем на адлегласць 120 крокаў, без страт расстрэльваліся бяспечнымі жаўнерамі, стралковая зброя якіх магла цэліць на адлегласць больш за 300 крокаў. Адно вядома: колькасць жаўнераў, забітых на палях ў Літве не раўнялася нават траціне павешаных ці расстраляных мясцовых (адначасова, толькі ў адной Ашмяне было павешана сямёра, і гэта ў той час, калі па ўсім павеце не было чуваць ніводнага стрэлу)57.

Але ж было б несправядліва вінаваціць сапраўдных лідараў гэтага руху ў «глупстве».

Не-не, гэта нешта зусім іншае. Нездарма Здановіч, студэнт з Пецярбурга, сын ваеннага доктара, які мала валодаў польскай мовай і якога я сустрэў у генеральскім мундзіры пасля смерці майго сына, быў адным з галоўных арганізатараў паўстання ў Вільні. Калі пасля яго прысуду на смерць, старшыня ваеннага суда спытаў, як ён, такі разумны чалавек (а ён быў такім), мог гэтак памыляцца адносна перспектыў поспеху паўстання, Здановіч спакойна адказаў: «Я бачу, што пан палкоўнік цалкам не разумее маіх мэтаў, я не памыляюся, і мая праца не марная. Лепш, чым мог я сам, яе даробіць мой спадчыннік… Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў»58.

А ў нашай справе вельмі прыгожа паказалі сябе яўрэйка і праваслаўны поп. У турме Рубін пасадзілі ў асобную камеру і сказалі, што яна не выйдзе, пакуль не прызнаецца, што мой бацька перад ад'ездам за мяжу (за 6 тыдняў да выбуху студзеньскага паўстання) загадаў ёй шчодра прыняць паўстанцаў. Рубін была цяжарнай. Кожны дзень ёй пагражалі, што калі яна народзіць, дык дзіця ў яе забяруць і хрысцяць у праваслаўнай царкве. Яна нарадзіла дачку Рохлю і, нягледзячы на штодзённыя пагрозы, да самага вызвалення майго бацькі трымалася на сваім – што паўстанцы гвалтам адабралі ў яе хлеб і малочныя прадукты.

Паколькі праваслаўнае мястэчка Мікалаева на Нёмане мяжуе з Лугамовічамі, Каладзеяў паслаў урадніка да мікалаеўскага святара Пратасевіча, заклятага п'яніцы, але вельмі годнага чалавека, каб той загадаў мікалаеўскім сялянам пад прысягай засведчыць, што мой бацька пераконваў іх пры з'яўленні паўстанцаў аказваць ім усялякую дапамогу. Пратасевіч паклікаў сялян да афіцэра і сказаў ім жорсткую пропаведзь, у якой нагадаў сялянам пра важнасць прысягі і пагражаў усімі царкоўнымі пакутамі, калі яны будуць сведчыць што-небудзь, акрамя праўды. Тады сяляне ў адзін голас засведчылі, што ніхто з іх не бачыў майго бацьку ужо некалькі гадоў. Пратасевіча арыштавалі на месцы, адвезлі ў Вільню, меліся выслаць у Сібір, але архіепіскап Сямашка (галоўны ў справе скасавання уніі) нейкім чынам выратаваў яго.

Не маючы магчымасці абгрунтаваць жаданы прысуд, Каладзеяў у верасні адправіў бацьку ў Вільню, ў перароблены пад турму дамініканскі кляштар, прызначаны для нібыта небяспечных вязняў. Менш важныя сядзелі ў кляштары францысканцаў.


Тым часам мы з братам у жніўні здалі іспыт сталасці (baccalaureat еs lettres) і ўжо без гувернёра чакалі ў Д'епе вырашэння свайго лёсу. Каля 1 кастрычніка мая маці атрымала паведамленне з расійскай амбасады, што хоць тэрміны яе і нашых пашпартоў яшчэ не скончыліся, але згодна з спецыяльным распараджэннем Мураўёва, яна з дзецьмі, на працягу васьмі дзён павінна з'явіцца ў Вільні, калі не з'явіцца – будзе лічыцца эмігранткай і яе маёнткі, якія складалі большую частку сямейнай маёмасці, будуць канфіскаваны. Мы вярнуліся ў Вільню роўна праз два гады пасля таго, як яе пакінулі.

У асноўным з-за чыноўнікаў, горад было ўжо не пазнаць. За некалькі месяцаў Мураўёў здолеў, за выключэннем бедных «вольнонаёмных» пісараў, якія атрымлівалі па тры рублі ў месяц плюс хабар, замяніць ўсіх мясцовых чыноўнікаў на подлую сволач, пра якасць якой здагадацца не цяжка і пры гэтым добрую палову з іх складалі «нігілісты». Усе яны прыехалі цэлымі эшалонамі, атрымалі ў канцылярыі спіс вакантных пасад і ў нядзелю раніцай запоўнілі вялізную бальную залу палаца генерал-губернатара. Сатрап сказаў некалькі слоў і са спісам у руках пачаў раздаваць «манну нябесную». Адбываліся камічныя дыялогі. Пра адзін з іх памяталі яшчэ і праз дзесяць гадоў.

Выцягнуўшыся, стаіць герой з фіялетавым носам. Падыходзіць сатрап:

– Ты, што хочаш?

– Месца, Ваша правасхадзіцельства!

– Якога?

– Казначэя ў Вількаміры.

– Ты служыў?

– Я служыў, Ваша правасхадзіцельства!

– У якім напрамку?

– Інжынерам.

– За што прагналі?

– Я упаў, Ваша правасхадзіцельства!

– На роўным месцы?

– На роўным, Ваша правасхадзіцельства!

– Касірам не годны, будзеш суддзёй у Ашмянах.

І ён стаў суддзёй59.


Мы пасяліліся ў толькі што адчыненым яўрэем Левянсонам «Еўрапейскім» гатэлі, які як быццам, быў арганізаваны ў еўрапейскім стылі, г. зн. меў пасцелі, бялізну, газавае асвятленне. Паўсюдна было поўна расейцаў як ваенных, так і цывільных, на вуліцах патрулі. Пасля заходу сонца нельга выйсці без ліхтара ў руках і пропуска ў кішэні. Арыштаў па найменшым падазрэннях больш не было, экзекуцый таксама, бо ўвесь «матэрыял» ужо быў вычарпаны. Толькі па некалькі разоў на тыдзень збіраліся натоўпы людзей усіх станаў, і іх без суда высылалі ў Сібір. Між імі было шмат жмудскіх сялян, большасць з іх не разумела польскай мовы […].

Маці адразу пайшла да губернскага маршалка шляхты Аляксандра Дамейкі, вялікага сябра і паклонніка майго бацькі. Ён вельмі цёпла прыняў нас і рупліва заняўся нашымі праблемамі. Увесь першы месяц мы праводзілі вечары ў яго разам з цікавым у сваім родзе чалавекам, панам Рэйнгольдам Тызенгаўзам, найбагацейшым пасля смерці Яна Тышкевіча чалавекам Літвы, вялікім арыгіналам, пра якога я яшчэ згадаю. Дамейка, ужо 60-гадовы, невысокі, пульхны дзядок, у тыя часы шмат у чым не быў на вышыні свайго становішча. Падчас апошніх перад паўстаннем выбараў, шляхта выбрала яго як «шчасце», галоўным чынам, каб не абраць непапулярнага князя Ірэнія Агінскага, не толькі з-за таго, што дзякуючы яго жонцы, апошняй з вялікага роду Каліноўскіх, былой фрэйліны імператрыцы, якую кахаў сам малады Аляксандр II, Агінскі меў у Пецярбургу ўнікальнае становішча, але і таму, што ён быў князем, чалавекам багатым, з вытанчанымі манерамі і даволі шырокай адукацыяй.

Ад самога Дамейкі я даведаўся пра падрабязнасці нападу, учыненага на яго год таму. Неўзабаве пасля прыбыцця ў Вільню, Мураўёў запатрабаваў ад Дамейкі, а таксама ўсіх павятовых маршалкаў і іншых вядомых памешчыкаў, падпісаць зварот аб капітуляцыі як адказ на дыпламатычныя ноты заходніх краін. Нягледзячы на пагрозу з Варшавы, што калі Дамейка падпіша зварот, дык будзе забіты, ён, жадаючы засцерагчы сябе і шляхту ад масавай ссылкі ў Сібір (гэта тычылася не толькі тых нешматлікіх, хто не падпісаў зварот), падпісаў сам і намаўляў да гэтага іншых. Аднак не прыняў паліцэйскую ахову, прапанаваную яму Мураўёвым. Праз некалькі дзён у перадпакой увайшоў малады чалавек, гвалтам уварваўся ў сталовую, дзе сядзеў Дамейка, лёгка ўдарыў яго кінжалам у плячо і цяжка параніў слугу, які спрабаваў яго абяззброіць – нанёс два ўдары нажом, пасля чаго ўцёк.

На першым жа допыце гэты слуга больш-менш апісаў знешнасць забойцы, у тым ліку і тое, што ў яго былі чорныя валасы і блакітныя вочы. Таму штодзень, пераважна на чыгуначным вакзале, лапалі ўсіх, хто больш-менш адпавядаў апісанню (бо сумленны Дамейка адбрэхваўся тым, што ад болю страціў прытомнасць і нічога не памятае). Затрыманых паказвалі слузе, які па загадзе свайго гаспадара нікога не пазнаваў, але тым не менш, кожны дзень аднаго са злапаных вешалі. Сапраўднага злачынца выпадкова схапілі на чыгунцы толькі праз тыдзень. Магчыма, каб спыніць гэтую расправу над нявіннымі, ён прызнаўся ў сваім злачынстве, яго пазнаў слуга, і экзекуцыі пасля гэтага закончыліся.


Галоўнае для нас было – убачыць бацьку. З гэтай мэтай мы паехалі да Аляксандра Львовіча Патапава60, толькі што прысланага з Пецярбурга ў якасці памочніка генерал-губернатара, напэўна, каб уціхамірыць дзікія схільнасці Мураўёва. Патапаў, генерал світы цара, быў вельмі маленькага росту, але элегантны і тыповы рускі «барин». З прыемнасцю прыняў маці і нас, размаўляў выключна па-французску. Дурыў нам галаву пра «вяршэнства права», але назаўтра даслаў для нам дазвол наведаць вязня ў дамініканаў.

Мы знайшлі, што наш бацька вонкава вельмі змяніўся і моцна пастарэў за год, які мы яго не бачылі. Трымалі яго ў маленькай, але чыстай кляштарнай келлі, якую ён дзяліў са старым эмігрантам 1831 г. князем Мiрскiм, прысланым ад Парыжскага камітэта, у камітэт ўваходзіла шмат маладых людзей, якія маглі б быць Мірскаму сынамі, але пры гэтым вельмі цанілі сваю ўласную скуру. Вязні на дваіх мелі рускага, так званага дзеншчыка ці ардынарца, які прасіў бацьку, каб ён, калі яго будуць весці на шыбеніцу, аддаў свой прыгожы і залаты гадзіннік з рэпетытарам. Тады дзяншчык закажа па бацьку ўрачыстую «паніхіду». Нягледзячы на тое, што бацька сядзеў за кратамі больш за месяц, яго яшчэ ніхто не выклікаў на допыт, і таму ён не ведаў, што яму інкрымінуюць. Мы зноў пайшлі да Патапава і прасілі хаця б даць магчымасць падазраванаму скласці свае тлумачэнні пра інкрымінаваныя яму злачынствы. Патапаў сам пайшоў у турму, абышоў усе келлі і цярпліва выслухаў бацьку. Потым, па яго просьбе, загадаў выдаць чарніліцу, пяро, шмат паперы і, галоўнае, усё «дело» ў 300 старонак, якое Каладзеяў даслаў з Ашмян. Бацька падрабязна адказаў на ўсе абвінавачванні. Праз тыдзень пасля гэтага яго выклікалі ў следчую камісію пад старшынствам палкоўніка Лосева і пасля вельмі кароткага допыту ў той жа дзень адпусцілі. Як высветлілася, на гэтае хуткае рашэнне ў значнай ступені паўплываў наступны выпадак: адначасова з бацькам, хоць ён пра гэта і не ведаў, акрамя сапраўды глыбока скампраметаванага Гейштара з Коўні, А. Аскеркі, Эдварда Чапскага і іншых, неўзабаве высланых ва ўсходнюю Сібір, быў арыштаваны яго добры сябар пан Канстанцін Кашыц61, жанаты з прыгажуняй Несялоўскай, заможны землеўладальнік Лідскага і Наваградскага паветаў, нібыта начальнік нібыта цывільнага кіравання аднаго з гэтых двух паветаў. Пад пагрозай шыбеніцы, ён адразу растаў, як масла на сонцы і прызнаўся не толькі ва ўсім, але і пра ўсіх. Калі дайшла чарга да майго бацькі, Кашыц на пытанне, якія ў яго адносіны з панам Аскарам Корвін-Мілеўскім і што ён ведае пра яго палітычную дзейнасць, зароў, як бабёр: «Калі б я паслухаў гэтага мудрага чалавека, я б не быў тут!». Ён расказаў, што неўзабаве пасля вяртання майго бацькі з-за мяжы, яны абодва ў яго гатэльных апартаментах пачалі дарагую гульню ў прэферанс. Было ўжо каля поўначы, калі нумарны чалавек прынёс Кашыцу запячатаны ліст. Прачытаўшы яго, ён паклаў на стол ужо раздадзеныя карты, паабяцаў вярнуцца і выйшаў. Вярнуўся толькі праз некалькі гадзін: «Пан Канстанты, я занадта добра ведаю цябе і тваё каханне да прыгожай жонкі, каб падумаць, што ты кінуў нашу паважную партыю дзеля нейкай красуні. Ні аб чым цябе не пытаю, але мне ясна, што ты дазволіў уцягнуць сябе ў нейкую інтрыгу палітычнага характару», і выразна растлумачыў, што справа безнадзейная і што Кашыц можа толькі знішчыць сябе, сваю сям'ю і свой край, але не мае магчымасці зрабіць нешта карыснае.

Нягледзячы на гэта, апраўданне бацькі было толькі частковым і не датычыла матэрыяльнага боку. Бацька быў інтэрнаваны ў Вільні без права выезду. Адзінаццаць тысяч рублёў за высечку лесу ён павінен быў заплаціць, але ужо не беднаму палкоўніку Каладзеяву, а ў касу не больш добранадзейнага генерал-губернатара. Секвестр маёмасці, які быў накладзены яшчэ падчас знаходжання бацькі ў Ашмянах, быў зняты, але коштам вялізнай кантрыбуцыі, нібы на адміністрацыйныя выдаткі. Геранёнская рухомасць аказалася некранутай, акрамя піўніцы, у якой не засталося ніводнай поўнай бутэлькі, і адзінаццаці службоўцаў маёнтка, якіх арыштавалі адначасова з бацькам і, нягледзячы на яго апраўданне, выслалі ў Сібір як матэрыял для каланізацыі. Каля 10 гадоў бацька ўтрымліваў іх там за свой кошт, пакуль тым, хто застаўся ў жывых, не дазволілі вярнуцца.

Праз некалькі тыдняў пасля вызвалення, позна ўвечары прыехаў мясцовы паліцыянт з загадам майму бацьку на працягу 24 гадзінаў заплаціць тысячу рублёў штрафу «за самавольную пабудову каталіцкага касцёла з праваслаўнага камення». Гаворка ішла пра вялікую і прыгожую капліцу, якую яшчэ перад паўстаннем мой тата пабудаваў у сваім спадчынным маёнтку ў Цыціне на магіле свайго бацькі, папярэдне прыбраўшы драўляную і гнілую, старую капліцу. Не прайшлі і 24 гадзіны, як бацька ўжо меў усе патрэбныя паперы з неабходнымі на той час дазволамі і што «праваслаўнымі камянямі» быў адзіны нагробак праваслаўнага селяніна, які знаходзіўся на лініі новага падмурку і з-за павагі да нябожчыка, яго ўмуравалі ў сцяну так, каб быў бачны надпіс. Паколькі бацька ўдала выкруціўся з аплаты адміністрацыйных выдаткаў за маёнтак Лугамовічы, які быў выключнай уласнасцю маёй неангажаванай маці, Мураўёў вырашыў: «Мілеўскі занадта разумны, нельга яму дараваць усе штрафы», – і загадаў, каб былі выплачаны ўсе грошы.

Адразу пасля прыезду я, поўны радасцю 16-ці гадовага сэрца, паляцеў да свайго сябра з 1862 г. «вахмістра польскіх войскаў» Лукашэвіча. Знайшоў яго ў той самай венгерцы, але парваныя аксельбанты былі заменены на форменныя гузікі, на галаве – шапка чыноўніка з зоркай і мундзір адміністрацыі дзяржаўных стайняў. Мой вялікі сябар, мой партнёр у хатніх пастаноўках, вітаючыся са мной, называў мяне ўжо не паручнікам, а Гіпалітам Аскаравічам, бо ў сваім манежы даваў урокі верхавой язды пану Азнабішыну, прызначанаму ўрадам маршалкам шляхты. Гэта было маё першае расчараванне ў шчырасці чалавечай душы, але далёка не апошняе.

На наступны дзень пасля выхаду з турмы мой бацька сустрэў ля Вострай брамы другога героя той памятнай сустрэчы ў Геранёнах, пана Вільгельма Пратасевіча. Ён таксама насіў шапку чыноўніка з зоркай, бацька агледзеўся, убачыў, што на вуліцы нікога няма ні справа, ні злева, і тады бязлітасна спытаў: «Пан Вільгельм! А дзе ж той белы кунтуш, той слуцкі пояс, тыя саф'янавыя боты і тая канфедэратка?». Заглоба збялеў, як швейцарскі сыр, і, не развітаўшыся, уцёк.


Першым клопатам вызваленага бацькі было, што рабіць з двума сынамі, якія толькі што скончылі гімназію, ды яшчэ і за мяжой? Майму брату было 19, а мне толькі што споўнілася 17, і на гэтым мая вучоба не магла скончыцца. Калі мяне спыталі, я сказаў бацьку, што (ён і сам так лічыў) трэба думаць пра ўласны кавалак хлеба ў будучыні, а паколькі ўсё паказвала на пачатак чыгуначна-тэхнічнай ліхаманкі ў Расіі, я прасіў яго неадкладна адправіць мяне да пана Кузіна, каб я мог коштам яшчэ аднаго ці максімум двух гадоў здаць на «бакалаўра» па матэматыцы і прыродазнаўстве і паступіць у Цэнтральную школу, тады ў 20 гадоў я адразу стану інжынерам. Бацька пагадзіўся, але не пагадзіўся Мураўёў. Калі генерал Патапаў, які ўзяў майго бацьку пад сваю абарону, папрасіў выдаць мне пашпарт, сатрап цвёрда адказаў: «Не, я не дам пашпарт ні яму, ні яго брату да 20 гадоў, вызначаных законам. Яны дастаткова вывучылі французскую мову, няхай зараз вывучаюць матчыну расейскую мову».

І давялося вучыць. Нам узялі настаўніка пана Радзевіча. Не ведаю, чаму з 14 траўня 1926 г., калі нашчадкі караля Баторыя (далёкія) і канцлера Замойскага так ветліва з'ехалі па загадзе энергічнага «рызыкоўніка»62, я не магу забыць першага верша, які мне прадыктаваў тады пан Радзевіч. Як і многія, здавалася б, пустыя рэчы, верш не пазбаўлены глыбокай думкі, і я павінен запісаць тут яго ў надзеі, што гэтыя радкі больш не будуць мяне пераследаваць. Вось яны:

«Все мое», – сказало злато;

«Все мое», – сказал булат.

«Все куплю», – сказало злато;

«Все возьму», – сказал булат.


Адначасова бацька ўвёў нас у віленскі «свет». Ён ужо не быў такім, якім быў да 1861 года, калі, з аднаго боку, высокі дабрабыт вышэйзгаданага старога і новага літоўскага патрыцыяту, а з другога боку, цяжкасці зносін з Варшавай і Пецярбургам, а тым больш з замежжам, рабілі з Вільні сапраўдную сталіцу. Мураўёўскі тэрор, эканамічны крызіс, выкліканы вызваленнем сялян, кантрыбуцыі і г. д. ужо моцна даваліся ў знакі. Таму скарацілася колькасць дамоў, дзе яшчэ прытрымліваліся вельмі старога звычаю штовечар прымаць у сябе ўсіх знаёмых без усялякіх запрашэнняў, і таму малады чалавек мог кожны дзень праводзіць прыемныя вечары ў розных месцах, вядома, не без картачнага стала для больш сталых гасцей. Першым домам, куды мяне прывёў бацька, быў дом старога (яму тады павінна было быць не менш за 80 гадоў) князя Канстанты Радзівіла, трэці раз жанатага з Карніцкай. Валодаў ён двума вялікімі маёнткамі – Паланечка ў Наваградскім павеце і Тавяны ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні. Паходзіў з найменш заможнай з пяці радзівілаўскіх галін, якія ў XVI ст. адгалінаваліся ад князя Радзівіла-Сіроткі. Таму ў нашай гісторыі яны адыгралі менш значную ролю, чым іншыя чатыры галіны, і, насамрэч, належалі не да магнатаў («каралевічаў»63

52

Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў (1796—1866), генерал ад інфантэрыі, дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі. Нарадзіўся ў Пецярбургу. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. З 1811 г. на вайсковай службе. Удзельнік войнаў з Напалеонам. Актыўна дзейнічаў у дзекабрысцкіх гуртках. Суаўтар статута «Саюза працвітання». У 1820-я гады адыходзіць ад дзекабрыстаў і становіцца на праімперскія пазіцыі. Быў генерал-губернатарам у Віцебску, займаў іншыя высокія службовыя пасады. Дзейсна ўдзельнічаў у задушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання 1830—1831 гг. Шмат зрабіў для «обрусения» беларускіх земляў. Ініцыятар адмены дзеяння ў заходніх губернях імперыі Статута ВКЛ 1588 г. У знак пратэсту супраць правядзення сялянскай рэформы 1861 г. пакінуў дзяржаўную службу. Але ў сувязі з паўстаннем 1863 г. быў накіраваны генерал-губернатарам у Вільню з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. За жорсткае задушэнне паўстання атрымаў ад прагрэсіўных сучаснікаў мянушку «Вешальнік», а ад дзяржавы – тытул графа з прыстаўкай Віленскі. У сваіх «Политических записках» даваў рэкамендацыі ўраду і сваім наступнікам па далейшай палітыцы ў заходніх губернях. З 1865 г. у адстаўцы. – Л. Л.

53

Віленскі доктар Юльян Цітыюс успамінаў сваю размову з віленскім генерал-губернатарам Татлебенам: «І мяне Мураўёў не любіў. У 1860 г. па яго загадзе (быў ён тады міністрам дзяржаўнай маёмасці) адбылося агульнае выгнанне татараў з Крыма з рабункам іх зямель спекулянтамі і нават самой уладай. Цар Аляксандр ІІ паслаў мяне ў Крым разабрацца з гэтым варварскім для XIX ст. гвалтам. У сваім рапарце я абвінаваціў Мураўёва і напісаў ўсю праўду». – Л. Л.

54

У ліку першых пакаранне смерцю атрымаў ксёндз Станіслаў Ішора, вікары парафіі ў Жалудку. Ксёндз прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест і сам здаўся ўладам. Ён быў асуджаны ў Вільні на 5 гадоў катаргі, нягледзячы на амністыю тых, хто сам здасца ўладам. Генерал-губернатар Назімаў змякчыў пакаранне да 5 гадоў высылкі. На няшчасце, 26 траўня ў Вільню прыбыў новы генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў i замяніў прыгавор карай смерці. 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксёндз Ішора быў расстраляны на Лукішках і стаўся першай ахвярай Мураўёва ў Вільні. – Л.Л.

55

Гл. пра яго вышэй. – Л. Л.

56

Гаворка ідзе не пра ўсходнюю, напалеонаўскую Бярэзіну, якая ўпадае ў Днепр, а пра заходнюю, значна карацейшую, але караблеходную, якая ўпадае ў Нёман.

57

Тут Корвін-Мілеўскі пацвярджае думку свайго палітычнага антаганіста К. Каліноўскага, які казаў: «Дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёс Літвы…». – Л. Л.

58

Ён меў рацыю. Ён і яго прыхільнікі, якія падштурхнулі нашу наіўную шляхту да ўзброенай барацьбы, наогул не думалі пра перамогу. Справа ішла пра тое, каб памерці. Гэта была агульная мэта і Здановіча, і Мураўёва.

59

Мой с. п. бацька здолеў падбіць гэту птушку. Праз некалькі гадоў, як зарэгістраваны апякун, дарада і абаронца ўсіх бедных шляхціцаў у павеце, ён звярнуўся ў суд, каб пасля ссылкі спагнаць для ўдавы належную ёй суму, якая захоўвалася ў судзе. Выбег суддзя, ужо стомлены «хваробай» і з пахам гарэлкі за дваццаць крокаў. «Пан суддзя, гэта бедная кабета памірае з голаду». «Вы ўсе, быццам, паміраеце з голаду». Бацька, салодка: «А можа з недапітку?». Каб сказаць якую грубасць, суддзя разявіў сваю вялізную дзюбу, але хлынула кроў і запэцкала бацькаву камізэльку. Увечары суддзя аддаў Богу душу.

60

Патапаў Аляксандр Львовіч (1818—1886), генерал-ад'ютант, на пачатку 1860-х гг. обер-паліцмайстар Масквы, начальнік штаба корпуса жандараў і кіраўнік III аддзялення. З 1864 г. памочнік віленскага генерал-губернатара, з 1868 г. генерал-губернатар. – Л. Л.

61

Канстанцін Ян Казімір Яўстах Кашыц (23.3.1819—1881), сын Юзафа і Соф'і Дунін-Раецкай. Меў братоў Юліюша і Караля і быў жанаты з Юліяй Несялоўскай (1830 г. н.). Бацька Кашыца прымаў удзел у кампаніі 1812—1814 гг. на баку Напалеона, быў афіцэрам 17-га ўланскага палка. Пасля заканчэння вайны ён на тры гады выехаў за мяжу для працягу адукацыі, пасля чаго вярнуўся і пасяліўся ў маёнтку Ятра Наваградскага павета. У 1830 г. Юзаф Кашыц быў абраны наваградскім маршалкам. Падчас паўстання 1831 г. быў арганізатарам выступлення ў Наваградскім і Слонімскім паветах, стварыў ў сваім маёнтку асобны атрад, які ў ліпені 1831 г. налічваў каля 1 тысячы чалавек. Пасля паразы паўстання 1831 г. Канстанцін Кашыц разам з бацькам апынуўся ў эміграцыі ў Францыі – 26 кастрычніка 1831 г. яны прыбылі ў Парыж. У 1838—1842 гг. Канстанцін Кашыц у Дэрпцкім універсітэце вывучаў дыпламатыку. Кандыдат дыпламатычных навук, быў членам мясцовай арганізацыі «Палонія». У матэрыялах «Палоніі» праходзіць інфармацыя, што Кашыц меў дачыненне да справы Шымана Канарскага, аднак у іншых крыніцах гэты факт пацверджання не знаходзіць. Канстанцін Кашыц вызначаўся незвычайнымі здольнасцямі, а асабліва рэзкім словам і вострым пяром. У 1850-х гг., калі былі яшчэ дзейныя шляхецкія соймікі, слушнымі жартамі і эпіграмамі моцна дакучаў павятовым і губернскім чынам, праз што нарываўся на прычэпкі з іх боку. Пра аднаго такога саноўніка, які, пішучы ліст да знаёмага, слова «аўторак» («wtorek») напісаў праз ф – «афторак» («ftorek»), за што быў празваны «пан Афторак» («pan Ftorek») – склаў некалькі вершаваных сатыр пад назвамі: «Загадка», «Крыжык», «Дагератып», «Пастка на крэскі (сеймікавыя галасы ці воты)» і г. д. У паўстанні 1863 г. Кашыц выконваў абавязкі цывільнага кіраўніка па Наваградскім павеце, аднак выступаў супраць пашырэння паўстання. Пазней ён сцвярджаў, што пагадзіўся на кіраўніцтва з мэтай нейтралізаваць актыўнасць прыхільнікаў узброенага выступлення. 20 красавіка 1863 г. Кашыц адмовіўся ад выканання сваіх абавязкаў і выехаў у Рыгу, затым у Пецярбург і далей у Менск. 17 чэрвеня 1864 г. ён быў арыштаваны і падчас допыту 30 ліпеня 1864 г. даў поўныя і шчырыя паказанні, па выніках якіх былі раскрыты шэраг членаў і дзеянні наваградскай паўстанцкай арганізацыі. Рашэннем часовага палявога суда ў Вільні Кашыц быў прысуджаны да смяротнага пакарання, аднак гэтае рашэнне перагледзеў М. Мураўёў і па канфірмацыі ад 15 студзеня 1864 г. «за заслугі перад следствам» ён быў пакараны ссылкай у Казанскую губерню з утрыманнем пад пільным паліцэйскім наглядам. – Л. Л.

62

Маецца на ўвазе так званы травенскі пераварот, здзейснены ў Польшчы Пілсудскім. – Л. Л.

63

«Каралевічы, ці мясцовыя каралі» («królewięta kresowi») – у гістарычных публікацыях (асабліва навукова-папулярных) гэта тэрмін для абазначэння магнатаў, якія валодалі вялікімі маёнткамі (латыфундыямі) ва ўсходнім памежжы былой Рэчы Паспалітай, мелі неабмежаваную ўладу і ўласныя войскі, часта праводзілі ўласную знешнюю палітыку, а таксама былі звязаны з пануючымі родамі (Радзівілы, Астрожскія, Вішнявецкія, Канецпольскія, Патоцкія, Мнішкі, Пацы і інш.) – Л. Л.

Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)

Подняться наверх