Читать книгу Код Дзвіны - - Страница 3

Частка І
06.12.2021
Што мы ядзім

Оглавление

Хачу крыху распавесці вам пра наш быт.


Кажуць, што калі ёсць хатняя гаспадыня, то дзесьці павінна быць і дзікая) Гэта я да таго, што нашы першыя сумесныя вячэры арганізоўвала я.


Трэба прызнаць, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, што суправаджалі нашыя вячэры, мой улюблены сябра, узброены мудрасцю несмяротнага Кнігге, не спяшаўся далучыцца да маленькага, але вельмі дакучлівага таварыства праўдалюбаў, якія адкрыта пагарджалі маёй кухняй. (А да гэтага таварыства, трэба прызнаць, належалі ўсе члены маёй сям’і). Калі пасля чарговага сняданку мой брат з’едліва спытаўся ў Зігфрыда, як яму спадабаўся мамін чай, той высакародна адказаў:


– Тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі.


Справа была ў тым, што я вырашыла чамусьці дадаць у чай трохі карыцы, але пераблытала яе з чырвоным перцам…


Падчас майго візіту ў Германію я яшчэ некалькі разоў спрабавала прыгатаваць нешта ў стылі «цэйтнот маці-адзіночкі». Зігфрыд звычайна маўкліва і з цікавасцю назіраў за гэтым працэсам, а ў адзін цудоўны дзень сам стаў за пліту. На трох канфорках ласкава забуркаталі рондалі і патэльні, а да акна пацягнуўся лёгкі апетытны пар, што не меў нічога агульнага з чорным дымам і смуродам, якія суправаджалі мае смелыя вынаходніцкія эксперыменты. Спрытнымі, нетаропкімі рухамі Зігфрыд наразаў мяса і гародніну, адначасова насвістваючы нейкую песеньку. Калі яму трэба было перавярнуць нешта на патэльні, ён падкідваў змесціва ўверх, і яно, перакруціўшыся ў паветры, паслухмяна вярталася назад на яе бліскучую начышчаную паверхню. Стала зразумела, што працуе прафесіянал.


Нельга сказаць, што я моцна засаромелася. У рэшце рэшт, я вырасла ў сям’і, дзе гатаваў бацька. Але гэты мужчына за плітой быў сапраўды цудоўны! Ён атрымліваў велізарнае задавальненне ад таго, што рабіў. Калынаючы мяса драўлянай шпажкай і дэгустуючы пахучы густы соус, ён усміхаўся, нешта напяваў сабе пад нос і лукава пазіраў на мяне. Цяпер я зразумела, што ён меў на ўвазе, калі абяцаў пасвяціць мяне ў таямніцы паўночнагерманскай кухні.


І вось надышоў час абеду. Давольны Зігфрыд выставіў перада мной у шэраг тры прыгатаваныя ім стравы. Мы пачалі трапезу. Трэба сказаць, што я чалавек даволі раўнадушны да ежы. Але нават мае сапсаваныя жыццём рэцэптары пачалі ў гэты момант нешта разумець.


– О, Зігфрыд! Ты гатуеш, як у сапраўдным рэстаране! – усклікнула я.


Мой сябар не змог стрымаць самазадаволенай усмешкі.


– Але дзе ты навучыўся гэтак гатаваць?


– Я вучыўся ў сваёй бабулі, назіраў за кухарам у армейскай сталовай. А ў апошні час гляджу кулінарныя шоу.


Пасля гэтага Зігфрыд яшчэ некалькі разоў гатаваў, як заўсёды, з нязменным поспехам. Таксама ён прасіў мяне прыгатаваць нешта традыцыйнае, напрыклад, боршч – тут трэба заўважыць, што я не сустракала ў сваім жыцці яшчэ ніводнага немца, які б не хацеў пакаштаваць баршчу. І я таксама пачала гатаваць, але ўжо «правільна», па рэцэптах. Асноўны ўпор я рабіла на правераную савецкую класіку, тыпу фаршаваных перцаў, мяса пад маянэзам, тварожных ватрушак і г. д. Мне дапамагалі ў гэтым інтэрнэт, маміны запіскі і некалькі трывала засвоеных з дзяцінства рэцэптаў.


Да гэтага часу я ўжо пачала ўспамінаць, што калісьці, яшчэ да двух маіх няўдалых шлюбаў, мне ў прынцыпе было цікава гатаваць. Стравы, ухваленыя Зігфрыдам, пераходзілі ў паўсядзённае або святочнае меню. Такім чынам, цяпер мы гатуем прыкладна пароўну.


Маю кулінарную прадукцыю Зігфрыд заўсёды хваліў.


– Ну што ты, Зігфрыд… Хіба можна сапсаваць такія цудоўныя прадукты?..


А прадукты ў нас сапраўды цудоўныя, бо мой муж сапраўдны гурман. На наш стол трапляе шмат фермерскай прадукцыі. У краму мы ходзім толькі раз на тыдзень па дробязі.


У вузкім суседскім коле свіжаецца мяса, вэндзяцца аленевыя і свіныя каўбаскі, гатуюцца імбірны і яечны лікёры, варыцца варэнне з жэліраваным цукрам. Варэнне варыцца ў асноўным жанчынамі, але і мужчыны тое часам робяць. Гэтая добрасуседская атмасфера дзіўным чынам нагадвае мне атмасферу старога мінскага двара з майго ранняга дзяцінства, дзе ўсе ведаюць адно аднаго, свет звыклы, зразумелы і не абяцае ніякіх рэзкіх узрушэнняў.


– Эх, – скардзіцца за агульным сталом сусед. – Раней мы збіраліся і гаварылі пра жанчын. А цяпер толькі пра ежу.


– Ну чаму толькі пра ежу? Мы яшчэ пра алкаголь размаўляем…

Код Дзвіны

Подняться наверх